Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Ды вам гэта нашто?

— А так. Дзеля закончанасці. Хаця й не патрэбна, але прыемна было б ведаць, калі там па-татарску байрам, а па-яўрэйску пост руйнавання храма. Каб ужо спакойным быць. Усё зрабіў і зрабіў як трэба. Не дурнейшыя і мы, чым вы былі.

Я быў прыемна ўражаны. Хораша разважаў чалавек.

А пасля яны чамусьці разгаварыліся, ён і госці, і дамовіліся назаўтра ісці разам лавіць рыбу і дзеля гэтай мэты ўстаць аж а палове трэцяй, за гадзіну да ўзыходу сонца.

— Чорт, нязручна, — сказаў Адам, — можа, у вас са Станіславай на нас нейкія планы ёсць.

Я, шчыра кажучы, узрадаваўся, што яны не будуць сведкамі апошняга дня нашых бясплодных патугаў і намаганняў, нашага бясслаўнага паражэння. І таму я схлусіў і за Сташку і за сябе:

— Ды аніколькі. У нас заўтра іншыя планы. Тут трэба да аднаго дзядзькі схадзіць ды паглядзець. У яго зберагліся газеты і часопісы часоў акупацыі.

— Вельмі цікава, — сказаў Высоцкі.

— А пасля… ну, трэба тут курганны могільнік адзін стары агледзець. Не дужа далёка адсюль.

— Тым лепей, — суцешыліся наваяўленыя тры мушкецёры ад рыбнай лоўлі.

І ў гэты час нашу толькі што народжаную ідылію парушыў чалавек, які ўвесь гэты час толькі і рабіў, што блытаўся ў мяне пад нагамі.

Людзвік Лапатуха наблізіўся ад вёскі і сеў на ўзгорачку метрах у дванаццаці ад нас. І адразу пачаў свой канцэрт. Толькі на гэты раз не такі поліфанічны, як заўсёды.

— Адыдзіце… Ізыдзіце… Мой дом — мая крэпасць… Звяры… Каты… Ва ўсіх вас… Усе вы тычкамі* мечаныя. Тычкамі вылюдкаў роду чалавечага. Нічога… Загінеце… Скора, скора і на вас час прыйдзе.

* Радзімка, мета, кляймо.

«Той?» — позіркам спытаў у мяне Лыганоўскі.

Я моўчкі схіліў галаву.

І тут псіхіятр упершыню мяне здзівіў. Першы раз у жыцці быў я сведкам таго, як па-сапраўднаму трэба размаўляць, як бясхібна трэба паступаць з разумова пашкоджанымі людзьмі.

Лыганоўскі ўстаў, цвёрда, але няспешна падышоў да Лапатухі, увесь час гледзячы яму ў вочы. І сеў крыху ніжэй, так, каб гэтыя вочы бачыць. І загаварыў нешта ціха, спакойна і разважліва. І глядзеў, глядзеў, нібы «навяваючы», як славутыя гіпнатызёры або старыя бабулі-варажбіткі, якія часам валодалі гэтым гіпнозам мала чым горш за Месінга.

Дзіўна, істэрычныя ноткі ў голасе Лапатухі зніклі; ён цяпер гаварыў таксама ціха і амаль спакойна. Іерэміяда саступіла месца спакойнай бяседзе, спакойным рухам рук лекара і хворага. І рукі гэтыя па чарзе клаліся то на калена, то на плячук партнёра.

На нашых вачах рабілася чарадзейства. Мы прыціхлі, як ашаломленыя тым дзівам, сведкамі якому былі.

А хвілін праз сорак Лапатуха ўстаў, паціснуў лекару далонь і сказаў амаль спакойным, амаль нармальным тонам:

— З паняццем вы чалавек. З разуменнем… Але тут трэба сцерагчыся і разумным. Зямля заражоная. Я вось таксама быў неледаўчоны*, а што я цяпер?

* Неледаўчоны — някепска вучоны.

Махнуў рукою і пайшоў. Не звычайнай, крыху развінчанай, а досыць цвёрдай, стрыманай паходкай. На паваротцы павярнуўся, памахаў рукою, знік.

Лыганоўскі ўздыхнуў, падышоў і сеў каля нас.

— Ну як? — спытаў я.

Лекар паціснуў плячыма, памаўчаў пару хвілін і, абводзячы нас вачыма, пачаў гаварыць:

— Не трапіў ён у мае рукі з самага пачатку. Даўно быў бы здаровы. А так адносіны з астатнімі людзьмі не зусім нармальныя, падзеі мясцовыя. Ну, але час сваё бярэ. Цалкам магчыма, што праз пэўны адрэзак часу ён зробіцца амаль нармальным чалавекам… Ва ўсякім разе, на шляху да гэтага.

— Ды што з ім такое? — спытаў Ганчаронак.

— Гісторыю яго вы ведаеце. Страшная гісторыя… Ну і ён, кажучы папулярна, каб зразумелі, узвёў вакол памяці нібы ахоўны мур. Не хоча ўспамінаць мінулае. Небяспечна. Многія людзі ў такіх выпадках начыста забываюць мінулае жьццё. Наступае так званая амнезія. Словам, калі ў такіх не аднаўляецца памяць, — лічы, усё згублена. Як правіла, забываюць нават імя. З самага пачатку было дзіўна, што гэты тое-сёе памятае… І гэта тое-сёе аднавілася ў яго прыблізна праз месяц пасля трагедыі… Але ён усвядоміў, што ён не ўсё помніць, не ўсё хоча помніць. І ў гэтым сэнсе адчуў сябе крыху раскутым: паспрабуйце вазьміце вы мяне, не зусім нармальнага, голымі рукамі.

— Але ж усякае часам помніў, — сказаў Хілінскі.

— Так. Для яго ўспамінаць — агіда і фізічны боль. І, аднак, у свядомасці, ва ўсведамленні зберагліся астраўкі і такой памяці. Унутраныя і для ўнутранага ўжывання. І, аднак, гэта не сімуляцыя вар'яцтва, прыдуркаватасці, дэзарыентацыі ў паўсядзённым вопыце… Гэтага падрабіць нельга… Нельга падрабіць, скажам, што абутак зняць не можа. Такое можа быць толькі з сапраўды псіхічнахворымі. А гэты — не. Гэты не зусім ад гэтага свету, але ясна ўсведамляе, дзе ён, і трымае сябе нармальна. З цягам часу ўсё больш і больш нармальна.

— Думаеце, можа, успомніць усё? — спытаў я.

— Многае, калі не ўсё, — сур'ёзна сказаў ён. — І гэты парог не за гарамі.

…Рассталіся досыць рана. «Госці» пайшлі са Сташкай на Белую Гару, а я вырашыў сесці і, на развітанне з паршывай справай, падбіць вынікі. А падбіўшы тое, чаго няма, кінуць усё да д'ябла, паехаць дахаты, уручыць гэтае «няма» Шчуку і закаціцца на астатнія паўтара-два месяцы некуды на хутар. І працаваць. А можа, «дзікуном» некуды на Фарос або ў Перавознае, дзе менш людзей, а толькі мора ды голыя скалы.

Сеў, паклаў перад сабою блакнот. Пачаў запісваць, стараючыся, каб было па чарзе.

Ну і што там было на чарзе:

1) Візіт устрывожанага Мар'яна. Яго размова з нейкім чалавекам на выстаўцы. Прапанова прадаць Кнігу. (Хто быў гэты чалавек? Дагэтуль невядома.)

2) Званкі аб продажы. Уначы. Нехта ходзіць пад вокнамі. Званкі ад таго… Гутніка. Звычайны кніжны маньяк. Нават не спекулянт… Не ён хадзіў пад вокнамі. Хто — невядома. Нехта з суседзяў Мар'яна? Наўрад. Міліцыя іх напэўна правярала. Але тут замкнёнае кола. Гэта я не абавязаны маўчаць перад Шчукам пра свае таямніцы, а ён… Нехта з маіх суседзяў? Дурасць. Ніводнай адпаведнай кандыдатуры.

3) Альшаны і род Альшанскіх. Двайная здрада. Магчыма, прысвоеныя і прыхаваныя скарбы. (Род вымер. Бясследна. Дзе могуць быць скарбы? Невядома, калі не лічыць няясных намёкаў у кнізе. Фактаў гісторыі з перападам ад несамавітага багацця да досыць сярэдняй заможнасці. Ну і маіх «сноў», якія ніяк не могуць ісці ў разлік. Значыць, нікому не патрэбныя ні дакументы, ні радавыя граматы, дый такія каштоўнасці рэалізаваць у наш час — немагчыма.)

4) Зоя. Дзіўныя яе паводзіны. То адыходзіць, то прыходзіць. (Ну, гэта ясна чаму. Вырашыла скончыць, ведаючы, што на «раман» я не пайду. Але шкадавала, але яе цягнула да мяне.)

Поделиться с друзьями: