Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Пятруся?

– А што?

Хадзі сюды!

Ускочыла на тапчан, што стаяў ля печы, і спытала:

– Што, бабуля?

– От што. Міхалку зараз дваццаць першы год ідзе.

– Але, - пацвердзіла дзяўчына.

– То гэта і бяда. Як жа ён з табой ажэніцца, калі яму трэба ў войска ісці?

Дзяўчыну гэтая бабуліна заўвага моцна перапалохала.

– Не можа быць!
– крыкнула.

Старая паківала галавой.

– Ой, дзіця з цябе горкае! Ці ж ты пра гэта не ведала?

Што яна там павінна была ведаць пра нейкае войска? І не падумала ніколі, што нейкае войска на свеце ёсць. І мілы ні разу ёй не казаў, што ў салдаты пойдзе, хоць пра гэта добра быў павінен ведаць, але як зазвычай малады, калі кахаў дзяўчыну і шаптаўся з ёй пры плоце ці туліў яе да сябе, аб тым, што некалі будзе, не думаў. Старая ж Аксеня шмат ведала пра свет. Не раз, ужо не раз у сваім жыцці бачыла хлопцаў, браных у салдаты, якія няхутка-няхутка вярталіся, а часам, так, як і яе родны сын, не вярталіся ніколі. Калі ўжо якая дзяўчына і чакала іх, павінна была ўсё жыццё сеяць руту, бо калі які і вяртаўся, то з іншым сэрцам і з іншымі думкамі. А калі шлюб з ім брала, перад тым як у свет пойдзе, было яшчэ горш, бо жыццё салдаткі ўжо такое жыццё, што хай ад яго святы Божа абароніць! Усё гэта і шмат чаго іншага доўга шаптала Аксеня на вуха дзяўчыне, аж пакуль Пятруся, закрыўшы рукамі твар, не расплакалася горкімі слязьмі.

– Ну, - угаворваючы, пачала бабка, - дык ідзі за Сцяпана Дзюрдзю. І ён да цябе ахвочы, і гаспадар з яго заможны. Салодкае табе жыццё з ім будзе.

Дзяўчына затупала на тапчане босымі нагамі.

Нізашто!– крыкнула.
– Каб я там не ведаю што, Сцяпанавай жонкай не буду.

– Чаму? Гаспадар такі, і малады, і высокі, як той дуб, і браты ў яго багатыя.

Пятруся, не адымаючы рук ад вачэй, выяўляючы рухамі нецярплівасць і агіду, паўтарала толькі адно:

– Нізашто! не пайду за яго! не пайду за яго!

І толькі на настойлівыя роспыты бабкі пра прычыну такога нежадання прызналася. Былі там хутчэй дзве прычыны.

Гадкі ён мне і вельмі запальчывы. Біць будзе!

Ні слова насуперак гэтаму Аксеня сказаць не магла. Ведала Сцяпана Дзюрдзю даўно, і сапраўды ведала, што ён быў злосны і гарачы, ахвочы да спрэчак і боек. Вочы ягоныя змоладу неслі бляск моцных і гарачых жарсцяў, жэсты былі хуткія і парывістыя, голас злосны і грубы. Быў працавіты, разумна гаварыў і даваў добрыя парады, напіваўся вельмі рэдка, гаспадарку меў заможную, і доўгу ніводнага граша не меў, аднак на вёсцы згоды і павагі не меў, бо збрыдзеў усім сваёй зацятасцю, грубай лаянкай і хуткім да бойкі кулаком. Дзяўчаты проста ўцякалі ад яго, так баяліся. Ужо некалькі разоў пасылаў сватоў у розныя хаты, і нідзе яго не прынялі. Дзяўчаты, заходзячыся плачам, крычалі:

Біць будзе! яшчэ калі заб'е.

І кідаліся ў ногі бацькам, молячы, каб не выдавалі за таго Гірада. Сцяпан пачаў казаць, што і не дбае пра гэтых дурных і пашле сватоў у другую вёску, але неўзабаве ў хаце яго стрыечнага брата Пётры вырасла Пятруся, і з таго часу Сцяпан на ніякую іншую дзеўку і не зірнуў. Воч з яе не спускаў і да брата ў хату хадзіў і хадзіў. Бывала, прыйдзе і без ніякай патрэбы сядзіць на лаве гадзіну і дзве. Часам араць трэба, альбо касіць, ці малаціць, а ён сядзіць і за дзяўчынай вачыма водзіць, глядзіць на яе скокі і мітусню, слухае яе спевы, і ягоны злосны твар робіцца такім лагодным, што, здаецца, можна было б яго, нібы масла, на хлеб намазваць. Аднойчы сказаў Пётру:

– Бедная яна ці не бедная, я да яе сватоў прышлю...

– Прыблудная, - заўважыў Пётра.

– Прыблудная ці не прыблудная, сватоў прышлю, як толькі ў яе якую прыхільнасць убачу.

Але прыхільнасці да яго ў Пятрусі не было і следу. Як Сцяпан на яе, так яна на Міхала Кавальчука заглядалася. А пра Сцяпана, як іншыя дзяўчаты, з плачам казала бабцы:

Не хачу! Нізашто не хачу! біць будзе! яшчэ калі заб'е!

Выплакалася пасля таго, што сказала ёй бабка пра будучы незайздросны Міхалаў лёс, і зноў замітусілася па хаце і заспявала:

– Ні там шчасце, ні там доля, Дзе багаты людзі. Хто з мілосцю сень залучыць, Таму міласць будзе!

Перарваўшы спевы, сказала:

– От, можа, не пойдзе... чаго там! Можа, Міхалка ў салдаты і не пойдзе...

Потым дадала:

– Каб толькі сёння прыйшоў...

Аксеня, якая ўжо шкадавала, што сваёй гаворкай давяла ўнучку да слёз, азвалася на печы:

– Кінь венік у агонь!

– А навошта?
– здзівілася Пятруся.

– Кінь венік у агонь, - паўтарыла бабка, - як спаліш венік, госці будуць.

Пятруся кінула ў агонь старую мятлу, а калі ў той дзень і сапраўды Кавальчук прыйшоў у хату Пётры, свята паверыла ў чарадзейнасць таго сродку і раіла яго потым усім сваім равесніцам. І не адну яшчэ таксама дзіўную і яшчэ больш дзіўнейшую рэч гаварыла і радзіла Пятруся людзям. Пра ўсё даведалася ад бабкі, а паколькі любіла памянціць языком, нічога ў таямніцы не захоўвала і не падумала нават ніколі, каб затаіцца з нечым. Аднак, нягледзячы на сваю раннюю мудрасць, не адгадала аднойчы варажбы пра ўласную долю. Неяк даставала лапатай хлеб з печы. Звычайна хлеб удаваўся ў яе найлепшы. Нават спрактыкаваныя гаспадыні заўсёды дзіваваліся дасканаласці яе караваяў, перашэптваючыся паміж сабой, што хіба ёй нейкая сіла дапамагае. Гэтай сілай сапраўды былі пільнасць і спрыт дзяўчыны, якая калі што ўжо рабіла, дык з усёй душой і з дбайнай стараннасцю. Вось і цяпер боханы хлеба адзін за другім паказваліся на лапаце і з лапаты ссоўваліся на стол, румяныя, пульхныя, выпечаныя, напоўніўшы хлебным пахам хату. Добры акраец хлеба - радасць для селяніна. Пётра, седзячы на лаве, абапёршыся локцямі на стол, усміхаўся, як звычайна, лагодна і паважна; усё яшчэ хваравітая Петрачыха, мыючы, аднак, каля печы штодзённую вопратку, таксама з усмешкай пра нешта расказвала; два падлеткі з галасам спрабавалі пальцамі пульхнасць хлеба, і адна толькі ўмелая пякарка не толькі не смяялася, але нават не ўсміхнулася. Такі важны занятак, як даставанне з печы хлеба, рабіўся ёю заўсёды з расчырванелымі ад агню шчокамі, з закасанымі па локаць рукавамі, з надзьмутымі вуснамі і трошкі нават наморшчаным ілбом. Раптам яна крыкнула:

– Ай, ай!

І, ссунуўшы апошні бохан на стол, апусціла лапату на зямлю і заламала рукі.

– Ой, Божа ж, мой Божа!
– завяла амаль з плачам.

Пётра і Петрачыха амаль адначасова павыцягвалі шыі, зірнулі на хлеб і ў адзін голас спыталі:

– Трэснуты, ці што?

Не памыліліся. Апошні бохан выйшаў з печы амаль наскрозь трэснуты, як быццам нажом разрэзаны на дзве палавіны.

– Трэснуты, - паўтарыла Пятруся.

Некалькі секунд было маўчанне, пакуль не азваўся з печы стары Аксенін голас:

– Нехта адлучыцца!

Петрачыха ўзняла руку да ілба і грудзей.

– У імя Айца і Сына... Хай Пан Бог міласэрны... нас ад усялякага няшчасця бароніць!

– Нехта адлучыцца!
– паўтарыла старая.

– З хаты ці з вёскі?
– спытаўся Пётра.

Аксеня, хвіліну падумаўшы, адказала:

– Можа, з хаты, а можа, з вёскі, але нехта, чыя душа некага ў хаце Пётры Дзюрдзі кранае.

І сапраўды, адлучыўся хтосьці з Сухой Даліны, чыя душа кагосьці ў хаце Пётры Дзюрдзі кранала: Міхал Кавальчук выцягнуў жэрабя і пайшоў з вёскі - у войска. Бачылі, аднак, перад тым у змроку дваіх чалавек, што сядзелі на вялікім абымшэлым валуне за вёскай, там, дзе дарогі разыходзіліся ў чатыры канцы свету і ўзносіўся стары, высокі крыж. Два парабкі ішлі з двара, куды наймаліся малаціць, і расказалі ў вёсцы, што Пятруся на камені пад крыжам развітваецца са сваім Кавальчуком. Расказвалі пра гэта, рагочучы на ўвесь голас. Жанчыны засмяяліся:

– Няхай развітваецца, - казалі, - бо гэта ўжо будзе на векі вякоў, аман.

Усе, як адзін, у вёсцы вырашылі, што Пятруся развіталася са сваім каханым на векі вякоў, аман. Вярнуцца сюды дык ён і сапраўды вернецца, бо мае ў Сухой Даліне сваю зямлю і хату, але ажно праз шэсць гадоў, а шэсць гадоў для дзяўчыны - век. Альбо за каго іншага тым часам выйдзе, альбо састарэе і Кавальчук яе не захоча. Каб ён там ды праз шэсць гадоў яе захацеў! З іншым сэрцам і з іншымі думкамі вернецца з далёкага свету. Нават старая Аксеня тое самае гаварыла сваёй унучцы, якая, аднак, адмоўна хітала галавой і ўсё паўтарала:

Поделиться с друзьями: