Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Пятруся, я да цябе з просьбай...

– А чаго хочаце?
– спытала.

Каб ты мне грошай пазычыла... Да міравога сёння на суд хадзіў... «Даўгі, - кажа, - заплаціць трэба... Зямлю прададуць», - кажа... «Не прададуць, - кажу, - бо не выкупленая, ад ураду, значыць, не выкупленая». А ён, каб яму ногі пакруціла, даўгі плаціць, кажа, - я да старшыні...

Плёў так доўга, некалькі хвілін, па шмат разоў паўтараючы адно і тое, яна цярпліва яго слухала, занятая сваім шыццём, урэшце ўзняла галаву і спытала:

То і што ж я табе, Сымонка, парадзіць магу?

Грошай пазыч, - падступаючыся бліжай да яе, паўтарыў селянін.

– Няма, далібог, няма, а адкуль жа ў мяне грошы могуць быць? Усе ведаюць, што ў мужаву хату ў адной спадніцы прыйшла, тай у падзёртым каптане... І ў яго няма, пабажуся, што няма. Дастатак у хаце, слава Богу, ёсць, але грошай няма... Мы яшчэ маладыя абое... калі нам было грошы збіраць?

– Ілжэш!
– забурчаў мужчына.
Грошай ты маеш удосталь, столькі маеш, колькі іх твая душа пажадае.

І, змяняючы бурклівы тон на просьбу, дадаў:

– Пазыч, Пятруся, злітуйся, пазыч... ці ж табе зашкодзіць? Як ты прыяцелю свайму скажаш, каб табе больш прынёс, дык тут жа і прынясе...

Вочы кабеты са здзіўленнем утаропіліся ў твар селяніна, які ад гарэлкі і хвалявання пачаў пакрывацца цаглянай чырванню.

– Ці ты сфіксаваўся?– прамовіла.
– Які гэта мой такі прыяцель, каб мне грошы паводле жадання насіў?

Сымон падняў руку да лба, нібы хочучы перажагнацца, і адначасова сцішаным ад страху голасам з дурнаватай мінай вымавіў:

А чорт жа? Га? Альбо ж ён табе грошы не насіў? Га?

На гэтыя словы жанчына, як апараная, ускочыла з зэдліка, вочы яе шырока расплюшчыліся, рукі, як баронячыся, выставіла перад сабой.

– Што ты пляцеш?
– крыкнула.
– Чалавеча, апамятайся і Бога ў сэрцы май...

А такі носіць...
– падступаючы яшчэ бліжай і не спускаючы з яе вачэй, настойваў мужчына.

Яна паспешліва і вельмі гучна сказала:

– Я ў касцёле ахрышчаная! Мяне кожны дзень на ноч святым крыжам жагналі! Я ніякім смяротным грахом сваёй душы не загубіла.

А такі носіць!
– стоячы ўжо проста перад ёй, паўтарыў селянін, - я сам сёння бачыў, як ён, такі агністы, праз комін у тваю хату ўлятаў...

На гэты раз у шырока расплюшчаных вачах жанчыны прамільгнуў страх.

– Ілжэш!
– крыкнула, і адчувалася, што горача прагнула, каб запярэчыў таму, што ён цяпер сказаў.
– Ілжэш, скажы, што салгаў!

– Далібог, бачыў...

Кулаком ударыў сябе ў грудзі і зноў пачаў:

– Пазыч, Пятруся, змілуйся, пазыч... Я ўжо і на чартоўскія грошы згаджаюся, каб толькі з горкай бяды вылезці... дай хоць чартоўскіх...

Наступаў на яе, штурхаючы сваім целам да сцяны, набліжаў да самага яе твару свой твар, які смярдзеў гарэлкаю.

– Я да цябе, як да маці... Пятруся... хоць ты ведзьма, але я да цябе, як да маці... ратуй... няхай ужо і на мяне гэты вялікі грэх упадзе... падзелімся з табой і грашыма і грэхам... Я да цябе, як да маці і апякункі... хоць ты ведзьма, але я да цябе, як да апякункі...

Злосць, страх, агіда да гэтага чалавека, які сваім п'янствам давёў да галечы жонку і дзяцей і ад п'янства бачыў, што над яе дахам ляталі д'яблы, ахапілі Пятрусю і абудзілі ў ёй усю яе нязвыклую сілу. З гнеўнымі вачыма стукнула нагой аб падлогу і крыкнула:

– Прэч!
– адначасова ўхапіла мужчыну за кажух і, адчыніўшы дзверы, выпхнула яго ў цёмныя сені.

Зрэшты, гэта было не надта цяжка зрабіць. Мужчына вельмі слаба трымаўся на нагах. У цёмных сенях пахіснуўся ажно да дзвярэй, што вялі на вуліцу, і яшчэ адтуль крыкнуў:

– Не дасі? Такі не дасі грошай?!

Але кавалёва жонка зачыніла дзверы на жалезную засаўку. Мужчына падышоў пад замёрзлае акно і там то выкрыкваў, то бурчаў:

– Я да цябе... ведзьма ты... як да маці... дай грошай... злітуйся... хоць і чартоўскіх дай... не дасі? Такі не дасі? Пятруся, чуеш? Міравы кажа, даўгі плаціць трэба... я да старшыні... Старшыня кажа, зямлі не прадам, але гаспадарку прадам, у адных кашулях застанецеся... Ой, горкая доля мая і дзетак маіх. Пятруся, чуеш? Дай грошай... што табе шкодзіць? Прыяцель твой наносіць табе зноў, колькі захочаш... Не дасі? Такі не дасі? Ну, то пачакай жа, дам я табе, загубленая душа твая... няверная... непрыяцелю Божаму прададзеная... папомніш!

Пайшоў сцежкай да карчмы і вёскі і, ідучы павольна і хістаючыся, сціскаў кулакі і трос імі ў паветры і ўсё з лаянкай, а то з манатонным бурчаннем гаварыў сам з сабой:

– Не дала! Такі не дала! Загубленая душа яе... Пану Богу няверная... Непрыяцелю Божаму прададзеная... Дам я ёй... папамятае...

Ужо колькі месяцаў як Пятруся не хадзіла ў вёску. Ахопліваў яе страх, калі думала пра спатканне з людзьмі, і бабка паўтарала, каб ціхенькая была, як рыбка на дне вады. Аднак праз тыдзень пасля гэтых надзвычайных адведзін Сымона выпала ёй неадкладная патрэба пайсці да Лабудаў. Аксеня спрала для Лабудзіхі талькі і іх абавязкова трэба было аднесці, каб не наклікаць нараканняў і асуджэння. Надвячоркам, калі каваль працаваў у кузні, Пятруся сказала бабцы:

– Пайду, бабуля, сёння ўжо абавязкова пайду да Лабудаў.

Старая хвіліну памаўчала, як бы гэтае рашэнне ўнучкі ёй не надта спадабалася, потым, аднак, адказала:

– Ідзі, калі ўжо трэба... толькі там людзям не насоўвайся ў вочы... за гумнамі прайдзі.

– За гумнамі прайду, - паўтарыла Пятруся.

Апранула сярмяжку і чаравікі, завязала на галаву хустку і пайшла. Аксеня, застаўшыся з дзецьмі на печы, амаль у поўнай цемры пачала расказваць казку пра цмока. Была гэта доўгая і страшная казка, пасля якой надышла чарга другой, такой смешнай, што двое старэйшых ажно заходзіліся са смеху і самая меншая Галенка таксама смяялася, хоць яшчэ добра зразумець яе і не магла. Маленькі Адамка заплакаў у калысцы. Аксеня загадала Стасюку, каб злез з печы і калыхаў брата. Дзіця ссунулася з печы, узлезла на тапчан, каля якога стаяла калыска, і неўзабаве размераны стук бегуноў акампанаваў хрыплаватаму голасу бабкі, якая расказвала ўжо трэцюю казку. І тады пад вокнамі і ў сенях пачуўся хуткі тупат ног, дзверы з трэскам расчыніліся і, відаць, засталіся раскрытымі насцеж, бо ў хату ўліўся струмень марознага паветра, і адначасова ў цемры раздаўся глухі крык, здушаны роспаччу ці трывогай:

– Езус! Ратуйце! Нешчаслівая я! Б'юць ужо! Кіямі б'юць! Божа мой міласэрны!

Гэта быў голас Пятрусі, якая, відаць, усім целам асунулася на падлогу, бо пасярод хаты нешта моцна стукнула. У гэты час анямелая на некалькі хвілін Аксеня прамовіла дрыготкім голасам:

– А што з табой, Пятруся? А што ж з табой? Хай Пан Бог злітуецца над намі! Што з табой?

Напалоханая крыкам і стукам трохгадовая Галенка выбухнула плачам, трошкі цішэй за яе заплакаў Адамка. Праз галасьбу дзяцей прабіўся гучны загадны голас сляпой бабкі:

Поделиться с друзьями: