Выбраныя творы
Шрифт:
Уллянка, якая паліла ў печы, убачыўшы яго такім, крыкнула:
– А што гэта такое? На каго ты падобны? Чаго плачаш? Ці цябе хто набіў?
– Забіла!– усё яшчэ прыціскаючы кулакі да вачэй, заенчыў хлопчык.
– Зусім забіла!
Дзяўчына агледзела яго з галавы да ног.
– Хто цябе забіў?
– спыталася.
– Тая ведзьма з Лясной... Бахрэвічыха...
– заенчыў зноў.
– А чаго ты ў Лясную лятаў?
– З лістом ад гаспадара... Каб ён так свету не бачыў, як ён мяне туды паслаў... гу, гу, гу...
І ён зноў заплакаў. Дзяўчыне стала шкада брата, і яна раззлавалася на Бахрэвічыху. Сваімі чырвонымі рукамі прыгладзіла ягоныя валасы, спарадкавала каўнер і, пасадзіўшы на лаву, дзеля суцяшэння прынесла яму з каморы дзве жмені сланечнікавых семачак, якія высыпала перад ім на стол.
– Еш, - сказала, - ну, еш, а не раві! Бацька зараз прыйдзе, а ты пакуль раскажы мне, як гэта сталася...
Яна вярнулася да печы гатаваць вячэру, а Юрка, лушчачы і з'ядаючы смачныя зярняткі, паволі супакоіўся, пачаў спачатку жаласлівым, а потым ужо весялейшым голасам расказваць сястры, як усё было.
А было гэта так.
У малой гасцёўні Бахрэвічаў дзве паненкі сядзелі, як звычайна, ля двух вокнаў. Паколькі ў той дзень аніякіх гасцей не чакалі, то яны не прышпілілі сабе на галовы валікі, а на таліі не прывязалі турнюры. Тоўстыя, прыгожыя косы ападалі на белыя блузкі, аздобленыя вышыўкай і карункамі сваёй работы. Як звычайна, седзячы ля акна, паводле выразу маці, «калупаліся». Рузя паднаўляла фальбоны і буфы на святочнай сукенцы. Карольця вельмі старанна абшывала нейкую яркую стужку бліскучымі пацеркамі. І сапраўды, трэба было яркае адзенне, каб ажывіць трошкі прывялую і бледнаватую ў апошнія месяцы скуру дзяўчыны. Яна зусім была на сябе непадобная. Свежасць, як і радасць, знікла з яе твару. Яе вочы з сінімі кругамі мелі часам выраз вялікага смутку, а часам увогуле напаўняліся слязамі. Яна ўздыхала, ловячы іголкай рассыпаныя па стале пацеркі. Тоўсценькая і румяная, як і раней, Рузя часам пазірала скоса на сястру і думала: «От, узяў і кінуў! Дурыў, дурыў і кінуў! А Карольця такая дурная, што перажывае па ім. Я б ужо даўно ў вочы яму плюнула і не азірнулася!»
Раптам Карольця, зірнуўшы ў акно, зачырванелася і саскочыла з крэсла. Сумныя вочы яе бліснулі радасцю. Яна ўбачыла Юрку, што стаяў пад плотам сярод зараснікаў акацый і барбарысу, што ўтваралі на дзядзінцы дзве густыя цяністыя клумбы. Ён стаяў у ценю акацый, бэзу і барбарысу на тым самым месцы, дзе ў той сакавіцкі вечар Хрысціна чакала Бахрэвіча, каб прасіць у яго рады для няшчаснага Піліпкі. Юрка, таксама, як і яна, не спускаў вачэй з вокнаў дома, толькі што вочы малога распусніка блішчалі свавольна і нахабна. За два гады службы ў Капроўскага ён многаму навучыўся: цудоўна разумеў значэнне свайго пасланіцтва і, гледзячы ў вокны аканомскага дома, падміргваў ім, пацешна крыўляўся і рукавом швэдара закрываў свой насмешлівы рот. Карольця яго добра ведала, як ведала і тое, дзе ён цяпер служыць. Таму, убачыўшы яго праз акно, раптоўна зачырванелася, радасна бліснула вачамі і як страла вылецела на дзядзінец. Выбегла з пакоя і Рузя, але не на дзядзінец, а ў парабкоўскую хату, што знаходзілася на другім баку дома.
– Мама! Мама!
– клікала яна прыцішаным голасам.
– Калі мама хоча адкрыць Карольціну таямніцу, то ідзіце зараз на дзядзінец... там лякайчук кузена Людвіка да яе прыйшоў...
У парабкоўскай хаце дзве дзеўкі білі масла і ціснулі сыры. Бахрэвічыха ўласнымі рукамі секла траву для свіней. Пачуўшы паспешлівы шэпт дачкі, у якой гарэлі вочы ад цікаўнасці, кінула на зямлю жалезны сякач і пабегла да дзвярэй.
«Гэтая Рузя спрытная дзяўчына! Заўсёды дазнаецца што-небудзь пра бацьку, сястру ці парабкаў і мігам мацеры данясе. Карольця дык ніколі не была здатная на такія рэчы. Толькі румзаць умее. Вось і зараз! Чытае нейкі ліст, а слёзы, як боб, на паперу падаюць».
У Бахрэвічыхі, што глядзела здалёку на бледны твар дачкі, па якім з-пад спушчаных павек каціліся слёзы, сэрца сціснулася ад жалю і трывогі. Але, як заўсёды, далікатныя і трывожныя пачуцці выклікалі ў яе прыліў крыві да твару і невытлумачальную злосць. Яна выглядала проста страшнай, калі на дыбачках, асцярожна абходзіла зялёную клумбу, каб падкрасціся да Карольці і Юркі ззаду і ўрэшце раскрыць тую таямніцу, якая вось ужо некалькі месяцаў стрэмкай сядзела ў яе сэрцы. Як звычайна пры гаспадарскай працы, была яна босая і раскудлачаная, у кароткай спадніцы і кофце, залітай маслянкай. Убор гэты, аднак, дазваляў выяўляцца ўсім яе магутным формам. Як гром з яснага неба ўпала яна на Карольцю і Юрку, хлопца ўхапіла за каўнер, а ў дзяўчыны вырвала з рук ліст. Дзяўчына так напалохалася, што ажно асунулася на траву і, закрыўшы далонямі твар, як быццам акамянела ў роспачы. Юрка колькі разоў крыкнуў і таксама скамянеў з шырока адкрытым ротам і вытарашчанымі вачыма. Магутная Мадзя, трымаючы адной рукой хлопца за каўнер, другую руку з лістом паднесла да твару. Хоць і была яна магутная, аднак плечы яе ўздрыгвалі ад хвалявання. Была яна калісьці адукаванай, і таму пісаныя літары досыць бегла магла чытаць, а Капроўскі меў почырк буйны і выразны. Усяго за некалькі хвілін прачытала яна гэты кароткі ліст і дазналася з яго пра вялікае, вялікае няшчасце сваёй дачкі. Як на далоні ўбачыла ўсё... Роспачным голасам закрычала:
– Божа мой! Божа мой! Божа мой міласэрны!
Страшны боль скрывіў яе твар, вочы наліліся крывёй і слязамі - і яна пачала лупцаваць хлопца, якога трымала за каўнер. Яе гнеў, падаграваны адчуваннем болю, здавалася, не меў межаў. Насуперак сваёй звычцы, яна зусім не крычала, а толькі са сціснутымі зубамі біла няшчаснага пасланца, драла яго за валасы і вушы, ірвала на ім адзенне. Яна магла б яго забіць, калі б не вяртлявасць хлопца, які, як вуж, выгінаўся ў яе руках. Уратавала яго і з'яўленне на полі бітвы Рузі, якая, не шкадуючы сваіх плячэй і атрымаўшы ў спадчыну ад маткі гэткую ж магутную сілу, пачала хапаць яе за рукі. Больш ніхто на Юркавы крыкі не прыбег. Мужчынскае насельніцтва фальварка было ў аборы альбо на полі, фальваркоўскія ж дзеўкі, занадта прызвычаеныя да хавантур, што вырабляла гаспадыня, ужо на іх і не рэагавалі. Але Рузя ваявала з маці бясстрашна і мужна і ўрэшце вырвала з яе рук хлопца, які тут жа стралою кінуўся да брамы. Тады Бахрэвічыха хацела тут жа кінуцца з кулакамі на Карольцю, якая ўсё яшчэ сядзела на траве і ажно задыхалася ад плачу. Але і гэтым разам Рузя смела стала паміж маткай і сястрой. Засланяючы апошнюю сваёй па-маладому пружыністай постаццю, яна казала:
– Хай мама апамятаецца! Хай мама авантур на дзядзінцы не робіць! Я ўжо пра ўсё здагадалася і кажу вам, што крыўдзіць Карольцю не дазволю! Досыць яе ўжо той пракляты баламут пакрыўдзіў. І мяне гэта кампраметуе... і я, можа, праз гэта замуж не выйду, аднак жа не злую на яе, бо мне яе шкада...
І, расплакаўшыся, схілілася да сястры, абняла яе за плечы і, падняўшы з зямлі, ледзьве жывую павяла да ганка.
– Але ж і дурная ты!
– шаптала Рузя, падтрымліваючы яе і цалуючы ў лоб.
– Ну і дурная! Каб так цалкам паверыць...
– Рузя!
– шапнула Карольця.
– Ён мой ідэал... анёл...
– Хай яго д'яблы возьмуць!
– буркнула сястра і, прыспешваючы крок, дадала, - уцячом ад мамы... дзверы нашага пакоя замкнём на ключ, каб яна не ўвайшла, і раскажаш мне ўсё...
Залітыя слязамі шчырага спачування, яе вочы засвяціліся цікаўнасцю. Мадзя ж тым часам бегала па фальварку, заглядаючы ў аборы і пуні, і да ўсіх, каго сустракала, крычала:
– Дзе гаспадар? Дзе пан?
У сваім узрушэнні яна зусім забылася, што муж паехаў на сесію аканомаў і павінен вярнуцца толькі вечарам. Парабкі і іхнія жонкі паціскалі плячыма, перашэптваючыся між сабой, што Бахрэвічыха, відаць, зусім ужо з глузду з'ехала. І сапраўды, у вялікім сваім болі, змяшаным з яшчэ большым гневам, мела яна выгляд вар'яткі. Уляцеўшы ў хату, яна невядома што ўчыніла б з Карольцяй, але Рузя замкнулася з сястрой на ключ, і цэлыя дзве гадзіны вяла з маці праз замкнёныя дзверы парламенцкія перамовы. Перамовы гэтыя былі зусім непадобныя да тых, што адбываюцца ў законатворчых арганізацыях розных эўрапейскіх краін. Словы, жэсты і гукі былі там цалкам іншыя: і вынікам Рузінага бясстрашша сталася тое, што праз дзве гадзіны Мадзя перастала калаціць у дзверы, лаяцца і крычаць, а асунуўшыся на зямлю пад парогам, пачала прасіць Рузю, каб паказала ёй Карольцю хоць на хвілінку.
– Можа, яна ўжо нежывая...
– галасіла.
– Езус Хрыстус, можа, той мярзотнік ужо зусім яе забіў...
– Карольця ледзь жывая!
– закрычала ў адказ Рузя.
– І калі мама будзе яе мучыць, дык і праўда памрэ...
– Рузя, Рузечка! Пусці ты мяне да яе! Яна нічога з раніцы не ела... Ой, бедная мая, бедная! Трэба ёй трошкі пантаку даць! Адчыніце дзверы, бо як не адчыніце, то, Езус Хрыстус, парабкаў паклічу і скажу, каб узламалі... Што гэта такое, ці ж ты мне забароніш уласнае дзіця ўбачыць і суцешыць?
Цяпер ужо Рузя ведала, што дзверы можна было спакойна адчыніць. Пасля бязмежнага гневу настала, як заўсёды, бязмежная чуласць. Праз адчыненыя дзверы Бахрэвічыха ўбегла ў пакой дачок і абхапіла сваімі дужымі рукамі Карольцю, якая хацела асунуцца перад ёй на калені. Дзяўчына і праўда была ў такім стане, які выклікаў толькі спачуванне. Бахрэвічыха, плачучы і сапучы, з енкам узняла яе з зямлі, прыціснула да сваіх грудзей і пачала пакрываць пацалункамі твар і валасы.
– Бедная ты мая, нешчаслівая, загубленая! Ці ж на тое я цябе ледзь не ў птушыным малаку купала, ці на тое я табе такую адукацыю дала...