Паром празь Ля-Манш
Шрифт:
непрадказальнасьць арбітаў
яго населеных гуманоідамі
плянэтаў
і пустэльных астэроідаў,
за яго сузор’і
і туманнасьці,
што існуюць
у інфрачырвоным
і ультрафіялетавым
спэктрах,
за жнівеньскія зьнічкі
загаданых грахоўных жаданьняў,
за...
Сёньня надарыўся
першы прымаразак,
і ў кампаніі каштана і вечара
я п’ю
за тваё цела.
Канатаходка
Аддаўшыся
сонечнаму ветру,
ты йдзеш
над праспэктамі й пляцамі,
усьміхаючыся
сустрэчным чайкам
і пасылаючы
паветраныя пацалункі
п’яніцам на лавачках
каля помніку
пралетарскаму пісьменьніку.
Ты йдзеш
над гэтым горадам
і гэтым жыцьцём,
і мой позірк
падтрымлівае цябе
больш надзейна,
чым любы балянсір.
Ты ніколі не даведаесься,
што аднойчы,
калі ты аступілася
і адчула
абыякавае дыханьне
лянівага зьвера бездані,
я хацеў
адвесьці вочы.
Насустрач ночы
Калі апошняя хваля
вынесе нас на бераг
скамечанага ложка,
мы запоўнім
пярэрву адліву
дзьвюма цыгарэтамі
і ціхай размоваю,
зьдзіўляючыся, што
не развучыліся гаварыць
на зразумелай іншым
мове.
Ты скажаш:
цела ня мае таямніцаў —
адно сакрэты,
інстынкты,
рэфлексы,
маленькія хітрыкі —
і з паважнасьцю кляснае кіраўнічкі
зробіш выснову, што
цела чакае
толькі пяшчотнай цярплівасьці,
а душа —
інтуіцыі.
Я адкажу
недаверлівым сьмехам
і віном
у пераблытаныя келіхі
(мне дастанецца глыток
з малінавым прысмакам
памады):
няўжо няма таямніцы
ў гэтай вібрацыі паветра
вакол постаці,
падобнай да полымя сьвечкі?..
Але ўжо нараджаецца
новы прыліў, і
зьвечарэлыя вокны
сплываюць па сьценах
у зялёнае прадоньне,
куды праз хвіліну абрынуцца
самі сьцены,
і нашыя целы загавораць
на мове вечнасьці,
а душы будуць
з зайздрасьцю прыслухоўвацца
да іх,
дрэйфуючы
ў пенлівай субстанцыі жыцьця
насустрач ночы.
Я рыфмую
Рыфмую
свае вызваленыя
зь вязьніцы канонаў
радкі
з трывожным крыкам сойкі,
з залатой лотацьцю
і кветкаю эстэрдэліі,
з Калядамі і Купальлем,
з тваёй вядзьмарскай душою
і тваім геніяльным целам,
з аварыйнай сытуацыяй
на міжнародным авіярэйсе
і пагрозаю
нацыянальнае катастрофы,
зь Беларусьсю
і штатам Пэнсыльванія...
Рыфмую з усім,
што ўдаецца адваяваць
у гэтай сусьветнай звалкі
рыфмаў,
набліжаючы дзень,
калі з маімі радкамі
назаўсёды зарыфмуецца
цішыня.
Нявеста паўстанцкага камісара
...а ўвечары,
пагасіўшы кандэлябры,
ён будзе любіць яе
да дзьмухаўцовай бязважкасьці...
У іх народзяцца
дзьве белагаловыя дзяўчынкі,
і яго ўзнагародзяць
ордэнам сьвятога Станіслава...
Яна ратавала яго,
параненага расейскаю куляй,
і, шчыплючы корпію,
атручвала сваю кроў
нянавісьцю
да нейкага Каліноўскага
зь яго газэткай,
друкаванай для тых самых
мужыкоў,
што выдавалі інсургентаў,
атрымліваючы
па пяць царскіх рублёў
за жывога
і па тры — за мёртвага.
Аднойчы ўраньні