Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Зусім бязветрана, — сказаў Антоніа. — Будзе шмат снегу.

— Цікава, дзе цяпер Кёстэр? — спытала Пат.

— Ён ужо праехаў перавал, — сказаў я.

На нейкую секунду я выразна ўявіў сабе «Карла» з Кёстэрам за рулём, які вёў машыну праз белую ноч, і ўсё раптам здалося мне нерэальным — тое, што я сяджу тут, што Кёстэр у дарозе, а Пат — побач са мной. Яна шчасліва ўсміхнулася мне, абапіраючыся рукой з картамі на стол.

— Хадзі, Робі.

Таўстун перабраўся да нашага стала, спыніўся і пачаў зычліва зазіраць нам у карты. Магчыма, жонка заснула, а яму хацелася забавы. Я адклаў карты і глянуў на яго так злосна, што ён знік.

— Я не сказала б, што ты ветлівы, — задаволена сказала Пат.

— Не, — адказаў я. — І не хачу быць ветлівым.

Мы яшчэ зайшлі ў бар і выпілі некалькі шклянак «спецыяльнага». Потым Пат трэба было ісці спаць. Я развітаўся ў вестыбюлі. Яна пачала павольна падымацца па лесвіцы, азіраючыся і спыняючыся, пакуль не збочыла ў калідор. Я крыху пачакаў, потым папрасіў у канторы ключ ад свайгоі пакоя. Сакратарка заўсміхалася.

— Нумар семдзесят восем, — сказала яна.

Пакой суседнічаў з пакоем Пат.

— Мусіць, па распараджэнні фройляйн Рэксрот? — спытаў я.

— Не, фройляйн Рэксрот пайшла ў малітоўны дом, — адказала яна.

— Малітоўныя дамы часам — бласлаўленне, — сказаў я і хутка пайшоў наверх. Мае рэчы былі ўжо распакаваныя. Праз паўгадзінкі я пастукаў у дзверы ў суседні пакой.

— Хто там? — усклікнула Пат.

— Паліцыя маралі, — адказаў я.

Ключ заскрыгатаў, і дзверы імгненна расчыніліся.

— Ты, Робі? — прамовіла Пат разгублена.

— Я! — сказаў я. — Той, хто перамог фройляйн Рэксрот! Уладальнік каньяку і «порта-ронка». — Я выцягнуў бутэльку з кішэні. — А цяпер прызнавайся, колькі мужчын тут ужо пабывала.

— Нікога, акрамя футбольнай каманды і пашыранага філарманічнага аркестра, — заявіла са смехам Пат. — Ах, каханы, зноў вярнуліся старыя часы.

Яна заснула на маім плячы. Я яшчэ доўга не спаў. У куточку пакоя гарэла маленькая лямпачка. Сняжынкі ціха стукаліся ў акно, час, здавалася, спыніўся, заблытаўшыся ў гэтым мяккім залацістым змярканні. У пакоі было цёпла. Час ад часу патрэсквалі трубы цэнтральнага ацяплення. Пат паварушылася ў сне, і коўдра з лёгкім шоргатам павольна спаўзла на падлогу. Ах, гэта бронзавая з адлівам скура! Цуд тонкіх каленяў! Пяшчотная таемнасць грудзей! Я адчуваў плячом дотык яе валасоў і вуснамі ўспрымаў біццё яе пульсу. «Табе наканавана памерці, — падумаў я. — Ты не можаш памерці. Ты — маё шчасце».

Я асцярожна зноў падняў коўдру. Пат нешта прамармытала і зноў змоўкла і паволі, у сне, падсунула мне далонь пад галаву.

XXVII

Усе наступныя дні падаў снег. У Пат была тэмпература, і яна мусіла ляжаць у пасцелі. Шмат у каго ў санаторыі была тэмпература.

— Надвор'е такое, — сказаў Антоніа.

— Занадта цёпла і ветрана. Якраз для тэмпературы.

— Каханы, выйдзі крыху на волю, — сказала Пат. — Ты ўмееш катацца на лыжах?

— Не. Дзе мне было вучыцца? Я ніколі не быў у гарах.

— Антоніа навучыць. Яму гэта будзе забава. Ты яму падабаешся.

— Мне куды лепш тут.

Яна выпрасталася, сеўшы ў пасцелі. Начная кашуля агаліла ёй плечы. Яны былі вельмі худыя. Такая ж жахліва худая была і шыя.

— Робі, — сказала яна, — зрабі мне ласку. Мне вельмі не хочацца, каб ты сядзеў тут каля ложка хворай. Учора і пазаўчора хапіла ўжо табе.

— Мне добра сядзець тут, — адказаў я. — Няма ніякага жадання ісці пад снег.

Яна цяжка задыхала, і я пачуў яе няроўнае дыханне.

— У мяне ў гэтым больш вопыту, чым у цябе, — сказала яна і абаперлася на локці. — Так лепш нам абаім. Потым убачыш сам. — Яна пакутліва ўсміхнулася. — Сёння паполудні і ўвесь вечар ты яшчэ наседзішся тут. А ўранку мяне гэта непакоіць, каханы. Калі ў цябе тэмпература, то выгляд зранку неважнецкі. Увечары — зусім іншая справа. Я павярхоўная дурніца — не хачу выглядаць непрыгожай, калі ты глядзіш на мяне.

— Ну што ты, Пат! — Я ўстаў. — Ну добра, я на нейкі час выйду з Антоніа. Аполудні я вярнуся. Калі не паламаю сабе касцей на гэтых нартах.

— Ты хутка навучышся, каханы. — Яе твар страціў напружаны страх. — Скора ты будзеш выдатна катацца.

— А ты хочаш, каб я хуценька адсюль выдатна выкаціўся, — сказаў я і пацалаваў яе. Рукі ў яе былі вільготныя і гарачыя, а вусны сухія і патрэсканыя.

Антоніа жыў на трэцім паверсе. Ён пазычыў мне лыжы з чаравікамі. Яны падышлі мне, бо мы былі аднолькавага росту. Мы пайшлі на паляну недалёка за вёскай. Па дарозе Антоніа дапытліва пазіраў на мяне.

— Тэмпература робіць чалавека неспакойным, — сказаў ён. — У такія дні тут ужо здараліся дзіўныя рэчы. — Ён паклаў лыжы перад сабой і прымацаваў іх. — Самае горшае — чакаць і не мець магчымасці штосьці зрабіць. Ад гэтага можна звар'яцець.

— І здаровым не лягчэй, — адказаў я. — Быць побач і не магчы нічога зрабіць.

Ён кіўнуў.

— Той-сёй з нас працуе, — працягваў ён. — Той-сёй прачытвае цэлыя бібліятэкі. Але многія зноў ператвараюцца ў школьнікаў, якія ўцякаюць ад лячэння, як уцякалі з урокаў фізкультуры, і, палахліва хіхікаючы, хаваюцца ў крамах і кафетэрыях, толькі ўбачыўшы лекара. Патаемна кураць, патаемна выпіваюць, гуляюць у забароненыя гульні, пляткараць, выдумваюць дурныя жарты — так яны ратуюцца ад пустой бяздзейнасці. І ад праўды. Вось такое дзіцячае, легкадумнае, а магчыма, і гераічнае ігнараванне смерці. А што ім, урэшце, яшчэ застаецца?

«Праўда, — падумаў я. — Што нам усім, урэшце, яшчэ застаецца?»

— Паспрабуем? — спытаў Антоніа і ўбіў лыжныя палкі ў снег.

— Давайце.

Ён паказаў мне, як мацаваць лыжы і як трымаць раўнавагу. Гэта аказалася няцяжка. Я падаў даволі часта, але потым я паволі злаўчыўся, і ўжо справа пайшла. Праз гадзіну мы закончылі ўрок.

— Хопіць, — вырашыў Антоніа. — Сёння вечарам вы адчуеце свае мускулы.

Я зняў лыжы і адчуў, як энергічна б'ецца ўва мне кроў.

— Добра, што мы пабылі на свежым паветры, Антоніа, — сказаў я.

— Гэта мы можам рабіць кожную раніцу. Калі катаешся, прыходзяць іншыя думкі.

— Ці не выпіць нам дзе-небудзь? — спытаў я.

— Можна. Па чарцы «дзюбанэ» ў Форстэра.

Мы выпілі «дзюбанэ» і пайшлі ў санаторый. У канторы сакратарка сказала мне, што быў паштальён і перадаў, каб я прыйшоў на пошту. Мне прыйшлі грошы. Я глянуў на гадзіннік. Часу яшчэ хапала, і я вярнуўся. На пошце мне выдалі дзве тысячы марак. Тут жа быў і ліст ад Кёстэра. Ён пісаў, каб я не турбаваўся, грошы яшчэ ёсць. Варта мне толькі падаць звестку.

Поделиться с друзьями: