Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Трэба пабачыцца. Туды ж ідзеш? — запытаў ён і прыціх. Зоська ўся напружылася ў цемры.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ведаю.

Часта задыхаўшы, Зоська прымоўкла, і ён сказаў як аб чымсь само па сабе зразумелым:

— Што ж ты — амаль дома будзеш і маці не праведаеш? Так не гадзіцца.

— Знаеш, не зусім дома. Ды і другіх спраў багата.

— Ну, панятна, надавалі табе заданняў, трэба выконваць. Але і пра сябе падумаць не грэх, — сказаў ён і пазяхнуў. — У мяне таксама ў Скідзелі ёсць знаёмыя. Былы сябрук нават.

— Жыве там?

— Жыве.

— Дзе, на якой вуліцы? Можа, я знаю?

— Не, ты не знаеш. Ён чалавек новы.

— Ну, новых я, канешне, не ведаю. Каторыя прыехалі ў трыццаць дзевятым, тыя не дужа знаёмыя. Я ж перад вайной у Навагрудку вучылася.

— Я і кажу: не знаеш, — пацвердзіў Антон. Зашорхаўшы сенам, ён павярнуўся на бок і раптам паклаў руку на яе плячо. Яна палахліва здрыганулася, зрабіла слабую спробу адсунуцца, але адсунуцца тут было некуды.

— Не трэба…

— Цяплей будзе. А то ты ў маім кажушку, а мне…

— А табе холадна?

— Ну так, знаеш… Не дужа, але ўсё-такі.

Яна змоўкла, і ён абняў яе рукой за плечы. Ад яго вялікага і дужага цела ішло прыемнае для яе цяпло, і яна, прыціхшы, амаль што абмерла пад ягонай рукой.

— Ты такая малеча, — шэптам прамовіў ен з прыкметнай ноткай лагоды ў яго басавітым голасе. Ёй раптам зрабілася смешна — ніхто яе ніколі не зваў малечай, была яна хоць і невысокага росту, але дужанькай, спрытнай дзяўчынкай.

— Я не малеча, — сказала яна. — Я, знаеш, дужая.

— Ды ну?

— Ага. Магу паваліць. Нават такога, як ты.

— Як я?

— Ну.

Здаецца, гэта было ўжо занадта, яна жартоўна перахвальвала свае здольнасці, але гэта таму, што адчувала пагрозу, якая ішла ад яго, і няўмела старалася неяк абараніць сябе.

— Што, Дазорцаў навучыў? — зацікаўлена запытаў ён. — Самба?

— Ага. Самба.

— Глядзі ты! Ну і разведчыца!

— А што? Хіба кепска?

— Не, чаму ж? Яшчэ каб аружые. Але аружыя нябось не далі?

— Разведчыку не абавязкова аружые. Лепей харошыя дакументы.

— Гэта правільна.

— А ў цябе ёсць дакументы? У мяне нейкі аўсвайс патрэпаны. Як бы не ўліпнуць з ім.

— Патрэпаны — гэта добра. Гэта лепей, чым новы.

— Па аўсвайсу я Адэлаіда, паняў? — не без гонару паведаміла Зоська. — А цябе як па дакументу?

— А ўсё так жа: Антон Галубін.

— А хіба не замянілі? Трэба ж памяняць імя і прозвішча.

— Навошта мяняць? У мяне дакумент нязменны, — ён ціхенька варухнуў нагой, — Рэвальвер сістэмы наган.

— Ой! — здзівілася Зоська — Як жа гэта? А раптам праверка?

— На выпадак праверкі гэта болей надзейна, чым твой аўсвайс.

Стрымліваючы дрыжыкі, Зоська насцярожана сціхла — тое, што ў Антона аказалася зброя, ёй не спадабалася. Навошта зброя? Так бы яны спакойна прабіраліся прасёлкамі, выдаючы сябе за сялян з якой-небудзь далёкай вёскі, на выпадак затрымкі і вобыску — у кішэнях нічога падазронага, як і вучыў Дазорцаў. А тут — наган! Як бы праз гэты наган не праваліць заданне і не прапасці самім.

— А ў штабе там ведаюць, што ты з наганам?

— Мне самому лепей ведаць, з чым трэба ісці.

— Ой, я баюся…

— А ты не бойся. Ты мне даверся. Ужо мы як-небудзь, — сказаў ен жартоўна і, прыгарнуўшы яе за плечы, раптам пацалаваў каля вуснаў.

— Ой! Ты што?

— Нічога, нічога… Знаеш, пасля таго, ля кухні, я месца сабе не мог знайсці.

— Гэта чаму? — з салодкім прадчуваннем запытала Зоська.

— Таму. За цябе спалохаўся.

— Во дурненькі! Ну чаго ж ты? — ласкава сказала яна, міжвольна падаўшыся ў сене да яго шырокіх грудзей. — Я ж не маленькая. Ужо хадзіла ў Міхневічы. Помніш, як там Стукачова павесілі?

— Міхневічы што? Міхневічы тады пад рукой былі. А тут кіламетраў трыццаць. Па прамой калі.

— Дык ты за мяне спалохаўся? — перапытала яна, усё ўсміхаючыся ў цемры. Гэта яго прызнанне здалося ёй такім дзіўным і такім прыеыным, што яна захацела пачуць яго яшчэ раз.

— Ну. А ты гэта… Ужо сагрэлася, — абвясціў ён, усё цясней ашчаперваючы яе за плечы. Яна чула на сваім твары разгарачанае яго дыханне, сэрца яе часта забілася, трошкі аддгрэтымі пальцамі яна ўчапілася ў яго дужыя рукі. Але ён з настойлівай сілай усё больш павальваўся на яе, рукі яго саўгануліся пад кажушок да яе сцёгнаў, і яна спалохана крыкнула:

— Ты што? Ану, кінь! Прэч рукі! А то…

— Што?

— Крычаць буду.

— Крычаць?

— А ты думаў?

— Ну што ж, — сказаў ён, падумаўшы, і раптам разняў у яе за спіной свае доўгія рукі. — Крычаць не варта. Спаць будзем.

Зоська прыціхла, спакайнеючы ад хвіліннай трывогі, зручней захуталася палой кажушка.

— Ты гэта не думай. Я не такая.

— Ладна, — сказаў ён стомлена. — Лічы, пажартаваў. Пажартаваць жа можна?

— Можна. Але трэба знаць як.

— А ты, гляджу, злюка.

— Няхай сабе злюка.

— Во ўжо не думаў.

— Можа, пойдзеш адзін? Калі ласка. Плакаць не буду.

— Не, яшчэ пачакаю, — не адразу сказаў ён і сціх. Яна таксама прыціхла, адчуўшы, што такая размова — ужо амаль сварка, а сварыцца з ім ёй зусім не хацелася.

3

Закапаўшыся па самыя плечы ў сена і дыхаючы яго травяным водарам, Антон зрабіў выгляд, нібы засынае. Ад Зоські ён трошкі адсунуўся, пакінуўшы яе ў належанай ім ямцы. Ведама, разам пад кажушком было б куды цяплей і ўтульней абаім, але Антон цяпер не хацеў да яе лезці. Яшчэ падумае, што яму толькі гэта і трэба, што па гэта ён і бег следам, даганяючы яе на поплаве. Але для яго зусім не гэта было ў ёй галоўнае, і не затым ён даганяў яе, ледзь быў не згубіў у балоце. Хаця, вядома, ён быў мужчына і яна не магла не вабіць яго сваёй юнай дзявоцкасцю.

Цяпер ён не ведаў нават, калі ўсё пачалося. Можа, з тых вечарын у Заглядках, калі ён танцаваў з ёю «страданіе», або з таго тлумнага дня, калі атрад Кузняцова, пакінуўшы абжыты лагер у Селіцкім лесе, паспешна перабазіраваўся за Шчару. На новым месцы іх напаткала прамозглая глуш старога замшэлага ельніку. Уцякаючы ад даганятых, яны суткі не елі, былі галодныя і знемаглі, як чэрці. Пасля кароткага адпачынку камандзір узвода вылучыў трох партызан зрабіць атрадную кухню. Двое пайшлі шукаць чыстую ваду, а Антон пачаў ладзіць топку — пад іх закапцелы таган трэба было выкапаць ямку. Ён адразу ўзяўся за справу, угрэўся, спацеў і, падумаўшы, што трэба здзець кажушок, убачыў Зоську. Дзяўчына нячутна падышла да яго, стала насупраць і ўсміхалася.

Поделиться с друзьями: