Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– І на гэтым свеце дабра табе не будзе, і душу сваю загубіш, - паўтарыў ён.
– Чаму не быць сумленнай? Сумленнай быць добра. Калі чалавек ніякага граху на душы не мае, дык робіцца такім лёгкім, як тая птушка, што пад самае неба лятае. І смерць тады не страшная. Хоць бы і сёння памерці, усё адно, калі душа чыстая...

– Якая там душа?
– узлавалася Франка.
– Глупства ўсё гэта! Калі чалавек памрэ, дык яго ў зямлі чэрві з'ядуць - і канец.

– Няпраўда! Ёсць неба і пекла, вечнае збавенне і вечная пакута. І калі б на тым свеце нічога не было, дык усё роўна ў чалавеку ёсць нешта такое, што ў грахах ён купацца не хоча, як, напрыклад, цела ў лужыне. Каб табе загадалі ўлезці ў лужыну і сядзець там па вушы ў гразі - табе прыемна было б, га? А душа твая ў лужыне сядзіць. Ой, шкада мне цябе, шкада мне тваю душу! Дрэнна ёй будзе і на гэтым, і на тым свеце! Ведаеш што? Кінь ты сваё валачашчае жыццё. Якая табе ахвота аціраць чужыя куты. Ты ж чалавек, а не шмата? Мне здаецца, што чалавеку найлепш на адным месцы жыць. Сядзі і ты на адным месцы. Лепш ужо ўсё знось, цярпі, а сядзі на адным месцы. Прызвычаішся да людзей, палюбіш іх, і яны цябе палюбяць. А на тых, што цябе на грэх штурхаюць, плюнь! І добрых людзей сярод іх, відаць, няма, бо каб быў каторы з іх добры, дык з дзяўчынай, якая дзеля яго на сумленне сваё забылася, ажаніўся б. Хіба ў іх сумлення і літасці ніякай няма? Плюнь ты на іх! І на гэтыя вясёлыя кампаніі,. што да граха даводзяць, плюнь! Апамятайся, пакайся, тады і душу сваю выратуеш, і лягчэй табе жыць на свецеі стане.

Павел змоўк, а Франка зашаптала:

– Колькі на свеце жыву, а такога чалавека першы раз бачу. Ці ты які пераапрануты ксёндз, ці, можа, святы? Дзіва, дый годзе!

Яна засмяялася, спрытна, нібы кошка, ускочыла з месца і сказала:

– Ну, даволі гэтай гаворкі! Добра мне з вамі, але дадому трэба. Ужо вечар. Гаспадары хутка вернуцца з горада, а як вячэру не сабяру ды самавар не пастаўлю, пачнуць крактаць. Паехалі!

Пакінуўшы востраў, які бялеў у змроку, нібы плахта снегу, кінутая на раку, і ад якога даносіўся моцны водар гваздзікі, яны доўга і моўчкі плылі па цёмнай рацэ. Над імі рассцілалася зорнае неба, якое адбівалася ў вадзе. Франка маўчала. Здавалася, што яна заснула, скурчыўшыся на дне чаўна, амаль ля самых ног Паўла, які сядзеў на вузкай лавачцы. Але бліскучыя вочы яе з упартай нерухомасцю былі прыкаваны да ледзь бачнага ў цемры твару Паўла. А ён, нізка апусціўшы галаву, моўчкі заграбаў вяслом ваду, у якой адлюстраванне зорак, патрывожанае вяслом, рассыпалася вакол чаўна роем залатых іскраў. Човен плыў наперад пад няспыннае лагоднае журчанне, пад песню цёмных хваль, якая калыша стомленае сэрца і разбітую душу, навяваючы спакойны сон і светлыя мары.

Калі на высокім беразе паказаліся нерухомыя сілуэты дрэў вакол дачы, галава Франкі раптам схілілася на калені Паўла. З валасоў яе выпалі белыя гваздзікі, а з вуснаў паліліся ціхія словы:

– Ой які ж ты добры, які мілы, мілы, мілы! Такога добрага і мілага, як жыву на свеце, не бачыла. Такі прыгожы, добры, мілы! Каб ты стаў маім прыяцелем, нічога б на свеце больш не хацела... І ніколі не пакінула б цябе, хоць бы паміж намі бездань раскінулася! Хоць бы паміж намі сто сусветаў паўстала, праз горы і лясы да цябе пабегла б! Хоць бы паміж намі вялікае мора было, прыплыла б да цябе! А ўсё таму, што ты такі добры, так шкадуеш мяне. Ніхто ніколі не шкадаваў мяне, усе мяне крыўдзілі, і найбольш тыя, што нібы любілі мяне. А ты мяне не пакрыўдзіў, нічога ад мяне не захацеў і як бацька родны гаварыў, як найлепшы сябар. Ой, хай табе бог заплоціць за ўсё, мой мілы, залаты, брыльянтавы!

Яна схапіла яго руку і прыціснула да сваіх вуснаў. Нібы распалены вугольчык упаў на яго далонь. Ён нахіліўся, узяў у свае шырокія далоні галаву Франкі і пацалаваў яе валасы. Пад гэтым пацалункам Франка, як маленькае кволае птушанё, прыціхла, задрыжала ўсім целам. Павел адразу адарваў свае вусны ад яе валасоў і зашаптаў:

– Супакойся, дзіцятка! Супакойся, маё беднае дзіцятка! Зірні, як на небе зоркі ззяюць! Паслухай, як пяе вада! Я ўсё жыццё гляджу на гэтыя зоркі і слухаю гэту песню. Паглядзі і паслухай ты! Можа, табе будзе лягчэй? Можа, і твая душа, як мая, гэта высокае неба і гэту чыстую ваду палюбіць! Супакойся! Ціха, ціха, ціха!

Ён не выпускаў са сваіх далоняў галаву Франкі, а калі яна ўздыхала і мацней тулілася да яго каленяў, паўтараў:

– Ціха, ціха, дзіцятка! Супакойся, ціха ўжо, ціха.

Пасля ён узяў вясло і накіраваў човен да берага. Калі човен ударыўся аб бераг, Франка ўскочыла і прашаптала:

– А калі мы яшчэ ўбачымся? Міленькі мой, калі зноў убачымся?

Зняўшы з шыі сваю, мокрую ад слёз хусцінку, яна выцерла твар, а яе белыя зубы бліснулі ва ўсмешцы. Павел падумаў хвіліну і сказаў:

– Ды хоць бы заўтра. Я прыеду сюды і ў гэты самы час. Прыйдзі на бераг, пагаворым. Мне ёсць аб чым з табой пагаварыць, бо шкада мне цябе, жах, як шкада.

Пасля гэтага Павел прыязджаў увечары разы тры, але ненадоўга. Аднаго разу яна часу не мела, бо на дачы былі госці. Яна злосна праклінала і гаспадароў, і гасцей, а Павел за гэтыя праклёны людзям, у якіх яна ела хлеб, сурова яе ўшчуваў, загадаў хутчэй вяртацца дадому і паехаў, не звяртаючы ўвагі на яе просьбы, на сярдзітае тупанне нагамі. Другім разам яна мела больш часу, і яны размаўлялі даўжэй. Але пры гэтай сустрэчы Павел, як ніколі, увесь час хваляваўся, уздыхаў, некалькі разоў прастагнаў нібы ад болю, і Франка агледзецца не паспела, як ён ужо быў на сярэдзіне ракі, нават не развітаўшыся з ёю.

У трэці вечар, калі дзяўчына, больш як калі занудзіўшыся па ім, свавольна закінула яму на шыю рукі і той самы гарачы вугольчык, які ўжо аднойчы ён адчуў на руцэ, апаліў яго твар, Павел адапхнуў яе з такой сілай, што яна нават захісталася і схапілася за нос чаўна, каб не перакуліцца.

– Слухай, Франка, - сказаў ён больш панура і сурова, чым заўсёды.
– Ты да мяне не чапляйся, бо я ніколі больш не прыеду і ты мяне не ўбачыш. Я табе дабра, а не ліха жадаю. Я душу тваю выратаваць хачу. З таго часу, як ты мне на востраве ўсе расказала, я ўдзень і ўночы толькі аб тым і думаю, як табе дапамагчы і што зрабіць, каб ты сваё праклятае жыццё змяніла... А ты яшчэ і мяне на грэх спакушаеш... Цьфу, якая брыдота! Сапраўдная п'яніца... хоць і гарэлкі не п'еш!

Ён плюнуў у ваду і сказаў анямеўшай ад здзіўлення дзяўчыне:

– Заўтра зноў прыеду. Калі будзеш такая, як сёння, дык бывай здарова! Відаць, што табе, як таму апошняму п'яніцу, не дапаможаш. Ніякага ратунку табе не будзе!

Аднак назаўтра Паўлу ўжо не давялося ехаць на тое месца, дзе ён упершыню ўбачыў Франку. Увесь дзень ён лавіў на рацэ рыбу, а калі, на хвіліну зазірнуўшы дадому, зноў вяртаўся на раку, дык угледзеў Франку, якая спяшалася ад ракі ў вёску. Ужо змяркалася, але ён адразу пазнаў яе па светлай сукенцы і хадзе. Нават здалёк было відаць, што ёй, кволай і прызвычаенай да гарадскіх тратуараў, узыходзіць на высокую гару было цяжка. Здзіўлены Павел зрабіў некалькі шырокіх крокаў і апынуўся побач з ёю.

– Ты навошта сюды прыйшла?
– запытаўся ён сурова, але ў голасе чулася затоеная радасць.

Франка схапіла яго за руку і, спяшаючыся, пачала:

– Ой, міленькі, бяда на мяне звалілася, такая бяда, што ўжо не ведаю, як і вытрываю... Як толькі даведалася пра сваё няшчасце, адразу да цябе пабегла. Ішла берагам і ў чалавека аднаго запытала, дзе тая вёска і тая хата, у якой жыве Павел Кабыцкі. Можа, ты мяне выратуеш, можа, ты мне параіш... бо калі не ты - загіну, далібог, загіну!
– захлынаючыся слязьмі, казала Франка.

– А якая ж у цябе бяда? Кажы...
– здзівіўся Павел. Агледзеўшыся, ён убачыў на гары некалькі кабет з вёдрамі і збанамі, узяў Франку за руку і крутой сцежкай павёў у сасоннік, які цямнеў за вёскай.

– Тут кабеты нашы па ваду ходзяць, цябе ўгледзяць і бог ведае што пачнуць плесці.

Калі яны ўвайшлі ў сасоннік, Франка спалохана кінулася назад:

– Ай, ай! Могілкі!

Быў гэта невялікі сасновы барок, сярод якога там-сям тарчалі большыя і меншыя магільныя крыжы.

– Могілкі. Ну і што?
– усміхнуўся Павел.
– Чаго баяцца? Граху бойся, а не могілак. Жывых бойся, а не памерлых... Ну, кажы, якая там бяда на цябе звалілася?

Яны спыніліся на ўскрайку сасонніка, пад высокім крыжам, над якім распрасцёрлі галіны дзве высокія сасны. Вечар быў пахмурны, ветраны, і таму паміж соснамі ў змроку чуліся лёгкія шолахі, падобныя да ўздыхаў і шэптаў. Нізка пад гарой толькі Нёман пабліскваў сталёвай паласой ды ў вёсцы па хатах там-сям успыхвалі ў вокнах жоўтыя агеньчыкі.

Моцна ўхапіўшыся за руку Паўла і калоцячыся ад жаху і плачу, Франка расказала, што ў горадзе ў яе гаспадыні захварэў бацька, і таму яе гаспадары не праз месяц, як намерваліся раней, а праз два-тры дні пакідаюць дачу. Калі яна даведалася пра гэта, дык сэрца яе ледзь не разарвалася ад болю і роспачы.

Поделиться с друзьями: