Выбраныя творы
Шрифт:
Бераг ракі закіпеў жыццём, працай, абазваўся гучнай гамонкай людзей. Перш чым заняцца сваёй справай, кожны хоць хвіліну глядзеў на крыгі, што плылі па рацэ, і, ківаючы галавой, паказвалі пальцамі на самыя вялікія і дзівосныя з іх. Кабеты з віскам ступалі ў ледзяную ваду і паспешліва напаўнялі свае збаны і вёдры. Некалькі хлапцоў пад кіраўніцтвам гарэзлівага Данілкі скочылі на крыгу, што плыла ля самага берага, і з пераможнымі воклічамі, у якіх аднак адчуваўся і затоены страх, спрабавалі коўзацца па ёй. Піліп, адарваўшыся ад работы, пачаў ушчуваць малодшага брата за свавольства і гультайства. А Павел тым часам прадказваў мужчынам, якія працавалі побач, што, мяркуючы па паху зямлі і крыгаходу, вясна сёлета будзе ранняя і цёплая. Гоману людзей на адным беразе ракі адказвала карканне варон на другім. Яны, як апантаныя, чорнымі чародамі ляталі над лесам. А паверсе з канца ў канец вёскі чулася прыглушанае сценамі хлявоў мычанне кароў і бляянне авечак. Спявалі пеўні, брахалі сабакі, нібы спаборнічалі са стукам сякер унізе, і ў гушчары далёкага лесу адгукалася працяглае рэха.
А ў гэты час Франка, абуджданая рыпеннем дзвярэй, адрывала ад падушкі ўскалмачаную галаву і, праціраючы заспаныя вочы, убачыла спачатку сукаваты кій, а пасля, ля самага парога, кучу лахманоў.
– Пахвалёны, - пачуўся рыплівы голас.
Пацягваючыся ляніва ў пасцелі, Франка сказала:
– Зрабі ласку, Марцэля, распалі агонь, а я яшчэ крышачку паляжу.
За міску крупніку, за шклянку чаю, а часам за кавалак сала і жменю мукі жабрачка стала яе прыслужніцай. Была яна таксама і яе сяброўкай, адзінай кабетай у вёсцы, з якой Франка любіла бавіць час і якую нават у думках не называла мужычкай і хамкай. Седзячы на падлозе ля парога або на лаве і папіваючы з зеленаватай шклянкі чай, Марцэля ўжо даўно расказала Францы пра сваё жыццё. Марцэля, у адрозненне ад усіх вясковых кабет, ніколі не была замужам. Усе свае маладыя гады тулілася па панскіх маёнтках, то цяжка працавала, то весела гуляла, у залежнасці ад таго, які лёс выпадзе. Быў час, калі яна жыла, як пані, была шчаслівая, мела прыгожую вопратку, працавала толькі тады, калі мела на гэта ахвоту. Малады пан любіў яе без памяці. Ажаніцца з ёю ён не мог, бо яна была простай сялянкай, але любіў і, магчыма, ніколі не перастаў бы любіць яе, можа, калі-небудзь і ажаніўся б з ёю, каб не страціў маёнтак і не выехаў у далёкую краіну, у вялікі горад. Дзе ўжо было браць яе з сабой, калі сам збяднеў! Паехаў і забыўся на яе. І яна забылася на яго. Усяго пасля таго зазнала - і шчасця і гора, а калі зусім састарэла і стала жабрачкай, усё часцей і часцей пачала прыгадваць тое першае сваё шчасце. То ўздыхаючы, то смеючыся, то сумна ківаючы галавой, яна расказвала Францы пра панскія гулянкі і прысмакі, пра цудоўныя пакоі, пра вясёлых музыкаў. А Франка, ззяючы вачыма, прагна слухала яе і, здавалася, упівалася гэтымі расказамі, якія будзілі ў яе памяці цэлы рой успамінаў. І яна ў сваю чаргу горача, усхвалявана пачынала расказваць Марцэлі пра сваю маладосць, пра свае любоўныя прыгоды і ўражанні. Нагаварыўшыся, яны ўпадалі ў сумны і горкі роздум, і Франка пачынала наракаць на свой лёс:
– Ой, і чаму ж не давялося мне пражыць усё жыццё так, як я жыла тады! Чаму ж я цяпер такая няшчасная, што нават надзеі не маю калі-небудзь яшчэ так пажыць!
І старая жабрачка, якая даўно ўжо забылася на слова «надзея», абапіраючыся аберуч на свой сукаваты кій і не ўзнімаючы вачэй, уздыхала:
– Ой, хоць бы мне ведаць, ці жывы яшчэ мой галубок, ці ходзіць па свеце ножкамі? Ці спакойная ды шчаслівая яго галовачка? Ці не выелі яму чарвякі вочак пад зямлёй?
Часамі, калі яна так уздыхала і прыгаворвала, з-пад яе апухлых павек, па бледным, як крэйда, зморшчаным твары каціліся мутныя кроплі.
Аднаго разу, у хвіліну такой расчуленасці, Марцэля сказала Францы, што яна мела дваіх дзяцей: сын памёр яшчэ малым, а дачка жыве, але яна нейкая дурнаватая і ні да чаго не здатная. Наймаюць яе людзі толькі на самую чорную работу, і маці ад яе ніякай карысці няма.
Сказала яна пра гэта вельмі проста, нават не засаромелася, як пра зусім звычайную з'яву, якая ў гэтую хвіліну прыйшла ёй на памяць. Аднак тут жа прыгадала, колькі гора, працы і клопату мела яна з тымі дзецьмі, колькі сіл трэба было пакласці, каб накарміць і апрануць іх, як даводзілася выслужвацца дзеля іх перад людзьмі. І пасля ўсяго гэтага пад старасць ёй не засталося нічога, апрача жабрацтва. Успомніўшы ўсё гэта, Марцэля насупіла свае сівыя бровы, і вочы яе бліснулі злосна з-пад апухлых і чырвоных павекаў.
– Каб ім і на тым і на гэтым свеце дабра не было! Каб іх паралюш схапіў! Каб ім косці пакруціла!– па-сялянску праклінала яна людзей, у якіх жыла, любіла, працавала, цярпела, радавалася і ў выніку нічога не атрымала, апрача самотнай, жабрацкай і жорсткай старасці.
У Франкі таксама здараліся парывы горкай крыўды і гневу. Ускочыўшы з месца, яна пачынала размахваць рукамі і паўтараць скаргі і праклёны старой жабрачкі.
– А я што ад іх атрымала? Дулю з маслам! Што заставалася мне ад кожнага кахання і кожнай службы? Калі я моцна кахала - мяне кідалі. Калі хварэла - у больніцу адпраўлялі! Калі замуж ішла, тры дзіравыя сарочкі мела! Ой, свет! Ой, людзі! Хай гэты свет перуны спаляць, а гэтыя людзі скрозь зямлю праваляцца!
Абедзве яны пасылалі самыя жахлівыя праклёны свету, у якім прайшла іх маладосць і які спустошыў душу і сэрца і зрабіў іх жабрачкамі. Але праз якую гадзіну-дзве або найбольш назаўтра яны зноў з захапленнем і смуткам пачыналі ўспамінаць аб раскошы і радасцях, зазнаных у мінулым.
Неяк увечары Марцэля, як заўсёды, сядзела ля парога і ела хлеб з сырам, якім пачаставала яе Франка. Пад'еўшы, яна доўга маўчала, а пасля сказала Францы, што заўтра паедзе ў горад, каб напачатку велікоднага тыдня пахадзіць па людзях ды назбіраць крыху грошай, бо ў гэтую пару людзі ахвотна абдорваюць жабракоў. Пачуўшы гэта, Франка ажно ўся затрымцела. Яна і сама на крылах паляцела б у горад, каб паглядзець на дамы і вуліцы, на сяброў і сябровак і хоць бы раз па-даўняму павесяліцца і пагуляць! Але ёй цяпер і думаць нельга пра гэта шчасце! Яна сама сябе закапала ў магілу. Сядзець ёй цяпер век у гэтай хаце, слухаць, як скуголіць вецер, ды глядзець на хамаў! Вось што яна зрабіла з сабой... Доўга жалілася так Франка, але, не дачакаўшыся ад Марцэлі ніякага адказу, скурчылася ў хаце на лаве і панура заціхла. Цішыня і змрок напаўнялі хату. З вёскі даляталі гукі, падобныя да аднастайнага цурчання. На тым беразе Нёмана мужчынскі голас працягла, нібы спяваючы кожны склад, крычаў:
– Па-ром! Па-ром!
І адразу стала чутно, як бягуць з гары Піліп і Данілка.
А вясна растапляла рэшты холаду, пахлі ажыўшыя іголкі соснаў, зелянела трава. З двара, дзе гулялі ля паркана дзеці Казлюкоў, чуліся часамі то плач, то смех.
А ў змрочнай хаце воддаль адна ад адной сядзелі і маўчалі дзве кабеты. Нарэшце пасля доўгай хвіліны маўчання з кучы лахманоў, што шарэла ля парога, пачулася нешта падобнае да спеву:
Павей, вецер, павей, вецер, з зялёнага гаю, Павярніся, наш паночак, з далёкага краю! Як я маю павяваці, калі гай высокі, Як я маю павярнуцца, калі край далёкі!Дзіўны быў гэты спеў. Нізкі, ахрыплы голас Марцэлі дрыжаў, абрываўся на высокіх нотах, быў поўны журботы і скаргі. Праспяваўшы адну страфу песні, Марцэля пачала так гучна ўздыхаць, што ўздыхі гэтыя, як перад тым песня, напоўнілі хату, у якой з кожнай хвілінай гусцеў змрок.
– Ох! Ох! Ох!
А неўзабаве ўздыхі гэтыя змяніліся свісцячым шэптам:
– У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амінь. Ойча наш...
У шэпце гэтым чуліся скруха, пакора і шчырае маленне самотнай і стомленай душы. Скончыўшы малітву, Марцэля перажагналася і зусім ужо іншым голасам прамовіла:
– Ой, ды я забылася сказаць табе навіну!
Гучна і працягла пазяхаючы, Франка запытала:
– Якая яшчэ навіна?
– Нейкія паны з горада нанялі на лета палац.
Франка ведала, што сяляне называюць палацам тую дачу, дзе яна служыла летась і адкуль узяў яе Павел. Яна ўсхапілася і запляскала ў далоні:
– Ужо і нанялі! А мая ж ты міленькая, чаму ж ты раней мне гэта не сказала? Цікава, што за паны? Можа, я іх ведаю? Можа, каго знаёмага з сабой прывезлі? Як толькі прыедуць, пабягу туды даведацца ды паглядзець! Не чула ты часам, Марцэлька, ці багатыя, ці маладыя, ці вялікую службу трымаюць?..
Асенні дзень хіліўся к вечару. Халоднае і нерухомае паветра напаўняў заўчасны змрок, падфарбаваны сінню цяжкіх цёмных хмар. Хмары гэтыя, вялікія і меншыя, нібы палітыя расплаўленым волавам, павольна і цяжка перавальваліся па брудна-белым небе, а на захадзе ўставалі суцэльнай высокай сцяной, па мутнаватай шэрасці якой плылі сінія і амаль чорныя, як смала, плямы.
У гэтым заўчасным, сумным, сіняватым змроку, у халодным і нерухомым паветры, пазбаўленым гукаў, водару і нават подыху ветру, нізкія хаткі, што выцягнуліся ў рад на высокім беразе ракі, стаялі ціха, нібы заснулі. Недзе там, на шырокіх палях, засцеленых счарнелым іржышчам і пасохлымі сцябламі раслін, познія аратыя запускалі ў пацямнелую ад дажджоў зямлю лемяшы і працяглымі воклічамі падганялі стомленых коней, якія цягнулі плугі па апошняй, яшчэ неўзаранай баразне, але на дварах і на вясковай вуліцы не было ні душы. Уся работа ў полі была ўжо скончана, агароды стаялі прыбраныя, ніводная галінка на аголеных дрэвах у садах не варушылася. Там-сям нізка над зямлёй, у вокнах хат, загараліся залатыя і чырванаватыя агеньчыкі, а вышэй, з комінаў, выплываў дым, але не ўзнімаўся стужкамі ўгару, а цяжка ападаў уніз, як і хмары, што віселі над зямлёй.
Сярод гэтага змроку, цішыні і нерухомасці ў паветры і на зямлі стаяў Павел перад дзвярыма сваёй хаты. Час ад часу ён машынальна падносіў да рота кароткую люльку, але за кожным разам рука яго цяжка ападала ўніз, а над люлькай не было дыму, бо яна даўно ўжо згасла. З-пад казырка нізка насунутай на лоб шапкі не відаць было, куды ён глядзіць, але вусны яго і схуднелыя шчокі ўвесь час ўздрыгвалі, нібы ад болю ці стрыманых рыданняў. Часамі яны крывіліся, як гэта бывае ў дзяцей, калі яны стараюцца стрымаць плач. Стоячы нерухома, як здранцавелы, Павел час ад часу ўсклікваў: