Выбраныя творы
Шрифт:
– Ну, Франка, не злуй! Я ўжо ўспомніў, што гэта «І». Ну, сядзь і пакажы яшчэ крышку... Годзе ўжо злаваць! Ён браў яе за руку, цягнуў да стала і супакойваў:
– Ты ж бачыш, Франка, што я да гэтага яшчэ не прывык. Пачакай крышку... Пачакай, мая любая, пацярпі, пакуль я прывыкну.
Франка зноў садзілася на месца, але ўжо надзьмутая, за кожную памылку крычала на яго ўсё больш. Але Павел цярпліва зносіў усё і толькі паўтараў:
– Пачакай, мілая, пачакай крышку, хай толькі прывыкну.
ІІрывык ён сапраўды хутка і, адолеўшы ўсю азбуку, ужо даволі бегла мармытаў: ба-ба, бэ-бэ. Але аднойчы Франка, слухаючы яго мармытанне, падскочыла, як спружына, з лавы і закрычала:
– Не хочу! Не буду! Даволі! Да д'ябла гэтае чытанне! Хіба я да цябе ў гувернанткі нанялася? Ад нуды я хутка завыю, як той сабака!
Яна кінулася на ложак, заклала за галаву рукі і, пазіраючы ў столь, пачала пазяхаць так працягла і голасна, што пазяханне гэта і сапраўды нагадвала выццё. Павел узняў ад буквара засмучаны твар, моўчкі паглядзеў на Франку, паківаў галавой і, зняважліва махнуўшы рукой, прамовіў:
– Цябе ўсё яшчэ злосць адольвае. Відаць, табе спаць хочацца, калі так рот дзярэш. Ну, і добра. Калі спаць, дык спаць.
Ён пагасіў лямпу і праз некалькі хвілін ужо моцна спаў. Але Францы было не да сну. У доўгія зімовыя вечары яе палохала зацятая цішыня і галасы ночы, якія час ад часу парушалі яе спакой, ахоплівалі яе трывогай і жахам. Хоць бы грукат якіх колаў, хоць бы адзін свісток начнога вартаўніка, хоць бы стук крокаў па замерзлым тратуары,хоць бы самы слабы водбліск вулічнага ліхтара, хоць бы далёкае рэха музыкі начной гулянкі! Дзе там! Тут не было нічога з таго, што некалі супакойвала і весяліла яе, калі не давалі заснуць мары, узбуджэнне або хвароба. Тут, у вёсцы, у ціхія марозныя ночы панавала такая глыбокая цішыня і цемра, што Францы здавалася, нібы яна ляжыць глыбока пад зямлёй. Часамі гэту цішыню і цемру парушаў гучны стук, падобны да стрэлу або да ўдару каменем аб сцяну хаты. Франка тады садзілася на пасцелі і ўсхвалявана слухала, а калі стук паўтараўся, пачынала штурхаць мужа. Пабудзіўшы Паўла, яна спалохана шаптала, што ў хату ломяцца разбойнікі. Павел у гэта не верыў, бо колькі ён жыў на свеце, у іх вёсцы разбойнікаў ніколі не бывала. Нейкую хвіліну ён прыслухоўваўся да цішыні, а калі зноў паўтараўся стук, са смехам казаў жонцы, што гэта ад марозу трашчаць сцены. З часам яна пераканалася, што гэта праўда, але асвойтацца з гэтымі начнымі галасамі ніяк не магла.
Мароз, як ледзяны волат, злосны і сумны, блукаў па вёсцы. То блізка, то далека ён грукаў у адну, другую сцяну хаты, трашчаў ля малых акенцаў, хадзіў па агароджах саду. Здалёк было чуваць, як ён блукаў вакол хаты Казлюкоў.
Праўда, ледзяны волат блукаў цёмнымі начамі па вёсцы не так часта, але і адлігі нямымі не былі. Яны ўздыхалі, шапталі, усхліпвалі. Уздыхаў вецер, а пад капяжамі хаты таялі ледзяшы і з ціхім плюскатам плакалі пад сцяной. Старая груша шамацела, і ледзь чутны шолах яе разбягаўся па счарнелым снезе і па сухіх галінах дрэў. У гэтыя ночы Францы здавалася, што яна чуе то ціхую гаворку разбойнікаў, што затаіліся ля хаты, то ўздыханне непрыкаяных душаў, якія блукалі па зямлі. На памяць ёй прыходзіў тады вясковы могільнік і розныя гісторыі аб прывідах і духах, якіх яна ведала мноства. У цёмнай хаце чуўся яе гарачы спалоханы шэпт:
– У імя Айца і Сына і Святога Духа... Ісусе, прасвятая Марыя і ўсе святыя, ратуйце нас!
Пры дзённым святле і ў добрым гуморы Франка часта са смехам казала: «Бог, душа - глупства ўсё гэта!», а ўначы яна верыла, што з таго свету прыходзяць душы нябожчыкаў, і клікала на дапамогу не толькі Бога, але і ўсіх святых, імёны якіх ведала з малітоўніка.
А найгорш было тады, калі над заснуўшай вёскай гойсалі зімовыя вятры. З шырокіх палёў, з глыбокай катлавіны Нёмана, з-пад цёмнага неба прыляталі яны і накідваліся на нізкія, заснуўшыя пад снежнай коўдрай хаты, спраўлялі шалёныя оргіі вакол цёмных, засыпаных гурбамі сцен. Паветра тады кіпела, бурліла і напаўнялася віскам усіх галасоў свету. Здавалася, што агромністыя снарады ляцяць навыперадкі са страшэнным гулам, сутыкаюцца ў шалёным разгоне, і грымоты з няспынным грукатам ляцяць з канца ў канец зямлі. У посвісце ветру чуліся прарэзлівае выццё зграі шалёных сабак, крыкі катаваных, плач і стогны безнадзейнай роспачы, працяглыя скаргі, якія губляліся ў грозным шуме, лапатанні незлічоных крылаў, у трэску і грукаце падаючых гмахаў. Увесь гэты пякельны шум і шаленства ў цемры ночы не будзілі аднак людзей, што спалі пад нізкімі, заснежанымі стрэхамі. Спакойна і бесклапотна спалі яны ў суровых, але змалку знаёмых абдымках маці-прыроды, і толькі адна істота сядзела на пасцелі, углядаючыся ў цемру, напружваючы слых, затрымліваючы дыханне. Яна была ўпэўнена, што вось-вось з трэскам расчыняцца насцеж дзверы і вокны і ў хату ўляціць натоўп злых духаў, або шалёная гэта віхура аберне хату і пахавае пад ёю Франку. І яна зноў штурхала пад бок мужа:
– Павел! Павел! Уцякайма хутчэй, а то хата зараз заваліцца!
А Павел сонным і здзіўленым голасам пытаў:
– Чаму?
– А ты паслухай, паслухай!
– казала спалохана Франка.
Павел нейкую хвіліну слухаў, пасля паварочваўся на другі бок і казаў:
– Глупства. Не заваліцца! Не ўпершыню гэта.
– Паўлюк, запалі лямпу, - прасіла Франка, - Запалі, мой даражэнькі, залаты, брыльянтавы!
Паўла ні аб чым доўга прасіць не прыходзілася. Ён уставаў і, запальваючы лямпу, пытаў:
– Чаму ж ты не запаліла сама?
– Я і дыхнуць баялася, не толькі ўстаць.
– Дурніца! Перажагнайся ды спі.
І, ледзь прамовіўшы гэта, Павел засынаў зноў, а яна, хоць пры святле лямпы было ўжо не так жудасна, не клалася і, седзячы на ложку, ускалмачаная, усё яшчэ з кроплямі поту на лбе, прыглядалася да заснуўшага побач мужа. Павел засынаў хутка і моцна і, калі ляжаў нерухомы, заплюшчыўшы вочы, выглядаў значна старэйшым, чым тады, калі рухаўся і глядзеў.
Удзень гнуткасць рухаў і ясны блакіт вачэй надаваў яму амаль юнацкі выгляд. Цяпер маршчыны, якія пераразалі лоб, зрабіліся больш акрэсленымі, а сур'ёзная складка вуснаў рабіла твар яго суровым. Сцяўшы зубы, Франка прамовіла:
– Вось балван! Зноў заснуў!
Быў ён зараз непрыгожы. Зусім не такі, як тады, калі яна ўпершыню ўбачыла яго на Нёмане! Тады ён паказаўся ёй гэткім стройным, спрытным, і з такім захапленнем глядзеў на яе! А цяпер...
– Стары!
– прашаптала яна.
Вакол хаты гуляў, свісцеў, грымеў і скавытаў вецер. А Франка з раскалмачанымі валасамі ўсё яшчэ сядзела на пасцелі, углядалася ў твар мужа, і злосныя агоньчыкі ўспыхвалі ў яе чорных вачах.
Аднак, калі ён прачынаўся на досвітку і абдымаў яе, Франка тулілася і ласцілася да яго, як кошка, асыпала яго пацалункамі, а пасля са смехам і шчэбетам ускаквала з ложка, распальвала ў печы і гатавала снеданне.
Але ўсё часцей і часцей Павел, не пабудзіўшы жонкі, выходзіў з хаты, каб зазірнуць у сеці, што апусціў учора ў палонку, або, калі лёд ужо крануўся, паглядзець на крыгаход і вызначыць, дзе і калі ў бліжэйшыя дні можна будзе лавіць рыбу. Пажадлівасць не была галоўнай уласцівасцю яго натуры, і хоць яна, позна і ўпершыню абуджаная Франкай, успыхнула бурна, цяпер ужо аслабела пад ацяжэлым спакоем цела і духа і схільнасцю да маўклівага назірання і роздуму. Калі лёд на рацэ крануўся і Павел упершыню выйшаў на бераг паглядзець на крыгаход, ён добрую гадзіну стаяў нерухома, падпёршы рукой падбародак, і любаваўся краявідам, які раскінуўся перад яго вачыма. У цёплым блакіце неба адчувалася набліжэнне вясны. Над лесам самотна стаяла бледнае, але ўжо цёплае сонца. За ракой, сярод цёмнай зеляніны соснаў, дзе-нідзе бялеў яшчэ рыхлы наздраваты снег, а над вяршалінамі дрэў з вясёлым карканнем ляталі вароны. А па Нёмане, які нагадваў неаглядны паток расплаўленага серабра, плылі крыгі, падобныя на пагоркі і дамочкі з крышталю. Дзе-нідзе ля берага, пад тоўстым покрывам лёду, чутно было кіпенне і бурчанне заняволенай вады, але шырокай сярэдзінай Нёмана то гуртам і шпарка, то паасобку і павольна плылі крышталёвыя крыгі, ззяючыя, празрыстыя, пазалочаныя праменнямі сонца або палітыя барвамі вясёлкі. Крыг гэтых было такое мноства, што яны здаваліся фантастычным шматлікім натоўпам, які паспешліва і маўкліва ўцякае з нейкіх невядомых краін. Згрудзіўшыся на дальнім канцы ракі, яны нагадвалі казачны горад з высокімі вежамі і дахамі, а на другім канцы ракі такі самы ледзяны горад разбіваўся на дробныя часткі і ўкрываў сярэбраны шлях Нёмана. А ў паветры стаяла ўрачыстая цішыня, скрозь холад прабівалася кволае і няўстойлівае цяпло, і пахла ўжо адталай зямлёй, якая пачынала вольна дыхаць пад рэшткамі снегу.
Штогод Павел назіраў гэты краявід і штогод вітаў яго прыязнай усмешкай і радасным бляскам вачэй.
Гэта цудоўнае абуджэнне прыроды выклікала ў душы яго не толькі захапленне, але і радасць ад сустрэчы з нечым добра і здаўна знаёмым. Ён любіў прыроду тою магутнай любоўю, якая прымушае дзіця, што не ўмее яшчэ вымавіць імя маці, вуснамі і рукамі цягнуцца да яе грудзей. Ён любіў прыроду, як слімак любіць свой дамок і чарвяк свой родны камячок зямлі. Аднак апрача гэтай вялікай любові да прыроды, Паўла заўсёды агортвала захапленне, калі ён назіраў яе розныя з'явы. Вось і цяпер, убачыўшы крыгі, што плылі па рацэ, ён спыніўся і нават усклікнўў, нібы бачыў іх упершыню ў жыцці. Цэлую гадзіну стаяў ён на беразе і так пільна ўглядаўся ў крыгі, нібы лічыў іх; на тыя, што мелі асабліва дзівосную форму, ён глядзеў даўжэй, чым на іншыя. Заўважыўшы крыгу, падобную да шкляной каплічкі і ззяючую вясёлкавымі фарбамі, ён доўга ківаў галавой:
– Ой якая прыгожая!
Стук сякеры прымусіў яго азірнуцца. Ён убачыў Піліпа, які напраўляў свой паром перад тым, як спусціць яго на ваду. Відаць, аднаму яму нялёгка было спраўляцца з работай, і ён паклікаў Паўла:
– Памажы, калі ласка, швагер!
Павел падняў з зямлі сякеру, падрыхтаваную, відаць, для Данілкі, і не спяшаючыся пачаў убіваць у тоўстыя дошкі вялізныя цвікі. Яны так старанна стукалі сякерамі ў ранішняй цішыні, што Ўльяна з двума вёдрамі, а за ёю і іншыя кабеты з вёдрамі ды збанамі падаліся да ракі, а некалькі мужчын пачалі сцягваць з гары лодкі з чаўнамі, якія хутка ім маглі спатрэбіцца. Адны іх смалілі, а другія збівалі сякерамі рассохлыя дошкі.