Выбраныя творы
Шрифт:
Калі Павел пасля размовы з Франкай на могілках увайшоў у гэтую хату, сястра яго, Ульяна, прыгожая і мажная кабета гадоў каля трыццаці, стаяла ля печы з малым на руках, а Піліп, які толькі што вярнуўся з ракі, ляжаў на лаве і трымаў аберуч трохгадовага сына, які стаяў у яго на грудзях. Брат яго, шаснаццацігадовы Данілка, заўзяты рыбак, вязаў пры лямпе сеці.
– Пахвалёны!..
– сказаў Павел.
– На векі вякоў!
– адказалі яму тры галасы. Абліты здаровым румянцам твар Ульяны яшчэ больш пачырванеў ад агню. Яна падышла да брата, пацалавала яго руку. Піліп сеў на лаве, апусціў на падлогу сына, які з плачам кінуўся да маці і заціх, ухапіўшыся за яе спадніцу. Павел сеў на сваё звычайнае месца ля сцяны, паклаў на калені рукі і, апусціўшы вочы, паволі пачаў:
– Прыйшоў я да вас сёння, дзеці мае, па адной справе і буду вас вельмі прасіць, каб вы зрабілі так, як я скажу.
Ульяна слухала яго, усё яшчэ стоячы з дзецьмі на сярэдзіне хаты. Данілка ўзняў галаву, Піліп лагодна запытаў:
– А чаго вы хочаце?
– Паслухай, пакуль я ўсё раскажу, - сказаў Павел і, звярнуўшыся да сястры, запытаў:
– Скажы, Ульянка, калі нашы бацькі памерлі і пакінулі цябе маленькую на мяне, хіба я быў табе дрэнным братам?
– Божухна мілы! Ды хто ж гэта гаворыць?
– усклікнула Ўльяна.
– Ніхто не гаворыць, але я сам хачу прыгадаць і сабе і вам, дзеткі мае, што дапамагаў я вам, як толькі мог. Не крыўдзіў я цябе, мая галубка, не кінуў. Любіў цябе, песціў і дабру-розуму вучыў. А калі ты замуж пайшла, палову агарода свайго аддаў, дзве каровы і дзесяць авечак купіў і грошай крыху даў. Праўду я кажу?
Ульяна з дзецьмі падышла да Паўла, пацалавала яго руку, а Піліп сказаў:
– А хто ж гаворыць, што няпраўда? Ды і мы, здаецца, нядобрымі для вас не былі і ніколі не будзем.
– А хто ж кажа, што вы нядобрыя, - прамовіў Павел.
– Вось таму, што вы для мяне былі заўсёды добрымі, я і прыйшоў да вас з гэтай сваёю справай.
І Павел паволі, разважліва, нічога не ўтойваючы, расказаў ім усё. Калі ён скончыў, у хаце якіх пару хвілінаў панавала маўчанне, якое парушаў толькі малы, што сядзеў на руках у Ўльяны, енчыў, просячы есці. Але Ўльяна, уражаная тым, што пачула, не звяртала на яго ніякай увагі. Ды і чорныя вочы Піліпа пад густымі бровамі глядзелі ашаломлена. А Данілка нават усклікнуў ад здзіўлення і ніжэй нахіліў галаву, каб схаваць у сеці свой смех. Хоць Паўлу было ўсяго толькі сорак два гады, яго, паважнага і маўклівага, людзі лічылі амаль старым, і нікому нават у галаву не прыходзіла, каб ён мог яшчэ ажаніцца. Нарэшце, схамянуўшыся, Ульяна першая адказала:
– Прымем! Чаму ж не прыняць? Хіба наша хата цесная? Якая бяда, калі яна ў нас тыдні тры пажыве? Яшчэ весялей будзе!
Піліп падтрымаў жонку:
– Мы для вас і не тое гатовы зрабіць... Чаму ж не? Ці мала мы дабра ад вас бачылі? Ды толькі...
Ён устаў з лавы, падышоў да швагра. Упёршыся адной рукой у бок, а другой правёўшы па валасах, нерашуча прамовіў:
– Швагер, ці добра вы толькі робіце, што жэніцеся з ёй? Чужая, гарадская, ніхто не ведае, якая яна. Каб вы, барані Божа, не набраліся з ёю якой бяды!
– І праўда, - падыходзячы бліжэй да брата, падтрымала мужа Ўльяна.
– Каб вы, Паўлючок, якой бяды з ёю не набраліся!
Павел устаў, ласкава паглядзеў на маладых і рашуча сказаў:
– Не бойцеся, ніякай бяды не будзе. Яна паклялася шанаваць і любіць мяне аж да самай смерці. Паклялася. А што да таго, якая яна была, гэта нічога. Я яе люблю і хачу выратаваць. Інакш ужо не можа быць. А за дабрату вашу дзякую вам, дзеці мае, і, дасць Бог, яшчэ чым-небудзь вам адслужу. У чацвер яе прывязу да вас. Дабранач!
Ён ішоў да дзвярэй, вышэй, чым звычайна, узняўшы галаву. Маршчыны на яго лбе разгладзіліся, і выглядаў ён так, нібы на якіх дзесяць год памаладзеў.
Ульяна і Піліп моўчкі зірнулі адно на аднаго. Піліп пакруціў пальцам у лбе:
– З глузду Павел з'ехаў, ці што?
Ульяна незадаволена апусціла вочы.
– Яго воля!
– прашаптала яна.
– Вядома, яго. Але каб гэтая воля не давяла яго да цяжкай няволі! Валацугу нейкую з горада за жонку браць, ды яшчэ пад старасць! Цьфу!
– плюнуў Піліп.
Ульяна зноў падышла да печы. Яна паважала і любіла брата, і словы мужа крыху крыўдзілі і трывожылі яе. Праз нейкі час яна абазвалася першая:
– Піліп!
– Што?
– А Павел нейкі не такі, як заўсёды: нібы маладзейшы і весялейшы стаў.
– Але, але!
– смеючыся, усклікнуў Данілка.
– Калі з хаты выходзіў, дык, здавалася, галавой да самай столі даставаў.
Яны доўга дзівіліся з Паўла. Яны не ведалі, што ў крыві гэтага чалавека, з выгляду спакойнага, як Нёман у ціхае надвор'е, закіпела першая ў жыцці страсць, што ў сэрцы яго, як Нёман, глыбокім і ціхім, нарадзілася бязмежнае адчуванне, што перад позіркам яго, які прывык аглядаць неабсяжныя прасторы Нёмана і далёкі краявід, паўстала святая і высакародная чалавечая задача і асвяціла яго аблічча.
Франка рэзка вызначалася сярод жаночага насельніцтва вёскі. Калі першы раз яна прыйшла да Казлюкоў, Ульяна з дзецьмі - адно трымала на руках, а другое ўчапілася за яе спадніцу - сустрэла яе на зялёным, залітым сонцам двары. Побач з гэтай маладой маці ў поўным росквіце сіл, румянай, яснавокай, спакойнай, Франка нагадвала маленькую і кволую кветку гваздзіка побач з пышна квітнеючай півоняй. І пазней, сярод іншых вясковых кабет, з якімі сустракалася на вуліцы, у хатах, на схіле гары, ідучы па ваду, яна была як маленькая быстрая пліска, што выпадкова апынулася сярод паважных квактух і нясмелых галубак. Самая кволая з вясковых кабет, маладзенькая жонка Аляксея Мікулы, была ў плячах удвая шырэй Франкі; шасцідзесяцігадовая Аўдоцця, са зморшчаным, але, як асенні яблык, румяным тварам і чорнымі бліскучымі вачыма, выглядала побач з Франкай увасабленнем здароўя і сілы. Нават зусім старая жабрачка Марцэля, якая, абапіраючыся на кій, хадзіла па хатах, выглядала здаравейшай за Франку. У квадратных формах яе цяжкога цела і грубым ахрыплым гучанні голасу адчувалася былая сіла, аслабленая гадамі і цяжкай працай. Тонкая і быстрая Франка сваёй лёгкасцю і жвавасцю нагадвала вавёрку або змейку. Хваравіта-бледная, з запалымі вачыма, у якіх гарэў агонь няспыннага нервовага ўзбуджэння, пачуццяў і жаданняў, Франка ў сваёй гарадской сукенцы і танных бразготках выглядала ў новым асяроддзі, як дзіця зусім іншага свету і роду.
Зрэшты, сваю гарадскую вопратку яна неўзабаве мусіла змяніць на вясковую. Разам з Франкай Павел прывёз у хату сястры і яе невялікую скрыначку. З яе Ўльяна, якой цікава было паглядзець на рэчы гарадской дзяўчыны, дастала маленькую падушку, падзёртую коўдру, дзве сукенкі і тры сарочкі. Гэта было ўсё, што нажыла Франка за шаснаццаць гадоў сваёй службы. Рэшта пайшла на частаванне прыяцелек і прыяцеляў і на набыццё таго, што было схавана ў шкатулцы на дне скрыні. У шкатулцы гэтай былі бліскучыя брошкі, завушніцы, грабеньчыкі, рознакаляровыя стужкі і хусцінкі, старыя пальчаткі, некалькі кавалкаў духмянага мыла. І ўсё гэта, пакамечанае, паламанае, падзёртае, пасыпалася з незамкнёнай шкатулкі на калені Ўльяны, як толькі яна дакранулася да яе сваімі нязграбнымі рукамі.
Значную частку ўсіх гэтых скарбаў, якія выклікалі ўсеагульнае захапленне, Франка раздала прысутным. На галаву Ўльяны завязала пунсовую хусцінку, на шыю старой Аўдоцці - стужку. Дзецям, якіх шмат набілася ў хату, кінула жменю каляровых пацеркаў і паламаных шпілек. А да Піліпа прычапілася, каб той зашпіліў сабе каўнер сарочкі шпількай з каляровым бліскучым шкельцам. Усё гэта яна рабіла з вяселым смехам і шчэбетам, цалуючы дзяцей, Ульяну і Аўдоццю. Устаўшы на дыбачкі, яна нават Піліпа ў шчаку пацалавала, а падбегшы да Паўла, села яму на калені і абняла за шыю.