Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кніганошы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– З радасці не з радасці, але думаю, што я ёй не зусім абыякавы, - сказаў сціпла Буткевіч.
– Апошні раз, напрыклад, яна сказала, што я добры.

– Ну, вось бачыце. Раман ідзе сваёй чаргой, і дзеля гожых вачэй, дальбог, не трэба мерзнуць у хмызах і пакутаваць. Праз нейкі месяц вы яе пацалуеце. Месяцы праз тры-чатыры даможацеся свайго. А можа і раней, гэта ўжо залежыць ад спрыту. Але не пазней як праз чатыры.

– Магчыма, - сказаў Буткевіч.
– Калі ажанюся да таго часу.

Усмешка грэшнага анёла знікла з вуснаў Фердзі.

– Кіньце, прапаршчык, - сказаў ён.
Вы што, не ведаеце вясковых дзяўчат?
– І вельмі ўдала перадражніў: - А дзевачкі! А таечкі! А што гэта ён!.. Пусці, ёлуп, пусці, кажу, а то...

Апошняе слова было непрыстойнае, у сэнсе «дрэнна мне будзе». Буткевіч пачырванеў і палажыў флейту.

– Мне не хацелася б, каб вы ў такім тоне гаварылі пра свет, у якім жыве, магчыма, мая будучая жонка.

Вольке за ягонай спіною толькі пакруціў пальцам ля лба. Потым уздыхнуў.

– Добра ўжо. З часам агойтаецца. А цяпер давайце збірацца.

Гэтай ноччу сачыць трэба было асабліва пільна: даўно пагаворвалі, што ў адну з трох начэй з-за мяжы пойдзе Корч, самы славуты з усіх кніганош. Аб гэтым, у прыпадку злосці на яго, прабалбатаўся нібыта ў местачковай карчме Яўхім Спіса, мужык з вёскі Плавуцічы. Злосць злосцю, але ні Яўхім, ні яшчэ хтосьці з мужыкоў нічога больш не сказалі.

Даносчыкаў не любілі. Даносчыку ніхто не асмеліўся б нават сказаць «добры дзень». Таму і кардоны і мытня ведалі ўсіх, хто ходзіць за мяжу, вельмі дакладна, але толькі па мянушках, не здагадваючыся нават, хто хаваецца за кожнай.

Корч быў самы славуты. Корч пераходзіў з кнігамі мяжу, магчыма, і трыста разоў. І за ўсе гэтыя разы ніхто з мытных нават ні разу не бачыў кніганошы на свае вочы. Раз толькі пашанцавала натрапіць на вялікія сляды скураных пасталоў. Мяркуючы па слядах, гэта быў волат. І, відаць, халера, узброены. Але гэты волат хадзіў кожны раз новай сцежкай. А іх было безліч.

Ні Вольке, ні Буткевіч не верылі надта балбатні Яўхіма Спісы. Мала што можа набалбатаць п'яны. Не ведалі яны і аб месцы, ідучы наўздагад.

І аднак усё здарылася менавіта ў гэтую ноч.

Сакрэт перайшоў начное балота. У цемры раз-пораз было чуваць трывожнае «ў-цю-цю-цю...» - качкі зляталіся на начлег. Бледна-жоўтая стужка ззяла на захадзе. І хацелася сесці ў схованку ля балота і паляваць на качак, а не на людзей: адчуваць, як бабухае дубальтоўка, як цела качкі мякка падае ў траву, а ў перапынках чутно, як, падманутая тваёй нерухомасцю, лётае ў цемры вакол схованкі вялізная здань вадзянога бугая.

Але так рабіць было нельга.

І яны мінулі балота і хмызы, забраліся ў самы гушчар, сеўшы наўздалёк ад сцежкі, якой хадзілі на вясковы выпас дзікі. Перад імі быў адхон, укрыты ялінамі, чорнаалешнікам і густой крушынай.

...Каля поўначы пачулі крокі. Людзей было двое. Але адзін з іх ішоў так ціха, што яго крокі пачулі, толькі прыслухоўваючыся да нязграбных крокаў другога. Гэты другі таксама ступаў асцярожна, цішэй, чым салдат, і ўсё ж часам пад яго нагою хрумсцелі лаўжы.

Ніхто так не шуміць у лесе, як чалавек.

– Ні з месца!
– крыкнуў Вольке, калі крокі наблізіліся.
– Страляю.

Тыя замерлі. І ўсё ж - па кроках аднаго з двух - праз хвіліну стала зразумела, што яны ўцякаюць. Крокаў другога не было чуваць, і салдаты падумалі нават, што ён стаіць на месцы.

Слуп агню прарэзаў апраметную цемру. Страляў паручнік. Потым грымнулі стрэлы салдат: чуваць было, як падалі, зрэзаныя кулямі, галінкі і лісты.

Паўз Буткевіча, ломячы галіны, ірвануўся ў цемру Вольке.

– Стой! Спаймаў! Трымайце яго, прапаршчык! А-а, вось ты!

Салдаты скупчыліся вакол паручніка. Нехта чыркаў сярнічкамі, запальваў ліхтар.

– На гук страляў, - перарывістым голасам сказаў Вольке.
– Гэта той, што шумеў. Ды ганіцеся ж... Ды ганіцеся ж за другім... Хал-лера!

Але гнацца не было як. У навакольнай цемры нават свае далоні нельга было бачыць. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся.

У святле ліхтара ўсе заўважылі распасцёртага на сцежцы хлопца год семнаццаці. Трымаць яго не трэба было: паручнікава куля прабіла яму скронь і выйшла ў патыліцу. Ён так і ўпаў на спіну - адразу, прыціснуўшы целам вялікі лубяны кораб з кнігамі, быццам не хочучы аддаваць яго ў чужыя рукі.

– Гасі ліхтар, - сказаў Вольке.
– Перастраляюць, як сабак.

– Наўрад ці ў іх была зброя, - сказаў Буткевіч.
– Гэта ж кніганошы.

– Усё адно.

Толькі калі адышліся далёка і зноў мінулі балота, Вольке з прыкрасцю крэкнуў:

– Не здагадаліся. А можа, забіты сваяк таму. Трэба было зрабіць засаду і чакаць. Зрабіць выгляд, што пайшлі, і чакаць. Вярнуўся б. Напэўна, гэта Корч быў.

Памаўчаў.

– Ён і ўцякаў, бо думаў: другі ўцякае таксама.

– Кіньце, - сказаў Буткевіч.
– Што вы, крумкач?

– А што ж... Гэтак пацэліць у цемры - ого!.. А вы што, шкадуеце?

– Малады, - сказаў Буткевіч.

– Та-та-та. Кіньце! Усё адно прыйдуць па труп. Не пакінуць жа, трэба думаць, не пахаванага... Словам, лухта!

Забітага завезлі ў мястэчка і палажылі там на радно, у густую траву ля плота валаснога праўлення. Гэта было зроблена знарок, каб хлопца пазналі. Вольке пакінуў прапаршчыка ў мястэчку, а сам накіраваўся ў павет, далажыць.

Буткевіч быў вельмі раззлаваны. Паручнік зноў спіхнуў на яго самае непрыемнае. А глядзець на забітага было непрыемна. Малады, бялявы, валасы хвалістыя, на мёртвым твары - выраз здзіўлення. Вельмі было шкада хлопца. І потым, няхай нават крамола, але нашто было адразу страляць? Трэба было паспрабаваць злавіць яго жывога. Жывадзёр гэты Вольке, вось што! А цяпер - глядзі! Вартуе, праўда, салдат, але гэта ўсё адно.

...Малады бялявы хлопец ляжыць на радне ў густой траве.

Да вечара траву моцна вытапталі. Чутка аб тым, што забілі нейкага кніганошу, хутка разляцелася па навакольных вёсках. Людзі ішлі і ішлі. Некаторыя спыняліся ля мёртвага і доўга разглядалі твар, над якім пачыналі ўжо віцца мухі. Але варта было спытаць старшыні ў каго:

– Што, ведаеш?
– і чалавек, апускаючы павекі або проста гледзячы ў вочы валаснога, абыякава паціскаў плячыма.

– Адкуль я ведаю? Не, не ведаю.

Гэта была сапраўдная змова маўчання. Злуючы на ўсё гэта і на тое, што даводзідца сядзець над забітым, як вароне, Буткевіч нервова спытаў у валаснога:

Поделиться с друзьями: