Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ciвая легенда

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.

– Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?

Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.

Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзесяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros [2] .

А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх – хоць год сядзі.

2

Замкавых вартаўнікоў і бамбардных майстраў

І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.

– Нядрэнна, – сказаў я, – але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.

– Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.

– Адчайныя і кончаныя душы, – сказаў я, – але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.

Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.

– Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.

– Нельга мужыкоў, – амаль ускіпеў ён. – Іх зусім не будзе.

Я паціснуў плячыма:

– У чым усё ж справа, гаспадар?

– Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?

– Год, – суха сказаў я, – год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.

– Цхакен, праяцель, – сказаў ён трохі мякчэй, – я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.

– Дык хто ўсё ж ткі ідзе?

– Хамы ідуць.

Мне спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.

– Хамы ідуць, – паўтарыў ён.

– Гэта не вельмі страшна, – сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.

– Ты не бачыў іх у Віцебску, – сказаў ён, – калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.

– Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.

– А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.

– Сорак міль па рацэ адсюль, – усміхнуўся я. – Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?

– Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.

– І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.

– Гэта горш, – ён пачынаў злаваць.

– Чаму?

– Таму што сёння ў іх ёсць галава.

Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.

– Глупства, – сказаў я, – галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. На што ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.

– О, Канрад, вы ж біліся з ім, – раптам загарэўся ён. – Што гэта быў за чалавек?

Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой маці божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.

Я паціснуў плячымі з прытворнай абыякавасцю:

– Гэты галандскі мазіла Ван-Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап, які лаяўся мужыцкімі словамі, як залатар з Вюрцбурга.

Яго зноў перасмыкнула пры слове “мужыцкі”, але я супакоіў яго:

– Нават такая галава нічога не магла зрабіць з мужнасцю праціўніка. Будзем біцца.

Мы спусціліся ў другі ўнутраны двор. Тут, пад павеццю, віселі на сцяне кірасы, пырхалі коні і ля агнёў сядзелі кірасіры. На каменных плітах двара сям-там дыміўся гной. Худы мужычок у світцы падмятаў ляніва і непаваротліва.

Гаспадар, відаць, знайшоў, на кім спагнаць гнеў.

– Дамінік, – сказаў ён, – калі двор будзе запаскуджаны раніцай, я пастаўлю цябе вышэй за сябе.

Я ведаў гэты брыдкі выраз. І мімаволі паглядзеў на верхні двор, дзе вялізным “пакоем” вымалёўвалася на сінявата-зялёным месячным небе шыбеніца.

– Зробім, паночак, – сказаў Дамінік, і я ўбачыў у цемры яго светлыя, трохі прытушаныя вейкамі вочы. Яны былі незвычайныя, гэтыя вочы.

У Еўропе я толькі аднойчы бачыў такія вочы, у мужыка пад Вольмірштэтам, калі нямецкія сабраты ў кірасах забіралі ў яго сена. Праз хвіліну ён торкнуў віламі ў бок сержанту. Калі я ўпершыню з’явіўся тут, то штохвіліны асцерагаўся такога ўдару: у іх ва ўсіх былі такія вочы. Але потым супакоіўся. Гэта ціхманы і вельмі цярплівы народ.

І толькі цяпер зноў штосьці непрыемнае варухнулася ў мяне ўнутры.

– Я б адправіў гэтага мужыка ў роднае сяло, – сказаў я.

– Зусім застацца без іх нельга, – раздражнёна сказаў Кізгайла, – а гэты яшчэ і католік. Я павінен яму верыць.

Я ўсміхнуўся сам сабе і падумаў, што чалавек, які аднойчы здрадзіў веры, можа здрадзіць і другі раз. Але я спахапіўся і не сказаў гэтага ўголас, з боязі абразіць гаспадара.

Сам гаспадар таксама быў свежы католік, а жонка яго, Любка, заставалася праваслаўнай. Жонак няма чаго прымушаць. Ды і сам Кізгайла – я ўпэўнены ў гэтым – адчувае сябе ў новым храме, як п’яны ландскнехт сярод святош.

І ўсё ж у замку ёсць невялічкі касцёл, патрон якога святы Антоній, і царква Пакрова Маці Божай. Іх падзяляе палац, і з яго вядуць у храмы дзве галерэі, кожная ў свой бок. Калі палац спаляць – храмы ўбычаць адзін аднаго і вельмі здзівяцца. Зрэшты, гэта не перашкаджае абедзвюм рэлігіям спаць на адной падушцы.

Ад гэтых гуллівых і, прызнаюся, не вельмі пачцівых думак мне стала весела. Ну які з гэтага чалавека католік?! Ён не ведае па-латыні ні inibus, ні atibus. І добра, бо я таксама ведаю ненашмат больш.

Поделиться с друзьями: