Выбраныя творы
Шрифт:
Крывавая чырвань заліла Сцяпану твар, ён улез у самую сярэдзіну грамады і пачаў крычаць. Даказваў, што выбары не былі справядлівымі, бо не прысутнічалі тут усе гаспадары Сухой Даліны, што павінны выбраць яго планіпатэнтам, а калі не, дык ён пойдзе ў суд... Усчалася калатнеча і дайшло б, напэўна, да кулакоў, але старшыня ўстаў з лавы і пачаў крычаць на Сцяпана, не шкадуючы грубай лаянкі і мянушак. Адчуваў ён сябе асабіста абражаным.
– Як гэта незаконныя?
– крычаў.
– Калі я тут быў, то ўсё па закону! Я тут найвышэйшы і ўсё магу рабіць... Мяне сам цар над вамі паставіў... калі захачу, зраблю ласку, а калі захачу, на катаргу вышлю...
Сцяпан на момант сумеўся, але потым зноў па-заліхвацку запатрабаваў у арандатара гарнец гарэлкі і разам з некалькімі прыязнымі яму людзьмі непадалёк ад старшыні пачаў піць чарку за чаркай.
У гэты час Пётра, расслаблены пітвом, усцешаны гонарам, які на яго выпаў, таксама частаваў старшыню і суседзяў.
– Дзякуй! Спадар старшыня! Дзякую, вашэці грамада!
– безупынку паўтараў ён, а потым, спыніўшыся перад Антонам Будракам з чаркаю ў руцэ і прыжмуранымі вачамі, сказаў: - Ты планіпатэнт і я планіпатэнт, ты стараста і я стараста... дык і пацалуемся...
Цалаваліся так гучна, нібы коркі з бутэлек выскоквалі...
Агульная п'янка дасягнула ў гэты час высокай ступені, але вызначалася пэўнай асаблівасцю. Людзей, такіх, як Сымон Дзюрдзя, што напіваліся самі па сабе і без ніякай прычыны, было вельмі мала. Большасць упівалася ўсмерць, але ў кампаніі з прычыны барышоў і аказій, а аказіяй тут было ўсё: прададзены конь, купленая карова, спатканне са знаёмым, замірэнне з пасвараным, памінкі па бацьку, які год таму памёр, намер ажаніць сына альбо выдаць замуж дачку. Вясёлая ці сумная падзея, набытак альбо страта, сяброўства ці сварка, надзея ці расчараванне - усё вяло да пачастунку, які шматразова аддзячваўся тым самым. У хаце панаваў нечуваны гоман галасоў, настроеных на розныя тоны, і рух, які выяўляў розныя ступені і прыроду ап'янення. У адным месцы ішла бойка, якая скончылася выкідваннем за дзверы пераможаных, у іншым прыціскалі да сцяны жыда-арандатара, які крычаў ад страху альбо таксама лаяў сялян, што абражалі яго, у іншым жа месцы два хлопцы, узяўшы рукі ў бокі, падобныя на двух раззлаваных пеўняў, калыхаліся адзін перад другім, манатонным голасам вымаўляючы адны і тыя ж словы. Некалькі жыхароў Сухой Даліны з чаркамі ў руках лезлі цалаваць старшыню, які таксама на добрым падпітку рассеўся на лаве і так ужо насунуў на твар сваю вялікую шапку, што з-пад яе была відаць, бадай, толькі адна ягоная рудая барада. Сяляне, аднак, далезлі да ягоных шчок і, цмокаючы ў іх, паўтаралі:
– Ты ў нас найвышэйшы, ты над намі ўсімі, як бацька...
Сымон, наадварот, пайшоў да яго зараз з раззлаванай мінай.
– Ты мне гаспадарку апісваць не смей!
– крычаў.
– Бо як апішаш, заб'ю... далібог, заб'ю... хоць ты і старшыня, а такі заб'ю... і будзе табе шабаш!
Пётра Дзюрдзя стаў насупраць Максіма Будрака.
– У цябе дачка, - казаў.
– А ў мяне сын... хай будзе пахвалёны Пан Бог Найвышэйшы.
А Будрак у гэты час гаварыў:
– У цябе сын, а ў мяне дачка... Чаму не можа быць волі Божай... будзе... толькі сватоў прысылай...
– Прысылай!
– пацвярджальна паўтарыў Пётра і, узносячы ўгору ўказальны палец, зморшчыўшыся, пачаў зноў: - У цябе дачка, у мяне сын... няхай, як той казаў, Божая сіла пераможа чартоўскую сілу...
Тады Клеменс пацягнуў бацьку за рукаў кажуха:
– Едзем дахаты, татку!– запішчаў тонкім з просьбаю галаском.
Ён таксама быў п'яны, але яшчэ пры памяці. Захацелася яму дахаты, каб як найхутчэй аддаць абразок Настцы. Пётра глянуў на сына як бы здзіўленымі вачыма і са злосцю закрычаў:
– А ты хворы быў! Ледзь не памёр! Чартоўская сіла хваробу тую табе зрабіла...
Клеменс плюнуў.
– Каб яна свету не ўбачыла, тая, што мне такой бяды нарабіла! Едзем дахаты, татку!
І за рукаў кажуха цягнуў да дзвярэй бацьку, які, даючы сыну весці сябе, азіраўся на Максіма і крычаў:
– Памятай, Максім! У цябе дачка, у мяне сын... Хай перад нябесным валадарствам згіне чартоўскае валадарства...
У самым парозе бацька і сын наткнуліся на Сымона.
– А ты чаго тут яшчэ лайдачыш!
– крыкнуў на сваяка Пётра.
– Дахаты табе... а то апошнюю капейку прап'еш...
– Ужо і прапіў...
– адразу ж пачаў плясці Сымон, - ужо тое, што за жыта і гарох узяў, да астатняй капейкі прапіў... ужо і шабаш мне і дзеткам маім...
Выходзячы, Пётра і Клеменс выпхнулі сабою Сымона ў сені, а потым на двор, застаўлены яшчэ сялянскімі санямі і коньмі, хоць частка бяседнікаў ужо і раз'ехалася. Тут убачылі Сцяпана, які здымаў з шыі свайго каня торбу і збіраўся ад'язджаць.
– Гэй, дзядзьку!– крыкнуў Клеменс.
– Пачакай, разам паедзем...
Сцяпан, п'яны, быў пануры і злосны; ён у адказ вылаяўся праз зубы, а потым крыкнуў Пётру:
– А ўсё ж шэльма ты, я планіпатэнтам буду... чуеш?
– А ты не лайся... бо няма за што... няхай будзе пахвалёны Пан Бог Найвышэйшы на векі вякоў...
– адказаў Пётра.
Сымон таксама лез на свае сані, мармычучы:
– Не дала... шэльма... ведзьма грошы не дала... каб яна гэтага свету не бачыла... а зараз табе і дзеткам тваім шабаш!
Трое саней Дзюрдзяў, першыя з якіх займалі Пётра з Клеменсам, адначасова ад'ехалі ад карчмы і, праехаўшы дробным трушком праз мястэчка, апынуліся неўзабаве сярод засланых снегам палёў. Холадна. Мароз невялікі, можа, дзесяць градусаў, не больш, але дзьме моцны вецер і ўздымае з зямлі воблакі снегу. Зверху таксама падае снег, драбнюткі, як пыл, цвёрды і густы. Месяц свеціць, але яго не відаць за цёмнымі хмарамі, што зацягнулі ўсё неба, і хоць ноч і не цёмная, мала што можна ўбачыць праз гэтую снежную імглу, якая падае зверху і падымаецца з зямлі. Вецер закручвае яе ў клубы альбо вялікімі посцілкамі распасцірае ў паветры, а святло месяца з-за белых воблакаў насычае рухомае іхняе нутро белым святлом, якое нічога не асвятляе.
Толькі шэсць вёрст аддзяляе мястэчка ад Сухой Даліны, і амаль уся дарога, якая вядзе туды, абсаджана дрэвамі.
У снежнай імгле гэтыя дрэвы шарэлі, як прывіды, што блукаюць па полі, але Дзюрдзі распазнавалі іх час ад часу і, падсцёбваючы коней, пакідалі за сабой усё большую адлегласць. Ніхто з іх не спаў, Пётра часам набожна ўздыхаў ці штосьці шаптаў, Клеменс колькі разоў пачынаў насвістваць, Сцяпан змрочным голасам падганяў свайго каня, Сымон, амаль лежачы на сваіх санях, зрабіўся надзіва гаваркім і крыклівым. Шум і свіст ветру заглушалі ягоныя словы, ён, аднак, не дбаў пра тое, ці слухае яго хто, лаяўся, камусьці пагражаў, на нешта жаліўся і некага праклінаў. Раптам Клеменс крыкнуў:
– От і Прыгоркі!
Такую назву меў узгорак, парослы дубовым і бярозавым лесам, можа, на паўтары вярсты аддалены ад высокага крыжа, адкуль ужо была кароткая і прамая дарога да Сухой Даліны. Адгэтуль ужо толькі вярсты дзве аддзялялі іх ад вёскі, але тут знікалі прыдарожныя дрэвы і адкрывалася гладкая раўніна з невялікімі пагоркамі каля самага крыжа, якіх у снежнай замеці не было відаць.
Мінулі Прыгоркі і нічога ўжо перад сабой не бачылі. Бель і бель, на небе, зямлі і ў паветры. Снег і снег усюды; ані дрэва, ані верставога слупа, ані якога пагорка. Клеменс павярнуў лейцамі налева. Сані адразу ж зарыліся ў снег.