Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

Сынку, ой, сынку! Не гневайся, я і тыя грошы... тыя, што для цябе былі, аддала...

Хлопец выпрастаўся, вочы ягоныя прасохлі, а на твары выступілі чырвоныя плямы.

– Калі?
– крыкнуў.

– Сённячы, сёння ў горадзе, хадвакату аддала...

Настала хвіліна глухога маўчання. Па твары парабка прабягалі цені гневу, вочы яго пачалі гарэць. Ён адышоў на некалькі крокаў ад кабеты, што ўсё яшчэ стаяла на каленях, сціснуў кулакі і грубым голасам, такім, якім ніколі дагэтуль не гаварыў, крыкнуў:

– Ну, калі так, то ты сучка, а не матка!.. Я табе гэтага ніколі не дарую!

Сеў на лаву ля сцяны і, абапёршыся локцямі на калені, схаваў у далонях свой твар. Заплакаў уголас і, плачучы, гаварыў. Зайздрасць мяшалася ў ягоных словах з дзікім гневам:

– Яму ўсё, а мне нічога... як быццам я не яе дзіця. Што, ён лепшы за мяне, каб яму было ўсё, а мне нічога... Ці ж я табе што дрэннага зрабіў?.. Такі самы быў я паслухмяны і ўважлівы, як ён... Ой, каб жа знаў, што мяне Пан Бог пакараў такой паскуднай маткай, не быў бы такім... лаяў бы, дый тоўк, як іншыя сяляне са сваімі маткамі робяць... лаяць цябе і таўчы, не слухаць трэба... Калі ты такая дурная, зусім без розуму ніякага і такая сучка, што адно сваё дзіця ліжа, а другое кусае...

Потым адкрыў твар і, звярнуўшыся да Мікалая, ажыўлена размахваючы рукамі, пачаў расказваць, што адзін з грыньскіх гаспадароў хацеў яго з ягонымі ста рублямі ўзяць у прымакі да адзінай сваёй дачкі... Мар'янай дзеўку завуць, ладная дзеўка і гаспадыня добрая... Праз год вяселле было б... У прымакі пайшоў бы і сваю гаспадарку б меў... А зараз, без нічога, хто яго ў прымы возьме? Якуба Шылку возьмуць, а яму вечны адпачынак!

Кінуўся зноў да маці.

– Я ж прасіў, каб не аддавала! Аддала. Шэльма ты! За што яна мне дарогу да шчасця загарадзіла! Што я ёй дрэннага зрабіў? Чым я горшы за таго! Свіння яна, а не матка!

І зноў, закрыўшы твар далонямі, расплакаўся. Тады жаночая постаць, схіленая да зямлі, пачала пакорліва паўзці па глінянай падлозе да той лавы, на якой сядзеў разжалены і раз'юшаны парабак. Адна палова ейнага сэрца ляцела за тым, няшчасным, загубленым, другая рассцілалася ля ног гэтага беднага, якога сама ж і скрыўдзіла. Калі б раней ён гэтак загаварыў з ёй, то строга пакарала б яго, як рабіла не раз з імі абодвума за кожную правіну. Але цяпер была ўся ў слязах. Падпаўзла да яго на каленях і хацела абняць. Але ён, пачуўшы яе дотык, сарваўся з лавы, і кулаком штурхануў яе ў грудзі так моцна, што яна ажно адхіснулася і зноў упала на падлогу. Узняў на яе руку!

– О Езус! Езус! Езус!

Нічога. Яна паднялася з зямлі і, уся пахіліўшыся наперад, з выцягнутымі рукамі зноў пайшла да яго.

Не гневайся, сынку, ой не гневайся! Ты ўжо цяпер у мяне адзін, адзіны застаўся...

– Пайшла! Прэч! Ты...
– крыкнуў ён і на гэты раз кулаком ударыў у сагнутыя плечы.

– Езус! О Езус!

Аднаго забралі і пагналі далёка... другі пабіў яе... Калі пабіў адзін раз, то ўжо і заўсёды біць будзе. Страціў да яе сэрца і пашану... Езус!

Тады падняўся з лавы Мікалай, схапіў за рукаў сярмягі парабка, крыху зніякавелага, і выпхнуў за дзверы. Потым звярнуўся да Хрысціны:

Годзе, баба, плакаць дый лямантаваць... пазычу табе пяць рублёў, каб Піліпку паслаць, як дазнаешся, куды пасылаць трэба... На адработку пазычу... адробіш!

Гучна выцер пальцамі нос і рукавом кашулі доўга выціраў вусы. Відаць, быў моцна ўсхваляваны.

Хрысціна ўхапіла руку салдата і доўга, без памяці, яе цалавала. Зможа паслаць пяць рублёў Піліпку! Што за шчасце! Але тут жа кінулася да дзвярэй. Дзе той, другі? Ці ён ужо з ёю не памірыцца... гэты адзін, адзіны, які ў яе застаўся. Куды ён пайшоў? Выбегла за хату і амярцвелымі вачыма глядзела, глядзела на Антосіка, які з задзірыста ўзнятым тварам, насвістваючы нешта са злосці, паспешлівым крокам ішоў да карчмы. Да карчмы пайшоў - і яна дарэмна ўжо клікала б яго з дарогі і забараняла б яму туды ісці... Не паслухае і яшчэ паб'е...

– О Езус!

1884

 Дзюрдзі

Прадмова

У агромністай судовай зале машына правасуддзя адкрылася перад вачыма людзей ва ўсёй сваёй грознай велічы.

Быў зімовы вечар. Патокі святла з падвешаных да столі жырандоляў, з лямпаў каля белых гладкіх сцен залівалі чырвонае сукно на вокнах і сталах, стракатасць адзення і твараў тлумнай і шматлікай сёння публікі. У глыбіні залы засядалі суддзі, збоку пад адной са сцен на двух высокіх разьбяных лавах занялі свае месцы прысяжныя. Каля аднаго акна публічны абвінаваўца, схіліўшыся над ярка асветленым сталом, пільна ўзіраўся ў раскрыты звод законаў, ля другога - судовы сакратар перабіраў стос папер. Чыноўнік, прызначаны пільнаваць парадак, у шытым золатам мундзіры з пяром у руцэ шпарка і ціха перабег залу і сеў збоку. У поўнай цішыні, якую не парушала нават на момант стоенае дыханне соцень грудзей, старшыня суда голасна і выразна зачытаў абвінавачванне. Гэта не было звычайнае парушэнне закону, гэта было злачынства, страшнае злачынства, адно з тых, якія часам, нібы жахлівы сон, праплываюць перад смутным паглядам чалавецтва. Хто ж былі, да якога грамадскага класа належалі, як выглядалі тыя няшчасныя і страшныя людзі, што яго ўчынілі? Некалькі соцень вачэй адначасна зірнулі на лаву абвінавачаных.

Там, насупраць высокіх разьбяных лаваў прысяжных, сядзеў задумлівы і неспакойны судовы абвінаваўца, які нервова крэсліў алоўкам на паперы нейкія размашыстыя запісы. Вось тут, над высокай парэнчай ягонай лавы, падняліся і сталі ў яркім святле чатыры мужчынскія постаці ў доўгім турэмным адзенні. Яны толькі што ўвайшлі сюды праз нізкія дзверы, адкуль зеўрала цемра нейкага падсобнага памяшкання, і таму здавалася, што з'явіліся яны з бездані. Дзверы гэтыя зачыніліся амаль адразу ж, як толькі чатыры стражнікі пасталі з абодвух бакоў лавы, трымаючы над галовамі ўзнятыя штыкі, якія быццам купаліся ў сляпучым святле лямпаў.

Акружаныя блішчастымі вастрыямі штыкоў, стоячы твар у твар са сваімі суддзямі ў патоках святла, што высвечвала кожную рыску і амаль кожную маршчынку на тварах, чатыры падсудныя, нібы застыўшы ў сваёй скаванасці, пачалі адказваць на пытанні старшыні.

Іхнія прозвішчы?

Чатыры мужчынскія галасы досыць выразна, голасна адказалі па чарзе:

– Пётра Дзюрдзя.

– Стафан Дзюрдзя.

– Сымон Дзюрдзя.

– Клеменс Дзюрдзя.

Іхні стан?

Сяляне, земляробы і ўладальнікі зямлі. Толькі апошні ўласнай зямлі яшчэ не меў, але быў сынам і спадкаемцам першага, Пётры Дзюрдзі, які не толькі яе меў, але некалькі гадоў займаў у сваёй вёсцы важную ў грамадскім жыцці сялян пасаду старасты.

Цяпер пытанне найбольш цікавае.

Ці прызнаюцца яны, што ўчынілі злачынства, у якім абвінавачваюцца?

Зноў чатыры галасы па чарзе, хто ціха, а хто больш гучна, але аднолькава выразна адказалі:

– Прызнаюся.

Прызнаюцца. Значыць, няма ўжо сумнення, што яны ўчынілі гэтае злачынства. Не жабракі, не валацугі, не пралетарыі, што жывуць у атрутнай атмасферы пякучай зайздрасці і подлага разбою, але земляробы, якім божыя вятры прыносяць моц і здароўе... гаспадары, якім уласная зямля родзіць буйное калоссе... працаўнікі, абпаленае сонцам чало якіх па чысціні і велічы можа зраўняцца з чалом, увенчаным лаўрамі. Што ж гэта такое? Ці яны нарадзіліся ўжо вылюдкамі? Ці калі былі яшчэ ў калысках, геній злачыннасці адурманіў іх сваім дыханнем? Ці яны не мелі сэрца і сумлення ў сваіх грудзях і ніводнай з тых струн дабрыні, літасці, справядлівасці, якія векавым мазалём выпрацавала чалавецтва ў сваім лоне? Можа, гэта былі вар'яты, ідыёты, дурні, што не маглі адрозніць добрае ад ліхога?

Дзіўная рэч. Дарэмна некалькі соцень людскіх вачэй утаропілася ў іхнія твары: сувязі паміж імі і тым, што зрабілі, знайсці было немагчыма. Не выглядалі ані на тых, што прыходзяць у свет са злачыннымі задаткамі, ні на вар'ятаў, ні на ідыётаў.

Першы з іх, якога звалі Пётра Дзюрдзя, быў высокі, хударлявы і ўжо немалады, але яшчэ моцны і дужы чалавек. Густыя цёмна-русыя валасы яго, прысыпаныя сівізной, былі такія доўгія, што ажно спадалі на каўнер турэмнай апраткі. Абрамлены гэтымі доўгімі з лёгкай сівізною валасамі і коратка падстрыжанай бародкай яго бледнаваты твар прыемна ўражваў сваёй лагоднасцю і сур'ёзным выразам. Шчокі, схуднелыя, можа, у вязніцы, падкрэслівалі правільны і прыгожы авал, вусны пад пшанічнымі вусамі крыху дрыжэлі, на высокім ілбе цямнела некалькі глыбокіх маршчын, а шэрыя задумлівыя вочы з-пад навіслых і густых броваў глядзелі наўкол паважным і вельмі сумным паглядам. У час, як толькі стаў ля лавы абвінавачаных, можна было заўважыць ледзьве відочны рух рукі, якім на сваіх грудзях накрэсліў знак крыжа, а калі ўжо адказаў на ўсе зададзеныя пытанні, абапёр складзеныя рукі на парэнчы лавы і падняў вочы ўгору. У гэты час на ягоным твары з'явілася нешта летуценнае, нешта, што выяўляла пакорліва шаптаную ў глыбіні душы малітву. Неўзабаве, аднак, павекі прыкрылі яго разамлелыя зрэнкі, карак прыгнуўся, галава звесілася на грудзі і ўжо так са складзенымі рукамі ён стаяў да канца, паважны, лагодны і вельмі зажуроны.

Поделиться с друзьями: