Выбраныя творы
Шрифт:
Гэта дашлюбная фамільярнасць Франкі, ды яшчэ ў прысутнасці людзей, збянтэжыла Паўла, і ён, адвёўшы позірк, пасадзіў яе побач з сабой на лаве. Усе глядзелі на Франку з цікаўнасцю і здзіўленнем. Ніхто з тутэйшых людзей яшчэ ніколі не бачыў гэткай рухавай, гаманлівай і шчодрай кабеты. Шчодрасць гэта сведчыла перш за ўсе аб яе бесклапотнасці, аб тым, што яна не прывыкла нічога запасіць, думаць аб заўтрашнім дні і адчувала сябе вельмі шчаслівай. Шчасце яе так і вырывалася з яе смехам, скокамі і бурнай пяшчотнасцю да людзей, сярод якіх апынулася. Здавалася, што, калі б хто-небудзь з прысутных быў галодны, яна дазволіла б з'есці сябе. Ульяна, вельмі задаволеная атрыманымі падарункамі, не пераставала корпацца ў яе скрынцы і, разгарнуўшы нешта белае, ажно ўскрыкнула ад здзіўлення. Здзівілі яе сарочкі Франкі - тонкія, але зусім падзёртыя. Мець поўную шкатулку каштоўных бразготак і стужак і ніводнай цэлай сарочкі! Ды і сукенкі яе, з мноствам фальбонак і бантаў, былі заплямленыя, з бруднымі падаламі.
– І як жа вы ў гэтым хадзіць будзеце?
– дзівілася Ўльяна.
– Хіба іншай вопраткі ў вас няма?
Франка запусціла ў кішэню руку і, развязаўшы вузельчык хусцінкі, дастала тыя некалькі рублёў, якія атрымала за апошні месяц службы і якія, жывучы ў вёсцы, не паспела патраціць. Яна пачала прасіць Ульяну, каб тая купіла ёй за гэтыя грошы даматканыя спадніцы, фартухі і простыя зрэбныя сарочкі, якія носіць сама.
– Мая міленькая, залаценькая, брыльянтавая, купіце!
– прасіла яна Ўльяну.
Ульяна вагаючыся зірнула на мужа, а калі той сцвярджальна маргнуў ёй, ветліва сказала:
– Навошта купляць? У мяне, дзякаваць богу, усяго хапае. Я вам і так, без ніякіх грошай дам пару спадніц і палатна на сарочку.
І, усміхаючыся, дадала:
– А пасля, калі захочаце, навучу вас ткаць, і вы самі натчэце сабе ўсяго, што трэба.
Павел падняў маленькага пляменніка і пачаў гушкаць яго на каленях. Прысутныя не паверылі сваім вушам, калі ён пачаў весела насвістваць, што ніяк не пасавала да яго звыклай стрыманасці.
– Добра, Ульянка!
– прамовіў ён, прыязна глянуўшы на сястру.
– Дай тым часам, што трэба, а пасля разлічымся, я не крыўдзіў цябе раней і цяпер не пакрыўджу. А ткаць і ўсяму іншаму, без чаго ў нашым жыцці не абысціся, навучы яе. Яна расла сіратой, і ніхто ніколі дабру ды розуму яе не вучыў. Цяпер вучыць буду я. Вучы і ты. Бог табе адплоціць за гэта.
Ульяна, Піліп, Аўдоцця і нават гарэза Данілка згодна заківалі галовамі. Слова «сірата» трапіла ім у самае сэрца.
Аднак вопратку, атрыманую ад Ульяны, за якую Павел прывёз з мястэчка прыгожае рудое цяля, Франка надзела толькі праз два тыдні пасля вяселля. Дагэтуль яна ўсё адкладвала гэтае пераапрананне і хадзіла па гразнай вясковай вуліцы і па полі ў прунэлевых чаравіках і гарадской сукенцы з фальбонкамі. Аднак цяпер не было ўжо іншага выйсця: чаравікі яе і сарочкі падзёрліся ўшчэнт, а сукенкі знішчыць да рэшты яна не хацела. Грошай, за якія яна раней купляла сабе вопратку, цяпер не атрымлівала, а што Павел будзе для яе купляць, ёй і ў галаву не прыходзіла, бо яна не прывыкла, каб хто-небудзь ёй у чым дапамагаў, і ніякіх рахункаў у адносінах з людзьмі не вяла. Наадварот, яна сама аддавала людзям, якія ёй падабаліся, усё, што мела. І цяпер таксама, хоць і ведала, што Павел зарабляе добра, а старая Марцэля нашаптала ёй, што ў хаце пад печкай схаваны гаршчок са срэбнымі рублямі, які закапаў яшчэ ягоны бацька, - Франка не разлічвала на грошы мужа і, паклаўшы ў скрынку сваю гарадскую сукенку, каб ездзіць у ёй толькі ў касцёл, апранулася нарэшце па-вясковаму. Надзеўшы грубыя скураныя чаравікі, даматканую спадніцу ў рознакаляровыя палосы, накінуўшы на зрэбную сарочку паркалёвую квяцістую хустку, Франка агледзела сябе і пачала галасіць:
– Вось я і мужычкай стала! Цяпер бы і родны бацька мяне не пазнаў, а маці, каб убачыла мяне, перавярнулася б у магіле! Вось і няма мяне! Пахавалі мяне, закапалі навекі, і не будзе больш для мяне іншага жыцця, апрача мужыцкага, якога я ніколі не ведала і не хацела ведаць!
Закрыўшы далонямі твар, яна плакала на ўсю хату. Гэты выбух роспачы пасля яе бурнай весялосці так здзівіў Паўла, што нейкую хвіліну ён стаяў на месцы, разявіўшы рот. Пасля ўсміхнуўся і махнуў рукой.
– Дзіця, дый годзе!
– сказаў ён.
– Невядома часам, чаго смяецца, і невядома, чаго плача! Набілі тваю галаву глупствам, а ты верыш і паўтараеш. Розуму ніхто не навучыў, а глупству рознаму навучылі. Даруй ім, Божа!.. А ты паходзіш крыху ў гэтым адзенні, прызвычаішся і зразумееш, што паміж панамі ці паміж мужыкамі жыве чалавек, а цэлая сарочка заўсёды лепшая за дзіравую.
Ён устаў, сеў побач з Франкай, абняў яе і прытуліў да сябе:
– Ну, годзе, Франка, годзе... Сціхні, супакойся... Няма чаго бедаваць!
Франка раптам перастала плакаць, прыпала да яго ўсім сваім целам і, абхапіўшы рукамі за шыю, пачала прагна цалаваць. Павел падхапіў яе на рукі, як пёрка, і падняў пад самую столь. Яго блакітныя вочы, заўсёды такія спакойныя і ясныя, успыхнулі. Шчаслівы смех Франкі і звонкія пацалункі напоўнілі хату.
Праз гадзіну яны разам сышлі на бераг Нёмана, селі ў човен і паплылі, а неўзабаве можна было бачыць, як на тым беразе ракі яны закідвалі ў ваду свае вуды.
У вёсцы даўно ўжо заўважылі, што Павел з таго часу, як ажаніўся, меней бывае на рацэ і радзей ездзіць у мястэчка і панскія двары прадаваць рыбу. Зрэшты, нікога гэта асабліва не дзівіла, бо ўсе ведалі, што, жывучы самотна і сціпла і маючы нядрэнны заробак, ён мог назапасіць крыху грошай, ды і гэты бацькаў гаршчок, закапаны пад печчу, ні для кога не быў таямніцай. Не маючы патрэбы, Павел яго дагэтуль не адкапваў. Сястру ён і без гэтага па-людску і па-бацькоўску замуж аддаў, а пасля жыў адзін, як воўк, і абыходзіўся малым. Гаршчок гэты, магчыма, хаваў на чорны дзень ці на пабудову некалі новай хаты, або пасля смерці збіраўся ахвяраваць на касцёл. Досыць таго, што бедным ён не быў, грошы ў запасе меў, дык чаго б яму, напрацаваўшыся і нагараваўшыся праз усё жыццё, і не адпачыць крыху пад старасць, узяўшы маладую жонку?
Слухаючы гэта, хлопцы з маладосці Франкі пасміхаліся:
– Ат, якая яна маладая, - казалі яны.
– Павел маладзей за яе выглядае.
І сапраўды, усе бачылі, што ранейшы спакой Паўла цяпер перайшоў у няспынную гарачую радасдь. Праўда, як і раней, ён быў паважны, але з людзьмі цяпер гаварыў ахвотней і больш, а ў вачах і ўсмешцы яго заўсёды свяцілася ціхая весялосць, і таму ён выглядаў цяпер маладзейшым. Сустрэўшы яго неяк з вёдрамі на беразе ракі, старая Аўдоцця, падпёршы падбародак рукой, з цікаўнасцю спытала:
– Ну што, куме, добра табе цяпер? Ці рады, што ажаніўся, га?
Румяную, хоць ужо і старую, чарнавокую Аўдоццю ўсе ў вёсцы любілі і паважалі. Была яна, праўда, цікаўная, гаваркая, любіла ўлезці часам у чужыя справы, але вясёлая, спагадлівая, вопытная і вельмі часта патрэбная людзям. Сама яна жыла ў сына, паважанага і заможнага гаспадара. Паўла любіла і назаляла некалі сваім сватаўством. Павел таксама яе паважаў і некалькі разоў хрысціў з ёю суседскіх дзяцей.
Цяпер ён паставіў вёдры, выпрастаўся і з усмешкай адказаў:
– Добра! Ой як добра! Чаго хацеў, тое і маю, дык чаму ж мне не будзе добра?
– Дык ты, відаць, таму і не жаніўся, што хацеў мець такую, як гэта?
– запытала Аўдоцця.
– Але, відаць, таму...
– Дык чаму ж ты раней маўчаў... Можа б, я табе даўно знайшла такую, - засмяялася Аўдоцця.
– Дык хіба ж я ведаў, чаго я хачу і якую хачу. А цяпер, калі знайшоў, дык і даведаўся...
– Ну, добра, дай Бог, каб заўсёды так было!
– добразычліва пажадала Аўдоцця, але Павел перапыніў яе. Раней ён ніколі нікога не перапыняў, ды і да гаворкі быў неахвочы. А цяпер сэрца яго было перапоўнена радасцю, і словы нібыта самі вырываліся: