Выбраныя творы
Шрифт:
У гэты час на дзядзінцы загрукаталі колы.
– Бацька!
– закрычала Рузя.
– Пантаку ёй дай!
– сказала Бахрэвічыха Рузі.
– І пільнуй, каб ніводзін волас з яе галавы не ўпаў, бо, калі, барані Божа, што, то цябе так адлупцую...
У гасцёўню яна ўбегла ў тую хвіліну, калі Бахрэвіч пераступіў яе парог з процілеглага боку. Уваходзіў з салодкай усмешкай на пульхных вуснах. Меў для Мадзі добрую навіну: атрымаў ад радцы абяцанне большай, чым звычайна, аплаты, але ледзь толькі зірнуў на жонку, перапалохаўся і затрымаў свой крок каля парога. Доўга мусіў услухоўвацца ў бурлівую гамонку кабеты, якая сыпала толькі выклічнікамі, галасіла, сапла, абзывала яго балванам, сляпым недалэнгам, глухім і дурным і, перш за ўсё, благім, нядбалым, нягодным бацькам. Доўга ён павінен быў услухоўвацца ў гэтую гаворку, пакуль зразумеў, што сталася. Калі ж зразумеў, закрычаў, схапіўся за галаву, і, узняўшы ўгору круглы паліраваны кій, з якім звычайна ездзіў і хадзіў, а зараз трымаў у руках, кінуўся да пакоя дачок. Але жонка загарадзіла сабой туды дарогу...
– І не думай!
– крыкнула.
– Я аблаяла яе і хацела набіць, толькі мне Рузя перашкодзіла... а ты і не думай! Я ёй даравала і злітавалася, што сэрца мне амаль не трэснула... і ты скандалу вырабляць не смей, бо калі зробіш, то я табе таксама зраблю, і такі што... О Езус Хрыстус! Загадай запрэгчы коней і неадкладна выбірайся ў Ангрод... Неадкладна! Да таго нягодніка... Як запрагуць, прыйдзі да мяне перагаварыць... Распараджэнні табе дам, што і як маеш там рабіць... Можа, апамятаецца...
Бахрэвіч далонню стукнуў сабе па лбе.
– Ты, Мадзя... заўсёды маеш розум за нас дваіх!
– сказаў.
– Бягу, бягу... коней запрагаць! Коней запрагаць!
З гэтымі выкрыкамі ён выбег на дзядзінец і кінуўся ў бок стайні, часам толькі прыпыняючыся на хвіліну, каб, сціскаючыся ад гневу, прамармытаць:
– О! Які лотр, нягоднік, вісельнік!.. Абдурыць дзяўчыну, загубіць яе, а потым не жаніцца... «Не магу з табой ажаніцца», - піша. Пачакай, пакажу я табе, што гэта значыць загубіць дзяўчыну, а потым не ажаніцца з ёю... лотр, нягоднік, вісельнік...
І, бегучы да стайні, грозна размахваў у паветры сваім кіем.
А ў гэты час у доме Мікалая Юрка, цалкам ўжо суцешаны пасля перажытых непрыемнасцяў, весела спажываў радасці вясковага жыцця. Быў ён яшчэ дзіцем, нягледзячы на тую навуку, якую атрымліваў у Капроўскага і якая прыспешвала ягонае даспяванне. Плечы і шчокі балець яму не перасталі, але ён на гэта не зважаў. Зняўшы боты, узлез на гнядую кабылку, якую старэйшы брат толькі што выпраг з плуга, і гайсаў на ёй па дарозе на вялікую пацеху Ўллянцы, якая стаяла тут перад хатай і, адкрыўшы рот, цешылася коннымі практыкаваннямі малодшага брата. Старэйшы ж малаціў у аборы жыта на насенне. Хутка з поля, з боку ледзь бачнага ля лесу фальварка Дзельскіх, пачуўся вясёлы і гучны свіст, а неўзабаве паказалася высокая і тонкая постаць Мікалая, што паблісквала здалёк на сонцы меднымі гузікамі шыняля. Скараючы сабе шлях ад двара Дзельскіх да сваёй хаты, ішоў ён межамі і на ўвесь шырокі прастор насвістваў разгульную салдацкую песню. Радасцю і трыумфам свяціўся ягоны доўгі бледны твар. Набліжаючыся да хаты, заўважыў старэйшага сына, што з цэпам у руках стаяў у дзвярах аборы, Уллянку, што карміла свінню, і Юрку, які вёў за аброць да стайні гнядую кабылку, за якой з падскокам і гучным ржаннем бегла жарабятка.
– Эй, эй! Рабяты!– паклікаў.
– Эй, эй, мае вы сіроты! Спачатку Богу, а потым мне, вашаму бацьку, пакланіцеся да зямлі! Не хамы мы ўжо цяпер, а паны, паны сабе на ўсю губу!
Шырокі жэстам намаляваў у паветры паўкруг.
– Гэй, га!
– крыкнуў.
– Поле наша... і тыя будынкі пад лесам нашы... і частка выгану за будынкамі наша... Гэй, га!..
Нагой аб нагу прыстукнуў, рукі ў бокі ўзяў і з выразам неапісанай любасці на твары аглядаў поле - далёка-далёка, ажно да цёмнай стужкі лесу. Дзеці цудоўна зразумелі значэнне ягоных слоў. Закончыў торг з Дзельскімі, набыў ад іх не толькі гэты ўрадлівы клін зямлі, але яшчэ і фальварковыя будынкі, што стаялі ля самага лесу, і добры кавалак выдатнай пашы. З распрамененымі тварамі падыходзілі да яго дзеці і з вялікай пашанай цалавалі ў руку. Юрка аддаў яму ліст ад Капроўскага, які ён, як звычайна, уздзеўшы на нос вялікія акуляры, доўга чытаў пры акне. Праз паўгадзіны яго зноў ужо не было ў хаце. Энергія былога салдата стомы не ведала. Напачатку пайшоў у Грынькі, дзе доўга размаўляў з Ясюковым дзядзькам Паўлюком, потым напаткаў Ясюка, што вёз з поля фуру гароху, і, затрымаўшы яго на дарозе, успёршыся на воз, нешта шаптаў парабку так ціха, каб іншыя парабкі, што пад'язджалі таксама з фурамі гароху, нічога не маглі пачуць. Урэшце падаўся туды, дзе жанчыны, сярод якіх была і Хрысціна, рвалі буракі. Там затрымаўся даўжэй і вярнуўся дадому амаль на заходзе сонца. З'еўшы вячэру, Мікалай сеў на парозе хаты і прылажыў да вуснай сваю трубу. Працяжныя і сумныя, а часам абрывістыя і кароткія гукі ягонай трубы доўга ў той вечар парушалі цішыню сонных палёў...
У гэтай вячэрняй цішы, сцяжынкаю, што вілася па разлеглым іржышчы, ішла да фальварка Хрысціна. Кабеты, што ў той дзень працавалі разам з ёй, пайшлі сабе гасцінцам, што вёў да вёскі, яна ж захацела пайсці пустым полем. Цэлы дзень, сагнуўшыся да зямлі, рвала яна буракі, а цяпер ад тых слоў, што сказаў ёй Мікалай, галава яе гарэла агнём, а па скуры праходзілі халодныя дрыжыкі. Хутчэй спадзявалася смерці, чым таго, што чула. Грошы! Яшчэ грошы! І шмат, як мага больш. Столькі, колькі мае, альбо столькі, колькі мець іх можа. Інакш і Піліпка прападзе, і тыя грошы, што ўжо выдала дзеля ягонага ўратавання, таксама прападуць. Праз тры дні канчатковы дэкрэт пра Піліпку павінен выйсці. Той упарты хафіцэр ужо даў сябе ўлагодзіць, але зараз новая бяда! Пан хадвакат напісаў да Мікалая, што прыехалі нейкія рэвізоры, значыць, вайсковыя рэвізоры, важныя генералы, якія ўвесь інтарэс сапсуць могуць. Адзін з тых рэвізораў называецца правасхадзіцельства, а другі сіяцельства, што ўжо з'яўляецца ацэнкай найвышэйшых у свеце годнасцяў. Калі б яны не прыехалі, то ўжо ўсё было б добра, але ўзялі і прыехалі, а без іхняй згоды нічога адбыцца не можа. Пан хадвакат тады да Мікалая напісаў, што калі баба дасць грошы, то ён бярэцца і з правасхадзіцельствам і з сіяцельствам пра інтарэс пагаварыць, а калі не дасць, то ён ужо нічога не парадзіць, ад усяго гэтага рукі ўмывае і праз тры дні выйдзе дэкрэт, каб паслаць Піліпку туды, дзе вось нядаўна адзін са знаёмых Мікалая ўсе лёгкія з сябе выплюнуў. «Далібог, казаў Мікалай, на сухоты ад марозу захварэў і як пачаў пляваць, так яму ўсе лёгкія праз горла і вылецелі...»
– Божа! Будзь літасцівы да мяне грэшнай!
– зашаптала кабета, што ішла вузкай сцежкай сярод іржышча.
Грошы! Адкуль жа яна іх возьме! Іх жа ўжо зусім няма, бо тыя, што ў скрынцы на дне панчохі яшчэ засталіся, гэта ўжо не яе ўласнасць. Яны ўжо Антосікавы. Шкада ёй было і Антосіка. За што ж яго павінна была крыўдзіць? І ён жа таксама быў яе дзіцяткам, як і той. І калі б ягонае дабро на карысць таго, другога, забрала, то гневаўся б на яе вельмі. Ён жа і сам сказаў пра гэта! Любілі яе сыночкі да гэтага часу і слухаліся ва ўсім: цяпер старэйшага так ці інакш, але доўга каля яе не будзе, а гэты як разгневаецца і сэрца да яе страціць, то што тады будзе? От, і апошняе сонейка яе на гэтай зямлі згасне. І так дрэнна, і гэтак нядобра! Што ж тут рабіць?
– Божа, будзь літасцівы да мяне дурной!
Каб жа было з кім парадзіцца! Мікалай мудры і добры, але чужы, сэрца яму ад яе вялікага клопату не баліць. А каму ж забаліць? Ясюк таксама добры чалавек і памяркоўны, але што ён можа ёй дарадзіць?.. У яго такі самы розум, як і ў яе... З Антосікам пра гэта і не загаварыць. Не дазволіць ёй узяць тых грошай, па вачах ягоных тады здагадалася, што не дазволіць. Больш ужо не прыдумае, да каго пайсці і папрасіць рады, нізашто не прыдумае. Жывой душы роднай на гэтым свеце няма. Крэўныя нейкія ёсць у Грыньках, але што гэта за сваякі! Далёкія і даўно ўжо яе, бедную, і знаць не хочуць. Больш нікога, нікога свайго на гэтым свеце няма.
– Божа, будзь літасцівы да мяне, сіраты!
Бахрэвіч? Два ж месяцы таму пыталася яна ў яго, ці можна ўжо да канца таму хадвакату верыць? Сказаў, што можна. Значыць, можна. Значыць, калі б цяпер яму гэтыя грошы паслала, то ўжо дакладна Піліпка войска сваё ў родных краях адбыў, да Грынек на зіму на пастой прыходзіў і не вандраваў бы на канец свету, дзе такія страшныя маразы і хваробы. Значыць, бледненькі яе хлопчык з вачыма, як кветкі льну, здалёк выцягвае да яе рукі і кажа: «Калі захочаце, мама, то выратуеце мяне, а калі не захочаце, то не выратуеце. Антосік здаровы і дужы, грошы свае будзе мець, а ў мяне ўжо зараз ані грошай, ані сілы ў жываце няма. Пайду на край свету, дый згіну!»
Яна прысела на камень, бо ад вялікай унутранай барацьбы аслаблі ногі. Змрок ападаў на разлеглае іржышча, на цёмным небе загараліся зоркі, пах палявых кветак і свежай саломы напаўняў паветра, у якім здалёк ад Мікалаевай хаты плылі гукі трубы, сумныя, працяжныя, і як быццам кагосьці ўсё клікалі і клікалі...
Так і там, дзесьці на краі свету, салдацкая труба клікала Піліпку: «Хадзі сюды ад маці і роднай вёскі, ідзі сюды на смутак! Ідзі сюды на пакуты! Хадзі сюды на марную пагібель!»
А ён ідзе па шырокім свеце, па чужым свеце, ідзе малады салдацік, бледненькі і гонкі, як таполя, з вачыма, падобнымі да кветак льну... Труба яго кліча, а ён ідзе... Бацьку не ведаў, але на маці азіраецца і кажа: «Не выратавалі мяне, мама, ой, не выратавалі мяне, сірату, які свайго бацькі не ведаў!..»
А вось і вароны і чорныя груганы хмарай навіслі над далёкай магілкай, над жоўтай магілкай, без крыжа і травы... Навіслі вялікай хмарай вароны і чорныя груганы над магілкай бледненькага хлопца, маладога салдаціка і каркаюць, каркаюць, каркаюць... А салдацкая труба грае і грае, грае і грае... да мацярынскага сэрца яна грае... «Ой, перакінься ты, маці, у гругана ці варону і ляці на край свету, над магілкаю сына закаркаць: «Вечны адпачынак!..»
Сарвалася з каменя. Цяпер ужо толькі адно жаданне засталося ў яе душы: убачыць Піліпку. Вырашыла пайсці ў Ангрод. Пабачыць Піліпку і пагаварыць з хадвакатам.