Выбраныя творы
Шрифт:
Нежывыя прадметы маюць сваю мову, часам вельмі выразную. Грошы, высыпаныя Хрысцінай на стол, гаварылі, расказвалі. Пра сумную долю, пра цяжкую працу, пра вечны пост, пра спіну, цэлымі днямі сагнутую да зямлі, пра лоб, па якім рагамі цёк пот, пра босыя ногі, пра рукі, пакрытыя гузамі і шнарамі - гаварылі і расказвалі срэбныя і медныя манеты, пакамечаныя папяровыя рублі, што праз момант, ссунутыя з глухім звонам на дно шуфляды, падалі апошні выразны і тужлівы гук, быццам апошні акорд спяванай імі элегіі. Але Капроўскі, які нейкім чынам ведаў аб тым, што слова «ракако» азначае спосаб узвядзення будынкаў, зусім нічога не разумеў у паэзіі нежывых прадметаў. Перад яго вачыма прамільгнула рудая барада ліхвяра, што чакаў сваіх працэнтаў, а ў вушах загучаў галасок сірэны з цукерні, што выспеўваў чароўнае: «Мяў, мяў, мяў!» Вусны яго скрывіліся ў напаўіранічнай, напаўзадаволенай усмешцы, і ён адчуў, што яго зноў абдымаюць за калені.
– Чаго ж ты хочаш яшчэ?
– спытаўся досыць лагодна.
– Яснавяльможны пане! То ўжо гэтыя рэвізоры, значыць, нічога не зробяць?
– Нічога, нічога не зробяць, супакойся і вяртайся дахаты...
– Пане найміласцівейшы!
– усклікнула яна.
– Хай Пан Бог Усемагутны ўзнагародзіць... я ўжо больш дакучаць пану не буду... пайду толькі з сыночкам убачуся, дый дахаты...
Радасць раз'ясніла яе твар, але Капроўскі раптам чагосьці спалохаўся.
– Вось табе на!..
Нецярпліва ўскочыў і рэзка сказаў:
– І не думай, мая дарагая, і не думай... да сына ісці... зараз убачыць яго не зможаш...
Можа, што прачытала па ягоным твары? Ці тая карціна з дзіцячай галоўкай, на якую на хвілю ўзняла вочы, нешта ёй падказала, але яна зноў кінулася да пульхных белых рук, якія спрабавалі яе адштурхнуць.
– Найяснейшы пане!
– усклікнула.
– Дазвольце мне дзіця маё ўбачыць... дазвольце мне яго ўбачыць хоць на хвілінку, на хвіліначку, хоць бы я раз на яго зірнула...
У яе руках, у выразе яе вачэй, ва ўсім яе твары было такое адчайнае жаданне і просьба, што Капроўскі на хвіліну сумеўся.
– Вось табе маеш...
– Дазвольце, паночак, дазвольце, ой, дазвольце, хоць на хвіліначку, каб я яго толькі ўбачыла, што ён тут ёсць, што жывы... ой, дазвольце.
Цяпер ужо павалілася яму ў ногі і не толькі абдымала іх, але і цалавала ягоныя калені, ужо і не плачучы, а толькі ў агні тых гвалтоўных пачуццяў, што раскудлачылі яе ўжо ледзь пасівелыя валасы, распраменілі завялы твар і ўсёй яе постаці надалі выраз трагічнай прыгажосці. Кірпаты нос Капроўскага страціў трошкі сваёй задзірыстасці, адутлаватыя шчокі яго ўздрыгнулі. Аднак, зразумеўшы, што неабходна захоўваць спакой і раўнавагу, упэўненым тонам сказаў:
– Мая дарагая! Убачыць зараз свайго сына не можаш... ён лічыцца хворым і знаходзіцца ў такім месцы, куды нікога-нікога не пускаюць... Калі не хочаш, каб увесь інтарэс пайшоў прахам, вяртайся бягом дахаты, бягом, зараз жа, адразу, і сядзі ціха... і тут не паказвайся... ці чуеш?
Як жа магла не чуць, калі слухала вушамі, вачамі, усёй душой! Слухала і зразумела. Калі будзе настойваць, каб убачыць Піліпку, то ўвесь інтарэс прападзе. Павінна быць задаволена тым, што рэвізоры нічога ўжо не зробяць, і зараз, бягом, вяртацца дамоў. Узняла вочы на карціну. Выліты Піліпка, як быў маленькі. Вочы такія самыя і таксама смяяўся... Што ж не ўбачыць яго, то і не ўбачыць, дзеля ягонага дабра! Дзеля таго, каб не загубіць увесь інтарэс. Нізка пакланілася Капроўскаму і ціха сказала:
– Дзякую яснавяльможнаму пану! Я ўжо задаволеная і пайду дахаты! Каб толькі тыя рэвізоры нічога не зрабілі, значыць, Піліпка на зіму ў Грынькі прыйдзе. Дзякую яснавяльможнаму пану...
Адвярнулася і цяжкімі крокамі, стукаючы тоўстымі падэшвамі, выйшла з залы. Да стала наблізіўся Паўлюк Гарбар. Да гэтага селяніна Капроўскі меў пэўную павагу і пра інтарэс, з якім ён да яго прыходзіў, памятаў дакладна. Грыньскія сяляне, дэлегатам якіх быў Паўлюк, прадстаўлялі цалкам іншую лічбу, чым нейкая там баба-парабчанка і, зрэшты, забываць пра сябе не дазвалялі... Капроўскі нават ведаў, у якой шуфлядзе стала ляжалі дакументы, што адносіліся да іхняй справы, і адразу ж тую шуфляду адчыніў, прапануючы Гарбару выслухаць апошнія заявы ў суд, якія ён напісаў па іхняй справе. Заявы тыя і сапраўды былі напісаныя і, як думаў Капроўскі, напісаныя былі выдатна. Але Паўлюк не хацеў адразу слухаць той шэдэўр.
– Хай яснавяльможны пан паслухае, - сказаў, - тую просьбу пазней прачытаема, а зараз я наконт таго інтарэсу з Ясюком... Я ведаю, што вяльможны пан той інтарэс яму вядзе... і прыйшоў прасіць вяльможнага пана... каб пан так яго правёў, каб я выйграў... От!
Вочы селяніна, з бляскам трошкі палахлівай хітрасці, спыніліся на твары хадваката: усміхаўся і правай рукой корпаўся за пазухай.
– Вяльможны пан сам казаў, што чалавек без грошай, як зламаны кол у плоце. Навошта яго падпіраць? Ён ужо так ці гэтак, будзе крывы. Той Ясюк, каб яго паралюш кінуў, каб яму косці пакруціла, то такі саўсім як той кол... Заўжды ў мяне больш грошай, як у яго...
Капроўскі ўсеўся ў крэсла з высокімі падлакотнікамі і, барабанячы па стале пальцамі, аздобленымі пярсцёнкамі, жартаўліва спытаў:
– Ну, і ці многа ж ты там прынёс? Га? Пакажы! Можа, варта будзе цябе падпіраць, а можа, не варта! Убачым!..
Калі праз пятнаццаць хвілін Гарбар пакідаў залу, размінуўшыся ў дзвярах з высокім плячыстым шляхціцам са скруткам папераў у руках, якога падпіхаў пасрэднік, Хрысціна была ўжо за горадам. За колькі сажняў ад апошніх гарадскіх дамоў, каб трапіць на дарогу, якой трэба было ісці ёй далей, павінна яна была перайсці вузкі насып, на якім ляжалі рады жалезных рэек. Шлагбаўм быў зачынены. Праз некалькі хвілін тут павінен быў праходзіць цягнік. Вартаўнік, убачыўшы жанчыну, што хуткім крокам падыходзіла да шлагбаўма, закрычаў.
– Нельга!
Спынілася за некалькі крокаў ад апушчанага шлагбаўма. Гэтая нязначная няўдача не зрабіла ёй ніякай прыкрасці. Пачакаць, дык пачакаць. Стала на пажоўклай, стаптанай траве і, развязаўшы палатняны хатуль, што несла ў руках, выцягнула адтуль акраец чорнага хлеба, пасыпала яго соллю і пачала есці. Ад учарашняй вячэры нічога ў роце не было... Ела і азіралася навокал. Недалёка ад таго месца, дзе яна стаяла, узносіліся муры чыгуначнага вакзала. Было гэта так недалёка, што можна было добра разгледзець чорныя трубы лакаматываў, вялізныя клубы дыму, што вырываліся з іх, і мноства людзей, што стаялі і рухаліся па доўгай і вузкай брукаванай платформе. Віравалі там і разыходзіліся далёка шум, гвалт, свіст, крыкі. Для вясковай жанчыны было гэта настолькі незвычайнае відовішча, што яна заглядзелася на яго шырока расплюшчанымі вачыма. Водгалас вакзала, што выразна даносіўся сюды, адурманьваў і аглушаў яе трошкі, таму твар як бы набіраў выраз крыху разгубленай зацікаўленасці, павялічанай яшчэ тым, што, слухаючы і ўзіраючыся, яна не пераставала есці. Увогуле, згаладаўшыся, хутчэй угрызалася, чым ела, у чэрствую скарынку хлеба. Тут за яе спіной нейчы мужчынскі голас спытаўся ў вартаўніка, што стаяў ля шлагбаўма:
– Што гэта значыць? Цягнікі гэтай парой ніколі не ходзяць. Што ж гэта будзе за цягнік?
Вартаўнік адказаў адным толькі словам:
– Салдацікі.
Пачуўшы гэтыя словы, Хрысціна заміргала замглёнымі вачыма, што ўзіраліся ў бок муроў чыгуначнага вакзала, а рука яе, што трымала акраец хлеба, міжволі пацягнулася да грудзей. Азірнулася на суразмоўцаў. Нейкі чалавек у чорнай тужурцы, з перакінутым праз руку палітонам, глядзеў на залаты гадзіннік, а вартаўнік, крыху прыўздымаючы шапку, у якасці інфармацыі яшчэ дадаў:
– Навабранцаў кудысьці павязуць...
Па цёмным завялым твары жанчыны, што трымала ля грудзей кавалак хлеба, хваляю пракацілася чырвань. У гэты момант на вакзальнай платформе выбухнуў магутны рознагалосы шум, і той вузкі брукаваны кавалачак зямлі пакрыўся густым мурашнікам люду. Над гучным шумам і гвалтам, што вылятаў з таго мурашніка, узносіліся кароткія і загадныя словы камандаў. Труба лакаматыва, што тырчала над доўгім шэрагам вагонаў, час ад часу выкідвала ў паветра клубы чорнага, як сажа, дыму. Адлегласць ад платформы да шлагбаўма была такая, што самае пільнае вока не змагло б разгледзець у людскім мурашніку, што віраваў на платформе, ніводнага твару. Аднак кожны мог бачыць, што там былі адны салдаты і што там было іх вельмі шмат. Хрысціна быццам аслупянела. Пэўне, падумала, ці не тыя гэта салдаты, з якімі Піліпка павінен быў ехаць на край свету. Можа быць, таксама думала, што калі б не яе старанні, ён таксама ад'язджаў бы ў гэтую хвіліну. Не дапускала нават думкі, што яе сын можа знаходзіцца ў гэтым людскім натоўпе, які павінен вось-вось пакінуць родны край. Аднак хлеб ужо не ела. Усхвалявалі яе самі салдаты, якія адсюль ад'язджалі. Раптам чорная труба пранізліва засвістала, доўгі той свіст паўтарыўся яшчэ некалькі разоў, і цягнік пачаў рухацца ад вакзала. Рухаўся ўсё хутчэй і хутчэй па жалезных рэйках... Паўхвіліны - і каля спушчанага шлагбаўма праляцеў увесь... Доўгі рад чорных зачыненых вагонаў, змяшаная мазаіка твараў з коратка пастрыжанымі валасамі, што тлумна вызіралі на волю з-за маленькіх акенцаў, і салдацкая песня, якую ўсе гэтыя людзі спявалі, гучная, разгульная, але там і сям перабіваная адчаем, быццам вырванымі з гэтых развесялелых грудзей крыкамі болю... Зашумела, задрыжала, заспявала - праляцела. І толькі ўдалечыні на павароце сунуўся яшчэ агромністы чорны вуж і цягнуліся ў паветры ўсё больш рэдкія шматкі чорнага дыму...