Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Ведаеце, кума, усё добра: ёсць да каго ў хаце слова сказаць, ёсць з кім павесяліцца. Ды і сябра на ўсё жыццё маеш... Але найбольш я дзякую Богу за тое, што душу людскую выратаваў...

І таксама, як і Аўдоцця, падпёршы рукой падбародак, ён задуменна дадаў:

– Душу людскую ад пакут на гэтым свеце і ад пагібелі на тым выратаваць... Хіба гэта малая справа? О, божа, якая вялікая!

– Яно так, - падтрымала Аўдоцця, хоць відаць было па ёй, што не зусім разумела, аб чым ён гаворыць.
Добра, добра! Дай божа, каб было так заўсёды!
– паўтарыла яна, заўважыўшы, што твар Паўла пасвятлеў.

– Ну, ну, - дзівілася яна.
– Цябе, Паўлюк, нібы другі раз маці на свет нарадзіла!

Увечары Аўдоцця са смехалі расказвала аднавяскоўцам, які гэты Паўлюк шчаслівы, як задаволены жонкай, як памаладзеў.

Зрэшты, аднавяскоўцы ІІаўла, якіх спачатку вельмі цікавіла з'яўленне сярод іх зусім чужой, непадобнай да іншых, кабеты, неўзабаве пераканаліся, што ў хаце Паўла нічога надзвычайнага не адбываецца. Там было ціха, як і даўней, толькі на панадворку ў Казлюкоў часта чуўся голас і звонкі смех Франкі. Яна гаманіла з Ульянай і весела жартавала з Данілкам. На вясковай вуліцы бачылі яе рэдка, да суседзяў яна не хадзіла зусім і шмат часу праводзіла з мужам на рацэ. Цяпер яна ані не баялася вады, наадварот, з уласцівым для яе захапленнем, любіла плыць у чаўне і лавіць рыбу. І калі Павел марудзіў, збіраючыся на раку, яна хапала яго за рукі і выцягвала з хаты, прапануючы бегчы на раку навыперадкі. І заўсёды на бераг прыбягала першая. Павел быў дужы, крочыў шырока, але яна, як пёрка, лёгкая, бегала так хутка, што здавалася, ляцела, не дакранаючыся да зямлі. Яна шырока, як крылы, раскідала рукі і крычала прарэзліва і звонка, як птушка. Веславаць яна навучылася хутка, але доўга веславаць не магла, бо не хапала сілы. І ўсё ж яны часта выплывалі на раку двума чаўнамі, якія злучаліся прывязанымі да іх сецямі. Чаўны, як неразлучныя блізняты, не спяшаючыся, плылі па ціхай рацэ, сеці паміж імі, апушчаныя ў ваду, цяжэлі ад рыбы, а Франка, паволі заграбаючы вяслом ваду, з цікаўнасцю аглядала раку і берагі і прыходзіла да думкі, што рыбачыць удваіх з мужам значна лягчэй і прыемней, чым ставіць самавар, прыбіраць пакоі, прасаваць чужыя сукенкі ў цесных і душных кухнях. А паколькі ўсё, што яна адчувала, апрача яе волі і свядомасці, вылівалася наверх, яна бясконца расказвала Паўлу аб сваіх новых і радасных уражаннях.

– Вось адпачываю сабе!
– казала яна.
– Жыву, як каралева, і ні аб чым мне не баліць галава. Нібы мяне маці другі раз на свет нарадзіла! Нібы мяне бог перасяліў у нейкі іншы свет!

І сапраўды, гэты свет быў для яе зусім новы. Яна толькі некалькі разоў у жыцці пакідала горад і выязджала са сваімі гаспадарамі на дачу, ды і гэтыя некалькі тыдняў круцілася вакол пакояў і нічога апрача двара і бліжэйшых дрэў не бачыла. Цяпер, калі перад яе вачыма раскрыліся шырокія прасторы і краявіды, поўныя нябачаных дасюль падрабязнасцяў, усё будзіла ў ёй жывую цікаўнасць і здзіўленне. Так, не захапленне, а цікаўнасць і здзіўленне.

Захаваўшы ад мінулага, поўнага ўсялякіх прыгод і лёгкадумных пацех, пякучую прагу да ўражанняў, яна была вельмі цікаўнай да ўсяго новага - ці быў гэта сімпатычны ёй чалавек, ці хваля, якую яна бачыла ўпершыню, ці хмара, ці каляровая бліскучая забаўка.

Яна была настолькі наіўная і недасведчаная, што дзівілася ўсяму новаму гучна, непасрэдна, як дзікун або малое дзіця. Кожнаму магла здацца дзікункай гэта рухавая і шумная сярод вясковага спакою кабета, якая выхоўвалася сярод гарадскіх камяніц і не ведала нічога з таго, што нараджалася, спявала, свяціла пад бязмежным адкрытым небам. Паўлу ўсё, што дзівіла яе, было здаўна знаёмае і звыклае. Ён мог, напрыклад, за некалькі дзён наперад прадказаць надвор'е. Выйдзе, бывала, раніцай з хаты, абвядзе позіркам неба, гляне з-пад далоні на сонца, уцягне носам вецер, а пасля ўсім, каго сустрэне, кажа, каб спяшаліся парадкаваць збожжа, сена або гародніну, бо праз два-тры дні пачнуцца дажджы. Або ў дажджлівае надвор'е, калі неба яшчэ абложана цёмнымі хмарамі, а Нёман коціць пад ветрам свае цёмныя і ўспененыя хвалі, Павел прыйдзе дадому і пацешыць сонную Франку, што праз два-тры дні распагодзіцца і пацяплее. І, калі прадказанні яго здзяйсняліся, Франка, устрывожана пазіраючы на яго, пытала:

– Ці ты прарок, што ўсё наперад ведаеш?

Павел задаволена смяяўся.

– Я не прарок, я рыбак, - адказваў.
– А які быў бы з мяне рыбак, каб я не ведаў, калі трэба на раку выязджаць, а калі не трэба, калі перашкоды ў рабоце будуць, а калі не будуць.

Ён добра ведаў, з якой хмары дождж палье, якая спакойна праплыве над зямлёй, а якая прынясе навальніцу або знішчыць градам пасевы. Ён ведаў, дзе вада ў Нёмане глыбокая, а дзе мелкая, у якім месцы дно ракі камяністае, а ў якім услана пяском або доўгімі густымі водарасцямі. Ён ведаў, дзе ловяцца лепшыя печкуры і плоткі, дзе жывуць шчупакі, ля якіх берагоў на падводных каменнях і імхах водзяцца ракі, у якую пару года і дня і на якую прынаду рыба ідзе лепш. Па сіле плёскату і шырыні кругоў на паверхні вады ён вызначаў, якая рыба выскачыла на паверхню, а па напрамку, вышыні і хуткасці хваль адгадваў, ці ўдалая будзе сёння лоўля. Усё гэта ён расказваў Францы, і, калі тое, што ён гаварыў, збывалася, Франку ахопліваў забабонны жах.

– Ці не вядзьмар ты часам?
– пыталася яна, а Павел усміхаўся.

– Не вядзьмар я, але гэта рака ўсё жыццё была маёй жонкай. Іншай я не меў і не хацеў, пакуль не спаткаў цябе.

Весела было Францы на рацэ з мужам, не сумавала яна і тады, калі заставалася часам у хаце адна. Прыходзіла тады да яе жабрачка Марцэля, якая ў гэтым годзе ў Казлюкоў займала кут, і расказвала розныя цікавыя гісторыі. Калі яна ўпершыню прыйшла неяк перад полуднем у хату Паўла, босая, грузная і гарбатая ад лахманоў, у якія была апранута, Франка яшчэ ляжала ў пасцелі, пазяхаючы і праціраючы вочы. Марцэлю яна бачыла не раз і на прывітанне яе прыязна кіўнула галавой. Шырокі твар Марцэлі, белы, нібы крэйда, быў пакрыты глыбокімі маршчынамі, з-пад бруднай анучы, якая замяняла ёй хустку, звісалі сівыя пасмы валасоў. Нягледзячы на свае не менш як семдзесят гадоў, Марцэля была яшчэ даволі рухавая. Хадзіла яна, праўда, павольна і цяжка, але гаварыла шмат, і малыя вочкі яе з-пад набрынялых павек глядзелі цікаўна і жыва.

Абапершыся на свой кій, Марцэля спынілася ля парога і адразу загаманіла сваім ахрыплым, рыпучым, як піла, голасам:

– А-а! Дык вы яшчэ не ўставалі, міленькая мая? Людзі даўно ўжо адпалуднавалі і зноў у поле пайшлі. Ды ў вас, я бачу, у печы паліцца, страва гатуецца і ў хаце прыбрана! А хто ж гэта вам вады прынёс, калі вы да гэтай пары спалі?

– Муж, - сеўшы на пасцелі і ляніва аглядаючы свае ногі, адказала Франка.
– У мястэчка сёння рыбу павёз, а перад гэтым вады прынёс, у печы запаліў і абед паставіў.

– Бач, які добры з яго чалавек!
– здзівілася жабрачка і бліжэй падышла да гаспадыні, якая, усунуўшы ногі ў чаравікі і пазяхаючы, завязвала на сабе даматканую спадніцу. Марцэля паклала на кій рукі, скура якіх нагадвала кару дрэва, і, працінаючы гаспадыню вачыма, лісліва працягвала:

– Але ж ты, мая міленькая, прыгожая, ой, прыгожая! Не дзіва, што твой свету за табой не бачыць. Божа мой, Божа! Ножкі ў цябе бялейшыя, чым у іншых твар, а вочкі, нібы пацеркі, блішчаць. А тонкая, нібы паненка ў гарсэце.

– А хіба ты бачыла калі-небудзь гарсэт?
– засмяялася Франка, дрыжучы ўсім целам. У хаце было цёпла, але гэтыя дрыжыкі вось ужо некалькі год даймалі яе кожную раніцу, калі яна ўставала з ложка.

Яна пазяхнула і прысела да агню, акрылася хусткай, а жабрачку папрасіла сесці на лаве. Ліслівыя пахвалы жабрачкі, відаць, спадабаліся Францы. Марцэля села ля сцяны насупраць агню, зноў абаперлася на кій і, адкрываючы ў шырокай усмешцы бяззубыя дзёсны, пачала:

– Пытаеш, ці бачыла я гарсэт? Мой Божа! Чаго я толькі на свеце не бачыла! Колькі багацця, колькі пекнаты! Усё бачыла, усё чула, усё ведаю... Усю сваю маладосць у панскіх дварах служыла... А цяпер вось ужо гадоў пятнаццаць як з кіем па шырокім свеце цягаюся.

Франка жыва павярнулася да Марцэлі, вочы яе заблішчалі.

– У панскіх дварах служыла?
– усклікнула яна.
– А я думала, што ты такая самая простая сялянка, як усе тут.

– Сялянка, яно так, сялянка, - трасучы галавой, адказала Марцэля, - ды не простая! Нарадзілася я ў гэтай вёсцы, але мяне яшчэ малой дзяўчынкай у двор узялі, і там я маладыя свае гады прабыла. А калі ў іх заставацца ўжо нельга было, да іншых паноў на службу пайшла. А вось ужо гадоў пятнаццаць як з жабрачай торбай цягаюся... Таму я адразу і здагадалася, хто ты такая. Іншыя не здагадаліся, а я здагадалася...

– А хто ж я такая?
– са смехам запытала Франка.

– Паненка!.. Паненка ты, далікатная, прыгожая, як тая каралеўна... Як толькі ён цябе ў хату Казлюкоў прывёў, я адразу падумала: «Божа ж мой, Божа, такі просты мужык, а захацелася яму каралеўны». Мяне дзіва бярэ, як гэта ты за мужыка замуж пайшла.

Вясёлы твар Франкі раптам спахмурнеў.

– Хіба я ведаю, як гэта сталася? Відаць, такі ўжо мой лёс. Ніколі не думала, што за мужыка пайду і сярод мужыкоў жыць буду. З добрай жа сям'і паходжу... Дзядуля два дамы ўласныя меў, бацька ў канцылярыі служыў, а стрыечны брат адвакат у вялікім горадзе і багаты, багаты!

Поделиться с друзьями: