Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я прыхіліўся да сцяны дома і ўтаропіўся перад сабой. Я не разумеў, навошта я ўсё гэта зрабіў. Я трапіў у нешта, што разрывала мяне на часткі, што рабіла мяне неразумным і несправядлівым, што кідала мяне туды-сюды і разбурыла мне ўсё тое, што з цяжкасцю парадкаваў. Я стаяў бездапаможна і не ведаў, што рабіць. Дадому мне не хацелася, там мне было б зусім дрэнна. Нарэшце я прыпомніў, што ў Альфонса павінна быць яшчэ адчынена. Я пайшоў туды. Я хацеў перабыць там да раніцы. Убачыўшы мяне, Альфонс нічога не сказаў. Ён толькі зірнуў і працягваў чытаць газету. Я сеў за столік і паглыбіўся ў дрымоту. Больш нікога не было. Я думаў пра Пат. Увесь час пра Пат. Я думаў пра тое, як я паводзіў сябе. Раптам мне прыпомнілася кожная дробязь. Усё было супроць мяне. Вінаваты быў я адзін. Я звар'яцеў. Я ўтаропіўся ў стол. Кроў біла мне ў скроні. Я адчайна злаваўся на самога сябе і не бачыў выйсця. Я, толькі я ўсё паламаў.

Раптам пачуўся трэск і звон. Я з усёй сілы грукнуў шклянкай, якая разляцелася.

— Таксама забава, — сказаў Альфонс і ўстаў.

Ён дастаў асколкі з рукі.

— Я вельмі шкадую, — сказаў я. — Зрабіў не падумаўшы.

Ён прынёс вату і пластыр.

— Схадзі лепш у бардак, — сказаў ён. — Гэта дапаможа.

— Нічога, — адказаў я. — Усё прайшло. Нейкі прыпадак шаленства.

— Шаленства трэба выганяць забавамі, а не злосцю, — вучыў мяне Альфонс.

— І то праўда, — сказаў я. — Але ж трэба ўмець.

— Трэніруйся. Вам усім хочацца прабіць сцяну галавой. Але з гадамі гэта пройдзе.

Ён паклаў на грамафон «Злітуйся» з «Трубадура». Пачало хутка світаць.

Я пайшоў дамоў. Перад адыходам Альфонс наліў мне вялікую чарку «Фэрнет-бранка». Мне здалося, што цяпер у маім чэрапе стукаюць мяккія малаточкі. Вуліца стала няроўнай. Плечы наліліся волавам. Нарэшце я дабраў.

Я паволі падняўся па лесвіцы і пачаў шукаць у кішэні ключ. Тут я пачуў у паўзмроку нечае дыханне. Нешта шэрае, невыразнае сядзела на верхняй прыступцы. Я зрабіў два крокі.

— Пат… — прамовіў я, разгубіўшыся. — Пат, што ты тут робіш?

Яна варухнулася.

— Мне здаецца, я задрамала…

— Але як ты трапіла сюды?

— У мяне ж ёсць твой ключ.

— Я не пра гэта. Я пра… — Хмель адступіў, я ўбачыў збітыя прыступкі лесвіцы, аблезлую сцяну і срабрыстую сукенку, маленькія бліскучыя туфелькі. — Я пра тое, як ты ўвогуле аказалася тут…

— Вось пра гэта я пытаюся ў сябе ўвесь час…

Яна ўстала і пацягнулася, быццам гэта была самая натуральная справа ў свеце — сядзець усю ноч на лесвіцы.

Потым яна прынюхалася.

— Ленц сказаў бы: каньяк, ром, вішнёўка, абсент.

— Нават «Фернет-бранка», — прызнаўся я і толькі цяпер усё як след зразумеў.

— Д'ябал усё забяры, ты выдатная дзяўчына, Пат, а я — агідны ідыёт!

Я падхапіў яе на рукі, адчыніў дзверы і панёс праз калідор. Яна ляжала на маіх грудзях, серабрыстая чапля, змораны птах, я адвярнуў галаву ўбок, каб не дыхаць на яе перагарам, і адчуў, што яна дрыжыць, хоць на твары блукае ўсмешка.

Я пасадзіў яе ў крэсла, запаліў святло і прынёс коўдру.

— Каб я толькі здагадаўся, Пат… замест таго каб бадзяцца, сядзець у шынках, мне трэба было… варты жалю баран… я патэлефанаваў табе ад Альфонса, я свістаў перад тваім домам… Я падумаў, што ты не хочаш адклікацца…

— А чаму ты не вярнуўся, калі мяне завезлі дадому?

— Вось гэта я хацеў бы ведаць сам…

— Будзе лепш, калі ты дасі мне ключ і ад кватэры, — сказала яна. — Тады мне не трэба будзе сядзець на лесвіцы.

Яна засмяялася, але вусны яе дрыжалі, і я раптам зразумеў, чаго ёй каштавала — вярнуцца, чакаць тут і гаварыць цяпер адважным бадзёрым голасам…

— Пат, — сказаў я хутка, цалкам заблытаны, — Пат, табе, напэўна, холадна, табе трэба выпіць, я бачыў знадворку, што ў Арлова гарыць святло, я схаджу да яго, у гэтых расейцаў заўсёды ёсць гарбата, я ў імгненне вярнуся… — Я адчуў, што ўва мне ўздымаецца гарачая хваля. — Гэтага я да смерці не забуду, — сказаў я ад дзвярэй і хутка пайшоў па калідоры.

Арлоў яшчэ не спаў. Ён сядзеў перад абразом Багамацеры ў кутку пакоя. Перад абразом гарэла лампадка. Вочы яго пачырванелі. На стале кіпёў маленькі самавар.

— Прабачце, калі ласка, — сказаў я. — Непрадугледжанае здарэнне — ці не далі б вы мне кроплю гарачай гарбаты?

Расейцы прызвычаіліся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкі, цукру, а на талерку паклаў піражкоў.

— Вельмі рады быць вам карысным, — сказаў ён. — Дазвольце прапанаваць вам… сам бываў у падобных… некалькі зерняў кавы… пажаваць…

— Дзякую, — сказаў я. — Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму…

— Калі будзеце мець яшчэ якую патрэбу, — сказаў ён, і ў гэты момант я ўбачыў у ім сапраўды высакароднага чалавека, — я яшчэ не кладуся спаць. Буду рады…

Я яшчэ ў калідоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбівалі пах спіртнога. Пат сядзела каля святла і пудрылася. Я на хвілінку спыніўся каля дзвярэй. Мяне вельмі кранула: вось яна сядзіць, уважліва глядзіцца ў маленькае люстэрка і водзіць пушком па скронях.

— Выпі гарбаты, — сказаў я. — Гарачая.

Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.

— Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.

— І я ведаю, — адказала яна.

— Праўда? А я — не.

— І не трэба, Робі. Ты і так ведаеш зашмат. Таму і не можаш быць як след шчаслівым.

— Магчыма, — сказаў я. — Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.

— Добра! Было б яшчэ горш, калі б ты ўвесь час разумнеў.

— Мудра, — сказаў я. — Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупіка. Але мне здаецца, што тут накапілася шмат усяго…

Яна паставіла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогі.

Заспявалі птушкі. Грукнулі нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзіцяці. Я глянуў на гадзіннік. Праз паўгадзіны на кухні з'явіцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока і роўна. Грэх было будзіць яе. Але трэба.

— Пат…

Яна, сонная, штось прамармытала.

— Пат… — я праклінаў усе мэбляваныя пакоі свету. — Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.

Яна расплюшчыла вочы і засмяялася, яшчэ сонная, як дзіця.

Я, прачнуўшыся, ніколі не бываў вясёлы.

— Пат… фраў Залеўскі ўжо чысціць зубы.

— Я сёння застануся ў цябе…

— Тут?

— Тут.

Я ўстаў.

— Бліскучая ідэя… але твае рэчы… вячэрняя сукенка і туфлі…

— Вось я і застануся да вечара.

— А дома?

Поделиться с друзьями: