Выбраныя творы
Шрифт:
– Татка, я ў сіненькай вадзе...
– А я, татка, на высокім дрэве...
– А я ў густой траве...
– А Адамка ў лесе...
Міхалка аднаго за другім браў іх на рукі, як пёркі, высока падкідваў над галавой і, пацалаваўшы, зноў ставіў на зямлю. Падрабязна з задавальненнем распытваючы дзяцей, што там у той вадзе, у той траве, на тым дрэве рабілі і калі гэта было. Быў гэта зусім сталы мужчына, з шырокімі ад кавальскай работы плячыма, з карычневым ад агню тварам і вялікімі чорнымі вусамі над лагоднымі вуснамі. З чорных вачэй яго, калі цалаваў дзяцей і аглядаў поўную дастатку хату, праменіла шчасце. Сядаючы на лаве, паклікаў:
– Зязюлька! Замахаўся на працы, ледзьве рукі не адвальваюцца! Хачу есці.
Жонку інакш не называў, як толькі зязюлькай, назвай той мілай птушкі, якая вясёлым куваннем прадказвала прыход вясны.
– Уміг вячэра будзе!
– весела адказала кабета і паставіла на стол лямпу са шклом.
Ужо колькі гадоў Міхалка вячэраў пры лямпе, лучыну палілі толькі ў зімовыя вечары, каб у хаце было ясней і весялей. Тут дзве малыя дзяўчынкі ўселіся на калені да бацькі, Стасюк сядзеў на лаве, і ўсе трое гаварылі адразу, але ніхто іх не слухаў. Пятруся паставіла на стол місу гарачай бульбы, паклала бохан хлеба і падала нож мужу, а потым прынесла з сяней яшчэ і гладыш з кіслым малаком.
Неўзабаве пасля вячэры дзеці заснулі: Стасюк пад дыванком у шашачкі на тапчане, Крыська і Галенка на печы, каля бабкі. Сляпая бабка, накормленая праўнукам бульбай з малаком, пацалаваўшы ўнучак і насмяяўшыся з іхняга шчэбету і свавольства, збіралася таксама ўжо расцягнуць на печы свае старыя косці, калі Пятруся, мыючы міскі з лыжкамі, раптам сказала:
– Ага! Я вам яшчэ не расказала, што са мной сёння сталася...
Праз увесь вечар занятая мужам, дзецьмі і вячэрай забылася пра ўсё, што не было ёй блізкім і мілым. Зрэшты, мала аддавала ўвагі сённяшняму выпадку і расказвала пра яго бабцы і мужу са смехам, як звычайна маладзіца, што занятая сваім каханнем і сваімі надзеямі, нічога з таго, што з ёй здараецца, не бярэ сабе ў галаву і на шкоду сабе тлумачыць не ўмее. Каваль таксама смяяўся сваім басістым і сардэчным смехам і з сялян, што агонь на ведзьмаў раскладаюць, і са здарэння, якое на той агонь прывяло ягоную жонку. Але старая Аксеня адразу ж замаркоцілася. Яна ўжо клалася на сваёй пасцелі, а тут села, выпрастаўшыся, нерухомая, а сківіцы яе пачалі варушыцца так, нібыта нешта з цяжкасцю перажоўвала. Было гэта ў яе беспамылковым знакам нейкай згрызоты ці клопату. Калі Пятруся перастала расказваць і ставіла на палічку, прыбітую да сцяны, вымытыя лыжкі з міскамі, старая, роздумна азвалася з печы:
– Ой, гэта нядобра, ой нядобра, што ты, Пятруся, першая на той агонь прыйшла...
– Глупства!
– засмяяўся каваль і махнуў рукой, але Пятруся хутка павярнула да бабкі свой твар.
– Чаму?
– спыталася.
Трошкі падумаўшы, бабка пачала гаварыць:
– Бо найперш вядома, што на такі агонь заўсёды ведзьма прыходзіць. Гэта ўжо вядома, гэта так ужо павінна быць, так ужо Пан Бог Найсвяцейшы нячыстую сілу людскім вачам паказвае... То чаму ж, Пятруся, ты сённека на гэты агонь прыйшла?
Рукі маладой жанчыны раптам апалі і спляліся на спадніцы. Шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на бабулю.
– Ці ж ведаю чаму?
– вымавіла паціху, і вусны яе раскрыліся ці то ад здзіўлення, ці то ад страху.
– От!
– зняважліва азваўся каваль.
– Ішла, дык і прыйшла. Шкода часу на гэта марнаваць!
Але Аксеня не зважала на скептычныя словы Міхалкі, а Пятруся іх нават не пачула. З усё яшчэ прыадкрытым ротам і шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на бабку, якая казала далей:
– А другое - гэта тое, што цяпер дрэнныя людзі табе не дадуць спакою. Зараз то ўжо пэўна ведзьмай цябе назавуць і...
Пачала раптоўна рухаць сківіцамі і толькі праз хвілю скончыла:
– І хай ужо цябе Пан Бог ад усялякага няшчасця бароніць...
Рукой, нібыта выразанай з жоўтай косці, зрабіла ў паветры знак крыжа: можа, ад напружанасці павек яе сляпыя вочы дзіка бялелі на жоўтым твары. Пятруся асунулася і села на зямлю там, дзе стаяла; села ўсё яшчэ са сплеценымі рукамі і прыадкрытым ротам. Міхалка ўжо не так зняважліва, як раней, буркнуў:
– Ужо і я ад усялякага няшчасця яе бараніць буду... Але якое там з гэтага можа быць няшчасце? Не дай Бог няшчасця!
Было відаць, што хоць і менш за іншых надаваў падобным рэчам увагі, аднак словы бабулі зрабілі і на яго пэўнае ўражанне. Яна ж, крыху памаўчаўшы, зноў пачала гаварыць:
– Даўно ўжо, ой, даўно я на гэтым свеце жыву, шмат па свеце пахадзіла, многіх людзей чула і такое чула, што на свае вочы бачылі яшчэ ў старыя часы, такія даўнія часы, што зараз пра іх і памяць паміж людзьмі знікла. От, калі я з маленькай Пятруськай у чужы свет пайшла, то зайшла раз у адну вёску, у якой жыў адзін такі старэнькі чалавек, што ўжо на твары зялёны мох вырас, а людзі казалі, што яму, можа, ужо больш за сто гадоў было. У маладыя гады ён, падобна, салдатам быў і ў дварах служыў, і дужа па свеце пахадзіў, то як зачне, бывала, расказваць і расказваць, то ўсе раты параскрываюць і слухаюць; усе... хто б ні быў... паны нават і вельмі вучоныя людзі прыходзілі, бывала, і просяць яго, каб ім розныя рэчы расказваў... І я, бывала, прашу і слухаю... Ой, стары Захар! Ужо зараз і костачкі яго рассыпаліся ў магілцы, і душа перад Панам Богам стала, а тое, што ён гаварыў і расказваў, такі па свеце ходзіць, як жывое... От, я сляпая, а як жывое стаіць перад маімі вачыма тое, што нам пра тую ведзьму апавядаў, а чуў гэта ён сам ад свайго бацькі, каторы яе ўжо на свае вочы бачыў. А мне гэта ўсё, як жывое, перад сляпымі вачыма стаіць...
Зноў змоўкла на хвіліну. Успаміны, што стаялі перад яе сляпымі вачмі і варушыліся, як жывыя, вывелі яе з папярэдняй нерухомасці. Калыхалася сваёй тонкай касцістай постаццю то ўзад, то ўперад, і перш чым зноў пачала гаварыць, некалькі разоў голасна ўздыхнула. Бельмы яе вачэй ужо не свяціліся на жоўтым твары так, як раней, бо перастаў падаць на іх бляск агню, які, паволі згасаючы ў печы, кідаў па хаце бледныя палосы святла, што калыхаліся ў змроку. У адной з такіх асветленых палос сядзела на зямлі Пятруся, ужо з закрытым ротам, абхапіўшы рукамі калені, і з неспакойным засмучаным тварам. Пад другой сцяной распасцерлася на стале і лаве магутная постаць каваля. Напэўна, з-за ашчаднасці патушыў ён лямпу, галаву абапёр на далоні і ўважліва слухаў гаворку старой. Ён заўсёды слухаў яе казкі і апавяданні з вялікай увагай і з пэўным задавальненнем, адплачваючы ёй узаемна сваімі апавяданнямі пра вандроўкі па свеце і пра розныя вядомыя і невядомыя рэчы... Так яны часта бавілі нядзельныя надвячоркі і шмат зімовых вечароў. Цяпер, хоць яму і хацелася спаць, аднак слухаў, а сляпая бабка ў змроку, што ахінуў печ, сваім хрыплаватым, шапялявым, але дужым яшчэ голасам так пачала расказваць:
– Жыла-была ў тым людным і багатым сяле дзяўчына, на чырвоную маліну падобная, гнуткая, як таполя, і такая прыгожая, што дзіваваліся на яе ўсе людзі. Маладыя парабкі дык ужо проста шалелі за ёй, а і панічы да яе прыходзілі і казалі, бывала: «Хоць зірні ты на мяне, Марцыся! Хоць разік ручку мне сваю падай!» Але Марцыся нікога не хацела, ні селяніна, ні пана. Пойдзе, бывала, да студні, як якая каралеўна, у спадніцы, стужкамі абшыванай, у каралях і бурштынах на шыі, кветкамі сабе валасы ўпрыгожыць і толькі смяецца з усіх, паказваючы белыя зубкі. І ўжо пачалі людзі злаваць на яе, і абзываць яе рознымі словамі, і надта ж да яе прыглядвацца, што яна такое робіць, што ўсе да яе ліпнуць, як тыя мухі на мёд, а яна сама дык нікога не хоча. Аж тут глядзяць, глядзяць і бачаць, што Марцыся не заўсёды вясёлая і не заўсёды дурэе з панічамі ці хлопцамі, але часам вельмі сумная ходзіць, на людзей зверам глядзіць, ідзе ў лес і сядзіць там дзень, два, тры дні, а як вернецца, нейкія таемныя зёлкі варыць, шэпчучы над імі і робячы дзіўныя знакі, а потым ужо розным людзям піць дае тыя зёлкі ад болю, ад колікаў, і ад нуды, і ад згрызоты, і ад усялякага гнёту, які толькі ёсць. Былі такія людзі, што ў яе гэтыя зёлкі куплялі і потым дзякавалі ёй і хвалілі яе перад усімі, кажучы, што яна вельмі цікаўная, і таму шмат рэчаў ведае, і ад цікаўнасці сваёй то ўжо і кахання ніякага ведаць не хоча. Мілейшай ёй была зёлка ў лесе, чым селялін на зямлі, ці паніч у дварэ. І жыла б сабе спакойна Марцыся, і рабіла б сваё, бо нікога не мела, хто б яе да чаго-небудзь прымушаў, а ў вёсцы ўжо і прывыклі да таго, што яна іншая была, чым усе дзяўчаты. Бывала, кажуць пра яе: «З іншым сэрцам, з іншымі думкамі нарадзілася». І пакідалі яе ў спакоі. Але вось на Марцысіна няшчасце закахаўся ў яе адзін дворскі чалавек, губернёр ці пісар, ці нешта такое. А яна сабе толькі жартавала з яго, як і з іншых. Стане, бывала, перад касцёлам, там, дзе і ён стаіць, як якая каралеўна, у спадніцы, стужкамі абшыванай, у тонкай кашулі, у каралях і бурштынах на шыі і смяецца з губернёра, паказваючы белыя зубкі. Ён доўга цярпеў і ўсё прасіў яе, каб яго пакахала. Але калі ўбачыў, што нічога з гэтага не будзе, страшна раззлаваўся, паехаў у горад і перад ксяндзамі і вялікімі ўраднікамі скардзіўся, што от так і так, Марцыся - ведзьма. У гэты час у вёсцы стала - як у пекле. Паз'язджаліся ксяндзы і вялікія ўраднікі і пачалі рабіць над Марцысяй следства. Сабралі людзей з вёскі і пыталіся: а што яна робіць, а чаго ў лес ходзіць? А што яна шэпча, калі зёлкі варыць? А якія гэта зёлкі? А ці не ходзіць да яе ў госці чорт? А адкуль у яе столькі стужак, і караляў, і бурштынаў, і ўсялякага ўбранства? Выпытаўшы пра ўсё, звязалі Марцысі рукі і ногі, паклалі яе на воз і павезлі ў горад. А ў горадзе на рынку паказалі яе ўсім людзям і сказалі, што яна ведзьма. Так і так, казалі, так і так. Нячыстаму сваю хрысціянскую душу прадала, казалі, з нячыстым у лесе размаўляла, казалі, нячысты ёй праз комін стужкі, каралі і ўсялякае багацце насіў. А потым пасярэдзіне рынку налажылі шмат дроў, і кат у чырвоным адзенні схапіў Марцысю за валасы і кінуў у агонь. Полымя шуганула так высока, што амаль да неба дастала, а Марцыся гарэла ў ім, як трэска, так жахліва лямантуючы, што яе енк разлятаўся па цэлым свеце і амаль даставаў да неба, а ад яе цела, што гарэла ў агні, разыходзіўся смурод па ўсім горадзе, а ксяндзы на хвалу Богу святыя песні спявалі і сам кароль, што сядзеў на троне, цешыўся і ўсім людзям цешыцца загадаў, што так пакараная была ведзьма, якая нячыстаму сваю хрысціянскую душу прадала...
Аксеня змоўкла, і глыбокая ціша запанавала ў хаце. У каваля, які слухаў аповесць пра ведзьму, знікла ўсялякае жаданне спаць. Верыў ён ці не верыў у існаванне д'ябла і ведзьмаў? Сам добра не ведаў. Проста вясёлы тэмперамент і перавага практычных інстынктаў схілілі яго да зняважлівага стаўлення да падобных прымхаў і нават да вясёлых кепікаў з іх. Аднак такія аповяды, як гэты, што цяпер выслухаў, рабілі на яго ўражанне, падрывалі ягонае нявер'е, абуджалі ў ім жывую цікаўнасць. Так было з Міхалкам. Што ж да Пятрусі, дык тая з шырока адкрытымі вачыма і пабялелым ад страху тварам слухала апавяданне бабкі, і калі ішла ў ім гаворка пра агонь, што амаль даставаў да неба, выпусціла з грудзей стлумлены ўскрык перапалоху, а калі пачула пра смурод, які разыходзіўся ад спаленага цела Марцысі па ўсім горадзе, моцныя дрыжыкі прайшлі па яе целе з галавы да ног. І толькі праз некалькі хвілін пасля таго, як бабка змоўкла, азвалася да яе тонкім і перапалоханым галаском, такім, якім ніколі не гаварыла:
– Бабуля! Ці яна сапраўды была ведзьма? Ці толькі так - злосныя людзі на яе прыдумалі?..
– Гэта ўжо невядома, - з роздумам і паволі адказала Аксеня.
– Гэтага ўжо і старэнькі Захар не ведаў. Можа, была, можа, не была. Калі была, то ў яе на плячах чырвоны знак ад чартоўскага капыта павінен быць. Гэтага знаку я ніколі не бачыла. І Захар не бачыў, але казаў, што дзед ягоны бацьку ягонаму расказваў, што бачыў і што так павінна быць...
Пасля непрацяглага маўчання закалыхалася зноў на змрочнай печы касцістая постаць сляпой бабкі і яе хрыплаваты голас замармытаў: