Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пан міністар

Аляхновіч Францішак

Шрифт:

Марта. А вось рахунак ад абеду… (паказвае картачку паперы). Тут сьпісана ўсё, што я расходавала на абед.

Люба. Ну, дык я пайду цяпер у свой пакой, распрануся.

Пупкін. Распраніся, дзетанька, і прыходзь сюды, пагутарыш з дзядзенькай, дзядзенька твой бедненькі, ніхто яго ня любіць, ніхто не цалуе…

Люба. Добра, дзядзенька, я зараз… (выйшла ў свой пакой).

Зьява 4

Пупкін і Марта.

Пупкін (да Марты). Заўсёды ўлезеш ня ў пору. Хоць-бы ў дзьверы пастукала.

Марта. Калісь ня трэба было ані ў дзьверы стукацца, ані рахункаў здаваць, пакуль ня было гэтай… пляменьніцы! (іронічна). Гм! Добрая пляменьніца! (дразьніць яго). «Пацалуй дзядзеньку! пацалуй, ціпачка!» фу!!

Пупкін. Ды што ты сабе думаеш! Гэта-ж… як той… таго… гэта родная сястра маей сястры… Ды не… што я кажу!.. гэта родная дачка маей сястры…

Марта. Але! Махлюй, махлюй, Філімов! Я не такая дурная! Я ведаю, чым гэта пахнець.

Пупкін. Ты як гэта са мной гаворыш! Колькі я ўжо разоў казаў, каб ты не казала мне «ты». Ты ведаеш, хто я такі? ты ведаеш, з кім гаворыш? Я хутка ўжо буду міністрам! Разумееш?

Марта. А калісь было ня тое! (Паўтараючы яго даўнішнія словы). «Ты, Мартачка такая, ты, Мартачка, гэтакая, то, Мартачка, тое то, Мартачка, сёе, я з табой. Мартачка, жаніцца буду і ўсё такое», а цяпер вон, Марта, пайшла! непатрэбна, бо сам у міністры запісаўся, ды яшчэ гэтая пляменьніца… Фу! сорам!.. Я яму, як добраму чалавеку, паверыла, а ён, бачыш яго, які! Але й Марта ня дура. Яна сваей крыўды не даруе, хоць ты ня толькі ў міністры ўпісвайся, а навет у манастыр ідзі, яна й там справядлівасьці шукаць пайдзе.

Пупкін. Ціха! ціха! ціха! Што ты, ашалела, ці што? Яшчэ хто пачуе! Вось лепш давай рахунак перагледжу. (Глядзіць у картачку, Марта праз гэты час глядзіць на яго ды ўздыхае).

Пупкін. Што гэта? Мяса йзноў падаражэла? Што-ж яно кожны дзень будзе даражэць, ці што?

Марта А я што-ж вінавата? Я быкамі не гандлюю, ня я цану устанаўляю.

Пупкін. А гэта што? Учора купіла фунт цукру, сягоньня йзноў фунт! Куды-ж ён падзяваецца? Куры яго клююць, ці што?

Марта. А ўжо-ж я яго ня зьела. Твая пляменьніца ўчора купіла сабе ягадкаў і цэлы фунт з імі злопала.

Пупкін (ня ведае, што адказаць) Ага… А я прасіў цябе не казаць мне «ты», бо яшчэ хто пачуе. Колькі разоў буду табе гэта паўтараць?

Марта (ірон.). А «пан» вось лепш ня крычы, а дай мне грошы на заўтра на абед?

Пупкін. Ах, крывапійцы вы гэтакія! (Дае грошы). Вось.

Марта. Ды што-ж «пан» даеш? Што-ж я магу зварыць за гэтыя грошы? Курам на сьмех!

Пупкін. Ідзі, ідзі, адчапіся! Дык-жа засталося крыху рэшты ад учарашніх… Ды апроч таго заўтра посны абед, бяз мяса! Грэх кожны дзень мясам аб'ядацца, трэба папасьціць, крыху аб душы падумаць…

Марта (ківае галавой, ірон.) О! многа ты аб сваёй душы думаеш! (Выйшла ў кухню).

Зьява 5

Пупкін (адзін).

Пупкін. Гм! Трудна будзе ад бабы адчапіцца! Дзеля таго, што калісь нешта між намі было, дык прыклеілася, як смала: Філімон ды Філімон! Жаніцца ды жаніцца! Падумаеш, якое хараство! Анёлачак! Тфу!.. (чутно званок за сцэнай). А гэта мусіць ужо прыйшоў Кукіш! (кліча) Марта! адчыні! Марта!.. А чорт з ёю! сам адчыню. (Ідзе і адчыняе дзьверы; ўваходзіць Кукіш).

Зьява 6

Пупкін і Кукіш.

Пупкін. А я цябе так чакаў, каточак!.. Ну, сядай, сядай, дарагі госьць! (Кукіш сядае). Вось, бачыш, справа ў мяне гэткая: я напісаў сваю біяграфію, сам, уласнаручна, значыцца, гэткая, як называецца, аўтабіяграфія… Усё, як ёсьць — ад калыскі да сёньняшняга дня. Трэба толькі, ведаеш, каточак, пералажыць яе на беларускую мову і надрукаваць у вашай газэце. Ты, Арцімончык, маеш знаёмствы, дык ты мне паможаш у гэтым. Я табе за гэта нічога не пашкадую, апошнім куском хлеба падзялюся, сэрца сваё разрэжу напалавіну і палавінку табе аддам, толькі памажы, Арцімончык!

Кукіш (спакойны чалавек з чырвоным носам; гавора манатонна бяз ніякае інтонацыі). Пад сэрцам нешта смокча…

Пупкін. Пад сэрцам?… А сэрца рэч важная! А для сэрца самае важнае — супакой. Вось я заўсёды спакойны, ніколі ня злуюся, здароў, сэрца, як камень. Калі крычыць нехта на мяне, лаецца, я маўчу, сьмяюся толькі ў душы і думаю: ага, браток! у цябе цяпер сэрца гэтак сільна б'ецца: цік-цік, цік-цік, а ў мяне нічога… спакойна, роўна… Вось гэтак трэба заўсёды, Арцімончык!

Кукіш. (спакойна, без інтонацыі). Пад сэрцам чарвяк смокча!..

Пупкін. А! чарвяк смокча!.. Ах, ты забаўнік гэтакі!.. Хочаш выпіць?

Кукіш. In vino veritas.

Пупкін. А ты ўсё загранічныя словы, сьмешны ты чалавек! Ну, што-ж зрабіць! нічога не парадзіш, для гэтакага друга нічога не пашкадую, навет крыві ўласнай. Пайду, пашукаю ў шафе, можа дзе й знайду адну чарачку. Вось маеш газэціну, пачытай, пакуль-што, тут цікўна. (Дае Кукішу газэту, а сам ідзе да шафы і неспакойна аглядаецца на Кукіша, ці той ня сочыць за ім).

Кукіш (разварочвае газэту, паказвае від, што чытае, але як Пупкін адчыніў шафу, зірнуў у той бок і пабачыў там колькі бутэлек і шмат закусак). Аднэй мала.

Пупкін (наліваючы з бутэлькі ў адну чарку) А там на стале ляжыць другая газэта, ты перагледзь яе.

Кукіш. Я кажу: аднэй чаркі мала.

Пупкін. Ня гневайся, браток! Чым хата багата, тым рада. Ледзь-ледзь адну нацадзіў. (Падае яму чарку гарэлкі і кусок хлеба).

Поделиться с друзьями: