Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Пры цяперашніх сваяцкіх пачуццях і смерць не заўсёды бывае чалавечая, — падхапіла яна.

— Ды што з табою?

— Плачу, — сказала яна. — І над сабою. І над табою. І над усімі.

І раптам злавіла ў паветры выключальнік бра, націснула яго.

— Хадзі да мяне, — голас быў хрыплаваты і адчайдушны. — Апошняя наша з табой… часіна… Даруй мне.

У тоне гэтым было нешта такое, што нельга, немагчыма было сказаць «не».

….

Праз гадзіну я праводзіў яе. І колькі я ні казаў, каб яна заставалася, колькі ні ўмаўляў, колькі ні казаў, што заўтра сам пайду гаварыць з яе мужам, яна, бледная, толькі адмоўна круціла галавой.

— Не праводзь мяне. Ну вось, я не хацела, каб не было гэтага вечара, каб не было ўспамінаў. Я пайду. Я страшэнна, страшэнна стамілася.

Мы стаялі ў пад'ездзе, і, калі ў яго зайшоў Хілінскі, распячатваючы пачак цыгарэт, яна нават і на імгненне не адарвалася ад мяне. Стаяла, уся дрыжучы.

Хілінскі, праходзячы паўз нас, зрабіў незнаёмы твар. А яна, не паспеў ён узняцца і на адзін марш, прыпала да маіх вуснаў.

— Памятай… Даруй… Не памінай мяне, калі ласка, ліхам. Бывай.

Адарвалася ад мяне і выскачыла ў дзверы, пад дождж, які шалёна паліваў увесь вялізны горад, усе яго мокрыя бліскучыя дахі і чорныя голыя дрэвы.

…Хілінскі ўсё яшчэ поркаўся з ключом, і я спыніўся ля яго закурыць.

— Засмучаная, — раптам сказаў ён. — Гаротна засмучаная.

— Вам дзіўна? — суха сказаў я.

— Крыху, — сказаў ён. — Не мая гэта справа, але я, Антоне, думаю, што ведаю людзей. І… нешта не належыць яна да тыпу чуллівых. Ту-уга ведае, што, як і нашто. Нават калі панчохі купляе, нават калі ў першы раз аддае пацалунак. Ну, аднак, гэта больш годна, чым нейкая цызя, што пеўня ад курэй ганяе за «задзірлівасць»… Але засмучаная. Пэўна, нешта сур'ёзнае здарылася.

— Гэта мая былая сяброўка, — буркнуў я.

— Ухваляю.

— Што былая?

— Не, што сяброўка.

— Мае паводзіны людзі калісьці назвалі б заганнымі — «предосудительными», — горка сказаў я.

Я не стаў тлумачыць чаму, але ён, відаць, зразумеў.

— Сабе ты гэта даруеш? Можаш гэта сабе дараваць? То нашто асуджаць за тое самае іншых? І хто мае права асуджаць?

Размова рабілася страшэнна непрыемнай. Мы абодва адчувалі сябе няёмка. Ён, бо атрымалася так, што ён утруціўся ў справу, якая яго не датычылася. Я, бо, шукаючы чалавечага голасу, ценю спагады ў ім, непатрэбна распусціў язык. Божым дарункам было ў гэты час з'яўленне свежага чалавека, ды яшчэ з такімі прадметамі ў руках, што ва ўсякага палезлі б на лоб вочы.

Па сходах падымаўся Ксаверы-Інэзілья Калаўр Лыганоўскі з медным абліччам. Бязлітасныя ягоныя вочы глядзелі паўзверх круглага шчыта, і ўзброены ён быў дзідай са здаравенным бронзавым наканечнікам.

— Гатова, — ціха сказаў я, — дастукаўся з пацыентамі. Ну, прынамсі, не Напалеон. Свежая манія.

— І ён убачыў на сцяне злавесны, чорны прывід дзеда-мароза, — сказаў Лыганоўскі, крыху прысаромлена ўсміхнуўся і дадаў: — Вось мастаку нясу. Масайскія дзіда і шчыт. Аксесуары для малюнка. Намалюе і за гэта абяцаў парапараваць.

— А я думаў, што ўрэшце з'явілася новая манія, што гэта вы ўваходзіце ў ролю Чомбэ, — сказаў я.

— Ну што вы! Не так ужо кепска ідуць мае справы. І не так я нізка паў.

— Адкуль гэта ў вас? — спытаў Хілінскі.

— А вы б зайшлі неяк да мяне.

— Не так ужо кепска ідуць мае справы, — іранічна паўтарыў ягоныя словы Хілінскі.

— Здагадваюся, паколькі вы яшчэ тут, а не ў маім дэпартаменце. А вы зайдзіце проста паглядзець, — сказаў псіхіятр.

— Цікава, — сказаў я. — Проста хоць у музей.

— А ў мяне і ёсць… амаль музей. Яно і пойдзе калісь у музей.

Бронза наканечніка была ўкрыта такім тонкім карбаваннем, што я зачараваўся.

— Праўда, адкуль такое дзіва?

— Я, мой даражэнькі, медыцыну ў Празе штудзіраваў.

— То там, што, усе людзі нават на Карлавым мосце з такімі рэчамі ходзяць? — спытаў Адам.

— І нават праз увесь горад, аж да самых Высачан. Калі спозняцца на апошні трамвай. Каб бараніцца ў выпадку чаго. Ад начных гіен.

Закурыў з намі. Ужо сур'ёзна сказаў:

— Чэхі тады стыпендыю давалі… прыгнечаным. Украінцам, лужычанам, нам. Але работу на радзіме знайсці было нельга… Ну і рассеяліся. Дзе я ні працаваў! І ў Індыі на эпідэміі халеры, і ў Нігерыі на соннай хваробе, і чорт яшчэ ведае дзе. Даводзілася быць майстрам на ўсе рукі. І што зробіш? Чалавек, калі памірае, ведае толькі слова «лекар», і пляваць яму на такія паняцці, як «фтызіёлаг» ці «псіхіятр». Урэшце, пры многіх хваробах цікавейшыя адхіленні ў псіхіцы. І мы дужа кепска ведаем іх, вельмі мала займаліся імі.

— І колькі ж год вы нюхалі тую экзотыку? — спытаў я.

— Хапіла. Год дзесяць. Вярнуўся ў трыццаць восьмым годзе.

Згасіў цыгарэту.

— Вось вы і зайдзіце неяк. Не ў якасці пацыентаў, а паглядзець. Пацыентамі лепей не трэба.

— Самыя слушныя словы, якія я калі-небудзь чуў, — сказаў Хілінскі.

Мы зарагаталі. Доктар палез далей, трымаючы дзіду наперавес.

— Апошні аплот белых каланізатараў і гіен імперыялізму паў на сыходзе гэтага дня, — буркнуў Хілінскі. — Маладая Афрыка расправіла крылы насустрач цяжкай, але аптымістычнай вясне.

— Вы іх там толькі не… — сказаў я. — Не «ньям-ньям» ці як гэта?

— Два дні як перастаў ньям-ньям, — адказаў зверху Лыганоўскі. — А будзеце здзекавацца з прагрэсіўных з'яў, Косміч, я спушчу гэты шчыт вам на галаву.

Мы пасмяяліся і разышліся па кватэрах.

Настрой мой ва ўсе наступныя дні быў абрыдлівы. Я ўладжваў свае справы, але нават яны не маглі прымусіць мяне забыцца.

Дабіўся дазволу на абследаванне замка ў Альшанах, атрымаў ад інстытута ліст аб тым, хто я такі і што райвыканком просяць спрыяць мне ў абследаванні касцёлаў, цэркваў і старых будынін.

Пакаваў пакрысе рэчы. І ўсё не мог і не мог забыць таго апошняга вечара.

Трэба было яшчэ адвезці сабак да бацькі і купіць тое, чаго цяжка дастаць на вёсцы. І я загадзя дамовіўся наконт расчыннай кавы з прадаўшчыцай, маёй «блатмайстрыняй», і дамовіўся з Пахольчыкам наконт дзесяці блокаў «БТ» і каменьчыкаў для запальнічкі, і купіў, па Зоінай парадзе, блакнотаў і шкарпэтак і сёе-тое для «аптэчкі».

І ўсё ўжо было гатова, нават бутэлечка вечнага чарніла ў поліэтыленавым мяшэчку і кніга 1908 года выдання «Альшаны» (Княства, староства і павет Альшанскі, у іхнім гістарычным быцці). І я купіў яшчэ пятнаццаць «шэсцьдзесят пятак» і тры каляровых «ДС» і дастаў у знаёмага фатографа дзесяць шырокіх «орвакалёраў», а ў знаёмага прадаўца дзесяць «орвакалёраў вузкіх». І дастаў добрай гарбаты і адрамантаваў свой «Харків». І навастрыў свой ножык, і купіў пластыра, каб заклейваць футляры для касет, і… Словам, працы мне хапіла, і я пастараўся зрабіць запасы, каб не псаваць камерцыі сталічным прадаўцам.

Поделиться с друзьями: