Выбраныя творы
Шрифт:
– А Максім пра яе з горада весткі прывёз.
Паўла, які сядзеў у цёмным кутку, зусім не было відаць. З цемры пачуўся яго голас, поўны непахіснай рашучасці:
– Мне ніякіх вестак пра яе не трэба. Паехала да сваякоў. З майго дазволу паехала...
Аўдоцця села на другой лаве насупраць акна і паволі, разважліва пачала:
– Ці ты, Паўлюк, сам сябе ашукваеш, ці людзей абдурыць хочаш? Навошта гэтая гаворка, калі ўсе ведаюць, што яна не... да сваякоў паехала, а ад цябе ўцякла з лёкаем тых паноў, што жылі тут улетку. Я і сама бачыла, як яна туды бегала, а калі не магла пабегчы, дык гэту шэльму, Марцэлю, да яго пасылала. І лёкая таго я не раз бачыла, калі ён хадзіў над ракой і выглядаў яе. І блізка яго бачыла. У чорным сурдуце, валасы кучаравыя, і нечым такім ад яго смярдзела, ці то ёлкім салам, ці то багуном, што ў лесе расце, ці блашчытнікам, які ўсякую нечысць труціць. Ліха яго ведае, чым смярдзела. Марцэля казала, што гэта парфумы і памады... Ліха яго ведае! А твая і пачала ўлягаць за ім. Казала Марцэлі, што ён не горшы за любога паніча. «Досыць ужо, кажа, я нагледзелася на хамаў, паніча хочу». Надта ж ёй, відаць, гэтыя парфумы спадабаліся. Аднаго разу там на кухні танцы наладзілі, і твая Франка на танцы гэтыя пабегла. А ты тады цэлы дзень на рацэ быў, рыбу лавіў і ў горад вазіў. З тых танцаў яна як звар'яцелая дадому прыйшла, а пасля яшчэ і сама ў хаце танцавала. «Ой, Марцэлька, - гаворыць, - які ён прыгожы, як цудоўна танцуе, а як гаворыць!» А пасля, калі гэтыя паны ў горад пачалі збірацца, яна спачатку засумавала, а пасля зноў павесялела і сказала Марцэлі, што лёкай гэты ўгаворвае яе ў горад вярнуцца ды зноў пайсці служыць, а ён будзе да яе штодзень прыходзіць, вадзіць на шпацыр або на танцы. «Уцяку, - кажа, - далібог, уцяку. Хіба я ў няволю сябе прадала? Ці жывую мяне ў зямлю закапалі? Ці мне свет нямілы? Уцяку!» І ўцякла, каб ёй дабра не было, нягодніцы гэтай! А ты сваякоў нейкіх прыдумаў! Да сваякоў паехала! Да сваякоў паехала! Думаў людзей абдурыць, а сам у дурнях застаўся. Кожнае дзіця ў вёсцы ведае, што гэта за сваякі...
Аўдоцця змоўкла і з прагнай цікавасцю чакала, што скажа Павел цяпер, калі пераканаўся, што яна і ўся вёска ведае праўду. Напэўна, пачне праклінаць Франку і наракаць, што ажаніўся з гэткай. А калі пачне праклінаць і наракаць, дык і туга хутчэй з яго выйдзе. Павел доўга маўчаў, але нарэшце ў цемры пачуўся яго прыглушаны, хрыплы голас:
– А прысягала мне! У словах гэтых прагучала бязмежнае здзіўленне.
– Ці ж ты і сапраўды толькі цяпер, ад мяне, даведаўся праўду?
– з няменшым здзіўленнем усклікнула Аўдоцця.
Гэтым разам яна дарэмна чакала адказу. Павел маўчаў. Счакаўшы хвіліну, яна пачала расказваць, што яе сын, Максім, вазіў учора на нядзельны кірмаш шаснастку аўса і паўкапы яек, а пад вечар, калі ехаў дадому, сустрэў на вуліцы Франку. Яна ішла пад ручку з нейкім кавалерам, мабыць, з тым самым лёкаем, а чырвоныя стужкі ажно сляпілі вочы, столькі іх на ёй было. Яна ўгледзела Максімку і кіўнула яму галавой. «Як маешся, Максімка?
– кажа.
– Кланяйся там усім ад мяне і скажы, хай шукаюць цяпер ветру ў полі». Зубы вышчарыла і, падскокваючы, пайшла сабе з кавалерам. Максім толькі плюнуў ёй услед. «Ой, мамачка, - кажа, - так мне хацелася пугай па плячах яе сцёбнуць! Ды баяўся, каб у паліцыю мяне не забралі».
Аўдоцця зноў пачакала, якое ўражанне зробіць на Паўла гэтая вестка. Цяпер ужо напэўна ён пачне праклінаць і апошнімі словамі лаяць Франку. Але Павел доўга маўчаў, а пасля тонам чалавека, які ўсё яшчэ не можа апамятацца ад здзіўлення, сказаў:
– А яна ж прысягала мне!
– Поп сваё, а чорт сваё!
– усклікнула Аўдоцця.
– Кажы яму, што хочаш, а ён толькі дзівіцца ды дзівіцца! І чаго цябе такое дзіва бярэ?
Не дачакаўшыся адказу на гэта пытанне, яна правіла далей:
– Ты, Паўлюк, вялікім крыжам перажагнайся, плюнь на гэтую шэльму і жыві, як жыў даўней, ціхенька, спакойненька. Чаго табе не хапае? Хата ёсць, рамяство добрае ў руках маеш і грошы сякія-такія, людзі цябе любяць, і бог ласкай сваёй не абыходзіць... Чаго табе сумаваць? Дай Божа, каб усім добрым людзям жылося на свеце так добра, як зажывеш ты, калі не будзеш дурны. Бога слухай, з добрымі людзьмі жыві, еш, пі і на тую бяду, што цябе напаткала, плюнь!
Аўдоцця казала яшчэ Паўлу, што ніводзін чалавек без гора на свеце не пражыве і што бывае гора значна большае, чым у яго. Вось, напрыклад, у Карася ўвесну дзве каровы здохлі, а цяпер усе свінні пачалі хварэць і, напэўна, таксама паздыхаюць... Ці ў Сымона Мікулы - вось гэта гора! Сын яго, Ясюк, разбойнікам стаў, яго ўжо раз у Сібір саслалі, а цяпер другі раз, за тое, што адтуль уцёк, туды сашлюць ды яшчэ бізуноў дадуць. Вось гэта сапраўднае гора. Калі б Аўдоцця, барані бог, мела сына разбойніка, дык, напэўна, не вытрымала б гэтага - павесілася б ці ў Нёман кінулася б ад гора і сораму...
– А ў цябе якое гора? Незнаёмую, невядомую бабу з балота выцягнуў і хацеў яе сумленнай зрабіць. Дурны ты, Паўлюк! Я тады яшчэ ведала, што з гэтага будзе. Чортава дачка да свайго бацькі чорта вярнулася. Вядома, чорт сваіх дзяцей любіць і ад сябе надоўга не адпускае. Хоць і адпусціць калі, дык пасля зноў кіпцюрамі за душу ўхопіць і да сябе цягне, пакуль у пекла не зацягне. Відаць, на тое воля Бога, каб адны людзі яму, а другія чорту служылі. Ты, Паўлюк, Богу служы і на тую чортаву дачку забудзься! Чужая яна табе была і чужая засталася. Хай сабе прападае...
Аўдоцця ўжо і сама не ведала, што яшчэ казаць Паўлу і чым яшчэ яго пацешыць. Яна вычарпала ўсю сваю філасофію, усе спосабы выклікаць яго на гаворку.
– Ну, - прамовіла яна, счакаўшы хвіліну.
– Як жа гэта ў вас было, як сталася? Кажы! Калі ўсё раскажаш, адразу лягчэй стане!
Не ведала Аўдоцця, што ёсць на свеце чалавечыя натуры, глыбейшыя за любы калодзеж, і калі аднойчы ўпадзе ў іх кветка кахання, дык ніякія бурныя хвалі не выкінуць яе назад, ніякая крыўда не прымусіць чалавека абразіць гэта каханне скаргай, выказанай уголас. Нож праткне сэрца, але з вуснаў не зляціць слова асуджэння, таму што літасць яго большая за ўсякае цярпенне. І хоць бы ад гэтага асуджэння ў вінаватага і волас не ўпаў з галавы, ён не будзе асуджаць яго. Хоць бы асуджэнне гэта і зняло боль з сэрца, ён яго не вымавіць і ўсяляк, хоць бы нават хлуснёй, прымусіць змоўкнуць іншых. «Як жа гэта? Ганьбіць тую, на грудзях якой мне сніўся залаты сон майго жыцця?
– гаворыць ён сабе.
– Асуджаць тую, для якой я гатоў быў праз агонь і ваду, па камяністых шляхах, праз полымя пекла прынесці блаславенне? Праклінаць тыя дні, калі нам спявалі дрэвы, шчабяталі птушкі і з усіх вытокаў жыцця білі гаючыя крыніцы? Магчыма, усё гэта быў толькі сон, міраж, які развеяўся, як лёгкі туман, мільгануў маланкай, пасля якой засталася цемра, але нічыёй віны тут няма, а калі ёсць, дык толькі мая, а не той, якую асуджаць я не хачу і не магу».
Існуюць на свеце такія чалавечыя натуры, але Аўдоцця нягледзячы на свой вялікі жыццёвы вопыт, пра іх зусім не ведала. Ды і Павел ніколі не задумваўся над тым, якая ў яго натура. Ён толькі адчуваў, што калі б нават яго на крыжы распіналі, калі б нават святыя сышлі з нябёсаў і прымушалі яго гаварыць, ён і тады не сказаў бы пра Франку нічога дрэннага, не асуджаў бы яе, не шукаў бы помсты.
– Ведаеце, кума, - пачаў ён пасля доўгага маўчання.
– Ва ўсім, што сталася, вінаваты толькі я сам. Па-першае, мала я малітвамі ды навучаннямі адганяў ад яе д'ябла. Па-другое, калі я ўжо заўважыў, што яна ветраная, і аб тым лёкаі здагадаўся, не трэба было надоўга адыходзіць ад хаты. Трэба было часцей яе павучаць, вачэй з яе не спускаць, тады б яна не прапала... Выходзіць, праз мяне яна прапала... І не я, а хутчэй яна павінна мяне асуджаць...
Спачатку Аўдоцця слухала Паўла вельмі ўважліва, але чым далей, тым больш расло яе здзіўленне. У яе ажно дух заняло і на хвіліну адняло мову. Нарэшце яна не вытрымала:
– Здурнеў! Зусім здурнеў!
Устаўшы з лаўкі, Аўдоцця не то смехам, не то злосна пачала:
– Сёння, відаць, я з табой да ніякага ладу не дайду! Сёння і гаварыць з табой не варта! Ідзі спаць. Можа, як выспішся, Бог верне табе розум. А я ў цябе заначую, бо хоць ты і здурнеў, мне цябе шкада. Застанешся адзін, дык яшчэ, барані Бог, што-небудзь дрэннае сабе зробіш... Здурнеў, зусім здурнеў!
Яна перажагналася, прамармытала напаўголаса малітву і, паклаўшы пад галаву ватоўку, як была ў спадніцы і цёплай хустцы, легла на лаве ля сцяны.
У цёмнай хаце было ціха. Толькі звонку даляталі крык і плач савы і пугача. Яны крычалі і плакалі ў сасонніку над магіламі, а за акенцам у апусцелым агародзе шапацеў дождж. Здавалася, што ён ходзіць то бліжэй, то далей, то пад самай сцяной, то недзе пад плотам, дзе з сухім трэскам гнулася і ламалася сухое вецце і сцябло. Да гэтых гукаў дамешваўся яшчэ адзін:
– У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь. Ойча наш...
Гэты гарачы, палымяны шэпт даходзіў з-пад сцяны і з канца ў канец ахутваў чарнату хаты. Чуўся ён нядоўга, усяго столькі, колькі патрэбна для таго, каб прачытаць адну малітву.
– Божа, злітуйся над ёй, грэшнай! Божа, будзь літасцівы да яе, грэшнай!
– моцна ўдараючы сябе кулаком у грудзі, шаптаў Павел.
Ён паўтарыў гэту просьбу некалькі разоў запар і за кожным разам усё мацней і мацней біў сябе ў грудзі. А пасля заціх, нібы і ў хаце яго не было.