Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Можа, хочаце выйсці на бераг і пахадзіць па гэтым востраве?
– запытаў ён.

Франка радасна ўсклікнула:

– Ой, добра, добра! Плывіце да таго вострава. Які прыгожы востраў, як цудоўна тут пахне! Што гэта так пахне? Нават галава кружыцца...

Пасярэдзіне шырокай ракі, паміж высокай гліністай сцяной з аднаго боку і цёмным борам - з другога, на пазалочаным блакіце вады ляжаў авальны пясчаны востраў, зарослы дзіваннай і белымі гваздзікамі. Вялізныя кветкі дзіванны на цвёрдых сцяблах, пакрытых калматымі лісцямі, высока ўзнімалі свае жоўтыя кветкі, а ўнізе пад імі расло такое мноства гваздзікоў, што здалёк здавалася, нібы востраў пакрыты снегам. Далёка па рацэ разліваўся салодкі, моцны лясны водар, да якога дамешваўся пах зёлак і траў, якія фіялетава-ружовым дываном слаліся ля падножжа процілеглага бору.

Франка, як ашалелая, як п'яная, бегала па востраве, зрывала гваздзікі, нюхала іх, уторквала ў валасы, з якіх даўно ссунулася на шыю жоўтая хусцінка, са звонкім смехам поўнымі жменямі кідала кветкі на Паўла. А ён, нахіліўшыся, паволі збіраў і старанна складаў іх у букет. Неаднойчы з гэтага вострава прыносіў ён такія белыя букеты і стаўляў у малым гладышку на акне сваёй хаты ці аддаваў сястры, якая прыбірала імі святыя абразы. Нацешыўшыся гваздзікамі, Франка знікла ў гушчары дзіванны. У адным месцы расло яе столькі, што Франкі зусім не было відаць, толькі мільгала сярод зялёна-жоўтага зарасніку яе светлая сукенка.

Павел перастаў ірваць гваздзікі, задумаўся аб нечым. Франка, нібы птушка, шалясцела ў гушчары, час ад часу высоўвала адтуль галаву, і пранізлівы голас яе звінеў не сціхаючы.

– Але ж і трава! Вышэй за чалавека. І што гэта за трава?

– Мядзведжае вуха*, - сказаў Павел.

* Мядзведжае вуха - народная назва дзіванны.

Паволі на яго загарэлым твары з'явіўся румянец, нібы водбліск крывавага воблака, якое засталося на небе пасля таго, як сонца апусцілася за лес.

Франка, падкраўшыся да Паўла, раптам выбегла з гушчару дзіванны, якая закалыхалася ў паветры сваімі жоўтымі кветкамі. З расчырванелым тварам яна спынілася ля высокага сцябла дзіванны, узяла ў рукі шырокі ліст і сказала:

– Зусім як вуха малога звярка! Праўда? Такі калматы, мяккі, як аксаміт. У адной маёй пані быў сабачка, які меў такія самыя мяккія, аксамітныя вушкі!

Яна любавалася мяккай, пушыстай паверхняй ліста, пяшчотна гладзіла яго далонню, нібы ён і сапраўды быў нейкім мілым звярком. Раптам яна падскочыла да Паўла, закінула яму на плечы рукі, узняла на яго свае запалыя вільготныя вочы, якія ў змроку ззялі мягчэй, нібы прыгаслі.

– Як тут добра, прыгожа, весела, - усклікнула Франка.
– Які ж вы добры чалавек, што беднай і незнаёмай дзяўчыне зрабілі столькі прыемнага. Я заўсёды вельмі ўдзячна таму, хто зробіць мне што-небудзь добрае. Такі ўжо ў мяне характар.

І раптам з гэтым павольным і паважным чалавекам сталася нешта дзіўнае. Чырвань заліла яму не толькі шчокі, але і лоб, блакітныя і заўсёды спакойныя вочы пацямнелі, успыхнулі нейкім панурым бляскам. Ён абхапіў дужай рукой тонкі стан Франкі, прыціснуў да сябе, схіліўся над ёю і наблізіў свае вусны да вуснаў дзяўчыны, але яна спрытна выслізнула з яго абдымкаў і, адскочыўшы, зноў спынілася каля дзіванны. Прыкрыўшы далонню вочы, яна са смехам усклікнула:

– Бач, які! Здаецца, добры, ветлівы, а такі самы, як усе. У чаўне павазіў і адразу платы хоча!

Словы гэтыя, відаць, балюча ўкалолі Паўла, бо ён адразу апамятаўся, пацёр рукой скроні і прашаптаў:

– Вось табе на! Яшчэ што прыдумала!

Узяўшы яе за руку, Павел збянтэжана сказаў:

– Глупства! Хіба я думаў што благое? Барані Божа, каб я вас з такой грэшнай думкай на раку павёз. Вось так, найшло на мяне нешта. Не гневайцеся і не бойцеся. Сядайце і адпачывайце, а я тым часам човен сюды прыганю і дадому вас давязу.

Франка села на гваздзікі і абедзвюма рукамі з усёй сілы ўхапілася за крысо яго світкі.

– Я не хачу дадому!
– усклікнула яна.
– Які гэта дом? Пекла, а не дом! Не адыходзьце ад мяне! Калі ласка, не адыходзьце! Я бы з вамі ні на хвілінку не разлучалася! Я бы за вамі ў ваду скочыла. Сядзьце каля мяне! Сядзьце!

Ад здзіўлення і збянтэжанасці Павел нават рот разявіў, аднак, крануты яе словамі, сеў побач з ёю.

– Бліжэй, - папрасіла яна, - бліжэй сядзьце, вось так.

Франка цягнула да сябе Паўла датуль, пакуль плячо яго не дакранулася да яе пляча. Пасля яна прыціхла і пачала глядзець на раку, якая каціла паўз пясчаны бераг ля самых іх ног свае шэрыя, нібы сталёвыя, хвалі. Надыходзіў змрок, неба пабляднела, і толькі светлыя аблокі, што плылі ў вышыні, паблісквалі срэбрам у шэрай яе глыбіні.

– А вада ўсё плыве... плыве... плыве, - прашаптала летуценна Франка.

– Скажыце мне...
задуменна пачаў Павел і раптам змоўк, перабіраючы пальцамі гваздзікі.

– Што сказаць?
– запытала Франка.

– Скажыце мне, хто вы такая, як жылі. Ну, што вы пра тую плату...

Ён вырваў раптам з пяску цэлую жменю кветак і з нечаканай для яго імклівасцю зашаптаў:

– Ой, каб цябе! Язык у горле калом устаў! Сорам, дый годзе!

Франка выпрасталася і жыва загаварыла:

– Калі хочаце, я ўсё вам пра сябе раскажу: хто я і якая. Калі добры чалавек просіць, чаму ж не расказаць? Чаго-чаго, а роду свайго мне саромецца няма чаго. У дзядулі майго былі два ўласныя дамы, бацька служыў у канцылярыі, яшчэ маю заможнага стрыечнага брата. Ён адвакат у адным вялікім горадзе. Ключкевіч прозвішча яго. Жонку таксама з заможнага дому ўзяў і жыве як пан. Вось з якога я роду! З-пад сарочынага хваста не выскачыла! А што служыць пайшла, дык такая ўжо няшчасная мая доля... Бацькоў мне Бог даў шэльмаў.

– Пра бацькоў грэх так казаць!
– спалохана спыніў яе Павел.

– Вось яшчэ!
– злосна кінула Франка.
– У вас усё грэх. А ў мяне што праўда, тое праўда. Я ніколі не хлусіла. Вось паслухайце ды скажыце, праўда гэта ці не.

Яна села выгадней на сваім квяцістым сядзенні, выцягнула ногі так, што ступні яе ў прунэлевых чаравіках павіслі над самай вадой. Гаворка яе была жывая, перамяжоўвалася то смехам, то ўздыхамі і плыла няспынна, як гэта вада.

Дзед яе, ангродскі мешчанін, меў два ўласныя дамы - напэўна, маленькія, бо назвала вуліцу, на якой стаяць толькі драўляныя халупы, - і яшчэ пры жыцці аддаў сына служыць у канцылярыю. У гэтай канцылярыі бацька Франкі, відаць, займаў самую сціплую пасаду і атрымліваў маленькую зарплату. Ён часта хадзіў у дзіравых чаравіках, бо ў дадатак да ўсяго быў яшчэ п'яніца. Піць пачаў яшчэ ў маладосці, трапіў, відаць, у дрэнную кампанію, а з часам і зусім распіўся. Маці, паводле слоў Франкі, была з добрага роду Ключкевічаў, нават на фартэпіяна ўмела граць. Калі мела яшчэ фартэпіяна, дык як пачне, бывала, граць польку ці мазурку, дык на суседніх вуліцах было чутно. Прыгожая была, любіла добра апранацца і мела шмат кавалераў. У доме іх бывала вельмі весела! Калі бацькі не было, да маці прыходзілі госці, гралі, спявалі, танцавалі. Але вяртаўся бацька і, п'яны або нават цвярозы, разганяў гасцей, а маці лаяў і біў. Спачатку толькі лаяў, а пасля і біў. Францы было якіх шэсць гадоў, калі яна ўпершыню ўбачыла, як маці цалавалася з кавалерам, і восем, калі маці ўцякла ад мужа да сваякоў. Тады Франка і два старэйшыя браты пачалі жыць, як тыя вераб'і, якія задавольваюцца толькі тым, што дзе-небудзь знойдуць зерне-другое, а саграюцца, калі пад страху якую пашанцуе зашыцца. Шкадавалі іх людзі, то той, то другі накорміць, на нейкі час дасць прытулак. Хлопцам было лепш. Адзін з іх падрос і ў войска пайшоў, а другі стаў мулярам, хоць мулярства, вядома, не адпавядала яго паходжанню, але што рабіць? Беднасць. Нядоўга і пажыў ён. Бледны быў, худы, як чарвяк. Аднойчы, відаць, закруцілася ў яго галава на рыштаванні, упаў ён на брук, скалечыўся, і хоць спачатку яго быццам вылечылі, а неўзабаве ўсе ж памёр.

Пра старэйшага, салдата, даўно ніякіх чутак ужо не было. Хлопцы як хлопцы, ім лепш на свеце, але яна сапраўднае пекла пазнала і з бацькам, і з тымі дурнямі, якія ёй, дванаццацігадовай дзяўчынцы, давалі пірожныя, арэхі, каб дазваляла сябе цалаваць. Казалі, што яна прыгожая, і гэта ёй падабалася, але самі яны не падабаліся ёй. Яна вельмі баялася іх, не хацела ні тых пірожных, ні арэхаў, хавалася ад іх. Аднак хавацца было цяжка, бо яна часта выходзіла на вуліцу, то з дзецьмі гуляла, то да добрых людзей хадзіла за кавалкам хлеба або за паленцам дроў. Дамы бацька даўно ўжо прадаў і разам з маці грошы прагуляў. А маці праз некалькі гадоў зноў да мужа вярнулася, бо дзядзька Ключкевіч тады памёр, а дзеці яго параз'язджаліся па свеце. Адзін сын яго ў вялікім горадзе жыве, адвакат і багаты, такі багаты! Дык вось, маці да мужа вярнулася. Але бацька тады ўжо ў канцылярыі не служыў, спіўся да рэшты, звар'яцеў, паўгода ў шпіталі прабыў і памёр. Маці яшчэ гады тры пажыла. Рукадзеллем займалася, бялізну шыла, з гэтага і жылі. Аб кавалерах тады ўжо і не думала, па цэлых начах кашляла і плакала, Франку пры сабе трымала, чытаць і шыць вучыла, а перад самай смерцю знайшла для яе месца пакаёўкі ў адной пані і, прывёўшы яе туды, на каленях прасіла, каб тая ўзяла сірату пад сваю апеку.

Поделиться с друзьями: