Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дажыць да світання

Быков Василь

Шрифт:

Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю сваю рэпутацыю. Аднойчы з ім было такое, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць яго добрыя да сябе адносіны.

Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць год, і ён пяты год жыў у Кублічах — невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога. Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, а ў вольны час прападаў на каменданцкай стайні. Коні былі, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі паездзіў конна — у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ён не заўважаў нічога вакол апроч коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар — нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.

На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж рада стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе — славутага лейтэнанта Хакасава!

Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу — яго яшчэ не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа — купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая пагрызеная конавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.

Звычайна ён прыязджаў на Мілцы — маладой рыжай кабыле з танканогім брыкастым жарэбчыкам. Мілка была замацавана за камандзірам аддзялення сяржантам Міцяевым, з якім у Ігара склаліся зусім асаблівыя, можа, нават незвычайныя між хлапчуком і дарослым адносіны. Гэты Міцяеў хоць і служыў тэрміновую, але, у адрозненне ад іншых дваццацігадовых байцоў-пагранічнікаў, здаваўся Ігару амаль старым, з парэзаным маршчынамі тварам, цяжкою хадой і нязграбнай марудлівасцю пажылога вясковага дзядзькі. Родам Міцяй быў аднекуль з Сібіры, дома ў яго засталіся дарослыя дочкі, і ён даўным-даўно павінен быў бы прызвацца ды і адслужыць сваю службу, калі б не нейкая блытаніна ў яго дакументах, дзе значылася, што Міцяеву ўсяго толькі дваццаць гадоў. Як гэта сталася, не мог растлумачыць і сам Міцяеў, які толькі лаяў нейкага п'янага дзяка ў царкве, з ласкі якога яму давялося служыць разам з тымі, хто мог быць яму зяцем.

Коні для Міцяева не былі ў навіну, напэўна, за свой век ён перавадзіў іх нямала і таму ахвотна давяраў сваю Мілку ўвішнаму сыну ветэрынара. Ігар карміў яе, чысціў, мыў і выгульваў, у той час як Міцяеў вучыў ды пахвальваў, а то і проста адпачываў, смокчучы сваю цыгарку ў курылцы. Здаралася, што ён нават заступаўся за свайго памочніка перад ягоным бацькам, калі той ушчуваў сына за доўгую адсутнасць дома, што, вядома, не магло не адбівацца на ўроках. Адносіны ў яго з Міцяевым увогуле склаліся такія, што лепшых не пажадаеш, і стары Іваноўскі не раз казаў, што гэты сібірак, напэўна, заменіць хлопцу і бацьку. Ігар не пярэчыў, ён лічыў, што Міцяеў і на самай справе лепшы за бацьку, які не жыў з маці, любіў часцяком выпіць і зусім не песціў увагай свайго самапаса-сына.

Аднойчы звычайныя турботы з коньмі былі парушаны невялікай падзеяй — на возера прывезлі лодку. Прывёз яе на параконнай фурманцы старшына Белуш, які тут жа апрабаваў яе на вадзе і аб'явіў, што лодка належыць самому каменданту — капітану Зарубіну — і што ніхто не павінен дакрануцца да яе пальцам. Каб гарантаваць гэтую яе недатыкальнасць, Белуш прыладзіў ланцуг і прымкнуў лодку да стаяка конавязі. Лодка амаль усё лета праляжала на прывязі, Зарубін ёю не карыстаўся, і местачковыя хлапчукі згаралі ад такога зразумелага жадання паплаваць на ёй па возеры.

Неяк раз надвячоркам, калі коні былі ўжо выкупаны і стаялі на прывязі, а днявальныя пайшлі ў камендатуру вячэраць, Ігар узяў сваю вуду і пайшоў на пратоку лавіць акунёў. Клявала, аднак, кепска, і ён ужо сабраўся перайсці на іншае месца, як з алешніку вылезлі Колька Бароўскі і Яша Фінкель, школьныя яго сябры. Пасля нядоўгай размовы яны далі зразумець, што ёсць магчымасць «стырыць» камендантаву лодку і сплаваць на ёй да другога берага, дзе сінеў вялікі хваёвы лес і дзе ніхто з іх яшчэ не быў. Ігару гэта задумка здалася надта зваблівай: каго з местачковых хлопцаў не захапляў той бераг, дабрацца да якога было дужа цяжка — перад ім ляжала топкае, з праваллем балота ў вусці пратокі, у якой, казалі, жыве вадзянік. Было звабліва завалодаць лодкай, але на конавязі заставаўся дзяжурным Міцяеў, які адказваў за гэтую лодку перад самім капітанам Зарубіным. Праўда, гэтую прычыну тут жа адвёў Колька, сказаўшы, што Міцяеў мірна спіць пад кустом на папоне, а што датычыць замка, дык ён тут жа паказаў Ігару вялікі ключ ад бацькавага хлява з дрывамі, які замыкаўся такім жа замком, як і лодка Зарубіна. Ігару нічога болей не заставалася, як узяць гэты ключ і спакойна адамкнуць замок лодкі.

Вёслаў у іх, аднак, не было, яны знайшлі доўгую яловую жэрдку і звалаклі лодку на водмель. Спярша адпіхваліся жардзінай, пасля пачалі грэбці рукамі, лодка выплыла на сярэдзіну, і тут аказалася, што яна дужа рассохлася на беразе і праз яе барты ручаямі ліецца вада. Выліваць ваду не было чым, яны спрабавалі выплёскваць яе рукамі, але лодка ўсё больш асядала кармой у ваду, і неўзабаве хлопцам давялося спешна пакінуць судна. Насёрбаўшыся цёплай вады, яны неяк дабраліся да берага. Лодка ж спакойна сабе затанула.

Міцяеў ля конавязі спаў так моцна, што нічога не ўчуў, а хлопцы высушыліся на пагорачку і да вечара ўжо былі дома. Назаўтра, ведама, пачаліся пошукі прапажы, аказалася, што хтось бачыў паблізу ад купальні местачковага распусніка Цёмкіна, на якога тут жа і склалі пратакол. Спрабавалі дапрасіць таксама і Ігара, які з раніцы быў ля коней, але дзяжурны Міцяеў не мог нават уявіць свайго памагатага ў ролі злодзея і паручыўся ў яго невіноўнасці. І калі праз дзень Ігар усё ж прызнаўся Міцяеву ў сваёй віне, той спярша не паверыў. Давялося паказаць месца на возеры, дзе неглыбока на ілістым дне затанула лодка, якую хутка паднялі і прыцягнулі на бераг. Убачыўшы яе, Міцяеў толькі плюнуў у пясок і адышоўся ўбок, нават не зірнуўшы на свайго памочніка. Іх двухгадовае сяброўства на тым і скончылася. Да самай дэмабілізацыі Міцяеў не сказаў хлопцу ніводнага слова, быццам не заўважаў яго, не адказваў на яго прывітанне, пры сустрэчы праходзіў міма, нават не пазіраючы ў яго бок. Ігар не крыўдаваў, ён ведаў: гэтая пагарда была ім заслужана.

На іхнім шляху неўзабаве аказаўся рэдзенькі малады хвойнік — пасадка, яны хутка прайшлі яго між роўных радоў падросту, і раптам абодва спыніліся. На самым узлеску, пэўна, была дарога, па якой цяпер некуды ўбок марудна, віхляючы на выбоінах, паўзлі ў цемры машыны. Спачатку Іваноўскаму здалося, што ён зблытаў напрамак і выйшаў да той самай шашы. Але хутка ён зразумеў, што гэта зусім не шаша, а, напэўна, якая паваротка з яе ўбок. Але чаму на гэтай паваротцы машыны?

Стаіўшыся, ён нядоўга пастаяў на ўзлеску. Машыны паўзлі зусім блізка, пярэдняя ішла з уключанымі фарамі, віхляючы па калдобінах крытым высокім кузавам. Тры іншыя машыны, што ішлі следам, былі таксама высокія і крытыя, — што яны везлі, немагчыма было зразумець. Але той факт, што машыны з'язджалі ўбок з галоўнай магістралі, наводзіў лейтэнанта на некаторыя прыемныя думкі. Болей не пад'язджаючы да гэтай дарогі, ён павярнуў на ўзлеску ўслед за машынамі.

Цяпер ён ішоў вельмі марудна, часта спыняўся і слухаў. Далёкі нутраны гул дызеляў нейкі час яшчэ быў чуваць, пасля, заглушаны павевам ветру, неяк адразу сціх. Іваноўскі паправіў на сабе дзягу з цяжкой гранатай, азірнуўся на Піваварава. Той быў побач; прыціхлы ў прадчуванні небяспекі, ён ледзьве спраўляўся са сваім дыханнем.

— Ану, паглядзім, што там. Ты адстань трошкі…

Півавараў кіўнуў, таўхануў локцем вінтоўку, рэмень ад якой наўкось перарэзаў яго белыя ў маскхалаце, вузкія грудзі. Ведама, трохі слабаваты аказаўся яго памочнік, але тут і дужы напэўна не вытрываў бы. Зашорхаўшы па снезе лыжамі, Іваноўскі пайшоў па ўзлеску.

Хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе быў ручай або рэчка з кустоўем па берагах, Іваноўскі з прыкметнай натугай зморанага чалавека перабраўся цераз яе і яшчэ прайшоў полем. Нечакана для сябе ён убачыў дарогу — дзве глыбока прарэзаныя ў снезе аўтамабільныя каляіны. Каб не пераходзіць яе і не згубіць у цемры, ён вярнуўся назад і на некаторай адлегласці пайшоў полем.

Вёска паявілася нечакана хутка — без адзінага гуку, без бляску святла, з шэрага паўзмроку перад ім раптам вынікла страха хлеўчука, за ёю другая, і лейтэнант тут жа ў думках вылаяў сябе за неасцярожнасць — ад вёскі трэба было трымацца далей. Толькі ён наважыў павярнуць у поле, як перад ягоным позіркам за вуглом хлеўчука мільгануў характэрны абрыс гусенічнага ўсюдыхода. Тут жа было і яшчэ нешта, незразумела грувасткае ў паўзмроку. Тонкая патарчака ад яго высілася ў небе, і, паўзіраўшыся крыху, лейтэнант зразумеў, што гэта антэна. Вядома, у вёсцы не магло быць ніякае базы, затое магло размясціцца на ноч якое тылавое ці маршавае падраздзяленне немцаў.

Поделиться с друзьями: