Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Мы ўжо ўдваіх з Ясюком прыйдзем, і што мой бабскі розум расказаць не патрапіць, Ясюк дагаворыць.

Былы салдат устаў з лавы і пачаў развітвацца з гаспадаром. Не п'яныя ад выпітай гарэлкі, але трохі расчуленыя, абдымаліся і гучна цалаваліся. Праз нейкі час у хаце стала зусім цёмна і ціха. Затое праз шчыліны ў дзвярах было відаць святло ў бакавой каморцы і чуліся адтуль прыглушаныя шэпты. Там перад адчыненай невялікай скрыняй сядзела на зямлі Хрысціна, а каля яе стаяў Антосік і трымаў у руках запаленую лучыну. Жанчына паспешліва адхінула ўбок крыху адзення, свайго і сынавага, і з-пад яго, з самага дна куфра, выцягнула нейкі прадмет, прадаўгаваты, як вузкі мех, звязаны ўверсе шнурком. Была гэта нечым напханая тоўстая ніцяная панчоха. Хрысціна развязала мноства вузлоў, якімі быў завязаны верх панчохі, і спачатку выцягнула адтуль дзве нейкія паперы, пажоўклыя, пачарнелыя, з абдзёртымі краямі. З вялікай пашанай агледзеўшы іх з усіх бакоў, асцярожна, як быццам бы гэта было шкло, якое магло пабіцца, адклала іх убок. Гэта былі гмінныя пасведчанні пра яе паходжанне і паходжанне яе сыноў, а таксама пра розныя правы, якія мелі яны на гэтым свеце. Тых правоў было няшмат, і не было ў іх нічога надзвычайнага, аднак без гэтых пасведчанняў правы іхнія ўвогуле зводзіліся да нуля. І таму гэта быў скарб, які Хрысціна берагла як вока ў лобе; пасля выйсця яго на свет з панчохі паказаўся другі скарб: асігнацыі адна- і трохрублёвыя, а таксама срэбныя саракоўкі, залатоўкі і дзесяткі, нават трошкі медных манет. Відаць, што складала яна ў панчоху ўсё, што мела, як трапляла да рук. За тое, што дзень палола пшаніцу, - саракоўка, за два дні жніва - рубель, за тое, што насіла ваду каромысламі гаспадыні намесніка, - шэсць грошаў, за згрэбанае сена - два злотых, за цэлыя два тыдні жніва - дзве трохрублёўкі, трэцяя - за тры месяцы даення кароў, чацвёртая і пятая - зберагла з парабкоўскага заробку Антосіка і г.д. і г.д. Колькі разоў штодзённым спажыткам былі для яе і сыноў ячныя крупы, бульба, хлеб і соль, столькі разоў кожны грош, што трапляў у руку, хаваўся ў глыбінях ніцяной панчохі. Хавалася там усё гэта на працягу цэлых дзевятнаццаці гадоў.

Цяпер Хрысціна лічыла асігнацыі. Лічыла б яна доўга, калі б не дапамагаў ёй у гэтым сын. Малады парабак, якога нейкі вясковы разумнік, таксама з былых салдатаў, паводле жадання маткі чытаць, пісаць і лічыць вучыў, умеў чытаць так слаба, што амаль зусім не ўмеў, пісаць жа нават не браўся, затое лічыў добра. Відаць, меў да лічэння асаблівы талент, і маці яго да гэтага больш, чым да чаго іншага, заахвочвала. Агульнымі намаганнямі налічылі сто рублёў. Хрысціна хвіліну трымала іх у руках, гледзячы сыну ў вочы.

– Гэта Піліпкавы грошы, - сказала.

Парабак адказаў кіўком галавы:

– Ведаю.

– Цябе я не пакрыўджу... тваіх не парушу...

Антосік махнуў рукой, што павінна было зноў азначаць:

– Што мне там!

Аднак узіраўся ў глыбіню панчохі. Нягледзячы на філасофскую абыякавасць, выказаную праз павагу да маці, было відаць, што грошы, прызначаныя для яго, вельмі яго цікавілі. Хрысціна, трымаючы ў адной руцэ асігнацыі, другой падперла твар і задумалася. І яе таксама, як гадзіну таму Ясюка, ахапіла трывога за гэтыя грошы, крывавым потам заробленыя. А з другога боку, у галаве яе, нібы віхор, шумелі словы Мікалая: «Скура з мяне ад марозу злязала і ў жываце усё застыла, шэсць месяцаў жоўтая трасца трэсла...»

– Езус!
– войкнула кабета і пачала хуценька завязваць панчоху, прыкрываць яе адзеннем і замыкаць куфар. Хаваючы за пазуху выцягнутыя грошы, сказала паўшэптам сама сабе:

– Можа, злітуецца Пан Бог Найвышэйшы...

Вярнуўшыся ў хату, узлезла на печ. У цёмнай, як сажа, хаце быў чуваць храп двух мужчын, што спалі на лавах, ціхае сапенне дзяцей на печы і цяжкае, трошкі хрыплае дыханне хворай Ясюковай жонкі. Неўзабаве да гэтага хору далучылася і пахропванне Хрысціны. Заснула і яна таксама. За сцяной шумеў вецер, дождж хлюпаўся ў лужыны, а ў палове ночы разнёсся па хаце крык:

– Піліп! Піліп! Піліпка!

Гэтае імя, што доўга-доўга паўтаралася, гучала ў цемры рознымі тонамі: то сцішаным шэптам, то крыкам трывогі, то спеўным галашэннем, нагадваючы тужлівы матыў, з якім жанкі вяртаюцца вечарам з поля. Але кабета, што вымаўляла і выспеўвала яго на такі лад, спала... І спалі ўсе, хто быў побач. Не было каму абудзіць яе ад цяжкага сну: ніхто не адарваў галавы ад падушкі, каб супакоіць яе. Пад ранне Ясюк і Антосік перасталі храпці, хворая і дзеці спалі як каменныя. У гэтай глыбокай начной цішыні і цемры, у шуме ветру за сцяной яшчэ некалькі разоў сонны жаночы голас заводзіў:

– Піліп! Піліп! Піліп!

Так на досвітку ў густой і халоднай расе азяблая перапёлка склікае сонным голасам сваіх птушанят.

Свет за вакном хаты афарбаваўся ў сіні колер. Заспявалі на панадворку пеўні: то разам, то адзін за другім. Голасна зачырыкалі вераб'і ў застрэшшы, а таксама ў бязлістых і мокрых галінах раскідзістай вярбы. Распачаўся рух і ў чацвертаках. За тонкай сцяной раздаўся крык Максіміхі, самай звяглівай з усяго жаночага насельніцтва фальварка. Нейкае дзіця там раўло немым голасам, можа, адлупцаванае маткай. Іншыя дзіцячыя галасы, вясёлыя, адгукаліся з сяней, а потым на панадворку шчабятаннем сваім заглушалі ціўканне вераб'ёў. Уставалі парабкі, гучна пазяхалі, апраналі кажухі і ішлі ў аборы і стайні. Іхнія цяжкія крокі бухалі наўкол чацвертака па размоклай зямлі. Фальварковы сабака, вялікі жоўты дварняк з пушыстым хвастом, бегаў па дзядзінцы, кідаючыся ва ўсе бакі, выпушчаныя з падпечка куры пранізліва кудахталі. А каля аборы грымеў гучны голас намесніка, што раздаваў загады і падганяў парабкаў да хуткага іх выканання. То тут, то там сунуліся па панадворку жоўтыя і зялёныя горы на двух нагах. Гэта былі парабкі, што неслі на плячах з пуні ў аборы і стайні салому і сена. Усе вокны ў чацвертаку, а таксама вокны іншага будынка, дзе жылі намеснік і арандатар, засвяціліся залатым святлом ад распаленых агнёў. Праз нейкі час з комінаў паказаліся струменьчыкі дыму, што потым скручваліся ў клубы і, гнаныя вільготным паветрам долу, развейвалі шэрую імглу на дзядзінцы і напаўнялі наваколле гаркаватым пахам сажы. Дажджу не было, але ўсё на свеце: неба, зямля, дрэвы, дахі і плот здаваліся як быццам толькі што выцягнутымі з вады. Нягледзячы на рух і занятасць працай, парабкам, відаць, было халаднавата. Зябкая вільгаць сакавіцкага рання расіла жоўтую скуру іхніх кажухоў. Намеснік, малады і жвавы хлопец з гучным голасам, апрануты ў кажушок, які адрозніваўся ад парабкоўскіх толькі тым, што быў карацейшы і зверху абцягнуты сукном, у ботах ажно да калена, паціраў чырвоныя рукі і паспешліва запрагаў дагледжанага коніка ў пафарбаваны ў зялёны колер вазок. Пры гэтым ён весела пасвістваў. Збіраўся ехаць у парафіяльны касцёл, бо была нядзеля. Каровы, авечкі і коні былі ўжо накормленыя, наставалі на цэлы дзень адпачынак і свабода ўсім старэйшым і маладзейшым работнікам Вулькі.

Адпачынку не мелі толькі жанчыны. Варылі яны ежу на раніцу і полудзень, у балеях ці начоўках купалі дзяцей, часалі і пераапраналі іх у чыстыя кашулькі. Гэтае купанне, часанне і прыбіранне ў чыстыя кашулі адбывалася ўсяго толькі адзін раз у тыдзень, у нядзелю, але з вялікай пунктуальнасцю. У хаце Ясюка яно ішло таксама, як і ў іншых хатах. Галена, хоць і была хворая, спаўзла з ляжанкі і з дапамогай старэйшай дзяўчынкі, дзевяцігадовай Насткі, рабіла, што магла. Памочніца ў яе была добрая. Настка прынесла дроў і вады, запаліла печ, паставіла перад агнём гаршкі з вадой і ўзялася часаць меншага брата. Галена толькі кіравала яе дзейнасцю, сама ж усыпала ў гаршкі круп і солі і, ужо стаміўшыся, прысела на ляжанку абіраць бульбу. Была яна маладая, хударлявая, з бледным змучаным тварам. Яе нездаровы стан выдавалі худыя рукі і сумны выраз блакітных вачэй. Сядзела на ляжанцы скурчыўшыся і высунуўшы босыя ступні з-пад доўгай сіняй спадніцы. Абабранае з бульбы лушпінне старанна скідвала ў цабэрак на корм для парсючка, які акурат цяпер, рохкаючы і шукаючы спажывы, з'явіўся пад сталом і лавамі. Час ад часу яна азывалася да малога Юзіка, які нецярпліва рваўся з-пад грэбеня сястры да парсючка ці, выцягваючы рукі, штурхаў лазовую калыску, дзе ціха ляжала немаўлятка. Паміж Юзікам і гэтым немаўляткам прыходзілі на свет яшчэ трое дзяцей, але адразу пасля нараджэння яны паўміралі. Не дзіва, што Галена, не маючы трыццаці гадоў, выглядала слабай і змучанай. Цяжка нараджаць дзяцей, хаваць іх - яшчэ цяжэй.

Ясюка і Хрысціны дома ўжо не было. Выйшлі яны адначасова, як толькі парабак скончыў сваю абавязковую работу. Пайшлі ў грыньскую карчму за кіламетр ад Вулькі. Напрыканцы Грынек, вялікай, доўгай і разбудованай вёскі, стаяла гэтая карчма - вялікая хата, абстаўленая лавамі і сталамі, з аднаго боку якой былі сені, а з другога - стайня. У стайню падарожнікі маглі ўязджаць праз вялізную бясформенную дзірку, якая звалася тут брамай, проста з дарогі, што вузкай сцежкай, поўнай лужын, выбоін і каляін вілася праз роўнядзь палёў. З гэтай вялікай хаты з лавамі, сталамі і вялізным чорным, як сажа, комінам вузенькія дзверы вялі ў маленькі пакой, дзе жыла сям'я арандатара. Усе карчомныя сцены і столь былі ўчарнелыя і вышчарбленыя, усе падлогі - гліняныя. Ад мноства ног, што па іх хадзілі, пабіліся яны ў глыбокія ямы. Шырокім вокнам не хапала многіх шыбаў, якія былі заменены кавалкамі старой паперы, а тое шкло, што трымалася яшчэ ў спарахнелых рамах, было зялёнае і мутнае і ўпускала святла толькі на тое, каб у хаце вечна магла панаваць шарая гадзіна.

Цяпер у гэтай хаце было тлумна і шумна. Грыньскія сяляне збіраліся тут, каб яшчэ раз пагаварыць са сваім адвакатам, які вось ужо два гады вёў працэс за луг і ворныя землі супраць колішняга іх уладальніка Дзельскага. Паінфармаваныя былым саладатам Мікалаем, што пан хадвакат гэтым ранкам будзе праязджаць тут, едучы з Лясной, прыйшлі сюды, вядома, не ўсе, бо вёска мела шэсцьдзесят двароў, а дэлегавалі са свайго гурту некалькі больш кемлівых, а можа, проста тыя, якія з выйгранага працэсу маглі мець найвялікшую карысць і таму неслі большыя кошты. Выпадак быў вельмі зручны. Замест таго, каб ехаць у Ангрод за тры мілі, як столькі разоў яны рабілі за гэтыя два гады, маглі яны ў сябе на месцы канчаткова дамовіцца са сваім прадстаўніком. Гэтая дамова павінна была быць канчатковай, як было падобных ёй ужо нямала. Дадуць яны прадстаўніку грашовую суму ў пяцьсот рублёў ці не? Калі дадуць, то працэс, напэўна, неўзабаве будзе выйграны, калі ж не дадуць, прадстаўнік ні за што не адказвае. Так было ўжо неаднойчы. Выдаткі іхнія на гэты працэс былі як агромністая рака, што пачыналася з маленькай крынічкі. Адразу казалі ім, што можна выйграць яго за трыццаць рублёў, і пасля доўгіх роздумаў далі яны па паўрубля з хаты. Потым трэба было заплаціць дваццаць, потым яшчэ дзесяць і зноў пяцьдзесят, потым адразу сто, потым зноў дзесяць і пятнаццаць, а неяк аднойчы ажно дзвесце. Гэтыя розныя сумы пасля доўгіх абмеркаванняў вырашалі яны заўсёды выплочваць і плацілі, і кожная папярэдняя служыла ім за аргумент для наступнай. Калі ўжо тую на інтарэс патрацілі, дык павінны і гэтую патраціць, каб папярэдняя не прапала. Цяпер ішла гаворка пра адну суму, але павінна яна была быць апошняй, і гэта ўжо ясна, як амэн у пацерах. Яшчэ ўчора вагаліся - выплочваць яе ці не, і ў выніку прадстаўнік пакінуў іх страшна раззлаваны. Гэтае злосці яны і спалохаліся. Прападзе інтарэс, і прападуць патрачаныя на яго грошы. Мікалай жа ўзрадаваў іх весткай, што сёння яны змогуць перахапіць хадваката на дарозе. А то ўжо пагаворвалі, што трэба будзе зноў вандраваць у Ангрод.

Таму і прыйшло ў карчму некалькі дэлегатаў, а некаторыя іншыя прывалакліся з цікавасці і таму, што была нядзеля. Ясюк з Хрысцінай таксама прыйшлі і селі ў кут на лаву. Моцны пах авечых кажухоў змяшаны з пахам скураных ботаў з доўгімі халявамі напаўняў хату. Амаль усе былі абутыя і выглядалі досыць заможнымі. Кажухі на ўсіх былі амаль новыя, з багатымі каўнярамі з чорнага футра альбо трошкі паношаныя і забруджаныя, але ў сярмягах, што не надзяваліся ў гэтую халодную пару, было толькі пару чалавек. Адразу было відаць, што жыхары Грынек мелі добрую зямлю і менш за іншыя вёскі былі ахоплены п'янствам. Сядзелі яны па-рознаму, і твары таксама былі ў іх розныя. Адны, седзячы на лаўках, паклалі локці на стол, другія, маладзейшыя, бязвусыя, апусціўшы рукі на калені, разявіўшы раты, услухваліся ў размовы старэйшых. Большасць жа таўклася перад сталом, крычучы, штурхаючыся і замаўкаючы на хвілю, каб паслухаць, што кажа Мікалай. Былы салдат сядзеў пад сцяной пасярод лавы, увесь блішчасты ад ззяння начышчаных гузікаў шыняля. Між бледных шчок чырванеў канец ягонага завостранага носа; сівая кароткая шчэць падкрэслівала сухасць і завостранасць ягонага профілю. З іскрамётнымі вачамі і хітраватай усмешкай на тонкіх вуснах расказваў ён надзвычай цікавыя рэчы. Амаль пятнаццаць хвілін даводзіў ён сваім слухачам, што нікому іншаму, а толькі яму абавязаны грыньскія сяляне сваім цяперашнім розумам.

– Дурнямі былі, - казаў, - дазваляючы Дзельскаму засяваць землі і касіць лугі, якія паверачная камісія толькі памылкова ў план не паставіла, далібог, толькі памылкова. Дзяды і прадзеды вашы там сеялі і касілі. Праўду я кажу ці не?

Праўда, то праўда, - хорам азвалася некалькі галасоў, а адзін з іх дадаў:

– Толькі бачыце, Мікалай, дзяды і прадзеды нашыя паўсюды сеялі і касілі, на ўсёй зямлі сеялі і касілі, а нам жа ўсё ж гэтай зямлі не аддалі...

Поделиться с друзьями: