Выбраныя творы
Шрифт:
Адштурхнуў сына рукой і зноў пахіліўся над зямлёй, але Клеменс пацягнуў яго за кажух.
– Хадзі, татку, а то торг страцім...
– Скажы старшыні, каб сам ішоў у касцёл і людзям не перашкаджаў маліцца Пану Богу...
Сказаў гэта такім тонам, што Клеменс больш не настойваў, укленчыў, перажагнаўся, пацалаваў два разы зямлю і выйшаў з касцёла. Але Пётра ўжо не адчуваў папярэдняга душэўнага настрою. Нешта пачало яму карцець і непакоіць яго. Паціскаў плячыма, азіраўся, урэшце ўстаў з каленяў і, некалькі разоў яшчэ ўдарыўшы сябе ў грудзі, пакінуў касцёл. У прытворы сустрэў Сцяпана, які мачыў пальцы ў свянцонай вадзе.
– А што там з маім канём чуваць?
– спытаўся з відочнай занепакоенасцю.
– Старшыня яго ў Клеменса старгаваў. Ідзі хутка, а то торг страціш...
Сцяпан таксама нядоўга забавіўся ў касцёле, бо яшчэ не прадаў свайго воліка. Сымон жа толькі памаліўся перад касцельнымі дзвярыма і як хутчэй з грашыма, што атрымаў за прададзенае жыта і гарох, паляцеў у карчму. Ніводзін з іх не дабраўся да сярэдзіны касцёла, а тым больш да вялікага алтара, дзе мноства людзей спавядалася пры канфесіяналах, а потым кленчыла перад балюстрадай, чакаючы камуніі.
За гадзіну перад змярканнем гандлёвы рынак пачаў пусцець, затое ўсё больш саней і коней збіралася ля варот вялікай мураванай карчмы. Для людзей, што праз цэлы дзень маліліся і мерзлі ў касцёле, мерзлі таксама прадаючы і купляючы на рынку, было амаль неабходнасцю перад тым, як пусціцца ў далёкую дарогу дадому, зайсці на хвілінку ў якія цёплыя сцены, пагрэцца і перакусіць. Тут перад карчмой, авальная брама якой на ўсю шырыню будынка выглядала чорнай безданню, на зацвярдзелай ад марозу, прысыпанай снегам, усланай саломай пляцоўцы, якая паблісквала замёрзлымі лужынамі, стаяла мноства саней і коней, галовы і шыі якіх знікалі ў прывязаных да іх торбах з кормам.
Памяшканне карчмы было тут значна прасторнейшым, чым у Сухой Даліне. У мястэчку трэба было разлічваць на заведама большую колькасць гасцей, чым у вёсцы. Асабліва ў такія дні, як сённяшні, збіралася іх тут вельмі шмат. У шырокай грубцы гарэў вялікі агонь. Людзі, якія ўваходзілі сюды, запыняліся перад ім, разагравалі змерзлыя рукі, пастуквалі ступнямі аб падлогу, каб сагрэць ногі, потым, ідучы да сталоў, што стаялі ля сценаў, здымалі з плячэй палатняныя, падвешаныя на шнурках торбы. Такія торбы мелі амаль усе. Быў у іх харч, узяты з дому на ўвесь дзень. Колькасць і якасць яго залежала ад заможнасці кожнага з наведнікаў. Адны са сваіх торбачак выцягвалі толькі кавалак чорнага хлеба, жменьку солі і пляйстры цвёрдага сыру; іншыя апрача хлеба і солі мелі яшчэ сала, каўбасы, звараныя ўкрутую яйкі. Каб паесці, адны шырока рассядаліся на лавах, іншыя елі ходзячы альбо стоячы. Народ прыбываў, гамана нарастала, адусюль было чуваць, як прасілі гарэлку, мёд, піва. Рознага ўзросту жыды, што складалі карчомную сям'ю, безупынку віліся сярод тлуму з бляшанымі паўгарцавікамі, квартамі, чаркамі, са шклянкамі з зялёнага шкла, з глінянымі міскамі, напоўненымі кіслымі агуркамі і селядцамі, якімі сяляне закусвалі гарэлку. Былі тут жыхары многіх асобных вёсак, але амаль усе яны належалі да адной гміны. Амаль усе таксама ведалі адзін аднаго зблізку альбо здалёку і таму раз-пораз уступалі ў размовы пра сённяшні кірмаш, пра панесеныя страты ці набыткі, пра розны клопат у сваіх гаспадарках ці сем'ях. У сярэдзіне хаты найвышэйшы гмінны чыноўнік, старшыня, немалады селянін з доўгай барадой, у чорнай аўчыннай шапцы, насунутай па самыя вочы, частаваў мёдам досыць вялікую кампанію. У гэтым пачастунку акрамя іншых людзей прымалі ўдзел жыхары Сухой Даліны, а сярод іх самую важную ролю адыгрываў Пётра Дзюрдзя, бо аказіяй для пачастунку стаўся конь, якога ён прадаў старшыні. Размова ішла пра розныя вартасці каня і прывяла да жывой гамонкі пра коней увогуле, часам усчыналіся спрэчкі, якія старшыня, аднак, заўсёды перапыняў, даліваючы з бляшанага гарнца мёду ў шклянкі і з ветлівай павагай кажучы бяседнікам:
– Піце, вашэці грамада, піце! На здароўе вам! На шчасце!
Выраз «вашэці грамада» паўтараўся ў ягоных вуснах бясконца. Адчуваў ён сябе галавой і начальнікам гміны, ці грамады, і баяўся страціць найменшую мажлівасць нагадаць пра гэта ўсім. Сяляне хілілі галовы ў знак падзякі і падносілі да вуснаў зеленаватыя шклянкі. Толькі Клеменс не піў і да гэтага часу не прымаў удзелу ў размове. Быў яшчэ малады, нежанаты, сваёй гаспадаркі не меў, сюды прыехаў з бацькам і толькі праз яго нешта значыў. Ад прысутнасці старшыні і грамады старых, паважных гаспадароў ён зрабіўся нясмелым, і гэта ўстрымлівала яго самастойна прыняць удзел у пачастунку. Стаяў за бацькавай спінай, і, высоўваючы з-за ягонага пляча свой румяны і блакітнавокі твар, паглядаў трошкі хціва і трошкі нясмела на паўгарнцавік і шклянкі. Жывыя і хітраватыя вочы старшыні спаткаліся з яго сарамлівым позіркам.
– Аааа!
– здзівіўся і, смеючыся, паказаў пальцам на хлопца.
– Аааа! Вашэці грамада! ці гэта хлопец, ці дзяўчына?
– Нібы дзеля таго, каб лепей разгледзець, хіліў галаву то ў адзін, то ў другі бок.
– Гляджу, гляджу і распазнаць не магу! Здаецца, што хлопец, але за бацькавы плечы схаваўся, як дзяўчына, і надта саромеецца... Ну, пакажыся... да стала падыдзі, а то і праўда падумаю, што з мужчыны перамяніўся ў дзяўчыну!..
Гэтыя жарты суправаджаліся рогатам; Пётра засмяяўся таксама і падштурхнуў сына да стала.
– Ну, ідзі, калі спадар старшыня заве...
Не такім ужо і сарамлівым быў Клеменс, як палічыў старшыня. Вусны, праўда, прыкрыў даланёй, але вясёлымі вачыма глядзеў проста на начальніка гміны. Той наліў поўную шклянку мёду і падаў яе хлопцу.
– Пі!
– усклікнуў.
– Каб хутчэй вусы пад носам выраслі.
І, даліваючы зноў усім у шклянкі, паўтараў:
– Піце, вашэці грамада, піце!
Пілі і смяяліся з Клеменса, які на згадку пра вусы павёў пальцамі па залацістым пушку, што абсыпаў яго верхнюю губу, а потым кіўнуў галавой і смела ўсклікнуў:
– На здароўе, спадар старшыня!
– На здароўе табе!
– адказаў старшыня і звярнуўся да Пётры: - У салдаты не пайшоў? Га?
Пётраў твар праяснеў:
– А не пайшоў: калі прыйшоў час на жараб'ёўку, Ясюк быў яшчэ малы, а мне ўжо, дзякаваць Найвышэйшаму Богу, пяцьдзесят сёмы гадок жыцця ішоў... Брат малы... бацька стары... значыць, яму льготу далі і застаўся ў хаце, хай будзе пахвалёны Пан Бог...
– От і выкруціўся, - заўважыў хтосьці збоку.
– Ну, шчаслівы!
– дадаў нехта іншы.
– А шчаслівы, - паўтарыў Пётра, - каб толькі Пан Бог ва ўсім так блаславіў...
Старшыня зноў падаў шклянку мёду шчасліваму хлопцу.
– Пі!
– сказаў.
– Пі і памятай, хто цябе трактуе!
Хлопец завагаўся, зірнуў на бацьку, але Пётра, якому заўсёды была прыемнай усялякая ўвага, узрадаваны сціплымі дагэтуль паводзінамі сына, штурхануў яго ў локаць і падахвоціў.
– Пі, калі спадар старшыня кажа...
Зусім ужо асмялелы Клеменс развесяліўся і на гэты раз не панёс шклянкі проста да вуснаў, але падняў яе ўгору з такім жэстам, што ажно трошкі мёду вылілася з яе на стол, і пры гэтым сам падскочыў.
– Каб так конь брыкаў!
– усклікнуў ён і толькі тады выпіў шклянку да дна.
Гэта спадабалася прысутным, якія, таксама ўздымаючы свае шклянкі над галавой, адзін за другім паўтаралі:
– Каб так конь брыкаў, спадар старшыня, каб так конь брыкаў!
Гэта адносілася да таго каня, якога сёння купіў старшыня ў Пётры. Вясёлы па характары, а можа, маючы ў тым і свой інтарэс, Антон Будрак, стараста Сухой Даліны, крыкнуў арандатару прынесці яшчэ гарнец мёду. Зараз ён пачастуе старшыню, а разам і ўсю кампанію. Некалькі галасоў азвалася:
– Не хочам больш мёду; калі частуеш, то гарэлкі давай!
Будрак крыкнуў гарэлкі, а старшыні, які хацеў мёду, сам пачаў наліваць у шклянку гэты трунак:
– Інтарэс ёсць такі, спадар старшыня. Хочам пачаць працэс пра тыя землі і лугі... Каб даўнасць не наступіла... то... можа, што-небудзь нам парадзіце. Інтарэс ёсць такі...