Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паром празь Ля-Манш

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

і ставіць на парэчкавую сурвэту

два высокія келіхі,

падобныя да бусьлінае пары

на скошаным поплаве,

а калі прыпазьнюся —

чакай мяне на падвоканьні

або ў кутку канапы,

скруціўшыся ў цёплы клубок

зь ціхамірным дыханьнем,

што пахне юным целам

і старым горадам —

як у той дажджлівы вечар,

калі мы вярталіся зь Вільні.

Памятаеш,

аднойчы на дзень нараджэньня

ты падаравала мне

парцалянавы дамок?

Тут мы будзем жыць,

легкадумна прамовіла ты,

не падазраючы, што сказала

праўду.

Пытаю дарогу

Пытаю дарогу

на старасьвецкіх могілках

ля сіняй бухты.

Будзе кавалак цёмнае брукаванкі,

кажа сівы камяняр,

што высякае на помніку

літары,

потым кавалак брукаванкі ружовае,

а за крыжам з чорнага граніту —

тры прыступкі

да

вашае

магілы.

Будуць кіпарысавыя прысады,

кажа стары садоўнік,

што падразае галіны,

потым лістоўніца сярод дроку,

а за ёю —

тры прыступкі

да

вашае

магілы.

Зайздрошчу старым:

няма ў мяне іхніх прыкметаў.

Цешуся,

бо прыкметы мае —

да

самых

прыступкаў —

мне аднаму належаць.

Матылькі

Калі дрэва разлучаюць з жыцьцём,

карані яшчэ гоняць

па абарваных жылах

гаючы сок памяці,

яшчэ спадзяюцца на дзіва,

яшчэ бязгучна крычаць штосьці

нежывой лістоце.

Калі дрэва падае долу,

шырокае пнішча

ўсьцешана засьцілаюць крылцамі

блакітныя матылькі,

якія п’юць густы сок і,

захмялеўшы,

сьняць, што яны — дрэвы,

якіх хочуць разлучыць

з жыцьцём.

Яны спалохана прачынаюцца,

але

побач падае

новае дрэва,

і матылькі апускаюцца

на сьвежае пнішча,

каб зноў напіцца салодкага соку,

каб прысьніць чужыя сны

і прахапіцца ад страху.

Камусьці іх жыцьцё

здаецца бесклапотным.

Заставайся безыменнаю

Тут,

на хмурным ранішнім прыпынку,

мае веды пра цябе

абмяжоўваюцца тым, што

ты жывеш у суседнім доме,

у цябе точаныя ножкі

і ўзімку ты носіш

футэрка з апосуму.

Мне — досыць.

Заставайся безыменнаю.

Я памятаю,

як цябе звалі

ў залацістай засені сну

нашай паўночнай сіесты,

памятаю,

як звалі кнігу на часопісным століку

і чырвонае віно,

што змывала апошнія бар’еры,

як звалі

твайго ласкавага пушыстага зьвярка,

што нясьмела хацеў,

каб яго прыручылі.

Заставайся безыменнаю.

Што можна дадаць

у тыя зялёныя келіхі

пасьля,

калі,

заплюшчыўшы вочы,

мы былі маладымі аленямі, якія

ня ведаючы мінулага й прышласьці —

гарачы, потны філіял вечнасьці

ў зялёным лябірынце лесу —

асьмягла зьбіраюць аксамітавымі вуснамі

белабокія журавіны

з прысмакам неўміручасьці?

Гарышча

Ня лазь на гарышча,

наказвае бабуля,

дзіўнае чыніцца там:

няма нікога,

ды гавораць нейкія людзі,

плача дзіця, а ўчора

круціўся сам сабою

калаўротак.

Дзень навылёт

сяджу я ціхутка на печы —

слухаю гарышча:

сьмяюцца там дзеці,

гігоча прыцішана конь,

стоена дыхае хтосьці,

слухаючы хату

або птушак на вільчыку.

Мы жывем у хаце,

над намі жыве гарышча,

над гарышчам — неба.

Бэрлінская фантазія

Поделиться с друзьями: