Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

З'явілася фраў Блюменталь. Я прыпомніў усе парады Ленца і з байца ператварыўся ў кавалера.

Блюменталь толькі подленька ўсміхаўся з гэтага. Гэта быў жалезны чалавек. Яму трэба было б прадаваць лакаматывы, а не трыкатаж.

Я паклапаціўся пра тое, каб ён сеў ззаду, а яго жонка — побач са мной.

— Куды вас павезці, шаноўная пані? — спытаў я саладжавым голасам.

— Куды хочаце, — адказала яна, усміхаючыся мне па-мацярынску.

Я пачаў размову. Якая асалода размаўляць з такім нявінным чалавекам! Я гаварыў так ціха, каб Блюменталь нічога не чуў. Так мне было лягчэй. Хапала і таго, што ён сядзеў ззаду.

Мы спыніліся. Я вылез і цвёрда зірнуў на майго непрыяцеля.

— Усё-такі вы павінны пагадзіцца, што машына бяжыць бездакорна, пан Блюменталь.

— Якая радасць з той бездакорнасці, малады чалавек, — запярэчыў ён мне надзвычай ветліва, — калі падаткі паглынаюць цябе. Падаткі на машыну занадта высокія. Гэта я вам кажу.

— Пан Блюменталь, — сказаў я, імкнучыся не змякчыць тон, — вы дзелавы чалавек, з вамі можна гаварыць шчыра. Гэта — не падаткі, а выдаткі. Скажыце самі, чаго сёння патрабуе камерцыя? Вам гэта добра вядома: не капіталу, як раней, — патрэбны крэдыт! А як атрымаць крэдыт? Толькі праз уменне паказаць сябе. «Кадзілак» — машына салідная і хуткая, утульная, але не старамодная. Здаровы буржуазны лад жыцця — жывая рэклама вашай фірмы.

Блюменталь весела павярнуўся да сваёй жонкі.

— У яго жыдоўскія мазгі, праўда? Малады чалавек, — сказаў ён потым тым жа самым фамільярным тонам, — самая лепшая рэклама саліднасці сёння — паношаны касцюм і паездка на аўтобусе. Калі б у нас з вамі былі тыя грошы, якія яшчэ не выплачаны за элегантныя машыны, што пралятаюць міма, мы маглі б спакойна сядзець, нічога не робячы. Гэта я вам кажу. З даверам.

Я з недаверам зірнуў на яго. Што азначае гэтая зычлівасць? Што ён задумаў? Ці прысутнасць жонкі прытупіла яго баявітасць? Я вырашыў стрэліць з пісталета.

— «Кадзілак» — гэта не «эсекс», ці не так, шаноўная пані? Сын Маера ездзіць на «эсексе», але ён мне і дарма не патрэбны… гэтыя чырвоныя, яркія сані…

Я пачуў, як засоп Блюменталь, а сам хутка працягваў:

— Колер абіўкі вельмі вам да твару, шаноўная пані, — прыглушаны сіні кобальт для бландзінкі…

Раптам Блюменталь заўсміхаўся — здавалася, я ўбачыў лес, поўны вясёлых малпаў.

— Маер і сын — здорава, здорава… — аж застагнаў ён, — а цяпер яшчэ гэтыя тары-бары… тары-бары!

Я зірнуў на яго. Я не паверыў сваім вачам. Ён смяяўся непадробна.

Я адразу ж ударыў па тых самых струнах.

— Пан Блюменталь, дазвольце мне растлумачыць. У размове з жанчынай тары-бары — не тары-бары. Гэта кампліменты, якія ўсё радзей пачуеш у наш варты жалю час. Жанчына — не металічная мэбля. Яна — кветка! Ёй непатрэбна дзелавітасць. Ёй патрэбна стракатае сонца слоў. Лепш гаварыць ёй кожны дзень штосьці прыгожае, чым з бычынай настойлівасцю працаваць на яе. Гэта я вам скажу. Шчыра. А акрамя таго, я не разводзіў тары-бары, а выкарыстаў фізічны закон. Сіні колер добра пасуе бландзінкам.

— Добра спяваеш, пташка, — сказаў Блюменталь, ззяючы. — Паслухайце, пан Локамп… Я ведаю, што магу збіць яшчэ тысячу марак…

Я адступіў на крок.

«Вераломны сатана, — падумаў я, — гэта той удар, якога я чакаў». Я ўжо ўявіў сваё жыццё без адзінай чаркі алкаголю і, як зацкаванае аляня, зірнуў на фраў Блюменталь.

— Але, бацька… — сказала яна.

— Пакінь, маці, — адказаў ён. — Дык вось: я мог бы зрабіць гэта, але не раблю. Мне, камерсанту, ваша праца прынесла задавальненне. Крыху зашмат фантазіі, але ўсё ж ваш аргумент наконт Маера і сына быў удалы. У вас маці жыдоўка?

— Не.

— Вы працавалі ў краме гатовага адзення?

— Так.

— Вось бачыце, стыль адтуль. У якім аддзеле?

— У аддзеле «Душа», — адказаў я. — Я хацеў стаць настаўнікам.

— Пан Локамп, — сказаў Блюменталь. — Вы — малайчына! Калі страціце месца, тэлефануйце мне.

Ён выпісаў чэк і аддаў яго мне. Я не паверыў сваім вачам. Задатак — дзіва!

— Пан Блюменталь, — узрушана сказаў я, — дазвольце мне дадаць да машыны дзве крышталёвыя попельнічкі і першакласны гумавы дыванок пад ногі.

— Выдатна, — сказаў ён. — Вось і старому Блюменталю перапаў падарунак…

Затым ён запрасіў мяне назаўтра павячэраць. Фраў Блюменталь па-мацярынску ўсміхнулася мне.

— Будзе фаршыраваны шчупак, — мякка вымавіла яна.

— Далікатэс, — заявіў я. — Тады заўтра ж прыганю вам машыну. Зранку мы яе зарэгіструем.

У майстэрню я вяртаўся як на крылах. Але Ленц і Кёстэр пайшлі палуднаваць. Я вымушаны быў пакуль што стрымаць сваю радасць. Быў толькі Юп.

— Прадалі? — спытаў ён.

— І табе трэба ведаць, ты — жэўжык, — сказаў я. — Вось табе талер. Пабудуй сабе на яго самалёт.

— Значыць, прадалі, — заўсміхаўся Юп.

— Я паеду палуднаваць, — сказаў я. — Але глядзі, нікому ні слова пра маё вяртанне.

— Пан Локамп, — заверыў ён і падкінуў манету ў паветра, — магіла.

— Можна паверыць, — сказаў я і націснуў на газ.

Калі я вярнуўся, Юп падаў мне знак.

— Што здарылася? — спытаў я. — Не ўтрымаў язык за зубамі?

— Пан Локамп! Жалезна! — Ён выскаліўся. — Але «фордаў» дзядзька прыйшоў.

Я пакінуў «кадзілак» у двары і пайшоў у майстэрню. Булачнік быў тут. Ён якраз схіліўся над каталогам колераў. На ім было паліто ў клетку з поясам і шырокай жалобнай стужкай на рукаве. Побач з ім стаяла сімпатычная істота з чорнымі гарэзлівымі вачыма, у расшпіленым палітончыку з аблямоўкай з вылінялага зайца і ў вельмі маленькіх лакірках. Чарнявая істота настойвала на яркім сурыку, але булачнік устрымліваўся ад чырвонага колеру, бо быў у жалобе. Ён выступаў за бляклы жоўта-шэры колер.

— Глупства, — бурчала чарнявая. — «Форд» павінен быць яркі. Інакш — ніякага фасону.

Заклінаючы, яна зыркала на нас, паціскала плячыма, калі булачнік схіляўся над каталогам, крывіла рот і падміргвала нам. Вясёлае дзіця! Нарэшце яны сышліся на зеленаватым колеры. Дзяўчыне хацелася, каб быў светлы верх. Але тут булачнік упёрся: недзе павінна быць жалоба. Ён адстаяў чорны скураны верх. Ён і на гэтым выйграў: верх жа ён атрымліваў бясплатна, а скура даражэйшая за тканіну.

Яны пайшлі. Але ідучы праз двор, спыніліся. Як толькі чарнявая ўбачыла «кадзілак», яна кінулася да яго.

Поделиться с друзьями: