Тры таварышы
Шрифт:
— Лічу да трох… — заявіў ён. Ён быў на галаву вышэйшы за мяне і на гэта разлічваў. Я зразумеў, што словам тут не дапаможаш. Трэба было ці пакінуць стаянку, ці ўдарыць. Выбару не было.
— Раз… — сказаў Густаў і расшпіліў паліто.
— Кіньце глупства, — сказаў я, робячы яшчэ адну спробу. — Лепш прапусцім па чарцы.
— Два… — гыркнуў Густаў.
Відаць было, што ён вырашыў аддубасіць мяне як след.
— І апошні раз… — Ён ссунуў шапку на патыліцу.
— Заткніся, ідыёт! — раптам рэзка крыкнуў я.
Густаў ад нечаканасці разявіў рот і зрабіў крок наперад. Якраз так, як я хацеў. Тады я і ўдарыў. Удар атрымаўся моцны, з усёй сілы. Так біць навучыў мяне Кёстэр. Я не вельмі ўмеў біцца — не лічыў патрэбным. Найчасцей усё вырашалася першым ударам. У мяне ён атрымаўся. Густаў асунуўся.
— Так яму і трэба, — сказаў малады шафёр. — Стары бандыт.
Мы зацягнулі яго на сядзенне ў машыну.
— Ачухаецца.
Я крыху ўстрывожыўся. Б'ючы, я незнарок выбіў вялікі палец. Калі Густаў прыйдзе да памяці, ён зробіць са мной, што захоча. Я расказаў пра гэта маладому шафёру і спытаў яго, ці не лепш мне даць драла.
— Глупства, — сказаў ён. — Справа зроблена. Пайшлі ў шынок — стаў, што абяцаў. Ты не прафесійны шафёр?
— Не.
— І я — не. Я — акцёр.
— Ну і як?
— Жывём… — сказаў ён. — Тэатра і тут хапае.
Нас сабралася пяцёра — два пажылыя і два маладыя. Праз нейкі час у рэстаране з'явіўся і Густаў. Ён тупа ўтаропіўся на наш стол, а потым падышоў. Я заціснуў у левай руцэ звязку ключоў, трымаючы яе ў кішэні, і намерыўся абараняцца да апошняга.
Але да бойкі не дайшло. Густаў нагой падсунуў крэсла і плюхнуўся на яго. Гаспадар паставіў перад ім чарку. Налілі. Густаў выліў гарэлку ў сябе. Налілі яшчэ раз. Густаў скоса зірнуў на мяне. Ён падняў чарку.
— Будзь здароў, — сказаў ён мне, але твар у яго быў кіслы.
— На здароўе, — адказаў я і выпіў.
Густаў дастаў пачак цыгарэт. Ён працягнуў яго, не гледзячы на мяне. Я ўзяў цыгарэту і даў яму прыпаліць. Потым я заказаў на ўсіх па падвойнай порцыі гарэлкі. Мы выпілі. Густаў зноў збоку глянуў на мяне.
— Дурніла, — сказаў ён, але ўжо нармальным тонам.
— Неданосак, — адказаў я гэтаксама.
Ён павярнуўся да мяне.
— Удар быў удалы…
— Выпадкова… — Я паказаў яму вывіхнуты палец.
— Не пашанцавала, — хмыкнуў ён. — Між іншым, мяне завуць Густаў.
— Мяне — Роберт.
— Добра. Значыць, парадак, Роберт? Мне здалося, што ты — хлопчык ад мамінай спадніцы.
— Парадак, Густаў.
З гэтага часу мы пасябравалі.
Наша чарга павольна рухалася. Акцёру, якога звалі Томі, жудасна пашанцавала: натрапіўся пасажыр да вакзала. Густаў за трыццаць пфенігаў павёз некага да рэстарана. Ён як не лопнуў ад злосці — за дзесяць пфенігаў «навару» зноў станавіцца ў хвост. Мне трапілася нешта незвычайнае — старая ангелька, якая захацела агледзець горад. Я вазіў яе ледзь не гадзіну. Па дарозе назад я падвёз яшчэ некалькі чалавек. Калі мы ў полудзень сядзелі ў шынку, перакусваючы бутэрбродамі, я ўжо ўяўляў сябе вопытным шафёрам. Кампанія напамінала мне пра салдацкае брацтва. Тут сабраліся прадстаўнікі самых розных прафесій. Шафёраў было не больш паловы. Астатнія выпадкова селі за руль.
Даволі замораны, я пад вечар вяртаўся ў двор нашай майстэрні. Ленц і Кёстэр ужо чакалі мяне.
— Браткі, колькі вы зарабілі? — спытаў я.
— Семдзесят літраў бензіну, — адрапартаваў Юп.
— І ўсё?
Ленц раз'юшана глянуў на неба.
— Дожджык патрэбны! А потым невялічкая аварыя на слізкім асфальце перад самым домам! Без ахвяр. Толькі каб быў рамонт!
— Гляньце! — я растуліў далоню і паказаў трыццаць пяць марак.
— Шыкоўна! — сказаў Кёстэр. — Дваццаць марак прыбытку. Сёння мы ім знойдзем месца! Трэба ж замачыць першы выезд!
— Сёння п'ем лёгкае віно, — заявіў Ленц.
— Віно? — здзівіўся я. — З якой нагоды?
— З намі будзе Пат.
— Пат?
— Не разявай так шырока рот, — сказаў апошні рамантык. — Мы даўно пра ўсё дамовіліся. У сем мы заедзем па яе. Яна ўжо ведае. Калі сам не думаеш, трэба нам паклапаціцца. Урэшце, ты пазнаёміўся з ёю праз нас.
— Ота, — сказаў я, — ты бачыў большага нахабніка, чым гэты навабранец?
Кёстэр засмяяўся.
— Што ў цябе з рукой, Робі? Ты яе трымаеш неяк бокам.
— Відаць, вывіхнуў.
Я расказаў пра Густава.
Ленц паглядзеў руку.
— Вядома! Як хрысціянін і адстаўны студэнт медыцыны я папраўлю яе, хоць ты і хам. Пайшлі, чэмпіён-баксёр.
Мы пайшлі ў майстэрню, і Готфрыд, змазаўшы руку вазелінам, узяўся за яе.
— Ты сказаў Пат, што мы будзем адзначаць наш таксісцкі аднадзённы юбілей? — спытаў я.
Ён свіснуў праз зубы.
— Ты саромеешся гэтага, хлапец?
— Заткніся, — адказаў я, бо ён адгадаў. — Ты сказаў?
— Каханне, — растлумачыў Готфрыд спакойна, — пачуццё цудоўнае. Але яно псуе характар.
— Затое адзінота робіць нетактоўным, ты — змрочны саліст.
— Такт — гэта маўклівая згода не заўважаць сумесных памылак, замест таго каб выяўляць іх. Гэта вартыя жалю кампрамісы. На гэта нямецкі ветэран не пойдзе, дзіця.
— Што б ты зрабіў на маім месцы, — сказаў я, — калі б нехта выклікаў таксі і ты ўбачыў, што гэта Пат?
Ён усміхнуўся.
— Я нізашто не ўзяў бы з яе платы, сын мой.
Я даў яму таўхаля, так што ён зваліўся з трыножніка.
— Ах ты, кузурка! Ведаеш, што я зраблю! Сёння я проста паеду па яе на таксі.
— Правільна! — Готфрыд падняў руку, бласлаўляючы. — Толькі не траціць волі! Яна даражэйшая за каханне. Але гэта пачынаеш разумець толькі потым. А на таксі ты ўсё роўна не паедзеш. На ім мы прывязём Фердынанда Граў і Валянціна. Гэта будзе салідны вялікі вечар!
Мы сядзелі ў садку невялічкай прыгараднай карчмы. Падобны да чырвонай паходні вільготны месяц плыў над лесам. Мігцелі цьмяныя кандалябры цвітучых каштанаў, пах бэзу хмяліў, а вялікая шкляная чаша з пахучым «вальдмайстрам» перад намі на стале ў вечаровым змярканні была падобная да светлага апалу, у які акамулявалася блакітна-перламутравае святло вечара. Чаша напоўнілася ўжо чацвёрты раз. Тамадой быў Фердынанд Граў. Пат сядзела каля яго. На грудзях у яе была прышпілена бледна-ружовая архідэя — падарунак Фердынанда.
Фердынанд вывудзіў з віна камара і асцярожна паклаў на край стала.
— Паглядзіце, — сказаў ён. — Якія крылы! У параўнанні з імі любая парча — ануча! І такі цуд жыве толькі адзін дзень — і ўсё! — Ён глянуў на кожнага з нас. — Ці ведаеце, браткі, што самае жудаснае на свеце?
— Пустая чарка, — адказаў Ленц.
Фердынанд адмахнуўся ад яго.
— Самае ганебнае, Готфрыд, мужчыне — быць блазнам.
Потым ён зноў звярнуўся да нас.
— Самае жудаснае, браткі, — гэта час. Час. Імгненне, у якое мы жывём і якім, аднак, ніколі не валодаем.