Выбраныя творы
Шрифт:
Пачыналі ўжо сварыцца, але тут выйшлі яны на святло, што падала з вокнаў карчмы. З сярэдзіны будынка далятаў гоман размоў і гукі скрыпкі. Спыніліся абодва і стаялі, як укопаныя.
– Зойдзем, - сказаў Сымон.
– Зойдзем, - пагадзіўся Якуб.
– На хвілінку.
– На хвілінку, пацешыцца...
Памяшканне карчмы, досыць вялікае і нізкае, з глінянай падлогай і ажно чорнай ад дыму столлю, цьмяна асвятлялі смаляныя трэскі, уваткнутыя ў шчыліны печы, зверху да нізу завешанай памытым адзеннем арандатара і ягонай сям'і. На доўгім і вузкім стале гарэла крыва ўваткнутая ў выдлубаную рэпу свечка з лою і стаяла некалькі алавяных чарак, з якіх звычайна сяляне п'юць у карчме гарэлку. У гэты час пілі з іх тыя паважаныя і заможныя гаспадары, якія, седзячы на лавах па абодва бакі стала, вялі паміж сабой шумную, але разважную і сур'ёзную гаворку. Іхнія добрыя кажухі, аздобленыя вялікімі каўнярамі з чорных ці сівых аўчын, цяжкі, але цэлы, ажно да каленяў, высокі абутак, выраз іхніх твараў, спакойны ці асветлены ўсмешкай, - усё выяўляла, што былі гэта самыя заможныя і найбольш паважаныя жыхары Сухой Даліны. Прыйшлі яны сюды не з гультайства і не дзеля таго, каб пагуляць, але перад усім таму, каб у доўгі зімовы вечар трохі пацешыцца ў кампаніі, а яшчэ і таму, каб трошкі парадзіцца і паразмаўляць пра клопаты ўсёй вёскі. Загадалі адразу падаць сабе гарэлкі, пілі яе з алавяных чарак, ветліва прамаўляючы да суседзяў: «На здароўе! На шчасце!» Потым адсунулі чаркі на сярэдзіну стала і больш да іх не дакраналіся. Па кілішку выпілі, і досыць! Калі б гэта была нейкая вясёлая аказія: хрысціны, вяселле, заканчэнне нейкага торгу ці што-небудзь падобнае, пілі б, напэўна, значна больш. Але без аказіі не прывыклі напівацца, шанавалі ў сабе годнасць заможных і ўсімі паважаных гаспадароў, бацькоў сямей і былых альбо цяперашніх чыноўнікаў гміны.
У самым цэнтры гэтага гурту сядзеў Пётра Дзюрдзя, каля яго ўспёрся локцямі на стол Максім Будрак, далей сядзелі на лавах: стары Лабуда і два ягоныя дарослыя, даўно ўжо жанатыя сыны, а ў самым куце хаты, куды падала найменш святла, сядзеў Сцяпан. Заўсёды ён меў ахвоту вадзіцца з найбольш багатымі і паважанымі жыхарамі вёскі, удзельнічаць у размовах пра грамадскія клопаты, адыгрываць у вёсцы дзейсную і ўплывовую ролю. Амбітны і смелы, прагнуў нешта значыць, некім кіраваць, і хоць яму ўжо падыходзіла пад саракоўку, ніяк не мог дасягнуць жаданай мэты. Ягоная панурасць і зацятасць адштурхоўвалі ад яго людзей, не шанавалі яго і за надзвычай дрэннае жыццё з жонкай і за малую сям'ю. Меў, праўда, адно дзіця, але такое, што лічыўся бяздзетным, а бяздзетнасць селяніна - гэта найперш Божае неблаславенне, а потым блізкае і непазбежнае яго разарэнне. Зусім інакш глядзяць людзі на такую хату, дзе гадуюцца і падрастаюць дужыя хлопцы, працавітыя дзяўчаты, чым на тую, дзе двое самотных людзей, як тая пара кратоў, рыюць зямлю без радасці сёння, без спадзяванняў на заўтра. У гэткай хаце ані хрысцін, ані вяселляў, ані шумнай хлапечай гульні, ані звонкага дзявочага спеву. Людзі ў яе ніколі не заходзяць і ніколі не садзяцца ў ёй за застаўленым Божымі дарамі сталом. Каб там і невядома які дастатак быў, людская павага і людское сяброўства не могуць там ніколі прыжыцца. А калі яшчэ ў такой хаце вечныя паміж жонкай і мужам крыкі, лаянка, бойкі Пану Богу на абразу, людзям на асуджэнне і насмешку? Тады ўжо селянін бяздзетны і безнадзейны, на руйнаванне гаспадаркі і людское пасмешышча выстаўлены, сядзі пахмурны і маўклівы паміж вясёлымі, гаваркімі людзьмі, так, як у цёмным куце сядзеў Сцяпан Дзюрдзя, перажоўваючы сваю злосць і бяду. Колькі не ўступаў у гаворку, столькі разоў заўважаў, што ніхто не хацеў яго слухаць. Гаварылі пра тое, што ён ведаў лепш за іншых, пра землі і лугі, за якія ўся вёска мела намер падаць у суд на цяперашняга іхняга ўладальніка. Судовы працэс меўся быць дарагі, кошт раскладаўся на ўсіх жыхароў вёскі ў суадносінах да частак, якія набываў кожны ў гэтым працэсе: арыфметычна такія разлікі найлепш умеў рабіць Сцяпан, зрэшты, ён лепш за іншых ведаў і тыя землі і лугі, але ўсё ішло без ягонай дапамогі і парады, словы ягоныя заглушаліся. Калі хацеў перакрычаць іншых, таўклі яго локцямі пад бакі, каб змоўк. Малады Лабуда, які не любіў распачынаць бойкі і баючыся, каб да гэтага не прывяла Сцяпанава злосць, адсунуўся ад яго на локаць, тое ж самае зрабіў Антон Будрак, Максімаў брат, цяперашні стараста. Сцяпан, самотны і спанявераны, вылаяўся паціху, адсунуўся пад самую сцяну, крыкнуў арандатару, каб падаў яму цэлую кварту гарэлкі, і піў яе моўчкі, як воўк, пабліскваючы раззлаванымі вачыма. Зусім інакш было з Пётрам Дзюрдзем. Той, выконваючы на працягу шасці гадоў абавязкі старасты, добра ведаў, што які селянін меў і ў якой ступені да агульнага кошту павінен быў далучыцца. Антон Будрак, які толькі што стаў старастам, радзіўся з ім пра тое і пра сёе, іншыя, слухаючы, сцвярджальна ківалі галовамі. З рукамі, складзенымі на каленях, з доўгімі валасамі, русыя і з лёгкай сівізной пасмы якіх ападалі на чорны, аўчынны каўнер кажуха, з бледным, хоць і цёмным тварам, які ажывіўся ад чаркі моцнага напою і ад размовы, Пётра гаварыў падрабязна і доўга, і словы цяклі з ягоных вуснаў разважна і манатонна, нібы лянівы, ціхі ручай. Згадваў, калі і як гэтыя землі і лугі ад Сухой Даліны адпалі і што пра гэта казалі бацькі, разважаў, якую карысць яны прыняслі б вёсцы, і аж уздыхнуў. Аднак, нягледзячы на такое даволі хцівае пажаданне зямных даброт, не забываўся і пра нябесныя. Узносіў часам угору ўказальны палец і сваю прамову заканчваў словамі:
– Усенька гэта ў Божай моцы. Калі Пан Бог захоча, то нам гэтую сваю ласку дасць, а калі не захоча, то не дасць, і цярпі, чалавеча, бо такая ўжо воля Божая...
Іншым разам казаў:
– Боскай сілы, як той казаў, не пераможаш. Чартоўскую сілу пераможаш святым крыжом, а Боскую нічым не пераможаш... Як Пан Бог найвышэйшы захоча, так і будзе.
Гэтыя словы заўсёды выклікалі ўздыхі слухачоў, што не перашкаджала ім, аднак, далей жыва і нават зацята гаварыць пра зямныя клопаты. Пётра таксама ўздыхаў, але ягоныя шэрыя, глыбока схаваныя пад густымі брывамі вочы блішчалі часам радасцю, рэдкай для яго. Радасць бліскала ў іх заўсёды, як толькі ён выпадкова ці наўмысна глядзеў на сярэдзіну карчмы, дзе весялілася і гуляла нешматлікая купка моладзі. Было там некалькі дарослых хлопцаў і пяць дзяўчат, якія акружылі музыканта, што сядзеў у куце, і прасілі яго зайграць, а калі ён пачынаў іграць, кідаліся ў танцы, якія раптоўна перарывалі дзеля нейкага свавольства альбо даганялак, ад чаго з падлогі ўздымаўся пыльны туман і разляталіся ва ўсе бакі клубамі цёмныя дымы з распламянелых смалякоў. Было ў гэтай забаве шмат грубых мужчынскіх крыкаў і вісклівых енкаў дзяўчат, гучнага рогату, жартаўлівых сварак, тупату ног, брынкання і піску скрыпкі. Белыя кашулі і сінія спадніцы дзяўчат мільгалі ў пыле і дыме сярод шэрага ці блакітнага мужчынскага адзення. У гэтай невялікай грамадзе, якая так добра бавілася, выдатна вёў гучны і вясёлы рэй Клеменс. Шэсць тыдняў таму падняўся ён пасля цяжкай хваробы, якой ужо і знаку на ім не было. Падчас сваёй хваробы незлічоную колькасць разоў трымаў у руках запаленую грамніцу, выпіў незлічоную колькасць зёлак, якія яму з усёй вёскі прыносілі бабы, адбыў перадсмяротную споведзь і страціў кварту крыві, якую выпусціў яму прывезены Пётрам з мястэчка фельчар. Старое Евангелле праз увесь гэты час ляжала на падушцы над самай ягонай галавой; бацька закупіў у касцёле тры імшы за ягонае здароўе. Урэшце паправіўся, устаў і праз колькі тыдняў выглядаў ужо так, быццам ніколі і не хварэў. З таго часу Пётра пра хваробу і выздараўленне сына любіў расказваць доўга і падрабязна. Гаварыў, што наклікала яе д'ябальская сіла, якую перамагла сіла Божая. Гаворачы пра першую, сціскаў кулакі і з агідаю сплёўваў, і бляскі гневу і нянавісці мільгалі ў ягоных зрэнках. Да другой, відаць, адчуваў гарачую ўдзячнасць і пашаноту, бо, калі яе згадваў, схіляў галаву, а вочы міжвольна падымаў угору. Зараз Клеменс вёў рэй у забаве і свавольстве; у які бок хаты ні кінь вокам - усюды яго можна было ўбачыць у пары з прыгожай Будраковай Насткай, дачкой Максіма. То абдымаў яе, стоячы перад музыкантам і просячы музыкі, то ў якіх даганялках з такім размахам кідаў яе на лаву, што ажно крычала ад болю і, нібыта раззлаваная, адыходзіла ў кут, плячамі паварочвалася да хаты, а ён, стоячы каля яе, перапрашаў і клікаў гуляць далей, пацешна, нібыта ў плачы, крывячы твар і гучна рагочучы на ўсю хату... Пётра з прыемнасцю глядзеў на гэтыя забавы сына праз галовы суседзяў, што сядзелі насупраць. Шырока адкрываў рот і смяяўся ціхім грудным смехам. Любаваўся Клеменсам і маладой Будраковай. Дзяўчына з заможнай бацькоўскай хаты павінна была прынесці ў мужаву хату павелічэнне ўсялякага дастатку, апрача таго, была прыгожая, лагодная і працавітая, вяла сябе прыстойна, і Агата яе вельмі любіла. Значыць, калі Клеменс з ёй ажэніцца, апрача ўсяго іншага будзе яшчэ і згода свекрыві з нявесткай. Пётру з даўняга часу гэты шлюб клеіўся ў галаве, аж тут ні з таго ні з сяго выкрыліся нейкія шашні Клеменса з Франькай, з гэтай таўсматай, непрыгляднай, беднай унучкай аднаго з найапошніх жыхароў вёскі, у дадатак - злодзея. Як толькі Клеменс крыху акрыяў ад хваробы, Пётра ў яго спытаўся:
– Ці ты з той Франькай з якімі думкамі пачынаў, ці так сабе?
Хлопец надта засаромеўся, закрыў твар рукой і адказаў:
– Так сабе!
– А жаніцца з ёй не думаў?
– Няхай чорт жэніцца з ёй, не я, - загучаў ужо пануры адказ.
– Ну, а Настку Будракову хочаш?
– вёў далей свой допыт бацька.
Хлопец прыкрыў даланёй свае вусны і пырснуў смехам.
– Чаму не, бацька?
– усклікнуў.
Ажно вочы ў яго засвяціліся ад радасці. Настка была прыгожая дзяўчына, але і пра яе пасаг і дастатак ён таксама падумаў. Надумаліся пасылаць сватоў у Будракову хату адразу, як толькі міне пост.
Зараз, узяўшыся за рукі пасярод хаты, моладзь утварыла кола, у якое дзеля жарту і смеху ўлезла нейкая старая прысадзістая баба, з падхопленай у арандатара маленькай падушачкай у руках. Пры пісклівай, але вясёлай музыцы скрыпкі кола танцораў з шумным тупатам ног круцілася вакол старой бабы, якая, абапіраючыся адной рукой на клуб, а ў другой высока ўздымаючы падушачку і таксама кружачыся ў танцы, пацешна крыўляючыся, спявала:
Падушачкі, падушачкі, а ўсе пухавыя, Маладзенькі, маладзенькі, саўсім маладыя...Тут выбухнуў рогат, бо словы песні так мала стасаваліся да прысадзістай, зморшчанай, хоць яшчэ дужай і вясёлай бабы. Яна ж спявала далей:
Каго люблю, каго люблю, Таго пацалую, Падушачку пухавую Таму падарую.Разам з апошнімі словамі прыпеўкі кінула падушачку на Ясюка Дзюрдзю і, прыабняўшы яго, хацела з ім, паводле правілаў гульні, прайсціся некалькі кругоў. Але ён, палічыўшы сабе за сорам, што такая непрывабная танцорка надзяляе яго сваімі сімпатыямі, кулаком адштурхнуў бабу і з дурнаватай мінай і разгневанымі вачыма стаў, як слуп, пасярод хаты. Некалькі паважных гаспадынь, што сядзелі пад сцяной на лаве і размаўлялі, аж клаліся са смеху; нават гаспадары перапынілі размовы і з усмешкамі на тварах пачалі прыглядвацца да шумнай гульні моладзі.
Танцавальнае кола ўтварылася зноў, толькі што на гэты раз у яго цэнтры стала, гвалтам выштурхнутая іншымі дзеўкамі, Настка Будракова. Скрыпка працягвала іграць, а стройная дзяўчына з тоўстай касой на плячах, з шыяй, абчэпленай шклянымі пацеркамі, узняла падушачку ўгору і, ужо не так скачучы, як папярэдняя танцорка, але кружачыся павольна і грацыёзна, сярод тупату ног высокім голасам заспявала:
Падушачкі, падушачкі, А ўсе пухавыя, Маладзенькі, маладзенькі, Саўсім маладыя...Тут увесь танцавальны круг падхапіў песню і пачаў хорам падпяваць звонкаму голасу дзяўчыны, які ўсё роўна ўзвіваўся па-над усімі іншымі:
Каго люблю, каго люблю, Таго пацалую, Падушачку пухавую Таму падарую.Кінутая рукой дзяўчыны, падушачка ў клятчастай навалачцы з такой сілай ударыла Клеменса Дзюрдзю ў твар, што той ажно пачырванеў увесь, а густыя залацістыя валасы ўзвіліся над ягонай галавой. Тут жа абедзвюма рукамі Настка павісла на ягоных плячах, ён прыабняў яе, і круціліся потым у танцы так доўга, што ўжо і правілы гэтага танца такога доўгага кручэння не вымагалі. Але хлопцу, разгарачанаму гульнёй і грудзьмі Насткі, якія дыхалі каля ягоных грудзей, і гэтага было замала. Крыкнуў на музыканта, каб пачынаў граць круцяля, і калі загучала музыка, пусціўся са сваёй дзяўчынай у хуткі танец. Спачатку кружыліся яны амаль на адным месцы, а потым ужо ў запаволеным рытме праходзілі некалькі крокаў па хаце і пачыналі кружыцца зноў. Залатыя валасы хлопца развяваліся над галавой, дзявочая каса з чырвонай стужкай на канцы лятала ў паветры, а на шыі звінелі шкляныя пацеркі і пазалочаныя крыжыкі і медалікі, што прасвечвалі з-пад іх. А калі змучаныя хуткім рухам на адным месцы, праходзілі па хаце, ён высока ўздымаў расчырванелы твар і кідаў з блакітных вачэй снапы вясёлых бляскаў, яна ж, трымаючыся за яго плячамі, у адной руцэ сціскала яго сіні капот, а другой выцірала фартушком пот з твару. Такім чынам два, тры альбо, можа, і больш разоў паволі, размераным крокам, час ад часу прытупваючы нагамі, абышлі хату, ён - падобны на маладога дуба, а яна - на беластвольную бярозку. Усе гаспадары павярнуліся цяпер тварамі на сярэдзіну хаты і глядзелі на танцораў. Пётра Дзюрдзя, несучы яшчэ паўчаркі гарэлкі да свайго роту, смяяўся сваім ціхім, грудным, разважным смехам; Максім Будрак, нібы няўзнак паглядаючы на дачку, радасна блішчаў вачыма. Міжволі абодва зірнулі адзін на аднаго і кіўнулі сабе галовамі.
– Каб толькі Божая воля была...
– сказаў Пётра.
– Чаму не быць волі Божай?
– адказаў Будрак.
Будрачыха, якая сядзела паміж жанчынамі пад сцяной і ўперад ужо выпіла чарку гарэлкі, заслязіўшыся ад расчуленасці, казала суседкам:
– Я ўжо гэтага Клеменса, і Богу прысягну, аднолькава, як і сваіх родных сыноў, люблю...
Якраз у гэты час у карчму ўвайшлі Сымон Дзюрдзя і Якуб Шышка. Ніхто на іх не звярнуў ніякай увагі. Ужо нават па іх адзенні можна было здагадацца, што ў людской грамадзе, сярод якой жылі, яны займалі самае апошняе месца. Кажухі ў іх былі старыя, без каўняроў і ажно ільсніліся ад бруду і заношанасці, абутак падзёрты і ўжо, відаць, на працягу многіх гадоў ужываўся толькі падчас падарожжаў у маразы і снег, нават шапкі былі пляскатыя з абдзёртай аўчыннай абшыўкай. А што ўжо да іхніх пастаў і твараў! Праўда, стары Якуб трымаўся заўсёды прама і нібыта ўрачыста, але быў нізкі, худы, з малымі, бліскучымі вочкамі, што глядзелі на свет з-пад брывоў неяк хітравата і разам з тым недаверліва, з мімалётнай няшчырай усмешкай на старых завялых вуснах. Што да Сымона, то ў таго крок быў цяжкі і нібы трошкі нясмелы, скура зжоўклая, вочы пачырванелыя і ўвесь час мокрыя; калі ён быў цвярозы, яго твар станавіўся бядотны, а як толькі гарэлка зашуміць у галаве, набываў рысы нахабнаватай упартасці. Зараз ён быў толькі трошкі нападпітку, таму да нікога не чапляўся, нясмела, амаль сагнуўшыся, перайшоў карчомную хату і разам з Якубам увайшоў праз нізкія дзверы ў другую, значна меншую каморку, якая была жытлом арандатара і ягонай сям'і. Было чуваць, як гучна і крыкліва даводзілі яны нешта жыду, перапыняючы адзін другога, штурхаючыся локцямі і штохвіліны зрываючыся да лаянкі з гаспадаром, які таксама голасна і горача нагадваў абодвум, але асабліва Сымону, пра грашовыя даўгі. Гэта, аднак, не перашкодзіла яму даць ім пару чарак гарэлкі. Выпіўшы сваё, Сымон пачаў плакаць і наракаць на горкую долю сваю і сваіх дзетак, потым папрасіў у арандатара яшчэ адну чарку, а калі не захацеў даць яе ў крэдыт, пагражаў яму сціснутымі кулакамі. Жыд саступіў і даў яму яшчэ гарэлкі, пільна запісваючы кожную чарку крэйдай на дзвярах. Сымон выпіў; ягоныя мокрыя вочы павесялелі і заблішчалі, ён насунуў шапку на галаву аж па самыя вочы і размашыстым, хоць разам з тым і няўпэўненым крокам выйшаў з карчмы. Стаяў перад карчмой пад зорным небам і, нешта мармычучы сам сабе, здавалася, раздумваў. Напружваючы вочы, глядзеў у той бок, дзе далёка ў полі самотна шарэла сядзіба каваля, і раптам пусціўся сцежкай, якая туды вяла пад сценамі абор. Ішоў то хутка і ўпэўнена, то зноў павольна і са спушчанай галавой, увесь час мармычучы сам сабе нешта незразумелае. Пару разоў пахіснуўся і абапёрся рукамі аб плот, перад кузняй спыніўся і зноў задумаўся. Ахапіла яго нейкая трывога, бо паднёс руку да грудзей і лба. Перажагнаўся і ступіў яшчэ некалькі крокаў. Калі б быў цвярозы, то, пэўна, вярнуўся б з паловы дарогі альбо і зусім не пайшоў бы ў той бок, але гарэлка дадавала яму адвагі і адбірала розум. Паклаў руку на дзвярную клямку і, яшчэ раз перажагнаўшыся, увайшоў у хату каваля. Гаспадара ў хаце не было. Аксеня, разагрэтая цяплом печы ў гэты доўгі зімовы вечар, заснула на сваім сенніку. Над сівой яе галавой тырчэла прасніца з залацістай кудзеляй, толькі што ўпушчанае верацяно звісала на шырокай нітцы з печы, пад яе рукамі, распасцёртымі, як крылы, сціснуўшыся, як дзве азяблыя птушкі, спалі малыя румяныя праўнучкі. У хаце панавалі паўзмрок і цішыня, агонь, што гарэў у печы, кідаў бледныя водбліскі на аконныя шыбы, дзе мароз намаляваў гірлянды крыштальнага бліскучага лісця. Седзячы перад агнём на табурэце, Пятруся сачыла за стравай, што варылася ў печы, і адначасова цыравала адзенне. Каля яе ног ляжала некалькі дзіцячых кашулек, на каленях яна трымала суконны мужаў сурдут, падшываючы і прымацоўваючы зялёныя тасёмкі, што ўпрыгожвалі яго. За некалькі месяцаў, што прамінулі, змяніўся выраз яе твару, з вузкага лба сышла ранейшая яго спакойная яснасць, а ў абрысах вуснаў з'явіўся ціхі, але горкі смутак. Але была па-ранейшаму свежай і, як і раней, з яе румянага твару і гнуткай постаці білі маладосць і сіла. Колючы ў цвёрдае сукно тоўстую іголку і высока ўздымаючы руку з доўгай ніткай, напаўголаса спявала на мінорнай ноце сумную сялянскую баладу:
Маці сына сціха навучае: «Чаму ты, сынку, жонкі не караеш?..» «Ой, маю, маю нагайку малую І буду караці жонку маладую». З вячора камора крыкам зазвінела, А з паўночы пасцель громка гаварыла, А світаючы Ганулька не жыла...Тут спявачка прымоўкла на хвіліну, уцягнула нітку ў іголку, паглядзела шэрымі вачамі ў агонь і зноў, схіленая над шыццём, зацягнула:
«Ой, маці, маці, радніца ў хаце, Парадзі цяпер, дзе жонку схаваці?» «Завязі Ганулю ў чыстае поле, А сам скачы на торг да Янова...» У Янове браты Ганулі пахаджаюць І ў швагра сястры сваёй пытаюць: «Дзе Ганулю, сястру нашу падзеў?» Прыехаў дадому. «Слугі наймілейшы, Падайце каня мне найваранейша, Паеду я да Ганулі ў поле, Падайце мне скрыпку громку, Зайграю я сваю долю горку... Ведай, ты, матка...»З працяжным рыпеннем адчыніліся дзверы хаты, Пятруся перарвала свой спеў і, павярнуўшы галаву, убачыла Сымона. Добра яго ведала і не здзівілася, што сюды прыйшоў. Можа, па справе да мужа яе прыйшоў. Ветліва кіўнула галавой.
– Добры вечар, Сымоне. Яе маецеся?
Нічога не адказаў, толькі зрабіўшы некалькі хісткіх крокаў і, спыніўшыся перад ёй з раскрытым ротам, пачаў пільна ў яе ўзірацца. У бляклых ягоных вачах змяшаліся цікавасць і трывога, дзікая пажадлівасць і п'яная расчуленасць, і таму выглядаў ён трошкі страшна і трошкі смешна. З ягонага рота ў самы твар жанчыны біў гарэлачны смурод. Засунуў рукі ў рукавы кажуха і з нейкім трывожным нахабствам пачаў: