Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Чаго ты хочаш? Гавары хутка.

Выпрастаўшыся і сплёўшы рукі на грудзях, яна пачала паспешліва гаварыць:

– Я, яснавяльможны пан, пра майго Піліпку... На досвітку сёння ў горад прыйшла і напачатку хацела ўбачыцца з сынам... Але потым спалохалася, што яснавяльможнага пана не ўбачу, прыйшла сюды і чакала...

– Ну, дык і добра, але чаго ты хочаш ад мяне?

– Пра сынка майго, Піліпку...

Капроўскі задумаўся.

– А дзе ж гэта твой сынок?
– спытаўся.

Яна цяжка ўздыхнула.

– А дзе ж бы ён быў, яснавяльможны пане! Калі апошні раз бачылі яго мае вочы, быў у казармах... Худзенькі, як таполя... Бледненькі такі... У салдацкім шыняльку... На сходы выскачыў і ў ногі мне грымнуў: «Мамачка, ратуй! Каб мяне тут пакінулі...»

А! Цяпер ужо досыць ясна згадаў, што ёй трэба. Аднак не перапыняў сялянку. Цярплівае выслухоўванне кліентаў неаднойчы прыносіла яму добрую карысць. Хрысціна расказвала далей:

– Ні мяне, яснавяльможны пане, дружкі на дзяжу саджалі, ні мне да шлюбу спявалі, ні мела я хаты ўласнай ці людской пашаноты не ведала... Працавала, гаравала, скуру сабе з рук здзірала і сыночкаў сваіх, два сонейкі мае адзіныя, любіла і гадавала... Ой, любіла, шкадавала і ў пачцівасці гадавала. Яны не злодзеі. Яны не п'яніцы, людзям услужлівыя і мацеры паслухмяныя... Кожны хутчэй бы сабе руку адсек, чым мацеру скрыўдзіў. От, як я іх выгадавала. Сама. Ніхто не дапамагаў...

Вочы яе, перад тым згаслыя і спалоханыя, засвяціліся радасцю і гонарам, разгладзіліся зморшчынкі на ілбе, выпрасталася постаць.

Капроўскі падумаў: «Прыгожай калісьці гэтая сялянка павінна была быць... яшчэ і зараз, дальбог, нічога... Што за вочы!»

Яна ж, спахмурнеўшы зноў, працягвала далей:

– Я да яснавяльможнага пана, як да Бога... Мікалай сказаў: «Занясі пану грошы, ён Піліпку выратуе»... Занесла спачатку тыя, што для Піліпкі зарабіла... Потым сказаў пра таго хафіцэра, што не пагаджаўся, я і тыя грошы, што на смерць сабе збірала, яму аддала, каб ён яснавяльможнаму пану для таго хафіцэра паслаў. І ўжо маё сэрца цешылася, што Піліпка ўратаваны... У Ангродзе яго пакінуць і на зіму ў Грынькі прышлюць...

Ага! Ну, зараз Капроўскі ўжо зусім усё ўспомніў пра гэтую бабу. Хацеў перапыніць яе, каб хутчэй з ёй скончыць, але яна дадала яшчэ:

– А зараз, яснавяльможны пан, я сюды прыйшла, каб аб тым правасхадзіцельстве і аб тым сіяцельстве дазнацца... Што тут з імі зробіць? Хай яснавяльможны пан ратуе мяне бедную, каб тыя рэвізоры Піліпку выслаць не захацелі...

Вось табе на! Зноў ніякага ўяўлення не меў, што значылі гэтыя правасхадзіцельства, і сіяцельства, і рэвізоры.

– А хто ж табе пра тых рэвізораў казаў?
– спытаў ён з раздражненнем.

– Мікалай, яснавяльможны пане! А хто б іншы, як не Мікалай! Сказаў учора: «Пан хадвакат напісаў мне так і так»... Я думала, думала... Божа ж мой, Божа! Што я зраблю! Дык узяла і прыйшла...

Капроўскі на хвілінку задумаўся.

– А ці казаў табе Мікалай, што грошы трэба?..

Кабета зноў схінулася да яго каленяў і потым, выпрастаўшыся, з трывогай зазірнула ў ягоныя вочы. Дрыготкім голасам пачала гаварыць:

– Пане яснавяльможны, злітуйцеся нада мной... Зрабіце ўжо зараз без грошай... То ж я дала... І Піліпкавы грошы аддала, і што сабе на смерць збірала... Зрабіце ўжо зараз так без нічога... Адкуль жа я вазьму?

Капроўскі спахмурнеў і зноў спытаўся:

– Ці ж табе Мікалай не казаў, навошта, дзеля чаго і колькі трэба?

– Казаў, яснавяльможны пане, усё казаў... Але, найміласцівейшы пане, злітуйцеся нада мной і зрабіце што-небудзь з тымі рэвізорамі... Так ужо, без нічога...

Капроўскі напружыўся, узняў галаву, надзьмуў вусны.

– Мая дарагая, - сказаў холадна, - скажы ты мне, ці ж я ёсць Пан Бог?

На гэтае дзіўнае пытанне чорныя, сумныя вочы з мальбой і здзіўленнем паглядзелі на яго і сарамліва прыкрыліся вейкамі.

– Ну, кажы ж! Язык жа ў цябе ёсць. Ці ж я ёсць Панам Богам?

Прыгожыя калісьці, але цяпер бледныя і завялыя вусны ціхутка шапнулі:

– Не.

Капроўскі пытаўся далей:

– Ці я ёсць цар?

Сумныя чорныя вочы зноў з палахлівым здзіўленнем зірнулі на ягонае аблічча, а дрыготкія вусны адказалі:

– Не.

– Ага! Калі я не ёсць ані Панам Богам, ані царом, дык як жа ты хочаш, каб я мог што-небудзь зрабіць без грошай. Грошы на гэтым свеце, мая дарагая, гэта ўсё, усё і ўсё. Без грошай сам чалавек нічога не варты і інтарэс ягоны нічога не варты...

Тут ён, як прамоўца, выцягнуў руку і паварушыў далонню.

– Што можна дастаць на свеце без грошай. Чалавек без грошай - гэта як зламаны кол у плоце. Хто будзе яго падпіраць, каб не ўпаў? Ніхто. Праўда?

Падчас гэтага маналога, звернутага да Хрысціны, ягоны пагляд з-пад блакітных шкельцаў скіраваўся да дзвярэй, туды, дзе стаяў Гарбар. Пасівелы селянін у сярмязе з разумным і досыць упэўненым выразам твару ўслухваўся ў ягоныя словы так уважліва, што ажно выцягваў шыю, як бы хочучы праглынуць гэтую размову. Час ад часу ён ківаў галавой у знак згоды, усміхаўся і бліскаў вачыма. Было відаць, што выказаная хадвакатам дактрына пра ўсемагутнасць грошай і пра тое, што яны на свеце значаць усё, лёгка праклала сабе дарогу да свядомасці Паўлюка Гарбара. А што пра гэтую прамову думала Хрысціна? Яна ні разу не ўзняла вачэй і не распляла складзеных на грудзях рук... Далікатны і хударлявы профіль яе твару набыў выраз глыбокага роздуму. Можа, думала пра тое, што калі б мела грошы не была б усё сваё жыццё зламаным калком у плоце, якога ніхто не хацеў падперці. А хутчэй за ўсё думала пра тое, што ў гэты момант захапіла яе цалкам, бо калі Капроўскі змоўк, павольна ўзняла вейкі і яшчэ раз пачала пра сваё:

– Пане яснавяльможны! Злітуйцеся нада мной, зрабіце ўжо зараз... так... Без нічога...

Капроўскі зрабіў гнеўны жэст.

– Калі не маеш грошай, не трэба было прыпаўзаць сюды, каб мяне нудзіць і час займаць... Ідзі сабе, ну, пайшла! З Панам Богам!

Хрысціна амярцвела ад трывогі. Можна было падумаць, што гнеў хадваката ператварыў яе ў нямы і мёртвы слуп. Ёй зрабілася непамысна. Выганяе яе! Калі выганіць, дык і нічога не зробіць, а калі нічога не зробіць, то што будзе з Піліпкам і тымі грашмі, якія ўжо на яго выдала? Яе рука, пакрытая цёмнай, паморшчанай скурай, уся ў шнарах і мазалях, дрыжучы ўзнялася да грудзей, а скрыўленыя пальцы з белымі пазногцямі і парэпанымі гузамі, усунуліся ў сярмягу, як быццам бы хацелі нешта выцягнуць з-за пазухі. Аднак ужо на першым гузіку рука знерухомела зноў. Прыгадаўся Антосік. Божа ж мой, Божа! То ж ягоныя грошы, і ён жа яе дзіця таксама, як і той! Згадала ягоны зласнаваты голас, цвёрды жэст і суровы пагляд, з якімі гаварыў ёй некалі, каб ягоныя грошы не аддавала, ні ў якім разе не аддавала, бо да смерці ёй таго не забудзе. А калі і праўда не забудзе і сэрца сваё ад яе адверне? А Піліпка?

Азірнулася і звярнула амаль непрытомны позірк на Гарбара. Паглядам гэтым, здавалася, гаварыла: «Ты разумнейшы за мяне, дурную бабу, мужык! Калі ёсць у цябе Бог у сэрцы, дапамажы, ратуй»!

Гарбар і сам ужо з парадай паспяшаўся.

Ступаючы на дыбачках па нацёртым паркеце, ён наблізіўся да Хрысціны і з таямнічым выглядам штурхануў яе пару разоў локцем у бок. Пры гэтым пачаў ёй штосьці амаль на вуха шаптаць. Шэпчучы, увесь час падштурхоўваў локцем і, здавалася, што падсмейваўся з яе. Грыньскія сяляне не столькі далі, колькі яна, і яшчэ дадуць, а што ж? Як трэба, дык трэба! Хрысціна слухала шэпт заможнага і паважанага гаспадара, якога і сама, ведаючы з усіх бакоў, вельмі высока цаніла, - і ўсё яшчэ вагалася. Думка пра Антосіка, пра крыўду, якую яна яму зрабіла б, і пра магчымую страту ягонай любові да яе, стрэмкай сядзела ў сэрцы і ўстрымлівала руку. Раптам узняла вочы і сустрэлася паглядам з дзіцячай галоўкай, што глядзела на яе з партрэта на сцяне вачыма, падобнымі да кветак лёну. О! Той праменьчык ідэалу ў гэтай гнілой затоцы! Прыцягнуў ён да сябе вочы гэтай сялянкі, што не мела на свеце нічога, нічога, нічога і нікога апрача дваіх сваіх дзетак, якіх грудзьмі і крывёй сваёй узгадавала, выкарміла - сама. Сама! Ніхто не дапамагаў. У дзвюх тых кветках лёну, што глядзелі на яе з карціны, пазнала Піліпкавы вочы, і такі самы кругленькі ён быў і ружовенькі, калі быў яшчэ маленькі, і пакуль яго тая ліхаманка, з-за якой пяць месяцаў ляжаў... Як жывы Піліпка... Божа, мой Божа! Яна ж прыйшла ў горад, каб пабачыць яго... Мора тугі разлілося ў яе грудзях. Уся сіла пачуццяў, што жылі ў яе спрацаваным целе і зняверанай душы, тая сіла, што гарэла агнём у яе чорных вачах, а калі была маладой, чарамі захаплення з'яднала яе з каханкам - зараз дрыготкаю прабегла па яе плячах, высока прыўзняла грудзі, задрыжала ў руках і асвяціла полымем румянку спакутаваны, састарэлы твар. Яна адвярнулася тварам да сцяны і выцягнула з-за пазухі тоўстую палатняную панчоху, перавязаную на канцы шнурком. Доўга яе развязвала, доўга яшчэ, нягледзячы на моцнае хваляванне, асцярожна выцягвала з яе пажоўклыя паперы, аж пакуль зноў не павярнулася тварам да пакоя і, стукаючы тоўстымі падэшвамі чаравікаў, не падышла да стала. Звон высыпаных на стол манет раздаўся ў пакоі. Капроўскі глядзеў, падкідваючы ў руках залаты ланцужок гадзінніка, і смяяўся:

– Але ж і грошы! Па два злотых, саракоўкі, залатоўкі, дзесяткі, нават шасцёркі - усяго поўна!.. Ха, ха, ха! Адкуль ты, баба, такіх грошай столькі набраць магла?

Рассыпаныя на стале грошы выразна адказвалі сваім пацямнелым выглядам: «За дзень, што палола пшаніцу, за два дні жніва, за тое, што насіла ваду каромысламі, за даенне кароў у арандатара, за ірванне буракоў, за выбіранне бульбы... за грабенне сена... За дзевятнаццаць гадоў... За дзевятнаццаць гадоў... За дзевятнаццаць гадоў...»

Поделиться с друзьями: