Мёртвым не баліць
Шрифт:
— Ладна, патрываеце трохі. Вось зараз трусяціны наварым, — прымірэнча кажа Каця і прыкрыквае на немца: — Ану, Гітлер, паварушвайся мне жывей!
Але немец і так завіхаецца, ажно спацеў. Нашай балбатні ён не слухае — уся яго ўвага на працы. Бадай, ён — неблагі дзядзька. Праўда, амаль як і заўжды ўсе палонныя, трохі дурнаваты з выгляду, бо не разумее па-нашаму. А так просты і ўслужлівы, відаць, лёгкі на рукі і ахвочы да працы. Пэўна, сербануў ліха на вайне і цяпер, у палоне, мусіць дагаджаць, бо баіцца. Вось невядома толькі, як ён трапіў у палон: сам здаўся ці зацапалі хлопцы з нашага батальёна? Хоць, зрэшты, гэта не так і важна. Адваяваўся фрыц, і цяпер, відаць, прачынаецца ў ім чалавек, мірны абывацель, рабацяга. Што ж — хай сабе! Мы добрыя, страляць яго не будзем, а дабрата — таксама зброя. Гэта ўжо відаць і па немцу.
13
Мусіць, неўпрыцям задрамаўшы, я зноў ачынаюся, бо гамана ў хаце раптам здорава ўрываецца ў вушы, неяк ажно палохае. Знячывелі, здаецца, быццам штось здарылася, чаго я не магу зразумець. Але ў хаце, відаць, усё па-ранейшаму. Толькі ў печы ўжо не палае, па прыпечку — змрок з іскрамі ў чорнай саламянай трусе. Смачна пахне бульбай і мясам. Каця, сагнуўшыся над казанамі, раскладвае бульбу — у кацялкі, міскі і нават у пустую каску, якую, прысеўшы, трымае перад ёю нізенькі, шыракатвары баец-узбек. Насупраць на падлозе з выглядам пакрыўджанага родзіча сядзіць немец. Кухарская праца ля печы скончылася, патрэбы ў палонным тут болей няма, і ён, відаць па ўсім, адчувае сябе лішнім.
У гэты час за нахіленай Кацінай спіной адчыняюцца дзверы, і ў воблаку сцюжы цераз парог імкліва пераступае нехта ў густа заінелым шынялі.
— Прывет! — весела кідае чалавек ад дзвярэй.
Зусім малады твар яго чырвоны ад сцюжы, голас таксама выдае зусім яшчэ хлапечы ўзрост. Ён паранены і правую руку трымае ля грудзей на бінце-падвязцы.
— О, тут і фрыцы! — радасна здзіўляецца хлопец, згледзеўшы немца. — Гут абенд, фрыц!
Немец ускоквае з падлогі і цвёрда ляскае абцасамі.
— Гутэн абэнд, гер офіцыр!
— Вольна! — усміхаецца афіцэр.
I тут мне штось здаецца знаёмае ў гэтай заінелай постаці. У голасе, паставе, смеху прабіваецца штось зусім нядаўна і зноў жа невядома дзе чутае і бачанае. Пастой, ды гэта ж…
— Стралкоў! Юрка! — крычу я са змроку, стараючыся ўстаць ля сцяны.
Хлопец кідае ў мой бок амаль збянтэжаны позірк і ад разгубленасці на момант разяўляе рот. Ён не пазнае. Ды і ці можна тут пазнаць каго, у гэтай цемры, якую ледзьве разрэджвае адна мігалка на прыпечку (другая патухла ўжо — скончылася гаручка). I ўсё ж хлопец здагадваецца:
— Васілевіч?
— Я самы! Давай сюды!
Сапраўды, гэта Юрка, і я на хвіліну забываюся на ўсе мае беды, няўдачы і нават боль у назе. I як не забыцца, калі гэта — Юры Стралкоў, мой аднакашнік, сябар, малодшы лейтэнант, пехацінец, з якім мы паўгода назад скончылі адно вучылішча і пасля доўгага падарожжа ў таварняку трапілі ў адну армію. Пасля тае пахмурнае раніцы пад Харкавам, дзе нас разлучылі кадравікі, я, папраўдзе, ужо і не спадзяваўся ўбачыць яго. I цяпер вось такая сустрэча!
Шырока стаўляючы між людзей заснежаныя валёнкі, Юрка паспешліва лезе да мяне, хапае адной левай рукой мае пальцы і трасе, трасе.
— Лёнька! Ты жывы, Лёнька!
— Ды вось жыву. А ты? — недарэчна пытаюся я.
Э, вядома, браце, колькі мы перажылі паасобку, адзін без аднаго, — перажылі, наадчуваліся, перапакутавалі. Былі мы зялёныя, толькі і дбалі, што пра свой знешні выгляд ды свежаспечаны воінскі гонар. 3 адной зорачкай на плячах. А цяпер?
Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра. I я прыкмячаю на ім штось новае, невядомае мне, мусіць, нейкія сляды нялёгкага, пакутна-сталага ўжо, што прыйшло да яго за час пасля нашай ростані. У астатнім жа гэты твар ранейшы — тонкія юначыя рысы, далікатная круглявасць падбародка, якога яшчэ не краналася брытва. Зрэшты, цяпер ён ззяе радасцю нечаканай сустрэчы. Юрка азірае мяне і смяецца.
— Ой, які ты абвязаны, не пазнаць!
— Ерунда! Бінтоў накруцілі. А ў цябе што — рука? — пытаюся я ў сябра.
— Ды, разумееш, падляцеў ненарокам.
— Лёгка?
— Драпіна. Вось толькі страляць замінае. А так… Ну, але ведаеш, мы адыграліся! — Юрка раптам радасна ажыўляецца, вочы яго блішчаць. — Ось ужо адыграліся, каб ты толькі ведаў! Зрабілі пабоішча не горш за Лядовае…
— Ты сядай! Во, на салому.
Юрка адразу апускаецца пад сцяну са мной побач. Хлопцы адусюль пазіраюць на яго — такога заснежанага, гаманліва-ажыўленага. А ён, здаецца, безуважны да ўсяго тут, поўніцца чымсьці сваім — вялікім і радасным.
— Ты разумееш! Ты разумееш — я ж толькі са стэпу! Во гадзіну назад! От жа мы іх ушчушылі! Ды так спрытна, без стрэлу, без гуку падпусцілі на пяцьдзесят метраў… Камбат у гэты раз ну проста маладчага!..
— Пастой, пастой!.. Ты дзе? Я нават не ведаю, у якой ты дывізіі служыш. У Церахава, ага?
— У якога табе Церахава! — гатовы раззлавацца Юрка за такое маё меркаванне. — У палкоўніка Калюжнага. Гвардыя!
— Так, так…
— Ты разумееш! За дзесяць хвілін мы зрабілі з іх мясакамбінат. Ураз як ударылі з усяе зброі!.. Дзевяць станочкаў, дзве саракапяткі. Ты б паглядзеў, што там рабілася!..
Я і так рады, што там здарылася. Яшчэ не ведаючы, што і як, але гатовы зайздросціць Юркавай ратнай удачы. Ды я ўжо і зайздрошчу. Што і казаць, пяхоце не часта выпадаюць на фронце хвіліны, накшталт толькі што перажытых Юркам, калі грудзі распіраюцца ад хмельнага шчасця ўдачы. Нам болей прывычны шэрыя будні вайны — сцюжа, мокрыя ногі, крывавыя бінты на нямытым целе, знішчальны нямецкі агонь і, як узнагарода, — кароткі трывожны сон дзе-небудзь на засланай саломай падлозе. У яго ж здарылася нешта зусім іншае, нешта агромніста-ўдалае, і я рады. Я слухаю і на ўсе вочы пільна гляджу на нядаўняга свайго сябрука-курсанта. Шынялёк на Юрку салдацкі, алс акуратна прыгнаны па росту (на гэта ён быў мастак і ў вучылішчы, бо трошкі фарсун і акураціст). На каўняры роўненька прышытыя пятліцы, наўкось цераз грудзі — партупея, вядома не ў ОВС [3] атрыманая, а, пэўна ж, сумленна здабытая на полі бою. Юрка, я вельмі, вельмі рады, што ты жывы, што ты ўрэшце сустрэўся мне, ды яшчэ такі ўзнёсла ўзрадаваны!
3
Абозна-рэчывае забеспячэнне.
— Панімаеш, цэлую калону, чалавек трыста з артылерыяй! Ты разумееш ці не? — тармосіць ён мяне за рукаў.
— Разумею, разумею, Юрка. Але давай спярша падмацуемся. Эй, ты! — крычу я на немца. — Ану, падай кацялочак! На двох!
Немец ахвотна падае нам плоскі кацялок, поўны бульбяное таптухі. Пасля на пагнутае вечка Каця кладзе кавалачак трусяціны.
— Вот вам і ножка, таварышы камандзіры, — кажа санітар, перадаючы вечка цераз галовы іншых.
Юрка чуйнымі ноздрамі прагна нюхае паветра і дзівіцца:
— Што? Мяса? Ось гэта да! Ну, раз так, то… Трымай!
Ён рашуча адшпільвае ад рамяня нямецкую фляжку і працягвае яе санітару. Той, не разумеючы, круціць яе ў руках. Але тут над яго плячом мільгае ўхопістая рука сяржанта, і фляжка апынаецца на ложку.
— Ану, ану…
У хаце лёгкая збянтэжанасць, усе паварочваюцца да парога. Сяржант жа, надаўшы страшэнна глыбакадумны выраз свайму хітраму твару, даследуе фляжку. Для гэтага ён спярша боўтае яе і прыслухоўваецца.
— Шнапс?
— Нешта ў гэтым родзе! — жыва адказвае Юрка. — Трафеі нашых войск.