Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

Яе пахвальба, відаць, цешыла яго, а можа што іншае радавала, - толькі ўсміхаўся ён усё шырэй, нібы яе шумная весялосць, якая так хутка прыйшла пасля смутку і злосці, перарадзілі яго.

– У нядзелю прыплывіце... Сёння што? Серада! Ой, яшчэ чатыры дні. Ну, што ж рабіць? На што-небудзь добрае і чакаць добра. Вось пагуляем па Нёмане! А цяпер бывайце здаровы, да пабачэння, бо ногі мае ўжо зусім задубелі!

– Вада цёплая, не выдумляйце!
– пажартаваў ён.

– О, не! Ногі мае закалелі, і дадому бегчы трэба, самавар ставіць, бо як прачнуцца, а на стале самавара не будзе, пачнуць крактаць, як тыя сарокі. Да пабачэння! Дзякую!

Ступні яе, як рыбы, плюхнуліся ў вадзе, у два скокі яна апынулася на пясчаным беразе і, нахіліўшыся, пачала збіраць мокрую бялізну. А ён, злёгку заграбаючы вяслом, павольна адплываў. Ён адплыў ужо даволі далёка ад берага, калі пачуў раптам за сабой вокліч:

– Пачакайце! Гэй, пачакайце!

Ён азірнуўся і спыніў човен, які загойдаўся на хвалі. Уся ў ззянні сонца, дыск якога ўжо высока яснеў над гарызонтам, стаяла яна, яшчэ больш раскалмачаная, са стосам мокрай бялізны, і крычала:

– А як ваша імя? Як завуць вас?

– Павел Кабыцкі!
– адгукнуўся.

– А я Францішка Хамцуўна!
– усклікнула яна і пабегла па роснай траве на гару. На сярэдзіне гары спынілася, кінула позірк на далёкі човен, і з яе бледных прывялых вуснаў бліснулі белыя зубы.

– Прыгожы хам! Хоць не такі ўжо малады, але прыгожы і нейкі мілы... мілы...

Апусціўшы галаву, яна задумалася, перабіраючы пальцамі мокрую бялізну.

У нядзелю Франка ні на хвіліну не адыходзіла ад акна кухні, з якога быў відаць Нёман. За гэтыя чатыры дні яна яшчэ больш схуднела і павекі яе пацямнелі. У прыгожых прунэлевых чаравіках, у накрухмаленай паркалёвай сукенцы і жоўтай шаўковай хусцінцы на гладка прычэсаных, але, таксама як і тады, распушчаных нядоўгіх валасах, яна сядзела нерухома ля акна, глядзела на раку, моцна сцяўшы вусны. На дачы было пуста і ціха. Старая кухарка, тупаючы па кухні, дарэмна спрабавала ўцягнуць сяброўку ў гутарку, а таму, з'еўшы абед, хусцінкай закрыла твар, каб не перашкаджалі ёй мухі, і заснула.

Франка не ела нічога. Раніцай яна выпіла шклянку чаю, а за абедам некалькі разоў паднесла лыжку да рота, пасля кінула яе на талерку ды зноў села ля акна. Відаць было, што ежа ёй сёння не лезла ў горла. З кожнай хвілінай яе ўсё больш агортвала нецярплівасць. Часамі на яе панурым абліччы бліскалі ў пагардлівай усмешцы белыя зубы.

– Можа, і зусім не прыедзе! Дурань! Хам!

Раптам яна ўскочыла з лаўкі і, усклікнуўшы: «Едзе! Далібог, едзе!», - як звар'яцелая кінулася з дома. Птушкай зляцела яна з зялёнай гары ўніз на пясчаны бераг Немана і, пачырванеўшы, замахала рукамі насустрач чаўну:

– Добры вечар! Добры вечар! А чаму так позна? Я ўжо думала, што вы ашукаеце, не стрымаеце свайго слова, не прыедзеце! Хіба гэта прыгожа, каб я вас так доўга чакала? Чаму так позна?

Відаць было, што за чалавекам, які ёй спадабаўся, за новымі ўражаннямі і забавамі жанчына гэта гатова была паляцець хоць на край свету, што адсутнасць іх магла давесці яе да вар'яцтва.

Паплылі. Спачатку Франка вельмі баялася вады, з якой ніяк яшчэ не звыклася. За кожным пакалыхваннем чаўна яна вішчала і хапала Паўла за рукі і світку. Гэта яго вельмі смяшыла. Ён ніколі не думаў, што нехта можа так баяцца вады. Пры гэтым Франка выгіналася ўсім сваім целам і ўзмахвала рукамі, нагадваючы то спалоханую кошку, то дзіця.

Павел, каб яе супакоіць, засмяяўся так гучна і сардэчна, як смяяўся, мабыць, усяго некалькі разоў у жыцці. Нарэшце Франка і сама пераканалася ў тым, што човен толькі калышацца, але і не думае абярнуцца, і, супакоіўшыся, пачала сваволіць. Вада была ціхая, блакітная, злёгку пазалочаная сонцам, якое хілілася да захаду, пакрытая мноствам дробных маршчын, што плылі адна за адной, аднастайна, без шэлесту, рассыпаючы кроплі-перлы, успыхваючы часам дробнымі агеньчыкамі. Нахіліўшыся, Франка лавіла сваёй малой загарэлай далонню гэтыя перлы і агеньчыкі, а пасля з цікаўнасцю і асалодай прыглядалася да струменяў расплаўленага крышталю, які сцякаў з яе пальцаў.

– Ой, каб нанізаць іх ды зрабіць пацеркі на шыю і завушніцы!
– усклікнула Франка.
– Кажуць, што з крышталю яны вельмі дарагія. А мне яны так падабаліся, так падабаліся, што вытрымаць не магла. Бывала, як толькі гаспадыня выходзіла з дому, а мяне куды-небудзь запрашалі, заўсёды іх надзявала...

– Гэта нядобра, - заўважыў Павел.

Вось яшчэ! Я ж не ўкрала іх... Як прыйду дадому, адразу здыму, пакладу на месца, і ніхто не заўважыць, што брала...

– Чужога нельга чапаць, бог гэта забараняе. Я бы саромеўся чужую рэч узяць.

Франка гарэзліва зірнула на яго, набрала поўныя прыгаршчы вады, лінула яму ў твар і засмяялася.

– Ой, ой які строгі!

Павел ніяк не мог у прысутнасці гэтай дзяўчыны захаваць сваю звычайную паважнасць і сур'ёзнасць. Абціраючы рукавом світкі твар, ён засмяяўся зноў:

– Дзіця, дый годзе! Ой, каб вас! Мяне аж дзіва бярэ, што такія, як вы, бываюць на свеце.

Франка ў гэтую хвіліну загледзелася на шырокія, нібы разложаныя на вадзе лісці, над якімі калыхаліся белыя і жоўтыя гарлачыкі і кружылася нязлічонае мноства малых ластавак, якія адбіваліся ў вадзе.

– Ой, колькі іх тут, гэтых птушачак!

Франка нахілілася да вады, сарвала жоўтую кветку і прымацавала да сукенкі.

– Пахне!
– заўважыла яна радасна і раптам, паказаўшы пальцам на раку, усклікнула:

– Ай, што там?

Быў гэта, напэўна, вялікі шчупак, а можа і сом, які на момант выскачыў з вады і адразу схаваўся пад ёю, пакідаючы на паверхні шырокія кругі.

– Ага! Ты тут?
– усміхнуўся Павел, пазіраючы на кругі - Хутка скончыцца тваё панаванне. Заўтра злаўлю цябе!

Пасля ён паказаў Францы скрыню, напалову апушчаную ў ваду, у якой захоўваў дробную рыбу для прынады. У сценках скрыні былі зроблены дзіркі, праз якія наплывала вада. Другая скрыня, значна большая, для захоўвання ўловаў, прызначаных на продаж, была непадалёк ад яго хаты. Франка з цікавасцю пачала распытваць Паўла, дзе ён прадае сваю рыбу і які з яе мае заробак, а калі Павел ахвотна, са сваім звычайным спакоем расказаў ёй усё, аб чым яна хацела ведаць, яна сцяла вусны і панура пакруціла галавой.

– Добра вам жывецца, - уздыхнула яна.
– Хату ўласную маеце і заробак неблагі... можаце жыць, як той пан!.. Гэта зусім не тое, што ўсё жыццё па чужых кутах ацірацца, зносіць капрызы і злосць гаспадароў... Бывае, вядома, што часам і павесялішся, і парадуешся, але гэта ўсё роўна не жыццё... Хай бы яго д'яблы ўзялі, гэткае жыццё.

Валачашчае жыццё, паганае!
– пазіраючы на Франку і спачувальна ківаючы галавой, прамовіў Павел.

Яму зрабілася шкада Франку.

Поделиться с друзьями: