Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я практыкаваўся рабіць паварот «Крысціянія» і кожны раз, калі з'язджаў з гары і рыхтаваўся да скачка і расслабляўся, то думаў: калі ўдасца і я не ўпаду, Пат паправіцца. Вецер свістаў мне ў твар, снег быў цяжкі і вязкі, але я зноў і зноў адштурхоўваўся, я шукаў усё больш крутыя адхоны, усё больш цяжкую мясцовасць, і калі мне зноў і зноў шанцавала, я думаў: «Выратавана!», хоць і ведаў, што гэта глупства, і ўсё ж радаваўся, як ужо даўно не радаваўся.

У суботу быў вялікі тайны выхад. Антоніа падрыхтаваў сані, якія чакалі ўнізе ў баку ад санаторыя. Сам ён з вясёлай песняй з'язджаў з пагорка на лакіраваных туфлях, у расхрыстаным паліто, з-пад якога свяціла белая манішка.

— Ён звар'яцеў, — сказаў я.

— Ён так часта робіць, — адказала Пат. — Ён бязмежна легкадумны. Толькі гэтым ён трымаецца. Інакш ён не быў бы ўвесь час у добрым настроі.

— Затое мы цябе добра спаўём.

Я ўхутаў яе ва ўсе коўдры і шалі, якія ў нас былі. Потым сані паехалі ўніз. Калона была доўгая. Усе, хто мог, уцяклі. Можна было падумаць, што ў даліну з'язджае вяселле — так святочна матляліся ў месячным святле стракатыя султаны на конскіх галовах, так шмат было смеху і воклічаў.

Медзала была ўбрана шыкоўна. Тут ужо танцавалі. Для санаторцаў быў пакінуты куток, куды не траплялі скразнякі з вокнаў. Было цёпла, пахла кветкамі, парфумай і віном. За нашым сталом сядзела шмат людзей: расеец, Рыта, скрыпач, нейкая бабуля, дама з тварам размаляванага шкілета, з ёй яшчэ нейкі тып, Антоніа і хтосьці яшчэ.

— Хадзем, Робі, — сказала Пат. — Патанцуем.

Пляцоўка паволі круцілася вакол нас. Скрыпка і віяланчэль выводзілі пяшчотную плаўную мелодыю, якая плыла над аркестрам. Ногі танцораў шоргалі па падлозе.

— Дзіва, мой адзіны каханы, раптам выяўляецца, што ты цудоўна танцуеш, — здзіўлена сказала Пат.

— Ну, цудоўна.

— Канечне. Дзе ты навучыўся?

— Мяне яшчэ Готфрыд навучыў, — сказаў я.

— У вашай майстэрні?

— Там… і ў кавярні «Інтэрнацыяналь». Нам жа і дамы патрабаваліся для гэтага. Апошні бляск наводзілі Роза, Марыён і Валі. Я толькі баюся, што вынік не вельмі элегантны.

— Што ты! — Яе вочы блішчалі. — Мы ўпершыню танцуем з табой, Робі!

Побач з намі танцавалі расеец з гішпанкай. Ён з усмешкай кіўнуў нам. Гішпанка выглядала вельмі бледнай. Чорныя бліскучыя валасы, як вароняе крыло, спадалі ёй на лоб. Яна танцавала з нерухомай сур'ёзнай мінай. На запясці ў яе быў надзеты бранзалет з вялікіх чатырохкантовых смарагдаў. ёй было васемнаццаць гадоў. Ад стала прагнымі вачыма за ёй сачыў скрыпач. Мы вярнуліся на месца.

— Хачу цыгарэту, — сказала Пат.

— Вось гэтага не варта было б, — асцярожна параіў я.

— Толькі пару зацяжак, Робі. Я так даўно не паліла.

Яна ўзяла цыгарэту, але зноў адклала.

— Не смачна, Робі. Проста ўжо не смачна.

— Так заўсёды бывае, калі доўга жывеш без нечага.

— А ты ж доўга жыў без мяне, і як? — спытала яна.

— Гэта датычыць толькі ядаў, — адказаў я. — Толькі алкаголю і табакі.

— Людзі — куды горшы яд, чым алкаголь і табака, каханы.

Я засмяяўся.

— Ты — разумнае дзіця, Пат.

Яна аблакацілася на стол і паглядзела на мяне.

— Ты, шчыра кажучы, ніколі не прымаў мяне сур'ёзна?

— Я сам сябе ніколі не ўспрымаў усур'ёз, — адказаў я.

— Але ж і мяне. Скажы праўду.

— Не ведаю. Але нас дваіх я заўсёды ўспрымаў страшэнна ўсур'ёз, гэта я ведаю.

Яна ўсміхнулася. Антоніа запрасіў яе на танец. Яны пайшлі ў кола. Я назіраў, як яна танцавала. Кожны раз, набліжаючыся да мяне, яна ўсміхалася. Яе срэбныя туфелькі амаль не датыкаліся да падлогі. Яна рухалася, як лань.

Расеец зноў танцаваў з гішпанкай. Яны маўчалі. Яго буйны цёмны твар выказваў пяшчоту. Скрыпач зрабіў спробу запрасіць гішпанку на танец. Яна толькі пахітала галавой і пайшла з расейцам.

Скрыпач раструшчыў цыгарэту доўгімі кастлявымі пальцамі. Раптам мне зрабілася шкада яго. Я прапанаваў яму запаліць. Ён адмовіўся.

— Мне трэба паберагчы сябе, — сказаў ён сваім адрывістым голасам. — А гэны, — хіхікаючы, працягваў ён і паказаў на расейца, — смаліць па пяцьдзесят штук.

— Адзін так робіць, другі — гэтак, — адказаў я.

— Хоць яна зараз і не хоча танцаваць са мной, але я яе ўсё ж дамагуся…

— Каго?

— Рыты. У нас былі добрыя адносіны. Мы разам ігралі. А потым з'явіўся расеец і звёў яе ад мяне сваімі тырадамі. Але я вярну яе.

— Вам трэба будзе прыкласці намаганні, — сказаў я. Ён мне не падабаўся.

Ён зарагатаў, быццам авечка забляяла.

— Намаганні! Вы — наіўны анёл! Мне трэба толькі пачакаць.

— Тады чакайце.

— Пяцьдзесят цыгарэт, — шаптаў ён. — Кожны дзень. Я ўчора бачыў яго рэнтгенаўскі здымак. Каверна на каверне. Гатоў. — Ён зноў засмяяўся. — Спачатку ў нас было аднолькава. Нашы здымкі можна было пераблытаць. Цяпер пабачыць бы вам розніцу! Я паправіўся на два фунты. Не, мой мілы, мне трэба толькі чакаць і берагчы сябе. Я ўжо з радасцю чакаю наступнага здымка. Сястра мне іх паказвае заўсёды. Калі яго не будзе, я займу яго месца.

— Вось такі метад, — сказаў я.

— Вось такі метад, — як папугай, паўтарыў ён. — Адзіны метад, дзіцятка вы маё! Калі б я паспрабаваў супернічаць з ім цяпер, я нашкодзіў бы сабе на потым. Не, дарагі навічок, трэба зычліва, спакойна чакаць.

Зрабілася душна і цяжка дыхаць. Пат закашлялася. Я заўважыў, што яна са страхам зірнула на мяне, і я зрабіў выгляд, што нічога не чуў.

Бабуля, абвешаная жэмчугам, сядзела, ціха паглыбіўшыся ў сябе. Час ад часу яна рэзка рагатала. Потым зноў імгненна супакойвалася і сядзела нерухома. Шкілет сварылася з суседам. Расеец паліў цыгарэты адну за адной. Скрыпач даваў яму прыпаліць. Нейкая дзяўчына раптам сутаргава каўтнула, паднесла да рота хусцінку, глянула на яе і збялела.

Я глянуў у залу. Там стаялі сталы спартсменаў, там — здаровых грамадзян, там сядзелі французы, ангельцы, галандцы, у мове якіх працяглыя склады напаміналі пра лугі і мора. А паміж імі ўсімі прымасцілася за столікам маленькая калонія хваробы і смерці — ліхаманкавая, прыгожая, закінутая.

Лугі і мора… Я зірнуў на Пат… Лугі і мора… пена і пясок і курганне… ах, падумаў я, мой каханы вузкі лобік! Мае каханыя рукі! Любімае жыццё, якое можна любіць, а ўратаваць — нельга.

Я ўстаў і выйшаў за дзверы. Мне зрабілася горача ад горычы і бяссілля. Я паволі пайшоў па дарозе. Мяне працінаў халодны вецер, што дзьмуў з-за дамоў. Я сціснуў кулакі і доўга ўзіраўся ў нерухомыя белыя горы, мяне гнялі дзікая бездапаможнасць, злосць і боль.

Па вуліцы, бомкаючы шаргункамі, праехалі сані. Я пайшоў назад. Насустрач мне выйшла Пат.

— Дзе ты быў?

— На свежым паветры.

— У цябе дрэнны настрой?

— Ды не!

— Каханы, весяліся! Весяліся сёння! Дзеля мяне. Хто ведае, калі я выберуся зноў на баль.

— Выберашся, і не адзін раз.

Яна прыхіліла галаву да майго пляча.

— Калі ты кажаш, то так і будзе. Хадзем, патанцуем. Мы ўпершыню танцуем з табой.

Мы пайшлі танцаваць. Цёплае мяккае святло было літасцівае, яно скрадвала ўсе цені, якія паклала на твары глыбокая ноч.

Поделиться с друзьями: