Выбраныя творы
Шрифт:
– Чаму?
– запытала Аўдоцця.
– Разумная ты баба, а пытаеш чаму, - засмяяўся Павел.
– А малітва святая, а павучанне, а работа? Калі ўжо і малітва святая, і павучанне, і работа не адолеюць зло, тады хіба канец свету настане. Адолеюць, як бог ёсць на небе, адолеюць! Можа, і не адразу, можа, і часу крыху на гэта патрэбна, але адолеюць!
У яго ўсмешцы, у спакойнай, амаль урачыстай павазе адчувалася моцная і глыбокая перакананасць. Як даўней ён моцна і непахісна верыў у непарушнасць клятвы і ў тое, што чалавек, якому добра жывецца, не можа мець ахвоты да зла, так цяпер ён глыбока і моцна верыў у выратавальнае дзеянне малітвы, павучанняў і працы. Аўдоцця гэту яго новую філасофію разумела куды лепш, чым папярэднюю, бо яна цалкам адпавядала яе ўласным думкам. Слухаючы Паўла, яна згодна ківала галавой і казала:
– Добра! Твая праўда, Паўлючок! Святая малітва ўсё можа, і разумнае павучанне можа, і работа... А як жа! Гасподзь літасцівы паможа, і ўсё будзе добра! Ой, каб добра было і вам і нам!.. А ў нас гора!
І яна пачала расказваць Паўлу пра свае турботы. Тры дні таму ў іх здох бычок, а быў такі прыгожы, такі дужы. Максім хацеў яго на кірмаш весці, спадзяваўся за яго ўзяць рублёў пяць. Пяць рублёў! Такая страта не жартачкі! А на тым тыдні з пошты прывезлі ліст ад Хвядоркі. Піша, што ніяк да войска не можа прызвычаіцца, што птушкай бы, здаецца, паляцеў да роднай хаты, што хоць ён і здаровы, а ў сярэдзіне ўвесь час нешта баліць. І ўсім ён нізка кланяецца.
– І табе, Паўлючок, кланяецца, і Ўльяне, і Піліпу, і Данілку, усім чыста!
Яшчэ калі пра здохлага бычка расказвала, у вачах яе стаялі слёзы, а цяпер пачала ўсхліпваць і залілася слязьмі. У гэтую хвіліну на парозе хаты паказалася маладая кабета, высокая, даволі прыгожая, але вельмі бледная. Яна несла перад сабой вялікае карыта з пасечаным зеллем. Гэта была нявестка Аўдоцці, якая гады два таму цяжка хварэла і дасюль ніяк не магла ачуняць, нягледзячы на тое, што Аўдоцця паіла яе рознымі сваімі зёлкамі. Пад цяжарам карыта яе некалі дужае, але цяпер кволае цела выгіналася то ўзад, то ўперад.
– Мама! А мама!
– паклікала яна.
– Занясіце, калі ласка, свінням, бо мне дзіця накарміць трэба, крычыць і крычыць.
З хаты і сапраўды чуўся прарэзлівы крык дзіцяці. Аўдоцця падхапілася, абцёрла фартухом заплаканы твар, а пальцамі нос і, узяўшы з рук нявесткі карыта, панесла яго ў хлеў, адкуль неслася рохканне свінней. Худая, бледная Максімава жонка знікла ў сенцах, а з хаты выбегла двое малых і басанож пабеглі следам за бабкай у хлеў. Старэйшы, Тадэвушак, пару гадоў таму памёр, а Ганулька і Сцяпанка жылі. У глыбіні хлеўчука яны ўзнялі такі радасны крык і смех, што і Аўдоцця таксама смяялася разам з імі на ўсё горла. Пазіраючы на свінней, якія прагна накінуліся на ежу, і смеючыся з унукаў, яна зусім - хоць, можа, толькі на хвіліну - забылася на здохлага бычка і сумны ліст салдата Хвядоркі.
Павел пайшоў на раку да свайго чаўна. Цяпер у ім былі розныя рыбацкія прылады і ладная торба з хлебам, салам і сырам. Непадалёк, на ўмоўленым месцы, Павел абяцаў спаткацца з рыбаком, які часта быў яго супольнікам у працы і барышах. Сёння яны збіраліся паплыць далёка, туды, дзе ў гэтую пару года здараліся вельмі багатыя ўловы. Павел разлічваў вярнуцца толькі праз тры дні, а можа, і пазней. Ад'язджаў ён спакойны, шчаслівы, упэўнены ў дасягненні сваёй мэты. Перад тым як увайсці ў човен, ён вясёлым, светлым позіркам акінуў блакітнае неба і зялёную зямлю, увесь гэты цудоўны, сонечны, пагодлівы маёвы дзень і, абапёршыся на вясло, пачаў насвістваць змалку знаёмую песню:
Ой, у лузе пры дарозе Расцвіла каліна, Спарадзіла бедна ўдава Салдацкага сына...Ён перастаў насвістваць, але ў адным з вясковых садкоў, дзе цвілі дзве яблыні і некалькі вішань, жаночы голас падхапіў песню, што даляцела з-пад гары, і звонка, здавалася, на ўвесь свет, заспяваў:
Спарадзіла яна сына Ды цёмнаю ноччу, Дала яму белы тварык Ды чорныя вочы..Надвячоркам таго самага дня Франка з малым Актавіянам на каленях сядзела на парозе хаты. Апраналася яна цяпер па-сялянску і ніякіх бразготак на шыі і ў вушах не насіла, усе яны засталіся ў яе апошніх вандроўках. І наогул, цяпер яна болей, чым даўней, была падобна да сялянкі: яе звялае, змардаванае аблічча загарэла, рукі пацямнелі і агрубелі. Яна яшчэ больш схуднела, і ў святле заходзячага сонца яшчэ выразней вызначаліся дробныя зморшчыны вакол яе вачэй і вуснаў. Малое падскоквала ў яе на каленях і шчабятала, паказваючы малымі ручанятамі на сабаку, птушак, дрэвы. Яна пяшчотна адказвала яму, моцна абдымала, часта і гучна цалавала то ў галаву, то ў шыйку. Але ў яе запалых, абведзеных цёмнымі кругамі вачах застыў глыбокі сум, а маленькія вусны былі бледныя.
За плотам, які цягнуўся ўздоўж двара, зелянеў ускапаны, засеяны і засаджаны яе рукамі агарод. У параўнанні з агародам, які належаў Казлюкам і быў дагледжаны Ўльянай, Франчын агарод выглядаў вельмі мізэрна. На агародзе Казлюкоў усё расло добра, зеляніна была свежая і густая, разлівала моцны водар, а на градах Франкі засеяныя рэдка расліны былі прывялыя і кволыя. Працуючы штодзень кожная на сваёй палове, жанчыны часта сустракаліся, і Ўльяна, назіраючы за братавай, не магла стрымацца ад насмешлівых заўваг над няўмелай і лянівай яе работай. Аднаго разу яна назвала яе «паняй», і Франка, узняўшыся над градамі, усклікнула:
– Вядома, што не такая хамка, як ты!
Тады Ўльяна прагнала са сваёй паловы Актавіяна, які сядзеў з яе трохгадовай дачкой Марыськай і перасыпаў пясок. Яна схапіла яго на рукі і перакінула цераз нізкі плот, за якім працавала Франка. Вочы яе гарэлі гневам і пагардай, але яна сціснула вусны і не адказвала Францы, якая размахвала рукамі, рагатала, лаяла яе на чым свет стаіць, аж пакуль не прыйшоў Павел і, узяўшы жонку за руку, не завёў яе ў хату.
Цяпер на двары Казлюкоў было пуста і ціха. Ульяна пайшла на выган за сваёй каровай і дзяцей з сабой узяла, а Піліп і Данілка ў той дзень наняліся касіць двор і сад у маёнтку. Толькі пад стрэхамі абедзвюх хат і на старой грушы прарэзліва цвыркалі вераб'і, па вёсцы разносіўся глухі гоман галасоў людзей і жывёлы, ды недзе воддаль клекатаў бусел. Седзячы на парозе, Франка сумнымі вачыма глядзела на тварык сына і нешта пяшчотна шчабятала яму сваімі бледнымі вуснамі.
І раптам з-за вугла хаты пачуліся хрыплае, голаснае мармытанне, уздыхі і стук кія аб зямлю.
– Кірые, алейсан! Хрыстэ, алейсан!* Айцец нябесны, злітуйся над намі, грэшнымі! Сыне-збавіцель, злітуйся над намі!..
* Госпадзе, злітуйся! Хрыстос, злітуйся! (грэцк.) - пачатак каталіцкай імшы.
Франка страпянулася, узняла галаву і ўгледзела шырокі, узараны маршчынамі твар, які выглядаў з-за хаты. На яго амаль крэйдавай бледнасці чырванелі апухлыя, няспынна моргаючыя павекі.
– Марцэлька!
– радасна ўсклікнула Франка.
– А Паўла дома няма?
– нізкім шэптам спытала жабрачка, высоўваючы з-за хаты галаву, абкручаную бруднай анучай.
– Няма! Няма! Тры дні не будзе!
– паспешліва адказала Франка і, спусціўшы на зямлю дзіця, пабегла насустрач жабрачцы.
– Ой ты, мая даражэнькая, залатая, брыльянтавая!
– забалбатала Франка, смеючыся і махаючы рукамі.
– Як жа я чакала цябе, усіх аб табе распытвала. «Няма Марцэлі! Як пайшла перад Вялікаднём у горад, дык больш і не вярталася!» - кажуць. Мы ўжо думалі, ці не памерла часам...
Куча лахманоў, з-пад якой выглядалі вялікія ступні, укручаныя анучамі, пасунулася наперад. Галава жабрачкі трэслася, дзве нейкія бясформенныя далоні абапіраліся на кій. Франка завяла яе ў хату і, весела шчабечучы, пасадзіла на лаве. Пасля яна кінулася да чырвонай шафкі і прынесла кавалак хлеба, міску з халоднай бульбай і соль.
– Еш, міленькая, еш! Ой як жа я рада, што ты прыйшла. Тут і слова сказаць няма каму...
Жабрачка есці не спяшалася, відаць, была сытая. З-пад чырвоных павек яна з цікаўнасцю назірала за Франкай.