Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Што рабіць? Будаваць у Вульцы другі чацвяртак ці не?

Мадзін мужык добра ведаў усе схільнасці і норавы свайго начальніка. Падумаўшы крыху, адказаў:

– Не будаваць, яснавяльможны пане. Навошта будаваць?

– А як жа будзе?

– У кожнай кватэры размесцім па дзве сям'і.

– Праўда? А ці змогуць яны там змясціцца?

– Ой-ой! Чаму ж гэта ім не змясціцца? Ці ж ім выгоды якія патрэбны?

Яны і сапраўды змясціліся, бо што ж было рабіць? Парабак ёсць парабак, таму што быць ім павінен, ці тут, ці там, але павінен. З другога боку, у Вульцы было не горш, чым дзе-небудзь, з жыллём і ў іншых месцах было не лепш. Адным у Вульцы за год службы станавілася прыкра, і яны пакідалі яе, другія сядзелі тут па шмат гадоў, як ужо каму выпадала. Ясюк служыў тут даўно, жывучы то з тымі, то з іншымі людзьмі. Год таму пасялілі да яго маладога парабка Антося і ягоную маці Хрысціну, якіх перавялі сюды ад іншага парабка - Максіма, бо Максім абзываў Антоську крапіўнікам, а Максіміха пару разоў цягала па хаце за валасы Хрысціну, прыгадваючы той усё: якой яна была і адкуль сваіх двух сынкоў прынесла. Ясюкі былі людзьмі спакойнымі і ўмелі жыць у згодзе з усімі. З Хрысцінай і яе сынам нават пасябравалі, можа, таму, што маці маладога парабка не толькі ніколі першай сваркі не пачынала, але, нават калі яе чапалі, маўчала. Дзяцей Ясюковых яна вельмі палюбіла і дапамагала мацеры іх даглядаць так, як быццам яны не былі чужымі. Цяпер, паказаўшыся ў дзвярах, павіталася:

– Хай будзе пахвалёны...

– На векі вякоў, - адказалі ёй тры мужчынскія галасы і адзін жаночы.

Як выглядала хата? Была яна вялікая, але вельмі нізкая, з закурэлымі да чарнаты сценамі і столлю, з глінабітнай падлогай і адным невялікім акном, праз рамы якога дзьмуў сакавіцкі вецер. Бахрэвіч праўду казаў: «Ці ж ім выгоды якія патрэбныя?» Маглі б паабтыкаць акно так, каб божыя вятры не заляталі ў хату, але не рабілі гэтага. Можа, не мелі чым, а можа, так ужо зжыліся з ветрам, што прымалі ягоныя адведкі без прыкрасці. Гэты пакой хоць і быў досыць вялікі, але рабіў уражанне надта цеснага, найперш з-за нізкай столі, а яшчэ таму, што напаўняла яго мноства гаспадарчых прылад і жыўнасць. Былі там лаўкі, сталы, двое кроснаў, балеі, вёдры, чыгуны, прылады для цёркі і часання лёну, матавілы, бочкі з квашанымі буракамі і капустай, мяшкі з бульбай, збожжам, мукой і г.д. У куце стаяла печ з чорнай, як пекла, сярэдзінай з падпечкамі і прыпечкамі. На печы былі відаць чатыры босыя дзіцячыя ножкі, што вылазілі з-пад саматканых кашуль, пад печчу спалі тры курыцы і адзін пеўнік, на палку ляжала жанчына пад саматканай коўдрай і худой цёмнай рукой калыхала сплеценую з лазы і падвешаную вяроўкамі да столі калыску. У калысцы спала немаўлятка, якому было толькі некалькі дзён. Гэтая жанчына была Ясюковай жонкай, слабая яшчэ пасля нядаўніх родаў. Звычайна не рабіла яна сабе такіх цырымоній, каб некалькімі днямі ляжання плаціць за тое, што прывяла на свет новага чалавека. Паляжыць дзень які, дый годзе! Калі ўставала, то не для ўсякай работы, а хаця б абіраць бульбу, гатаваць ежу, даглядаць старэйшых дзяцей. Гэтым разам, аднак, аслабела надаўжэй, чым звычайна: схуднела і неяк збялела. Невядома чаму. Можа, так сабе проста па Божай волі, а можа, і таму, што роды былі цяжкімі і доўгімі і пакліканая з суседняй вёскі знахарка, на хвіліну, на адну толькі хвіліну, падвесіла яе да столі нагамі ўверх... «Каб толькі дзіцятка ў жываце выпрасталася!» - казала. Дзіцятка і сапраўды, відаць, выпрасталася, бо на свет прыйшло жывое і здаровае. Але маці ніяк не магла ачуняць і ўсё яшчэ ляжала, а паколькі ў той дзень і другая гаспадыня хаты адсутнічала, то вячэра значна спазнілася. Ясюк і Антосік пачалі яе рыхтаваць, вярнуўшыся з поля, якое аралі да змроку, а потым яшчэ кармілі і паілі сваіх коней, а потым ставілі плугі ў належнае месца і трошкі пасварыліся з іншымі парабкамі перад дзвярыма ўжо за нейкую вязку сена. Цяпер перад агнём, што гарэў у печы, час ад часу памешваючы нешта драўлянай лыжкай у чыгунах, стаяў толькі Антосік, прыгожы малады парабак, з светлымі, ільнянымі валасамі і агністым паглядам блакітных вачэй. Ясюк, вусаты і плячысты мужчына, з чорнай шчэццю на смуглявым твары і цёмнымі быстрымі вачыма, сядзеў на лаве за сталом і гаварыў з чалавекам, які з выгляду быў поўнай яму процілегласцю. Моцны і плячысты парабак выглядаў стомленым і апатычным. Сядзеў згорбіўшыся, расклаўшы на стале локці, і глядзеў з-пад густых броваў досыць лагодна, але хмурна і як бы недаверліва. Госць жа, наадварот, быў хударлявы, рухавы і выпрамлены, немалады бледны твар яго з доўгім носам і барадой клінам, аздабляла сівая шчэць. Маленькія шэрыя вочы глядзелі смела, нават трошкі нахабна, часам мільгала ў іх жорсткасць і хцівасць. Адзенне ягонае было з жоўтага сукна і зусім іншага фасону, чым сялянскія сярмягі, паблісквала металёвымі гузікамі і бронзавым медалём, навешаным каля пятліцы. Ужо толькі зірнуўшы на яго, па выпрамленай і мускулістай постаці, па выразу вачэй і крою адзення можна было распазнаць у ім былога салдата.

Прыход Хрысціны не перапыніў размову Ясюка з госцем. «На векі вякоў», - адказалі ёй і больш не звярталі на яе ўвагі. Яна ж кіўнула галавой сыну, які гэткім самым кіўком ёй адказаў, і стала каля агню. Чырвоны водбліск полымя асвяціў яе ўсю: чорныя ад гразі ногі, намоклае адзенне, высокую і яшчэ зграбную постаць, адно што худую і знясіленую, пасмы зблытаных, ужо з сівізною валасоў, што выбіваліся з-пад намоклай чырвонай хусткі на лоб, загарэлую і агрубелую скуру, што сабралася ў шматлікія маршчыны. Гэта быў лоб шасцідзесяцігадовай бабулі, а ёй не было і сарака. Шчокі яе таксама былі звялыя і зморшчаныя, амаль аранжавага колеру. Затое вялікія чорныя агністыя вочы і бледныя, але прыгожай формы вусны, з-пад якіх выглядаў рад белых зубоў, былі на гэтым састарэлым твары яшчэ не загубленымі адзнакамі маладосці, напамінкам пра былую прыгажосць Хрысціны. Яна стала каля печы, абапёршы локаць на адной далоні, другой жа падпёршы сабе галаву. Стаяла так і ўзіралася ў агонь. У форме яе далікатных вуснаў, у запалых шчоках і ў выразе нерухомых вачэй была цэлая бездань смутку. Светлавалосы парабак, мяшаючы ў гаршку зацірку з салам, спытаўся ў маці:

– Ну што, мама?

Не змяняючы ані паставы, ані выразу вачэй, адказала:

– Нічога сынок. Пойдзе наш Піліпка на край свету, і не пабачаць больш яго нашыя вочы. Відаць, што для нас, бедных, ніякага ўжо ратунку няма.

Антосік уздыхнуў і паківаў галавой. У калысцы заплакала малое, і Хрысцініну задумлівасць як ветрам здзьмула. Яна зусім не дбала аб тым, каб перасушыць адзенне, абагрэць застылыя ногі. Хутка падышла да ляжанкі і нахілілася над хворай. Пашапталіся трошкі між сабой, і хворая са стогнам павярнулася тварам да святла. Хрысціна выцягнула з калыскі малое і паднесла да яе грудзей. Потым прысела на край ляжанкі ля хворай і, склаўшы на каленях рукі, упершыню звярнула ўвагу на гаворку Ясюка і госця. Перад імі стаяла бутэлька гарэлкі і алавяная чарка. Частаваліся ўзаемна з вялікай далікатнасцю, абменьваючыся пасля кожнай перакуленай чаркі пажаданнямі здароўя. Аднак перакуленых чарак было няшмат. Ясюк не быў п'яніцам, што ж да госця, то хоць ягоны пачырванелы нос, здавалася, і выдаваў любоў да моцных напояў, але цяпер чалавек заставаўся цалкам пад уплывам размовы. Ён пераконваў і да нечага надта імкнуўся схіліць Ясюка. З недапітай чаркай у руцэ, выпрамлены, уставіўшыся сваімі быстрымі і хітраватымі вочкамі ў твар парабка, ён гаварыў:

Яй-богу, Ясюк! Каб я быў на тваім месцы, дык даўно б ужо ў сваёй уласнай хаце сядзеў, еў, піў і ні пра што не дбаў бы. Ці табе так добра на парабкоўскім хлебе, што дзядзьку на сваёй уласнай зямлі панаваць дазваляеш?

Парабак павольна пахітаў сваёй цемнавалосай цяжкай галавой.

– Ой, добра!
– адказаў.
– Каб маім ворагам так добра было! А што рабіць? Чалавек быў яшчэ дзіцем, калі злыя людзі пакрыўдзілі, ведама, сірата, без бацькі. Як толькі бацька памёр, дык дзядзька зараз усю зямлю і ўсадзьбу і ўсё на сваё імя, значыць, перапісаў. «Мяне, кажа, камісія, гаспадаром зрабіла, дык і ўся зямля мая, а брат, кажа, у мяне парабкам быў і братаваму сыну тут, значыць, нічога не належыць». Людзі мне парадзілі, каб у суд ішоў, а ён хадваката наняў сабе такога, што як пачаў брахаць, дык і выбрахаў сабе ўсё дарэшты. А я, значыць, ужо без нічога застаўся, тай з гаспадарскага сына зрабіўся парабкам...

Махнуўшы рукой і ўліўшы сабе ў чарку крыху гарэлкі, кіўнуў госцю галавой:

– На здароўе!
– сказаў.

– А што рабіць?
– казаў далей.
– Што прапала, то прапала. Над сіратою Бог з калітою. З жонкай і дзецьмі з голаду не памром. Цесць сто рублёў пасагу даў... Багаты... агароднікам служыць... Даў бы і больш... «Як ты, Яська, кажа, будзеш мець за што кавалак зямлі купіць, другія сто дам...» От, можа, і дасць Пан Бог Усемагутны, што і куплю... то жонка заробіць, то з пенсіі застанецца... сякі-такі грош ёсць.

– Шмат?
– хціва спытаўся былы салдат.

Селянін хітравата ўсміхнуўся. Скрытнасць і асцярожнасць узялі ў ім верх над гаварлівасцю, абуджанай гарэлкай.

– Сам не ведаю, - напаўсур'ёзна, напаўжартам адказаў.
– Можа, шмат, можа няшмат... а такі ёсць...

– Ну, а гэта ж зямля, што дзядзька ў цябе ўкраў, так і прападзе?

– А што рабіць?
– уздыхнуў Ясюк.
– Можа, мая праўда была, а можа, ягоная. Хай нас Пан Бог судзіць.

– Ой, ты дурань!
– з дзіўнай гарачнасцю і энергічнасцю закрычаў салдат.
– І ты сабе думаеш, што ўжо скончана, запячатана і прапала! Маўчыш і трываеш! А ці ж не можаш ты зараз таксама хадваката наняць і дзядзьку за сваю крыўду ў суд пацягнуць. Ці ж ён адзін хадваката мець мог? А ты не можаш? Га? Я тваю справу з дзядзькам ведаю, як свае пяць пальцаў. Далібог, тыя ягоныя прэтэнзіі нічога нявартыя, і даўнасць яшчэ не настала. А хапеляцыя для чаго? А зеркала ў палаце нашто?.. Гэй!..

Ён узняў указальны палец і круціў ім у паветры.

– Гэй, гэй!
– паўтарыў.
– Ты палаты не бачыў. А я бачыў. Вялікая такая зала, як касцёл, а ў ёй стол чырвоным сукном накрыты, а за сталом яснавяльможныя паны сядзяць у мундурах, золатам вышываных, і судзяць...

– Золатам вышываных...
– паўтарыў Ясюк, які з такой цікавасцю ўслухоўваўся ў апавяданне госця, што ажно рот разявіў.

– А што ж ты думаў? Не ў такіх сярмягах, як твая. Блішчаць ад золата... на стале зеркала стаіць...

Абодва з пашанай пахілілі галовы. Ясюк уздыхнуў.

– Перад царскім зеркалам, перад чырвоным сталом, перад яснавяльможнымі панамі, што блішчаць ад золата, стаяць хадвакаты і гавораць... Так і так, яснавяльможны суд, кажуць... так і так кажуць... а суд маўчыць і слухае... Слухае, слухае, потым устае і выходзіць.

– Выходзіць?
– паўтарыў Ясюк такім тонам, быццам шкадаваў, што ўжо заканчваецца прыгожая дзівосная казка.

– Ага, выходзіць: дык што ж, што выходзіць? Ідзе сабе ў другі пакой, каб пагаманіць пра тое, што хадвакаты брахалі. Потым вяртаецца... усе ўстаюць... а найважнейшы з суду, яво правасхадзіцельства з паперы голасна чытае: «Іск Ясюка Гарбара прызначыць справядлівым, у дзядзькі ягонага Паўлюка Гарбара зямлю і сядзібу адабраць і аддаць Ясюку».

На гэтае неспадзяванае заканчэнне Ясюк Гарбар падняў галаву і хмурныя вочы яго заблішчалі.

– Ага!
– усклікнуў.
– Каб жа так і было...

– Чаму ж не будзе?
– з удаванай абыякавасцю азваўся салдат.
– Каб ты, Ясюк, толькі захацеў, то і было б... Я б табе такога хадваката прывалок, які так піша, што ажно сам міністар дзіву даецца, а як пачне брахаць, то ажно суд рот разяўляе і на ўсе вушы слухае.

Ясюк ажывіўся.

Поделиться с друзьями: