Выбраныя творы
Шрифт:
Падумаўшы яшчэ трошкі, падняў указальны палец уверх і скончыў:
– Чартоўская сіла заўсёды чалавеку дрэнна зробіць, а Божая– добра. От што!
Боскую моц яднаў тады з сабою Пётра штонядзельнымі паездкамі ў касцёл, малітвамі, ахвярамі, што складаў касцёлу ў выглядзе хлеба, сыра і палотнаў; д'ябальскай жа баяўся страшэнна, хоць ніколі яе на сабе, прынамсі відавочна, не спазнаў, меў да яе вялікую агіду і нянавісць. Калі хто-небудзь пры ім расказваў пра людзей, якія, як, напрыклад, ведзьмы і розныя чараўніцы, плялі з яе дапамогай людзям розныя злыя пасткі, пляваў з агідаю і праз зубы казаў са злосцю:
– Каб ім рукі скруціла! Каб іхняе кананне цяжкім было! Каб яны не ўбачылі Божага каралеўства!
Пра нябеснае каралеўства Пётра згадваў часта, здаецца, што было яно тым прадметам, які недзе высока, у мутных і неакрэсленых абрысах узносіўся над ім тады, калі ягоныя вочы пад густымі, навіслымі брывамі набіралі задумлівы і трохі летуценны выраз.
Аднак, трызнячы дзіўнымі вобразамі нябеснага каралеўства, дбаў ён і пра зямныя клопаты. Гаспадарку сваю вёў дбайна і працавіта, і надта ж усцешыўся, калі жыхары Сухой Даліны выбралі на пасаду свайго старасты. Тады выявілася, што не быў ён вольным ад усялякіх амбіцый і што ганаровы тытул прыемна папесціў ягонае самалюбства. Раней трымаўся трошкі няўпэўнена, а стаўшы старастам, выпраміў спіну, усміхаўся так шырока і свабодна, як ніколі дагэтуль. Пачаў хадзіць яшчэ больш паважна і, любуючыся, ледзь не ўрачыста знадворку на сцяне хаты прыбіў сінюю шыльду, на якой вялікімі белымі літарамі было напісана: «Пётра Дзюрдзя, стараста». Грамадскімі справамі, якія суседзі даверылі яму, заняўся заўзята і цярпліва. Калі захапілі яго звязаныя з пасадай клопаты і мітрэнгі, са скрухай у голасе казаў:
– Пан Езус больш цярпеў.
Альбо:
– Пан Езус у нябесным каралеўстве мяне за гэта ўзнагародзіць.
І рабіў сваё, не зважаючы ані на людское дакучанне, ані на клопаты. Часта ахоплівала яго на той час чалавечая пыха. Узнімаў палец угору, усміхаўся і характэрным для яго запаволеным голасам казаў:
– Цяпер, як той казаў, я тут першы і за ўсіх найвышэйшы...
Чытаў маралі таксама калі-нікалі старэйшаму сыну:
– Глядзі, Клеменс, будзь такім, як я, а Найсвяцейшы Пан Бог дасць табе панаванне на зямлі і каралеўства ў небе. Не пі, не пажадай чужога, што табе не належыць, працуй і чартоўскай моцы не аддавайся. Аддайся Божай сіле, а моцы чартоўскай не аддавайся, бо, як той казаў, гаспадарка загіне і душу загубіш. Вось што!
Важная падзея - выбранне вясковым старастам - адбылася ў жыцці Пётры Дзюрдзі праз гады два пасля вяселля Міхалкі Кавальчука і Пятрусі, а неўзабаве пасля гэтага надарыўся клопат вялікай важнасці для жыхароў вёскі. Вясковы склад, дзе месціліся запасы збожжа, прызначаныя на дапамогу ў неўраджайныя гады, быў такі ўжо стары, што пагражаў разваліцца. Станавы некалькі разоў гаварыў пра неабходнасць будаваць іншы, і жыхары Сухой Даліны самі адчувалі гэтую неабходнасць, але з году ў год адцягвалі пачатак работы. Вядома, палохаліся коштаў, дый новага клопату не надта жадалі. Зараз, аднак, не было як далей цягнуць валынку. Хочаш не хочаш, а склад трэба было будаваць, бо так ясна і безагаворачна загадана было зверху. У стараставай хаце аж цёмна стала ад народу, што сышоўся на нараду пра гэтую досыць складаную справу, якая вымагала выдаткаў. Пётра Дзюрдзя вёў гэтую нараду разумна, з уласцівай яму паважнасцю, радзячы, як і калі збіраць грошы на будоўлю, дзе і якое купіць за іх дрэва, каго і за якую цану пазваць, каб вымераць зямлю, на якую павінен быць перанесены новы будынак. Ва ўсіх гэтых развагах і разліках добра дапамагаў яму ягоны стрыечны брат Сцяпан, які, калі не быў п'яны альбо не ўпадаў у шаленства, быў найразумнейшай галавой у вёсцы. Меў ён над іншымі і тую перавагу, што ўмеў лічыць. Ніхто яго гэтаму не вучыў, але валодаў ён гэтай здольнасцю ад прыроды і навучыўся сам. На гэты раз быў цвярозы і ні на кога не злаваў, бо надта ж спадзяваўся на найбліжэйшых выбарах стаць вясковым суддзёю. Зараз, седзячы каля Пётры, ён разумна кіраваў сходам, хутка складаў розныя лічбы, адымаў і множыў, словам, забыўшыся на тое, што дрэнчыла яго ў штодзённым асабістым жыцці, цалкам аддаўся грамадскаму клопату. Ад гэтага занятку крыху раз'ясніўся і палагаднеў ягоны твар, заўчасна зморшчаны і найчасцей пануры і злосны. Аднак, нягледзячы на розум і павагу двух Дзюрдзяў, у хаце выбухалі часам такія жарсці, што людзі не маглі зразумець адзін другога. Усе пачыналі гаварыць адначасова, локцямі і плячамі адпіхвалі адзін аднаго ад стала, за якім сядзеў стараста, за кожны грош распачыналі сварку, на кожную прапанову адказвалі пярэчаннямі. Пётра цярпліва слухаў, некаторым, найбольш уважлівым, казаў сваё, а часам, калі суседзі пачыналі яго лаяць і праклінаць, мармытаў:
– Пан Езус больш цярпеў!
– Быдла! праклятае быдла! Каб на вас халера!– выкрыкваў гарачы Сцяпан і, адпіхваючы кулаком ад стала найбольш нахабных, пачынаў упадаць у шаленства. Але раптам сварлівую калатнечу мужчынскіх галасоў нібы вастрыём нажа перарэзаў вісклівы і роспачны жаночы крык.
Гэта была Петрачыха, якая, выбегшы з каморы, ламала рукі і, хістаючыся ў бакі, лямантавала немым голасам і енчыла:
– Езус мой! Езус! О Езус жа мой, Езус найміласэрнейшы!
Тут і дзеўка, што, замяняючы Пятрусю, дапамагала ў гаспадарцы, таксама выскачыла за ёй з каморы і, рвучы сабе валасы, бегаючы па хаце, яшчэ гучней і вісклівей залямантавала:
– А Маці Божая Найсвяцейшая! змілуйся! змілуйся, змілуйся! Змілуйся ты над намі, нешчаслівымі!
Мужчыны перапынілі свае спрэчкі і з адчыненымі ратамі пасталі, як слупы, водзячы аблуднымі позіркамі за кабетамі, якія нібы ў канвульсіях кідаліся па хаце. Нямала часу прайшло, пакуль гаспадар хаты напачатку ўгаворамі, а потым пагрозай апусціць ім свае кулакі на плечы здолеў дапытацца ў жанчын, што сталася. Здарылася і сапраўды нядобрае: з каморы прапала два апольцы сала, дванаццаць пар кілбас і дзесяць сцен свежавытканага палатна. Усё гэта было ўкрадзена невядома калі; некім, хто адпаведным інструментам перапілаваў унутраную аканіцу, адсунуў засаўку, што яе зачыняла, улез праз акно ў камору і выцягнуў з яе столькі дабра. Акно каморы выходзіла на гарод, у гэты позні восеньскі час пусты і гразкі, ночы восеньскія былі доўгімі і цёмнымі. Петрачыха была ў роспачы, Пётра панесеную страту не так блізка браў да сэрца, аднак перажываў і больш за ўсё абураўся невядомым злачынцам. Людзі, што сядзелі ў Пётравай хаце, паволі разышліся, так і не скончыўшы сваіх паседжанняў, якія, дарэчы, доўга яшчэ не маглі скончыць. У хаце застаўся Пётра, які, абапёршыся локцямі на стол, у роздуме сядзеў на лаве; і жанчыны, якія ля агню, што гарэў у печы, голасна разважалі пра здарэнне. Былі гэта тры Дзюрдзіхі: жонкі Пётры, Сцяпана і Сымона Дзюрдзяў. Тры цалкам адрозныя тыпы сялянак і тры цалкам адрозныя жаночыя долі. Ужо немаладая і выпетраная хваробамі, але спакойная і яшчэ досыць прыгожая Петрачыха, жонка добрага мужа, гаспадыня заможнай хаты і маці двух сыноў-падлеткаў, скрыжавала на грудзях рукі і толькі смутна ківала галавой над сваёй стратай, паціху паўтараючы:
– Якія ж дрэнныя людзі! Ай, якія ж нягодныя!
Гнуткая, як змейка, чарнавокая, смуглая і агністая Сцяпаніха была слынная на ўсю ваколіцу зласлівіца і пляткарка. Зрэшты, усе ведалі, што муж яе не пераносіць і што яны вечна б'юцца паміж сабой. На першую вестку пра тое, што сталася ў Пётравай хаце, яна пакінула нядаўна народжанае, першае за чатыры гады сямейнага жыцця дзіцятка, і, прыляцеўшы сюды, крычала, праклінала злодзеяў і лямантавала так заўзята і галасліва, як быццам яе самую напаткала ў сто разоў большая ад гэтай страта. Сымоніха, наадварот, павольна прыцягнулася з дзіцем на руках, якое было шостым ці сёмым. Была яна яшчэ нестарая і нябрыдкая, але страшэнна змардаваная, з паморшчаным ілбом і вечна скрыўленымі вуснамі. Петрачыха, хоць старэйшая і хваравітая, выглядала значна лепш за яе. Вядома, жонка п'яніцы, што сядзеў па вушы ў даўгах у жыда-арандатара, у якой была курная хата, поўная дробных дзяцей, а камора амаль пустая, дык і весела байдурыць сабе не магла. На Агаце выразна адбіваліся спакой і заможнасць, на Сцяпанавай Разаліі - нястрымны характар, даведзены амаль да шаленства цяжкім сямейным жыццём, на Парасцы - жонцы п'яніцы Сымона - клопат і нястача. Тулячы і калышучы дзіцятка, якому было мала малака ў матчыных грудзях, і таму яно роспачна крычала, са здзіўленнем, поўным амаль святой пашаноты, яна ўсё паўтарала:
– Два апольцы сала і дзесяць сцен палатна! Ой, Божа ж мой! Божа! Два кавалкі сала, дзесяць сцен палатна і дванаццаць пар кілбас... Ой, Божа ж, мой Божа ж!..
Такому багаццю, калі аж столькі рэчаў было ўкрадзена з каморы, але абкрадзеныя не галадалі, не магла яна надзівіцца і нацешыцца! Не зайздросціла, наадварот, шкадавала сваякоў, што ім такая шкода надарылася, вочы яе заплывалі слязамі. Дадавалася да гэтага жалю і адчуванне ўласнай бяды. Чорныя ж вочы Разалькі разгараліся ўсё ярчэй, блішчалі і круціліся, як у вар'яткі, а язык круціўся яшчэ хутчэй. Самыя страшныя праклёны кідала яна на невядомага злодзея, але было відаць, што заўсёды каго-небудзь ці што-небудзь праклінае. Магчыма, гэта прыносіла палёгку яе няспыннай згрызоце, якая ў іншых вылівалася б у слязах, а яе запаўняла агнём і кіпнем.
Засмучаны, але ўжо палагаднелы голас Петрачыхі прабіўся праз вісклівыя ўскрыкі Разалькі.
– Каб там невядома што, - сказала, - я-такі даведаюся, хто той злодзей.
Яна звярнулася да Пётры.
– Пятрук, - сказала прыязным голасам, які выяўляў яе спакойныя, прыяцельскія адносіны з мужам, - ідзі да Аксені... папытайся, можа, яна ведае што-небудзь такое, каб таго злодзея выкрыць...
На здзіўленне кабет Пётра ніводным словам не запярэчыў гэтаму жаданню, устаў, надзеў на галаву старую аўчынную шапку і выйшаў з хаты.
Быў восеньскі цёмны вечар; вецер шумеў у садах і калашмаціў дрэвы, на небе, як цяжкія птушкі, праплывалі прасціны хмар, то адсланяючы, то засланяючы зоркі. Забалочанай сцежкай, што вілася паміж гумнамі і платамі, высокі плячысты мужчына ў кажуху і аўчыннай шапцы ішоў трошкі прыгорбіўшыся шырокім і цяжкім крокам да сядзібы каваля. Здалёк было ўжо відаць кузню, што палымнела чырвоным святлом, і чуўся грукат вазоў, якія адтуль ад'язджалі. Перад той кузняй заўсёды як на паломніцтве ці на кірмашы. З усёй ваколіцы людзі прыязджаюць да Міхала Кавальчука, бо такога, як ён, каваля нідзе няма. Але ўжо вечар, і тыя, што сёння тут падкоўвалі коней, рабілі сякеры і абручы на колы ці прасілі направіць плугі і вазы, едуць дадому, дарогаю паміж вербамі і бярозамі, дзе гнездзяцца і енчаць лялякі. Перад адчыненымі дзвярыма кузні нікога ўжо няма, ляжыць толькі шырокае гразкае балота, разбітае коламі вазоў і конскімі капытамі. Пётра Дзюрдзя спыніўся ў гэтым балоце і колькі хвілін з нейкай прыемнасцю ўглядваўся ў сярэдзіну кузні. Запоўненая чырвоным святлом, яна яскрава аддзялялася ад цемры, што панавала навокал. У гэтым святле прыгожа вымалёўвалася постаць маладога каваля, які яшчэ не скончыў працу. У нагавіцах і кашулі з высока закасанымі рукавамі, дужы і зграбны мужчына хутка ўздымаў жылістыя рукі, штосілы б'ючы молатам па распаленым жалезе, з-пад молата дажджом сыпаліся іскры на зямлю і слупамі ўзляталі ўгору, смуглы твар з чорнымі вусамі і чарнявую ягоную чупрыну залацілі чырвоныя блікі. Працаваў спрытна і весела. Найперш весела. Штохвіліны нешта казаў хлопчыку, які быў у яго памагатым, часамі нешта напяваў сабе альбо, калі ўдар павінен быў быць больш моцным і спрытным, уздымаючы і апускаючы, нібы ў танцы, рукі выкрыкваў:
– Гу, га!
Пётра з нейкім задавальненнем глядзеў на гэтую вясёлую і спрытную працу. Потым адступіў на некалькі крокаў і пайшоў у хату каваля.
Гэтая хата была амаль такая, як у Пётры: вялікая, з драўлянай падлогай, чыстая ад дыму, які выходзіў праз комін, можна было толькі заўважыць у ёй пэўныя выдумкі, якіх у дзядоў і прадзедаў не бывала. Апрача сталоў і лаў стаялі тут два драўляныя крэслы, ля вялікіх вокнаў зелянела ў вазонах некалькі нізкіх раслін, на малой шафцы з дзвюма шыбкамі пабліскваў бляшаны самавар. Выдумкі гэтыя прывёз з сабою Кавальчук з далёкага свету, а можа, таксама пабачыла іх і Пятруся ў тым шляхецкім маёнтку, дзе служыла дваровай дзеўкай. Выдумлянне гэтае, аднак, не дайшло да такой ступені, каб вынесці ў іншае месца аграмадную печ з закурэлай сярэдзінай, дзе ў гэты час, як у кожнай з вясковых хат, гарэў вялікі агонь. Не дайшло таксама гэтае выдумлянне ані да свечак, ані да лямпы; уваткнутая паміж печных цаглін, гарэла лучына, чырвоным і дымным полымем, асвятляючы постаць Аксені такім чынам, што таму, хто ўваходзіў у хату, кідалася найперш у вочы акурат яна. Паводле сваёй старой звычкі касцістая бабка сядзела на печы ў акуратнай сярмязе і чорным каптуры, выпраміўшыся, адной рукой цягнула з кудзелі нітку, а другой круціла верацяно. Пятруся насіла па хаце малое дзіцятка, гушканнем і ціхім спевам спрабуючы яго закалыхаць. У дзвярах хаты паважным і ветлівым голасам загучала Пётрава прывітанне: