Выбраныя творы
Шрифт:
І сапраўды, доўгія зімовыя вечары Павел праводзіў над кнігай. Што ён чытаў і як, гэтага, апрача яго самога, мышэй, якія ўсё смялей і часцей бегалі па хаце, ды старога Курты, які часамі, скруціўшыся брудна-жоўтым клубком ля яго ног, гадзіну-другую адсыпаўся ў цяпле, не ведаў ніхто.
А пачалося гэта так. Неяк снежаньскім надвячоркам Павел вярнуўся дадому стомлены і змерзлы, бо ўвесь дзень разам з Данілкам яны рабілі на рацэ жалезнымі ламамі палонкі і запускалі ў іх сеці. Ужо некалькі такіх палонак было зроблена, але ўсё дарэмна. Павел думаў аб тым, што заўтра яму не будзе з чым ехаць у мястэчка да таго купца, які звычайна купляў у яго гуртам рыбу і ўжо сам адсылаў яе ў бліжэйшы горад. Ды гэта не вельмі засмучала яго.
– Бяда невялікая! Не даў Бог сёння, дасць заўтра!
– прамовіў ён, махнуўшы рукой, і сеў на лаву. Есці яму не хацелася, бо Ўльяна прыносіла ім абед на раку. Моцны мароз і сіверны вецер прабраў яго так, што ён і ў хаце не скінуў кажуха і высокіх ботаў, абкручаных яшчэ для цяпла мяхамі з войлаку, набітымі сенам. У гэтай вопратцы ён і адпачываў, седзячы на лаве, і павольным позіркам аглядаў хату, якую рэшткі дзённага святла, змешаныя з бляскам снегу, напаўнялі мяккім ззяннем. Прыгаслым поглядам стомленага і невяселага чалавека Павел зірнуў на сцены, якія ў апошні раз былі пабелены перад яго вяселлем і пачарнелі ўжо ад пылу і дыму. Паглядзеў у адзін кут, у якім за мятлой і двума лазовымі кашамі асабліва сваволілі мышы, пасля ў другі, дзе стаяла парожняя скрынка Франкі. Нарэшце позірк яго спыніўся на чырвонай шафцы, што стаяла ў трэцім куце хаты, і на кніжцы, якая ляжала на ёй. Гэта была кніжка ў парудзелай вокладцы, аздобленай цьмянай пазалотай. Ляжала яна паміж лямпай і самаварам, на тым самым месцы, на якім ён паклаў яе тады, калі Франка ў апошні раз вярнулася з касцёла дадому.
Больш трох месяцаў мінула з таго дня, калі ён, вярнуўшыся з ракі, не застаў яе дома. Ён чакаў яе да позняй ночы і толькі тады, калі ўбачыў адчыненую і парожнюю яе скрынку, здагадаўся, што яна ўцякла. Адыходзячы, яна ўзяла з сабой толькі свае ўласныя, гарадскія сукенкі і бразгаўкі, а таго, што належала яму, нават не кранула пальцам, хоць добра ведала, дзе ляжаць харч, вопратка і грошы. Толькі адной сваёй рэчы не забрала - гэтага малітоўніка... І чаму гэта ён дасюль не ўбачыў яго? Павел штодзень лямпу, а некалькі разоў і самавар з шафкі здымаў, а кніжкі не заўважыў. І хоць мінулую зіму ён пад строгім наглядам Франкі, а калі яна капрызіла, дык самастойна ўвесь буквар па складах прачытаў, аднак не прывык яшчэ да гэтай труднай і дзіўнай рэчы, якой было чытанне, і яно не стала для яго прывычным і неабходным. Аднак у канцы гэтага белага зімовага дня, у цішыні, якую гэтым разам не парушалі нават мышы, пасля працы, якая прынесла яму больш стомленасці, чым карысці, глянуўшы выпадкова на кніжку, Павел устаў і падышоў да шафкі. Нягледзячы на свой высокі рост, у кажуху і войлачных мяхах, уздзетых на боты, ён быў падобны на вялікага і нязграбнага мядзведзя. Ледзяшы, што заблыталіся ў яго кароткіх і густых валасах, якімі аброс схуднелы твар, у цёплай хаце расталі і кроплямі сцякалі на каўнер кажуха. Ён узяў з шафкі кніжку, паднёс яе да акна, дзьмухнуў некалькі разоў на вокладку, а пасля кончыкамі чырвоных пальцаў асцярожна сцёр з яе рэшткі пылу. Сеўшы на лаве, ён разгарнуў кніжку і ўтаропіўся вачыма ў вялікія літары загалоўка, надрукаванага на першай старонцы. У той момант літары нейкімі дзіўнымі знакамі замітусіліся перад яго вачыма. Тры месяцы ён іх не бачыў, адвык. Неўзабаве аднак першая літара здалася яму вельмі знаёмай.
– С...
– прамармытаў ён.
А пасля, то з даўжэйшымі, то з карацейшымі паўзамі, пачаў вымаўляць кожную з літар і чытаць па складах.
– С-л-у-ж - служ, ба - ба, служба...
Ён нават закруціўся на лаве ад задавальнення і мармытаў далей:
– Б-о - бо, жа - жа, я-я.
А потым, вымаўляючы паасобна і выразна кожны склад, паўтарыў:
– Служ-ба бо-жа-я.
Яму спатрэбілася амаль паўгадзіны, пакуль усе літары ён склаў у гэтыя два словы, але яны вельмі яму спадабаліся. І ён працягваў далей:
– Або - або.
Такім чынам Павел прачытаў усю першую старонку аж да надрукаванага ў самым нізе года выдання кніжкі, якога ён прачытаць не мог, бо лічбы яшчэ не ведаў.
Па памяці ён лічыў добра, але ні прачытаць, ні тым больш напісаць лічбы не ўмеў. І таму гэтыя чатыры незнаёмыя яму знакі ён прапусціў і, перагарнуўшы старонку, пачаў чытаць на наступнай каляндарныя весткі.
– Г-о-д - год, м-а-е - мае, год мае...
З вялікай цяжкасцю, па цэлай хвіліне ўзіраючыся ў некаторыя літары і сціскаючы пад сталом рукі так, што ажно суставы пальцаў трашчалі, ён прачытаў:
– «Год мае дванаццаць месяцаў, або пяцьдзесят два тыдні».
Павел даўно ведаў пра гэта, тым не менш ён вельмі ўзрадаваўся, што прачытаў гэта ў кніжцы. Нарэшце ён узняў ад кнігі галаву і адчуў, што яму вельмі горача, што ён стаміўся значна больш, чым тады, калі працаваў на замерзлай рацэ. У яго нават лоб спацеў. Ён скінуў кажух і пачуў, як спачатку ў хаце Казлюкоў, а пасля ў іншых хатах заспявалі пеўні. Ужо недалёка поўнач. За ўвесь зімовы вечар ён здолеў прачытаць толькі загаловак кніжкі і заўвагу, што год мае дванаццаць месяцаў, або пяцьдзесят два тыдні. Ён памятаў, што, калі разгарнуў кніжку, на дварэ яшчэ было светла, але зусім не памятаў, як і калі запаліў лямпу. Відаць, зрабіў ён гэта машынальна, калі ўся яго ўвага была сканцэнтравана на нейкім вельмі цяжкім складзе.
– Х-р-ы-с...
Ужо пры святле лямпы ён цэлыя паўгадзіны біўся над злучэннем паасобных гукаў у склады, аж раптам падскочыў на лаве і на поўны голас усклікнуў:
– Хрысціянства!
Ён так узрадаваўся, што на яго спацелым ілбе разгладзіліся ўсе маршчыны, а вочы, што на хвіліну адарваліся ад кніжкі, зноў засвяціліся чыстым і ясным, як у дзіцяці, блакітам.
Так ён і праводзіў пасля амаль усе зімовыя вечары. Ён прачытаў ужо і пра піліпаўку, пра вялікі пост, і пра тое, калі касцёл забараняе шлюб і вяселле, і пра абавязкі чалавека перад Богам, бліжнімі і самім сабой і пачынаў ужо раздзел пра таінства прычасця, калі ў хату неяк аднаго вечару ўвайшла Аўдоцця. Было гэта ўжо ў канцы студзеня. Павел за гэтыя шэсць тыдняў ужо паспеў прачытаць па складах восем старонак і чытаў ужо даволі бегла. Ён добра памятаў, як Франка, знудзіўшыся, злосна крычала над яго вухам: «Ну, чытай жа, дурань, адразу чытай, а не па складах!» А калі ён ніякім чынам не мог выканаць яе загаду, вырывала ў яго з рук кніжку і з вялікім пачуццём уласнай годнасці паказвала яму, як трэба чытаць. Цяпер ён сам спрабаваў чытаць бегла, і за гэтым нялёгкім заняткам застала яго Аўдоцця. Унукі ў яе хварэлі, двое паправіліся, а трэці памёр, і цяпер яна прыйшла адведаць кума. Павел пагутарыў з ёю пра памёршага ўнука і пра малодшага сына, якога толькі што ўзялі ў салдаты, пачаставаў грушамі і зноў сеў за кніжку. Аўдоцця сядзела не распрануўшыся, з-пад вялікай хусткі, якой была абкручана яе галава, відаць быў толькі яе задзёрты ўгару нос і чорныя бліскучыя вочкі. Яна не толькі не пакрыўдзілася, што Павел чытае ў яе прысутнасці, а слухала яго спачатку з вялікай цікавасцю, а пасля з такой напружанай увагай, з такім засяроджаннем, што, здавалася, уся ператварылася ў слых, скамянела, і агрызак грушы выпаў з яе рук. У доўгай світцы і шэрай вялікай хустцы, якая тоўстымі складкамі акрывала яе галаву і амаль увесь твар, яна была падобна да зробленай з каменю фігуркі. Павел па складах, а калі трапляліся больш кароткія і лёгкія словы, нават бегла чытаў:
– «...Каб учынкі людзей маглі падабацца Богу, яны павінны быць не толькі добрымі, але надчалавечымі, гэта значыць паходзіць з надчалавечай ласкі божай...»
Каменная фігурка, што сядзела на табурэце, ані нічога не разумела. Каб хто яе біў і забіваў, яна нават прыблізна не магла б вытлумачыць, што азначалі «надчалавечыя ўчынкі людзей». Сэрца яе аднак ужо агортвала туга і скруха, зусім так, як у касцёле, калі ксёндз з амбону нешта казаў, а яна, ані не разумеючы яго, уздыхала і гатова была плакаць. Магчыма, словы, якіх яна ніколі не чула ў штодзённым жыцці і якія здаваліся ёй святымі, будзілі на дне яе душы новыя пачуцці, якіх яна дасюль не ведала, і ўплывалі на яе так, як на іншых людзей уплывае музыка. Калі Павел чытаў пасля аб дваякай ласцы божай, «самаахвярнай» і «пераходнай», Аўдоцця голасна ўздыхала, і ўздыхала яна за кожным разам усё больш часта і працягла, а калі Павел вельмі павольна прачытаў па складах: «Звы-чай-най і най-шчадрэй-шай кры-ні-цай ласкі божай з'яў-ля-юцца святыя дары», яна заплакала ўголас. Сагнуўшыся ўдвая і закрыўшы крылом світкі твар, яна пачала галасіць:
– Ой, узяў Гасподзь Бог ад мяне ў царства нябеснае майго чарвячка маленькага, Тадэвушыка родненькага! Памерла дзіцятка, як тая кветка пад снегам, скацілася са свету, як тая ягадка. А тут людзі і Хвядорку забралі, сыночка майго найменшага, хлапца майго наймілейшага.. У салдаты яму ісці загадалі, цяжкое ружжо насіць на плячах, ад хаты роднай далёка жыць...
Аўдоцця галасіла, а Павел, загарнуўшы кніжку, ласкава і спакойна суцяшаў яе. Казаў, што на ўсё воля Бога, што чалавек і чарвяк - гэта адно і тое, бо чарвяка праглыне рыба, а чалавека - зямля, што Хведар праз пяць гадоў вернецца дадому і што пасля смерці Тадэвуша ў яе засталося яшчэ два ўнукі. І Аўдоцця, слухаючы яго, паступова заціхала і зноў рабілася падобнай да каменнай фігуркі. Нарэшце, у апошні раз яна ўцёрла крылом світкі нос, паглядзела на Паўла і таямнічым шэптам запыталася:
– Ну, а пра тую нічога не чуваць?
У яе вачах, яшчэ мокрых ад слёз, ужо свяцілася цікаўнасць. Яна некалькі тыдняў не бачыла Паўла і цяпер хацела даведацца, ці не адбылося чаго новага ў яго адносінах да Франкі.
Павел даволі доўга маўчаў, а пасля павольна і спакойна адказаў:
– Нічога я пра яе не чуў, нічога не ведаю, адзін толькі Бог ведае, што з ёю... дзе яна...
Хвіліну счакаўшы, ён працягваў:
– Вось бедная і няшчасная! Зноў на валачашчае жыццё пайшла, зноў на ўсялякую людскую і сваю злосць пайшла. Згубіць яна душу сваю і пападзе проста ў пекла! А я думаў, што выратаваў яе ад мукі на гэтым і ад вечнай пакуты на тым свеце... Не хацела. Не вытрымала. Сапраўдная п'яніца, хоць і гарэлкі не п'е! Ой, бедная яна, бедная!
Павел махнуў рукой. Ён глядзеў не на Аўдоццю, з якой гутарыў, а некуды ўбок, на сцяну:
– Ніякай злосці і ніякай крыўды я на яе не маю. На сябе аднаго крыўдую. Відаць, інакш трэба было мне з ёю абыходзіцца...
– А яно так! Інакш трэба было, зусім інакш, - горача зашаптала Аўдоцця.
– Вялікую волю ты ёй даў. Да працы не прымушаў. У пасцелі, як тая свіння ў логаве, качалася... Цукеркі, як тая пані, смактала ды чай піла...
– Калі б яна вярнулася, - пасля доўгага маўчання прамовіў Павел.
– Я бы ўжо з ёю цяпер інакш...