Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

Усё з тою самай прыязна-жартаўлівай усмешкай ён падплыў да жанчыны, якая стаяла ў вадзе, і падаў ёй мокрую блакітную шматку. А яна, апусціўшы рукі, ужо гучна смяялася, бліскаючы белымі зубамі і ўтаропіўшыся ў яго чорнымі палаючымі вачыма. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў празрыстай вадзе ля яе голых, пазалочаных сонцам ног ляжаў стос мокрых адзежын. Ён глядзеў на жанчыну і дзівіўся, як гэта яна магла так хутка перайсці ад плачу і ляманту да вясёлага залівістага смеху? Пры гэтым яна чамусьці брала і не брала з яго рукі сваю блакітную шматку, то нібыта не магла да яе дацягнуцца, то нібыта выпадкова выпускала яе са сваіх тонкіх загарэлых пальцаў. Яна неадрыўна глядзела на яго, а пасля раптам зазірнула яму ў самыя вочы. Сустрэўшыся з яе позіркам, рыбак сарамліва адвёў вочы. Дзіўная гэта была рэч: дзяўчына гарэзліва, з вясёлай і дзёрзкай цікаўнасцю глядзела на мужчыну, а той сарамліва адводзіў ад яе позірк. Аднак усмешка не знікала з яго вуснаў. Пазіраючы не на дзяўчыну, а на хвалі, якія ўсё больш набіралі блакіту, ён прамовіў:

– Ну, бярыце ўжо сваю шмату, мне трэба плыць. І чаго было так лямантаваць? Можна было падумаць, што з вамі здарылася Бог ведае якое няшчасце ці хто, барані божа, утапіўся.

– Ого! Чаму лямантавала!
– усклікнула яна і злосна і гарэзліва адначасова.
– Была б я бедная, калі б гэта шматка, барані Божа, загінула. Ужо тры дні гаспадыня не дае мне спакою з мыццём дзіцячых рэчаў. Учора ўвечары я іх памыла, а сёння ранічкай устала, каб выпаласкаць іх у рацэ. Аж тут раптам адна з іх узяла і паплыла.

Седзячы на вузкай лаве ў чаўне, ён слухаў яе хуткую, жывую гаворку, у якой словам, здавалася, было цесна і яны абганялі адно аднаго. Рыбак не глядзеў на дзяўчыну, але слухаў з цікавасцю яе высокі і крыху рэзкі голас.

– А хто вы такая?

– Я?

Яна паказала рукой на гару, дзе бялела дача.

– Я служу пакаёўкай у тых паноў, якія прыехалі сюды на лета... Узялі мяне зімой і да канца лета пабуду яшчэ ў іх... А ўвосень, як вернемся ў горад, пайду ад іх... Даўжэй як да восені не застануся...

– Чаму ж гэта? Хіба крыўдзяць ці лаяць цябе?
– з усмешкай запытаў рыбак.

Яна выпрасталася, пачырванела, і вочы яе загарэліся.

– Ого! Хай бы толькі паспрабавалі! На лаянку ёсць адлаянка! Я сябе ў крыўду не дам! Я дзяўчына з добрай сям'і. Бацька мой у канцылярыі служыў. Хай толькі мяне хто-небудзь абразіць злым словам, дык я яму так адкажу, што дзесяць год будзе помніць! А пасля хай мяне судзяць... Была я і ў судах! Не спалохаюся!

Ён паглядзеў на яе са здзіўленнем, амаль з жахам, але зноў адвёў позірк, бо гарачы румянец твару дзяўчыны і бляск яе чорных вачэй нібы апёк яго жарам.

– Дык чаму ж тады вы збіраецеся ад іх ісці?
– запытаў ён.

– Чаму? Ды проста так! Я нідзе доўга жыць не магу. Хай сабе будуць самыя найлепшыя гаспадары, а на адным месцы я заўсёды знуджуся і - бывайце! Шукайце тады ветру ў полі. Гэткі ўжо ў мяне характар. Аднак і я хачу ведаць, хто вы?

– Хто я такі? Цікава? Ды я чарвяк...

Ён задумліва ўсміхнуўся, а яна звонка зарагатала.

– Няма чаго смяяцца, - сказаў ён павольна.
– Паміж чалавекам і чарвяком розніца малая. Чарвяка есць рыба, а чалавека зямля. Ці пан ты, ці мужык, ці кароль, ці парабак - кожнага зямля праглыне, як рыба чарвяка. Вось так!

Яна слухала яго з цікавасцю. А калі скончыў - заўважыла:

– Разумна гаворыце, але сумна. Што там думаць аб смерці, калі жыць часам так добра?!. Не заўсёды, але бывае... Ой, і добра! А чым жа вы займаецеся?

– Я рыбак.

– А дзе жывеце?

Ён назваў вёску, у якой жыў.

– Селянін?
– вагаючыся, запытала яна.

Ён кіўнуў галавой.

– Вось дзіва! Колькі жыву на свеце, ніколі яшчэ так доўга не размаўляла з ніводным селянінам! А чаму ж вы гаворыце не па-мужыцку?

– А чаму ж мне не гаварыць таксама, як вы... калі я ўмею?

– Цікава, селянін, а такі ветлівы, разумны! А ведаеце, зблізку вы выглядаеце значна старэйшым, чым здалёк. Калі былі на сярэдзіне ракі, я думала, што гэта нейкі малады хлапец плыве, а цяпер бачу, што вам, мабыць, гадоў сорак будзе!

Яна дзівілася, рагатала, размахвала рукамі, то адной, то другой нагой боўтала ў вадзе, выкідаючы маленькія фантаны пырскаў, і ўсё мільгала перад ім залацістасцю свайго цела, чарнатой валасоў, бляскам вачэй, беллю зубоў.

– Але нічога, - дадала.
– Хоць маеце сорак гадоў, а мужчына хоць куды!.. Прыгожы...

Гаварыла яна ўсё гэтак жа гучна, ані не бянтэжылася і не апускала вачэй. Яна нават ухапілася цёмнай гібкай рукой за нос чаўна і нібы хацела наблізіцца да яго, абы даўжэй затрымаць пры сабе. Ён таксама перастаў ужо сарамліва адводзіць ад яе вочы і глядзеў, не хаваючы захаплення. Яна зблізку выглядала таксама не такой ужо і маладой: твар яе з прыгожа акрэсленымі дробнымі рысамі ўжо трохі прывяў, колер яго быў нездаровы, вялікія вочы глыбока запалі пад ілбом, над якім ніткі чорных валасоў крыжаваліся з некалькімі тонкімі, як валаскі, рыскамі маршчын. Мела, напэўна, гады трыццаць два, і, відаць, жыццё яе не было асыпана ружамі. Але, нягледзячы на гэта, была яна вельмі жвавая, імклівая, нагадвала сабой яркі прамень, і ў вачах яе, у рухах, усмешках і нават нездаровым колеры твару было нешта такое, што вабіла, цягнула да сябе. Асабліва здзіўляла ў ёй спалучэнне рыс на першы погляд вельмі супярэчлівых: нервовай напружанай сілы і хваравітай кволасці, нястрыманага вясёлага свавольства і нейкага глыбокага цярпення. Калі яна сціскала раптам свае малыя вусны і позірк яе рабіўся пануры, здавалася, што яе мучыць нейкі спазм болю ці злосці.

– І не сумна вам увесь час плаваць і лавіць рыбу?
– запытала яна, абапіраючыся рукой аб нос чаўна.

– Чаму ж гэта сумна? Мне вельмі добра, - запярэчыў ён з усмешкай.

– Вазьміце калі-небудзь мяне на раку. Хоць на гадзінку-дзве! Мне ніколі не даводзілася так доўга плыць у лодцы... Каб вы ведалі, як мне тут сумна... Сумна!..

– А чаму сумна? Работы, мабыць, хапае?

– Работы хапае! У паноў нас толькі дзве - я ды кухарка, больш няма нікога: ні фурмана, ні лёкая не трымаюць. Пан стары, увесь час чытае кніжкі, а пані ад злосці, што пан стары, да ўсяго чапляецца, усё ёй нядобра, усё не так: то вельмі хутка, то вельмі марудна, то вельмі холадна, то вельмі горача... Дзяцей ажно трое, а гэткія невыносныя, барані Божа! Гасцей амаль ніколі не бывае. Цалюткі дзень круцішся, як тая вавёрка ў коле, а добрага слова ніколі не пачуеш, людскога аблічча не ўгледзіш. Каб гэтую вёску д'яблы ўзялі! У горадзе куды лепш!

Ён слухаў уважліва, пасля паважна і павольна адказаў:

– Вёску няма чаго праклінаць! Добраму чалавеку скрозь добра, а дрэннаму - дрэнна!..

Яе твар загарэўся ўласцівым ёй крывавым, хутка знікаючым румянцам.

– Выходзіць, я дрэнная?

Аж затрэслася ўся і, плюнуўшы ў ваду, сказала да сябе:

– Вось хам!

Ён не пачуў, а можа словы гэтыя яго зусім не абразілі, бо спакойна махнуў рукой:

– Адкуль жа мне ведаць, ці вы дрэнная, ці добрая? Я проста так сказаў... А калі мне па вас прыехаць?

У сціснутых вуснах яе і панурым позірку рыбак заўважыў той самы спазм болю ці злосці, які надаваў яе абліччу выраз глыбокай пакуты, і яму стала шкада яе. Апрача павагі і задуменнасці ў ясных яго вачах свяцілася часамі і глыбокае спачуванне да людзей.

– На свеце ўсе грызуць адзін аднаго, не дзіўна, што і вас нейкае ліха грызе... Хіба я ведаю якое? Калі хочаце, паважу вас крыху для весялосці па рацэ. Чаму не? Чаўна майго ад гэтага не ўбудзе! Дык калі па вас прыплыць?

– У нядзелю! Калі ласка, у нядзелю прыплывіце!.. Гаспадары мае з дзецьмі ў горад паедуць, а я адна дома буду, толькі з кухаркай... Ой які ж вы добры чалавек!.. Хай Бог вам заплоціць! Вось пагуляю! Не спадзявалася, што ў гэтай пустэчы такога мілага чалавека сустрэну.

Поделиться с друзьями: