Тры таварышы
Шрифт:
Булачнік слухаў так абыякава, што я разгубіўся.
— У шэсць гадзін я патэлефаную яму яшчэ раз, — нарэшце сказаў я.
— У шэсць? — Булачнік схамянуўся. — У шэсць мне трэба… — Ён раптам павярнуўся да мяне. — Пойдзеце са мной?
— Куды?
— Да вашага сябра, мастака. Карціна гатова.
— А, да Фердынанда Граў.
Ён кіўнуў галавой.
— Паедзем разам. А потым мы можам пагаварыць і пра машыну.
Відаць, з нейкай прычыны ён не хацеў ісці адзін. А мне таксама вельмі не хацелася пускаць яго ад сябе.
— Добра, — пагадзіўся я. — Ехаць далекавата — лепці зараз жа і адправіцца.
Фердынанд Граў выглядаў дрэнна. Твар быў шэра-зялёны, пакамячана-азызлы. Ён сустрэў нас каля ўвахода ў майстэрню. Булачнік толькі бегла зірнуў на яго. Ён быў нейкі надзіва няўпэўнены і ўсхваляваны.
— Дзе яна? — адразу спытаўся ён.
Фердынанд паказаў рукой на акно. Карціна была нацягнута на падрамнік. Булачнік хутка ўвайшоў у памяшканне і нерухома спыніўся перад партрэтам. Праз хвіліну ён зняў капялюш. Ён так спяшаўся, што забыў зрабіць гэта раней.
Мы з Фердынандам спыніліся каля дзвярэй.
— Як пажываеш, Фердынанд? — спытаў я.
Ён у адчаі махнуў рукой.
— Штосьці здарылася?
— Што можа здарыцца?
— Ты дрэнна выглядаеш.
— І ўсё?
— Так, — сказаў я. — Усё.
Ён паклаў мне руку на плячо, і на яго твары старога сенбернара з'явілася ўсмешка.
Мы пастаялі яшчэ нейкі час, а потым далучыліся да булачніка. Мяне партрэт уразіў. Галава атрымалася вельмі ўдала. Па вясельнай картцы і другой, дзе жанчына выглядала прыгнечанай, Фердынанд намаляваў нестарую яшчэ жанчыну, якая ўзіралася перад сабой сур'ёзным, але бездапаможным позіркам.
— Так, — сказаў булачнік, не паварочваючы галавы, — гэта яна.
Ён прамовіў гэта больш сам сабе і, мне здалося, сам не заўважыў сваіх слоў.
— Святла хапае? — спытаў Фердынанд.
Булачнік не адказаў.
Фердынанд падышоў, крыху перасунуў падрамнік. Потым ён адышоўся назад і кіўнуў мне галавой. Мы зайшлі ў маленькі пакойчык побач з майстэрняй.
— Ніколі не падумаў бы, — здзіўлена сказаў ён. — Скідка падзейнічала на яго. Ён плача…
— З кожным рана ці позна бывае, — адказаў я. — Толькі да яго пазнавата дайшло.
— Пазнавата, — сказаў Фердынанд, — як заўсёды. Такое жыццё, Робі.
Ён паволі хадзіў туды-сюды.
— Пакінем яго на нейкі час там аднаго. А самі можам тым часам згуляць у шахматы.
— У цябе сталёвыя нервы, — сказаў я.
Ён спыніўся.
— А што? Яму ад таго ні холадна, ні горача. Калі ўвесь час думаць пра такія рэчы, то ніводзін чалавек на свеце не мае права смяяцца, Робі…
— Ты, як заўсёды, маеш рацыю, — сказаў я. — Ну давай тады разок згуляем.
Мы расставілі фігуры і пачалі гульню. Фердынанд даволі лёгка выйграў. Ён паставіў мне мат турой і сланом, не пускаючы ў ход каралевы.
— Цікава, — сказаў я. — У цябе такі выгляд, быццам ты не спаў трое сутак, а гуляеш, як марскі разбойнік.
— Я заўсёды добра гуляю, калі ў мяне дрэнны настрой, — растлумачыў Фердынанд.
— А чаму ў цябе дрэнны настрой?
— Так проста. Змяркаецца. У прыстойнага чалавека пад вечар заўжды псуецца настрой. Без прычыны. Проста такі закон.
— Але толькі ў адзінокага чалавека, — сказаў я.
— Вядома. Гадзіна, калі пануюць цені. Гадзіна самотнасці. Гадзіна, калі найсмачнейшы каньяк.
Ён дастаў бутэльку і дзве чаркі.
— А ці не пара падысці да булачніка? — спытаў я.
— Усё роўна.
Ён наліў.
— Будзь здаровы, Робі. Усё роўна аддадзім богу душу.
— На здароўе, Фердынанд. Пакуль мы жывыя.
— Што ж, — сказаў ён. — Часам мы цудам выжывалі… Дык вып'ем па адной і за гэта.
— Давай.
Мы вярнуліся ў майстэрню. Сцямнела. Булачнік усё яшчэ стаяў, уцягнуўшы плечы, перад партрэтам. У вялікім пустым памяшканні ён меў выгляд пакінутага бедалагі, і мне здалося, што ён зрабіўся нават ніжэйшы ростам.
— Упакаваць партрэт? — спытаў Фердынанд.
Той уздрыгнуў, як спужаўся.
— Не…
— Тады я прышлю яго вам заўтра.
— Нельга яго пакуль што пакінуць тут? — у нерашучасці спытаў булачнік.
— Але чаму? — здзівіўся Фердынанд і падышоў бліжэй. — Вам не падабаецца?
— Падабаецца… але я хацеў бы пакуль што пакінуць яго тут.
— Не разумею…
Булачнік павярнуўся да мяне, нібы просячы дапамогі. Я зразумеў: ён баяўся чарнявай лярвы вешаць партрэт дома. А магчыма, ён баяўся і нябожчыцы.
— Слухай, Фердынанд, — сказаў я, — няхай партрэт спакойна павісіць тут. Чалавек жа плаціць.
— Няхай сабе…
Булачнік з палёгкай дастаў з кішэні чэкавую кніжку. Яны пайшлі да стала.
— Чатырыста марак? — спытаў булачнік.
— Чатырыста дваццаць, — сказаў Фердынанд. — Гэта са скідкай. Выпісаць квіток?
— Так, — адказаў булачнік. — Дзеля парадку.
Абодва моўчкі пачалі выпісваць — адзін чэк, другі — квіток. Я застаўся стаяць каля акна, разглядаючы пакой. У вечаровым паўзмроку з усіх сцен пазіралі твары незапатрабаваных і неаплачаных партрэтаў у залатых рамах. Яны здаваліся зборам прывідаў з таго свету. Стваралася ўражанне, што ўсе іх мёртвыя позіркі былі скіраваны на карціну каля акна, якая зараз павінна далучыцца да іх, а пакуль што змярканне наводзіла на яе апошні бляск жыцця. Гэта было незвычайнае відовішча: дзве фігуры, якія схіліліся над сталом, пішучы, цені і мноства маўклівых партрэтаў.
Булачнік вярнуўся да акна. Яго вочы з чырвонымі пражылкамі здаваліся шклянымі шарамі, рот быў паўадкрыты, ніжняя губа адвісла, так што былі бачны няроўныя зубы — яго пастава была камічная і вартая жалю. На верхнім паверсе нехта пачаў іграць на піяніна, хтось выконваў практыкаванне, паўтараючы адно і тое. Гук быў высокі, пакутлівы. Фердынанд Граў усё яшчэ стаяў каля стала. Ён запаліў цыгару. Агеньчык ад запалкі асвятліў яго твар. Змрочнае памяшканне здалося надзвычай вялікім і, асветленае маленькім ружовым святлом, вельмі сінім.
— Ці можна сёе-тое змяніць у партрэце? — спытаў булачнік.
— Што менавіта?
Фердынанд падышоў бліжэй. Булачнік паказаў на ўпрыгожанне:
— Ці можна ўбраць гэта?
Ён меў на ўвазе вялізную залатую брошку, якую заказчык абавязкова патрабаваў намаляваць.
— Вядома, — сказаў Фердынанд, — яна нават не пасуе да твару. Без яе партрэт толькі выйграе.
— І я так думаю. — Ён хвілінку памуляўся. — Колькі гэта будзе каштаваць?
Мы з Фердынандам пераглянуліся.
— Нічога не будзе каштаваць, — зычліва сказаў Фердынанд. — Наадварот, вам трэба было б яшчэ вярнуць нейкую суму. Намалявана ж будзе менш.