Выбраныя творы
Шрифт:
«Пагавару з ім сама, - думала, - рукі і калені яму пацалую, каб ужо за тыя грошы, што дала, зрабіў інтарэс, а больш не жадаў...»
Чула сёння, як Паўлюк Гарбар, Ясюкоў дзядзька, казаў другому селяніну, што пасля поўначы выправіцца ў Ангрод, каб пагаварыць з хадвакатам. Пойдзе ён пешшу, бо каня цяпер ад плуга забраць не можа... яна сыдзецца з ім дзе-небудзь на дарозе і разам павандруюць у горад да хадваката...
Але... ці ўзяць з сабой Антосікавы грошы, ці не ўзяць? Можа б, лепей не браць? А можа, на ўсялякі выпадак узяць?
Ноччу, калі ўжо ў чацвертаку ўсе спалі і Антосік хроп ля печы на сенніку, Хрысціна спаўзла з печы і босая, на дыбачках, пачала красціся да дзвярэй каморы. Згорбленая, скурчаная, зладзейскім крокам увайшла туды, сын гэтым разам ёй ужо не свяціў лучынай. Як зладзейка, паціху ў цемры адчыніла куфар, намацала на дне яго панчоху з грашыма і, не развязваючы яе, схавала за пазуху. Шчокі як гарэлі, рукі трэсліся. Яна ніколі ў жыцці не крала. Цяпер ёй здавалася, што абакрала яна роднага сына.
– Божа! Будзь літасцівы да мяне грэшнай!
Каля адзінаццаці гадзін раніцы невялікая вітальня Капроўскага была запоўнена людзьмі. Юрка, які да ўсходу сонца вярнуўся ў горад і ў дзвярах кватэры сутыкнуўся са сваім гаспадаром, які такой парой таксама вяртаўся дадому, сядзеў цяпер на сенніку надзьмуты, раскудлачаны, з распухлымі ад слёз вачыма. Чысціў элегантныя чаравічкі свайго гаспадара і ўсё яшчэ румзаў. І сапраўды было яму чаго плакаць! Тры мілі туды і назад за няпоўныя суткі прабег, нарваўся на Бахрэвічысіну цяжкую руку, а калі Капроўскі дазнаўся пра прыгоду з лістом, дык не толькі не даў абяцанага рубля, але яшчэ і вылаяў яго і нацягаў за вушы так, што яны і дагэтуль гарэлі, як півоні. Непрычасаны, з чырвонымі вушамі, босы, бо ногі яму вельмі балелі пасля адбытага падарожжа, чысціў чаравічкі і штохвіліны выціраў сабе слёзы з вачэй рукой, выпацканай у ваксу, з-за чаго шчокі і лоб яго пакрыліся чорнымі разводамі ў выглядзе фантастычных малюнкаў. Чысцячы чаравічкі, плачучы і пакрываючы сабе твар чорнай татуіроўкай, не забываўся ён, аднак, запіхваць сабе ў рот печаную бульбу, якой Улляна яму досыць шмат насыпала ў кішэні штаноў і швэдара. Да людзей, што знаходзіліся ў вітальні, насуперак сваёй звычцы, ён павярнуўся плячыма, яны таксама не звярталі на яго ніякай увагі.
У вітальні апрача Юркі было пяць чалавек. Каля акна стаялі, ціха размаўляючы паміж сабой, два барадатыя жыды. Адзін з іх быў пасрэднікам, які жыў тут у Ангродзе, і выконваў для Капроўскага такую ж самую функцыю, як Мікалай у Грыньках, другі ж - ліхвяром, які прыходзіў у гэтую вітальню часта, каб нагадваць пра працэнты ад пазычаных раней капіталаў - было гэта недзе каля дваццаці працэнтаў у месяц. На фоне старых, запыленых аконных шыбаў схіленыя адна да другой галовы пасрэдніка і ліхвяра абазначыліся двума вострымі профілямі з доўгімі насамі, густымі брывамі і худымі бледнымі шчокамі, дзвюма клінкаватымі бародкамі, з якіх адна была чорная, а другая вогненна-рудая, якія трэсліся ў запале гаворкі. Жыдоўская гаворка, на якой паміж сабой размаўлялі, то ўздымалася часам да гучных гартанных выкрыкаў, то ападала да свісцячага шэпту.
За чорнай спіной пасрэдніка стаяў ля запыленай сцяны высокі, плячысты і загарэлы мужчына ў ботах з доўгімі халявамі і ў простым, але акуратным адзенні. Выглядаў ён заможным засцянковым шляхціцам, але стаяў ціха і цярпліва з таго часу, як пасрэднік прывёў яго сюды, трымаючы ў адной руцэ аўчынную шапку, а ў другой тоўсты скрутак папераў. Галаву звесіў на грудзі, утаропіўшы вочы ў зямлю, цвёрдыя пшанічныя вусы яго варушыліся над вуснамі, ён пра нешта думаў і чакаў.
У процілеглым куце, ля глінянай пафарбаванай у жоўты колер печы, сядзеў на крэсле Паўлюк Гарбар. Гэты ссівелы селянін у доўгай сярмязе і ботах, што моцна пахлі скурай і дзёгцем, таксама трымаў у руках аўчынную шапку і гэтак жа, як і засцянковы шляхціц, звесіўшы галаву на грудзі, думаў і чакаў. Сядзеў і трошкі драмаў, а як толькі жыды, што стаялі ля акна, пачыналі гучней гергетаць, усхопліваўся, уздымаў густую чупрыну і глядзеў на дзверы. Убачыўшы, што нічога не змянілася, зноў апускаў галаву на грудзі і заплюшчваў вочы.
Паміж Паўлюком і дзвярыма, што вялі ў гасцёўню, абапёршыся плячыма аб сцяну, стаяла Хрысціна. На галаве яе была чырвоная паркалёвая хустка, з-пад якой спераду выбіваліся дзве пасмачкі кучаравых, пацягнутых срэбнымі ніткамі валасоў, з-пад кароткай сярмягі і доўгай даматканай спадніцы былі відаць ногі, абутыя ў грубыя, невысокія чаравікі. Гэта быў адзіны яе абутак, які купіла яна пятнаццаць гадоў таму і абувала толькі тады, калі ішла ў касцёл альбо ў горад. Усю дарогу ад Вулькі да Ангрода несла яна гэтыя чаравікі ў руках, і толькі ўваходзячы ў горад, сеўшы на зямлю, усунула ў іх ногі. Зараз, прыпёршыся плячыма да сцяны, схаваўшы рукі ў рукавы сярмягі, думала і чакала. Цёмныя апушчаныя яе павекі кідалі на худыя шчокі цень доўгіх чорных веек, завялыя, сціснутыя вусны былі з выразам цярплівага смутку, на загарэлым ілбе часам варушыліся маршчынкі, нібы выказваючы нейкія ўнутраныя перажыванні і пачуцці.
Цяжкая няўлоўная турбота вісела ў паветры, што запаўняла гэтыя чатыры брудныя сцяны. На сенніку скурчаны, заплаканы хлопчык еў халодную бульбу; жыды неспакойна гергеталі ля акна, матляючы сваімі вострымі бародамі; плячысты і пакорлівы шляхціц, сонны ссівелы селянін і засмучаная, задумлівая сялянка - уся гэтая грамадка людзей, здавалася, дыхала нудой і нейкай неакрэсленай пакутай, якая паволі запаланяла іх. За мутнымі, бруднымі шыбамі відаць быў дзядзінец, з якога веяла тугой і спёкай. На платах і сценах хатак віселі плямы белага яркага святла, чорны дым з комінаў блукаў у паветры, нейкае маленькае дрэўца, запыленае, з рэдкай, паедзенай гусеніцамі, лістотай, самотна стаяла сярод чырвонага камення бруку, якія, здавалася, дыхалі гарачынёй.
Паспешлівыя цяжкія крокі пачуліся на бруку дзядзінца і праз хвіліну ў прыадчыненых дзвярах вітальні паказалася мужчынская галава з коратка пастрыжанымі валасамі, з круглым румяным тварам, на якім свяціліся блакітныя вочы, гнеўна тапырыліся вусы.
– А што? Юрка! Ці твой гаспадар яшчэ спіць?
– Спіць!
– не азіраючыся, буркнуў хлопец.
У прыадчыненых дзвярах пачулася раззлаваная кляцьба:
– А каб вас д'яблы ўзялі...
З гэтым няскончаным праклёнам ў вітальню ўваліўся Бахрэвіч. Яго прыход зрабіў пэўнае ўражанне. Жыды перасталі гергетаць і, ацэньваючы, разглядалі яго з ног да галавы, шляхціц, што стаяў у куце, шырока расплюшчыў вочы, Паўлюк кіўнуў галавой у знак прывітання, Хрысціна ж, пачуўшы ягоны голас, пераступіла з нагі на нагу, маршчыны на яе лбе заварушыліся, вусны задрыжэлі, але яна не сказала ні слова, зноў апусціла павекі і яшчэ мацней прыціснулася плячамі да сцяны.
Мужчына ў чорнай тужурцы і камізэльцы, зашпіленай ля горла, з круглым паліраваным кіем у руках, плячысты і румяны, адкормлены ў вясковым простым дабрабыце, здавалася, прыйшоў сюды дзеля таго, каб сваёй прысутнасцю дапоўніць сабраны тут людскі тыпаж. На першы погляд можна было распазнаць у ім вясковага арандатара. Гнеў і нецярплівасць білі ў яго з вачэй. Абапёршыся на кій, ён звярнуўся да Юркі:
– З шасці гадзін хаджу тут і хаджу, не магу дачакацца, каб твой пан устаў з ложка. Ці вы тут у горадзе цэлы дзень спіце?
– Я не сплю, - прабурчаў Юрка.
– А твой гаспадар?
– Часам дык і цэлы дзень спіць...
– Ну, дык дай жа мне хоць табурэтку якую, каб прысесці...
Хлопец устаў з сенніка і тонкім голасам прамовіў:
– То, можа, пан у залу пройдзе... Мой гаспадар заўсёды кажа паноў у залу запрашаць...
Гэтая фраза трошкі ўлагодзіла аканома.
Падабалася яму тое, што Юрка яго залічваў да паноў.
– Ну, дык дзе ж гэта ваша заля?
– спытаўся.
А сам сабе падумаў: «Фу! Залю мае! Спрытная бестыя... Да чаго дайшоў... залю мае... вісельнік!»
Юрка расчыніў дзверы. Засцянковы шляхціц, Паўлюк і нават Хрысціна павярнуліся туды тварам і ажно выцягнулі шыі. Перад іхнімі вачыма бліснулі залатыя рамы і люстэркі, палінялыя, але разнастайныя колеры дывана, бронзавыя скульптуркі, што аздаблялі стол... Раты іхнія параскрываліся, вочы заміргалі як бы ад асляплення. У гэты ж момант са спальні пачуўся хрыплаваты, але гучны голас:
– Юрка!
– Бягу!
– прарэзліва адгукнуўся хлопец і, ухапіўшы з сенніка вычышчаныя чаравікі, кінуўся за Бахрэвічам у залу, з трэскам зачыніўшы за сабой дзверы. Шляхціц, што стаяў у куце, локцем штурхануў пасрэдніка ў плечы.