Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Не фіксуйся, Пятруся. Запалі святло. Дзеці ўпоцемках плачуць.

Цяжка, са здушаным стогнам, жанчына паднялася з зямлі, а калі распальвала святло і ўстаўляла ў пячную шчыліну запаленую лучыну, рукі яе калаціліся, як у ліхаманцы. Пры дрыготкім бляску агню яе твар са скульптурнай выразнасцю выявіўся на шэрым фоне хаты, белы як палатно, з вялікімі маршчынамі на лбе, з гарачымі, як вуголле, вачыма. Хустка ссунулася з яе галавы, парасплятаныя валасы закрылі шыю і лоб, дзве толькі слязінкі свяціліся на яе вейках, але ад глыбокіх рыданняў уздрыгвалі вусны і грудзі. Запаліўшы святло, абедзвюма рукамі абхапіла галаву і, як звар'яцелая, пачала бегаць па хаце. То з шырока расплюшчанымі вачамі і рукамі над галавой спынялася пасярод хаты, то кідалася тварам на стол альбо лаву, то прыпадала да печы і нібы з маленнем цягнула рукі да бабкі. І ўвесь час пры гэтым гаварыла, так, як гавораць у ліхаманцы, хутка, бязладна, раптам нешта выкрыкваючы, а потым зноў зніжаючы голас аж да шэпту. Слухаючы яе, Аксеня выпроствалася як струна на сваім сенніку, усё часцей варушыла сваімі зжоўклымі сківіцамі, а касцістымі рукамі няўцямна шукала галоўкі малых унучак, якія, ужо маўклівыя, перапалоханыя, самі прыціскаліся да яе рук і грудзей. Пятруся расказвала, што да Лабудаў зайшла добра, талькі аддала, усім ветла пакланілася, але, не ўступаючы ў гаворку, адразу ж той самай дарогай пайшла дахаты. А там пільнавалі яе людзі, якія, відаць, ужо дазналіся, што яна ад Лабудаў будзе вяртацца гэтым шляхам. Пільнавалі яе за плотам саду, за нізкім плотам, і калі каля яго праходзіла, нехта ўдарыў у спіну кіем яе так моцна раз і другі, што яна ажно ўпала на зямлю. Той, хто ўдарыў, быў Сымон Дзюрдзя, бо яго добра пазнала, хоць і цёмна было, а за Сымонавымі плячамі раздаўся смех Сцяпана, Параска ж, Сымонава жонка, нешта пра грошы і купленую спадніцу загаварыла, і Разалька праклінала яе і ведзьмай называла, і яшчэ двое чалавек смяяліся і гаварылі, але яна ўжо не ведае, хто, бо сарвалася з зямлі і штосілы далей пабегла. А яны цераз плот пералезлі на сцежку і пайшлі сабе да карчмы, не ўцякаючы, памалу, як бы нічога ніякага. Білі! Палкамі білі! Біць пачалі ўжо! Што ёй рабіць? За што гэта на яе звалілася?

Яна плакала горкімі слязамі, ламала рукі, было відаць, што страшная трывога замуціла ёй розум і адбірала волю. На печы зашэмраў шэпт старой:

– Парабак Пракопка... Ой, парабак Пракопка... чаму я цяпер сабе зноў расказы і слёзы маткі тваёй Пракопіхі ўспомніла?

Бабуля шырэй раскрыла бельмы вачэй на сваім пажоўклым твары і такім самым, як і раней, загадным голасам прамовіла:

– Укленчы і голасна гавары пацеры...

Загадвала так, нібыта яе ўнучка была яшчэ маленькая дзяўчынка, і Пятруся слухалася яе, як дзіця. Яна адразу ж укленчыла.

– Не так, - прамовіла старая, - не так. Галенку з печы ссадзі, Адамку на рукі вазьмі, старэйшых да сябе пакліч... абдымі дзяцей рукамі і Найвышэйшаму Богу іх паказвай... Ты маці... хай Пан Бог найвышэйшы злітуецца над дзецьмі...

З сонным немаўляткам на адной руцэ, а другой абдымаючы малога хлопца і дзвюх меншых за яго дзяўчынак, маладзіца ўкленчыла пасярод хаты, ды словы малітвы ўцякалі з яе памутнелай памяці і не прыходзілі на дрыготкія вусны. Сляпая бабка сваім хрыплаватым і дрыгатлівым голасам пачала:

– Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая...

Паўтараў гэта за ёю напачатку слабы, а потым усё больш выразны голас маладой жанчыны. Пад канец разам горача вымавілі «Аман», пасля чаго старая сказала:

– Ну, устань! Можа, Пан Бог Найвышэйшы пачуў...

Цішэй дадала:

– І дзяцей убачыў...

Нядоўгая цішыня запанавала ў хаце. Пятруся клала ў калыску немаўля, дзеці збіліся ў куце хаты, прытуліўшыся так шчыльна адно да другога, як перапалоханы авечы статак.

– Дзе Міхалка?
– спыталася Аксеня.

– У кузні.

– Не ведае, што табе прытрапілася...

– А не ведае...

Колькі месяцаў таму са сваім жалем і страхам, як з радасцю і весялосцю, бегла б проста да мужа, найперш і без роздуму бегла б да яго. Але цяпер! О! З іншым ён ужо сэрцам да яе, чым даўней... Нельга ўжо ёй з усім да яго бегчы. Яе вера ў ягоную любоў знікала, з кожным днём усё больш знікала, а там, дзе была яе слодыч, рабілася так горка, як бы ёй хтосьці насыпаў туды жменю пякучай гарчыцы.

– Хадзі да мяне, дзіця, пагаворым...

Пятруся адышла ад калыскі, ускочыла на тапчанік, а адтуль ужо лёгка было ёй усесціся на край печы. Яны сядзелі адна насупраць другой: бельмы сляпой бабкі, здавалася, з напружанасцю ўзіраліся ў сплаканы твар маладой кабеты. Пасля досыць доўгага роздуму Аксеня пачала:

– Пятруся! То ж заўтра вялікае свята.

– Але, бабуля.

– То ж Дабравешчанне Найсвяцейшай Панны Марыі, вялікі фэст у касцёле і вялікі кірмаш у мястэчку.

– Але, бабуля.

– У касцёле адпушчэнне грахоў, а на кірмашы будзе народу цьма. І з Сухой Даліны гаспадары паедуць у касцёл і на кірмаш.

Старая зноў досыць доўга маўчала, нібы перажоўвала нейкія свае думкі і планы жоўтымі сківіцамі.

– Паслухай, - сказала, - ужо табе няма іншага паратунку, як толькі да Пана Бога звярнуцца і ў яго абароны перад людзьмі прасіць. Няхай пра цябе Пан Бог засведчыць, што ты ніякім грэхам смяротным душы не загубіла. Ідзі ў касцёл, ляж перад Панам Богам крыжам, паспавядайся і прымі найсвяцейшую камунію... Чуеш?

– Чую, бабуля. Добра, бабуля, зраблю, як дараджаеце.

– Але. Як паспавядаешся, ад ксяндза найсвятлейшую камунію прымеш, дык і табе лягчэй будзе, і ўсім людзям пакажаш, што ты не Божая непрыяцелька. Няхай убачаць, што молішся Пану Богу, крыжам лежачы, і што табе ксёндз у найсвяцейшай камуніі не адмовіў. Калі гэта ўбачаць, спазнаюць, што ты не такая, як яны выдумалі, і што ані смяротнага граху, ані якога вялікага злачынства на табе перад Панам Богам няма. Пан Бог найвышэйшы сам за цябе добра засведчыць.

– Добра, бабуля, добра, - супакоеная, паўтарыла Пятруся і, схіляючы змучаную галаву на бабуліны калені, пацалавала яе касцістую руку.

Яна гэтай рукою пачала яе гладзіць па валасах. Абедзве маўчалі. Потым маладзіца азвалася зноў:

– Франьку папрашу, каб хату і дзяцей дапільнавала і стравы наварыла, а сама на досвітку ў мястэчка пайду.

– Можа, і Міхалка пойдзе?

– Пэўна, не пойдзе. У той двор яму трэба пайсці, адкуль тую вялікую працу павінен узяць...

– Добра было б, каб пайшоў. Разам бы памаліліся і паспавядаліся, каб ранейшае дабро вярнулася...

Зноў замаўчалі, паглыбленыя ў роздум. Дзеці ў куце пачалі шаптацца паміж сабой і з гучным хрупаннем есці сырую бручку, якую Стасюк знайшоў дзесьці ў сенях. І ніхто не звярнуў увагі на мужчынскія крокі, што пачуліся за дзвярыма. Каваль увайшоў у хату, і толькі тады Пятруся ўзняла галаву з каленяў бабулі. На Міхалкавым твары не было ўжо ранейшай бясхмарнай, бесклапотнай весялосці. Незадавальненне і неспакой прыцьмявалі бляск ягоных чорных вачэй; трохі надзьмутыя вусны пад чорнымі вусамі выяўлялі схільнасць да папрокаў і гневу. Дзяцей, што кінуліся да яго, пагладзіў па галовах і, азірнуўшыся на хату, здзіўленым голасам усклікнуў:

– А што ж гэта? То ж гэта вячэры і заводу няма!

Сапраўды, толькі смаляк кідаў на хату скупое і мігатлівае святло, у чорнай глыбокай сярэдзіне печы агню не было.

– А Езус!
– саскокваючы з печы, крыкнула Пятруся.
– Гэта ж я сёння пра вячэру забылася, усмерць забылася!

І з такой паспешлівасцю, што ажно калаціліся рукі, пачала распальваць агонь і наліваць у катлы ваду. Першы раз у жыцці надарылася ёй забыцца пра хатнія клопаты, а прычыны гэтага мужу сказаць не магла. Ён таксама пра іх не распытваў. Сеў на лаве і толькі сказаў:

Поделиться с друзьями: