Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Няшчасная!
– заўважыў Павел.

– Ага!
– з зацятай нянавісцю ўсхліпнула Франка.
– А грошы тыя, што за дамы ўзялі, разам з бацькам прагуляла, нас жа дзяцей, як тых шчанят, кінула ды да сваякоў уцякла! Што з таго, што яна пазней, перад смерцю, дрыжала нада мной, як курыца над кураняткам? Я ёй ніколі не дарую таго, што яна раней на пагібель маю рабіла! Што з таго, што яна апамяталася толькі тады, калі ад яе скура ды косці засталіся і ніхто глянуць на яе не хацеў? Ды і тады, хай бы толькі нехта пальцам ёй кіўнуў, пабегла б зноў і на мяне забылася. Ого, як бы яшчэ пабегла! Я яе ведала! Толькі таму, што бог і людзі яе пакінулі, яна за мяне ўхапілася... А раней што было? Каб гэткіх матак свет не ведаў!

– Гэта праўда! Каб гэткіх матак свет не ведаў!
– горача падтрымаў Павел.

Першая яе гаспадыня была добрая, абыходзілася з ёю лагодна, навучыла яе вязаць, мыць карункі, але гаспадар пачаў да Франкі заляцацца, і, хоць спачатку яна, баючыся і саромеючыся, выкруцілася ад яго, урэшце аднак ён свайго дамогся. Падабаўся ёй вельмі. Быў гэта першы мужчына, у якога яна шалёна закахалася, першы яе палюбоўнік, бо тыя, ранейшыя, пірожныя і арэхі давалі ёй толькі за пацалункі. А калі пані, даведаўшыся пра ўсё, адправіла яе з дому, ён даў ёй пяцьдзесят рублёў, якія яна за месяц пражыла, бо, плачучы па ім, нічога не рабіла, а, каб пацешыць сябе, праводзіла час у вясёлых кампаніях. Пасля знайшла месца ў іншым доме - і пайшло! Нельга і пералічыць усіх тых месцаў, якія дагэтуль змяніла.

Найдаўжэй толькі год служыла яна на адным месцы, ды і то ўсяго два разы. Звычайна ж пасля першай заўвагі гаспадыні кідала месца. І калі работы было шмат, а часу для гулянак мала, яна таксама кідала службу. І калі надакучыць глядзець штодзень на адны і тыя ж абліччы, таксама ішла. Праўда, не раз і самі гаспадары адпраўлялі яе з дому. І адпраўлялі толькі за дзве рэчы: за кавалераў і за злосць. У некаторых гаспадароў з гэтым вельмі строга: не любяць, каб пакаёўка з кім-небудзь гуляла, і як толькі што заўважаць, адразу выганяюць з дому. Ну, а іншым не даспадобы быў яе гарачы характар, бо яна ж абразіць сябе не дазволіць, на адно слова адкажа дзесяццю, а часамі так агрызнецца, што паны ад здзіўлення ды сораму язык праглынуць. Былі выпадкі, калі яна за грубіянства і перад судом стаяла. Першы раз вельмі баялася суда, а другі раз была там, як у сябе дома. І хоць штраф давялося заплаціць, але гаспадароў гэтых яна так на судзе размалявала, што, мабыць, да самай смерці помніць будуць...

Аднаго разу было горш: тры дні пад арыштам прасядзела без усякай прычыны. У адной яе гаспадыні знік каштоўны пярсцёнак, і яна, не пашукаўшы яго як след, накінулася на Франку: «Гэта ты ўкрала! Ты!» Колькі ні клялася тады Франка, колькі ні плакала - нічога не дапамагло. Выклікалі паліцыю, арыштавалі. І што ж? Пярсцёнак знайшоўся, гаспадыня сама закінула яго за камод. Ой, колькі Франка тады наплакалася! Пасля гэтая пані за дарэмнае абвінавачванне грошы ёй давала, але Франка з яе рук выхапіла паперку, падзёрла на шматочкі, нагамі растаптала і, вылаяўшы пані, пайшла. Ніколі ніхто не пакрыўдзіў яе так, як гэтая пані. Бо што праўда, то праўда, а што няпраўда, тое няпраўда. Часам здаралася, што якую-небудзь сукенку гаспадыні апранала, але заўсёды пасля клала яе на месца. Якая б яна ні была нядобрая, але трох рэчаў не робіць ніколі: не п'е, не крадзе і не хлусіць. Такі ўжо ў яе характар, што гэтага яна рабіць не хоча. Калі б ёй вельмі хацелася, дык напэўна б рабіла, але гэта яе не спакушае. Гарэлкі яна не выносіць, а прыгожую вопратку хоць і любіць, але не настолькі, каб праз яе на ганьбу ісці, хлусіць жа проста не ўмее, бо, калі пачне гаварыць, - усё чыста скажа, хоць бы і хацела язык свой стрымаць - не стрымае! Што ёй да людзей!

Вось і цяпер яна гаварыла, гаварыла. Казала, што палюбоўнікаў у жыцці мела шмат, а адзін з іх нават хацеў ажаніцца з ёю, але яна не пайшла за яго, бо быў нейкі недарэка і хутка ёй надакучыў.

Двух кахала без памяці і пайшла б за іх з ахвотай, былі яны далікатныя, выхаваныя, добрага паходжання... Але яны пра жаніцьбу з ёю не думалі, і абодва кінулі яе якраз тады, калі яна адчула да іх найбольшую прыхільнасць. Спачатку, калі яе кідалі, яна вельмі бедавала, валасы на галаве рвала, плакала. З часам аднак прывыкла да таго, што ў людзей няма ніякай вернасці, ніякага сумлення, і цяпер яна ні аб чым і ні аб кім не дбае. «Не гэты, дык другі!»-гаварыла яна сабе. І ніколі не трэба расчароўвацца. Яна ніколі яшчэ не бачыла, каб мужчыны бегалі за якой-небудзь жанчынай так, як за ёю. Усе кажуць, што яна танцуе прыгожа. Яна і сапраўды любіць танцаваць і не прапусціць ніводнай вечарынкі, на якой можна пагуляць і патанцаваць, хоць здараецца, што назаўтра пасля гэтай вясёлай гулянкі гаспадары выправаджваюць яе з дому. Але ёй тая служба, як сабаку пятая нага. Яна ведае, што адразу знойдзе новае месца, і ёй зусім нецікава, дзе і ў каго. Усюды чужыя людзі і чужыя сцены, усюды яна - сірата, якую ніхто па-сапраўднаму не палюбіць і не прыгарне.

Франка раптам заплакала і скрозь слёзы пачала жаліцца, што яна адна на свеце, што ніводная людская душа не дбае і не клапоціцца аб ёй. Калі яна аднойчы захварэла, яе адправілі ў бальніцу. Мусіць, і яна, як яе бацька, памрэ некалі ў бальніцы або яшчэ горш - пад якім-небудзь чужым плотам. А калі памрэ, дык і сабака па ёй не заплача, бо каму яна на свеце патрэбна і хто яе любіць? Яна расказвала пра ўсе крыўды, якія давялося выцерпець ад людзей, пра цяжкую працу, капрызы гаспадароў, пра ўсё, што прыйшлося ёй перажыць.

– Кожны мае некага, хто яго ў бядзе пацешыць, прыгарне, пашкадуе: маці, сястру, брата ці мужа... Я ж нікога не маю. Даў мне Бог сірочую долю, валачыцца па свеце загадаў і кожную кроплю радасці атрутай запіваць...

Па твары яе плылі слёзы, яна выцірала іх ражкамі шаўковай хусцінкі і гаварыла, гаварыла. І ва ўсім, што яна гаварыла, зусім не адчувалася цынізму, а хутчэй поўная адсутнасць сораму і суровая, палкая шчырасць. Адчуваліся ў ёй таксама назапашаная на працягу доўгіх гадоў неўтаймаванасць інстынктаў і горкая, злая крыўда на людзей і свет.

Франка істэрычна рыдала. Схапіўшыся раптам за галаву, яна ўсклікнула, што ёй страшэнна баляць скроні. Магчыма, гэты боль быў выкліканы дурнап'янавым водарам гваздзікі, а можа, гэта быў сімптом нейкай хваробы, якая пачынала мучыць яе мозг. Франка паскардзілася, што гэта ўжо не ўпершыню, што ўжо некалькі гадоў мучыць яе гэты боль і найчасцей тады, калі яна злуе, нервуецца або пасля вясёлай гулянкі. Сказаўшы гэта, Франка нарэшце заціхла, скурчылася і, сціснуўшы галаву рукамі, паволі закалыхалася ўсім сваім зграбным целам, седзячы пад сцяной высокай дзіванны над ціхай ракой, якая ўсё больш цямнела.

Што думаў і адчуваў, слухаючы яе доўгі расказ і седзячы побач з ёю, гэты паважны і спакойны чалавек, які ніколі не ад'язджаў далей навакольных мястэчак, дзе ён прадаваў свой улоў? Чалавек, душа і цела якога зжылася з вольнымі прасторамі ракі і неба, з чыстым паветрам, з глыбокай цішынёй самотных дзён і начэй, чалавек, вочы якога, нягледзячы на гады, захавалі дзіцячую нявіннасць і чысціню? Можа, ён, па-мужыцку плюнуўшы ўбок, груба штурхне яе ў човен і з пагардлівым маўчаннем павязе туды, адкуль узяў? Ці, выслухаўшы яе споведзь, захоча стаць адным з тых, аб якіх яна гаварыла, і дадаць яшчэ адну ганебную пляму да гразі, якой яна сябе пакрыла? А можа, палічыць яе вар'яткай або праклятай грэшніцай і, перажагнаўшыся, чым хутчэй уцячэ ад гэтага д'ябла ў жаночым абліччы?

Калі Франка расказвала, у вачах Паўла не аднойчы адбіваўся жах, а часамі ён сарамліва адварочваўся ад яе і перабіраў пальцамі гваздзікі ці ўглядаўся ў пацямнелую раку і са здзіўленнем і жахам ківаў галавой. Мабыць, бачыў тады замест вады чорную бездань, а ў ёй - вогненны дождж палаючай смалы.

Калі Франка змоўкла, ён нейкую хвіліну думаў, а пасля пачаў гаварыць:

– Бедная ты! Ой якая бедная! За ўсіх людзей на свеце бяднейшая! Я чуў, што недзе ў гарадах людзі так жывуць, але не верыў. Цяпер бачу, што гэта праўда... Валачашчае тваё жыццё... сірочае... і такое дрэннае, такое грэшнае, што барані Бог! Кінь ты ўсё гэта, апамятайся, пакайся... бо і на тым свеце дабра табе не будзе, загубіш ты душу сваю.

У голасе гэтым, што ў змроку шаптаў над галавой Франкі, не было нічога, апрача вялікай літасці. Тое, што не было ў ім ні знявагі, ні абыякавасці, вельмі ўразіла Франку. Звычайна гэтыя яе прызнанні выклікалі ў мужчыны выбух злоснай рэўнасці або зняважлівага смеху і нахабных паводзін. Аднак, калі Павел нагадаў аб пакаянні, яна здзівілася яшчэ больш.

– Глупства!
– усклікнула яна.
– У чым гэта, цікава, я павінна каяцца?

Яна і тут была шчырай: ніякай віны сваёй яна не адчувала. Заняты сваімі думкамі, Павел не звярнуў увагі на яе словы.

Поделиться с друзьями: