Пошукі будучыні
Шрифт:
Апошнія яе словы ён ужо ледзьве разабраў і з жахам усхапіўся. Яна маўчала і адно бесперастанна варушыла губамі і з кожным момантам павальней. Акамянелы, аслупянелы, анямелы, ён стаяў над ею, аж пакуль думка, што яна ўжо мёртвая, не з’явілася ў яго. Гэтая думка не страсянула яго, так многа ён перажыў ужо. Ён нагнуўся і дакрануўся яе твару. Гертруда ўжо сканала. Ён распусціў парасон і паставіў яго над яе тварам. Але тут ён падумаў, што парасон здалёку могуць заўважыць і згарнуў парасон. І зноў (сапраўды ці галюцынацыя?) вінтовачны стрэл здалёку. Ён падняў галаву. Пачыналася новая квадра яго пошукаў ратунку: без Гертруды. Ён пачаў азірацца, а пасля цвёрдая думка, што сляза мёртвага не падніме, выразна пачала авалодваць ім. Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пінжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзіны ногі і неўзабаве рушыў па той самай дарозе. Праз колькі кіламетраў ён азірнуўся і больш як хвіліну глядзеў, як чарнеецца ўдалечыні «сухі дзюб». Пінжак абагрэў яго, і звечара ён нават падрамаў у полі на пакіненым пярэбірку гнілой грэчкі. Але хутка ён пайшоў далей, ратуючыся ад холаду. Досвіткам ён дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Ён ушыўся ў снапы і пачаў церці счарнелыя пад дажджамі каласы. Ён наеўся гнілога зерня і зноў рушыў у дарогу. Ні надзеі, ні якіх бы там планаў у яго яшчэ не было, але ён ужо ачомаўся пасля першага дня выгнання і Гертрудзінай смерці. Так перайшоў ён малое скрыжаванне і ўвайшоў у лес. І сам ён не ведаў, колькі дзён ён ужо вандруе. Можа было ўжо больш за тыдзень, а можа паўмесяца — ён не мог бы сказаць. І так дайшоў ён да скалечанага Ракуцькавай Лізаветай танка. Голад з’ядаў яго. Чырвоныя вочы яго часта міргалі, і твар уздрыгваў. Ён так прывык ужо не заўважаць, на чым ён ляжыць, што есць і што нюхае, што адразу не ўзяў на ўвагу трупнага духу, які панаваў у гэтым кутку лесу. І самога танка ён спачатку не заўважыў. Пінжак на ім быў ужо расшастаны на шматкі, і абутак злазіў з ног. Калі дзе траплялася, ён выграбаў рукамі з зямлі бульбу і еў яе сырую. Скура каля пазногцяў на яго пальцах паздзіралася, пазакасвалася і крывавілася. Барада і вусы выраслі пукамі, і вочы пачалі западаць. Раптам яго ўвагу ўзяла на сябе чорная птушка. Гэта быў груган. Ён сядзеў на дрэве, на вытырклай сухой галіне і пільна ўглядаўся ўніз. Здавалася, што птушка гэта ёсць увасабленне самай найвялікшай на свеце ўвагі. Густаў інстынктыўна спусціў свой позірк з птушкі ўніз, куды яна ўглядалася і чаго, здаецца, пабойвалася. І сапраўды, мусіць зроду не бачыла яна такога мерцвяка. Гэта было нейкае страшыдла, нахіленае набок, але пахла яно па-сапраўднаму, па-мярцвяцкаму. Густаў падышоў да танка і адчуў на сабе раўнівы позірк агіднай птушкі. Ён падняў твар, і позіркі іх спаткаліся. Густаў махнуў рукамі, але птушка нават і не зварухнулася. Тады Густаў, перамагаючы ў сабе страх, палез у танк і, нічога спачатку там не разабраўшы, пачаў абмацваць па кутках рукамі. Божа! Галеты! Цэлы нячэпаны пачак! І другі! І тут ён адчуў, што можа задыхнуцца ад трупнага духу. Ён прыціснуў галеты пад паху і пачаў вылазіць з танка, шмаргануўся каленам аб жалеза і ўпаў тварам на смярдзючыя грудзі мёртвага танкіста. Ахоплены жахам, ён выскачыў з танка і на ўсе жылы даў ходу. Трупны дух ужо ішоў з яго ўласнай барады, носа і рук і мучыў яго. Ідучы, ён абціраўся то тыльным бокам рукі, то рукавом. А гадзін праз дзве пачаў жаваць галеты. І ўсё яму здавалася, што на ім ляжыць урачысты позірк гругана. На другі дзень усё яшчэ цягнуўся лес. А ён усё ішоў. Некуды ж прывядзе гэтая дарога, тым больш што ішла яна як бы ў супроцьлеглы бок ад усходу. Ён заўважыў гэта аднойчы раніцаю. Перад самым выхадам шляху з лесу, ён пачуў нейкі роўны скрып. Трывожна ён азірнуўся і ўбачыў: галіна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўніз, надламалася пры ствале, пагойдваецца і паскрыпвае. На дрэве вісеў чалавек, у ботах, у тутэйшай адзежы і з дошкаю на шыі, на якой было напісана: «Я партызан». Павешан ён быў крукам пад сківіцу, і шыя і плячо яго былі ў крыві, ужо закарэлай. У гэты момант у Густава і з’явілася думка, якая ажывіла яго і ратавала ў далейшым яго падарожжы. Ён аж затрапятаўся, так натхніў яго ўбачаны ім малюнак. Значыцца, тут жыве германская ўлада! Тут ратунак і тут смерць тым, што ператварылі ў здзек над ім яго ж мару. Тут, можа, і сын яго дзе. Але каб вытрымаць, каб перахавацца, каб не трапіць ім у рукі! Ён пацягнуў, як толькі мог, павешанага чалавека за ногі. Галіна адламалася, і труп упаў на зямлю. Добрага паўдня прайшло, пакуль Шрэдэр зняў з трупа боты і ўсю адзежу і пераадзеўся ў яе сам. Цяпер ён быў крыху падобен да якога-небудзь тутэйшага няшчаснага, які вылузаўся з якой-небудзь бяды і цягнецца ў свой бок. Ён паддаў ходу як толькі маглі вытрымаць яго аслабелыя ногі. Ён ішоў дзень за днём, і дзіўная рэч, нідзе ён не напаткаў ніводнай нямецкай машыны і ніводнага нямецкага салдата. Неспакой усё большы выростаў у ім. І ніводнай нідзе жывой душы. Кожны дзень ён сачыў за ўсходам і заходам сонца — ці не кіруецца хаця ён у супроцьлеглы ад захаду бок? Раз на дарозе ён спаткаўся з жанчынай і запытаўся, ці далёка да Баранавіч.
— А ты хто? — адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. — Ты можа чэх?
— А тут ёсць чэхі? — хітра запытаў ён.
— Немцы везлі кудысьці чэхаў, дык яны ўзбунтаваліся, паўцякалі і бадзяюцца па дарогах, — сказала наіўная старая.
— Я чэх, — адказаў Шрэдэр.
— Дык на Баранавічы ідзі проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.
Цяпер ён пачаў ісці начамі, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацішку. Ужо зямля ўмерзла, і ночы сталі доўгімі вельмі. Бульба на полі была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў і многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца і яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць і чарнець. У ім сфарміраваўся свет вялікай адзіноты. І вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спыніўся і выразная думка аб блізкай гібелі стала ў яго цвёрдай і выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая імгла, але к вечару выяснілася і заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, і вочы маглі цешыцца з адзінокай травіны, якая дзе-нідзе праз нейкі цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калі Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкі машын і мноства трупаў нямецкіх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногі і рукі і ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мінуў гэты жах, і яшчэ не змеркла, калі ён убачыў перад сабою велічэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Ці гэта сон, ці гэта страшная сапраўднасць?! Калісьці ён упаў тут хворы, і канвойны расейскі салдат узяў яго пад руку і павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полі адзінокая хвоя. Мілы Божа! Тады яго паклалі на воз і павезлі. Ён сеў на край нейкай труны… Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасці свае, не вытрымаў і адчыніў сваю душу перад тымі, хто ратаваў яго і нахіляўся над ім з ясным позіркам. І тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубіла Гертруду і цяпер губіць яго. Ці здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца і не сказаць сустрэчнаму: «Хоць ты і не немец, але не буду я цябе ненавідзець. Пашкадуй мяне». У страшным утрапенні ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбіты ў зямлю кол і на ім дошка з надпісам: «Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якія навалакліся сюды таптаць нашу зямлю і на гэтым самым месцы падохлі ад партызанскіх куль. Гітлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, і вучыцеся». Шрэдэр прачытаў і зноў рушыў далей. Перад ім была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіламетраў». Нічога гэты надпіс не сказаў яму. Але ногі яго захісталіся, і ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, і кашаль пачаў ірваць яму грудзі. На Вялікім скрыжаванні ён ляжаў, і раптам страшная думка цюкнула яму: «А ці не ступіў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?» Ён падняў галаву. Надпіс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання і волі. Прыпёрся плячыма да вялікага дрэва і звяў. І толькі кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калі ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва і, калі ўзышло сонца і паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся і падняўся. Надпіс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: «На Сумлічы». Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, які дзіўны лёс! Гэтае слова ён пісаў калісьці свайму малому Густаву, калі думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымі вачыма, тая, што паіла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова «Сумлічы» пранізвала яго вострым болем і смуткам аб нечым навек страчаным і апаганеным. Ахоплепы дзікай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумліч жанчына везла воз дроў. У першай сумліцкай вуліцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азірнулася на прысутуленую дзіўную постаць, якая ледзьве грабла нагамі. Стаялі дрэвы без лісця, і дым ішоў з аднаго коміна. Тут жылі людзі. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкі. Ламанай мовай ён сказаў:
— Гэта Сумлічы?
— Сумлічы.
— А немцаў не чуваць тут?
— А ты хто?
— Чэх.
— Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалі душыць немцаў, дык яны сюды і носа не ткнуць. Трасцы!
— Партызаны ўсюды?
— Немцы толькі па гарадах асталіся.
Зноў адчай і трывога выгналі з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, і новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волі і думкі. Аднак жа думка яго працавала даволі цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго імкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапіцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: «Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты і слава фюрэра?» То хацелася сказаць: «Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!» — і цалаваць гэтых дзяўчынак.
— Гэта чэх, — сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькі што падышла.
— Дык чаго ж ты стаіш, — сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. — Калі ты чэх, дык ідзі папрасіся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаіш.
Вось і чалавечае слова! Яго моцна ўразіла. Ён аж хістануўся на нагах. Раптам ён успомніў. Дастаў з кішэні запісную кніжачку і хутка знайшоў запісанае яшчэ ў Германіі, калі збіраўся сюды. Запісана было рукою Гертруды, перапісана з яго пісем. Яна пісала з нядобрым пачуццём да яго і з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запіс, ён сказаў:
— Дом Нявады.
— Мы завядзём, — сказалі ў адзін голас дзяўчаткі.
— А ты праўда чэх, ці можа немец? — сказала адна.
— Чэх, — адказаў ён.
І яны павялі яго на край мястэчка, дзе радзей стаялі хаты і відно было поле. У хату яны ўвайшлі разам з ім і ў адзін голас сказалі:
— Гэта чэх, хоча есці і спаць.
І выйшлі з хаты. Ён пераступіў з нагі на нагу і ўбачыў: на лаве ляжаць вінтоўка і патроны, на табурэце сядзіць чалавек, пасярод хаты стаіць жанчына і ў пасцелі ляжыць дзяўчынка. Падлогі ў хаце няма, а ўбітая зямля. Гэтая зямля і ўразіла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калі ён тут скінуў з сябе хваробу і раскрыў перад людзьмі душу. І вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць і, мусіць, хворая. Бо такі худы і жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. І зноў яму душу сціснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкі. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калісьці, паіла яго малаком. Ён пачаў калаціцца.
— Ну дык садзіся, чэх, — сказаў чалавек, — зараз цябе накормім.
Шрэдэр сеў, і думкі яго зноў аслабелі. Яго хіліла да забыцця. І смутак, вялікі смутак аб усім свеце і аб сабе здушыў яго.
— Садзіся бліжэй да стала, налью табе есці, — сказала жанчына.
Ён сеў за стол і сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Відаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакінуць быць арандатарам.
— Я некалі падараваў быў вам золата. Гадзіннікі, пярсцёнкі, крыж. У тую вайну я быў хворы і палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?
Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.
— Божачка! — шпарка прагаварыла жанчына. — Адкуль ты ведаеш?.. А… Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.
— Дык ты немец? — Раптам заварушыўся чалавек. — І я тады быў малы. А яна цяпер малая, — і чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. — Дык ты немец? Выйдзі з хаты! Чуеш? Ідзі! — Чалавек узяў з лавы вінтоўку і грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы і пайшоў у дзверы.
— У сад ідзі! — закрычаў чалавек. — Унь туды!
Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялі голыя дрэвы, і зямля была зацярушапа мерзлым лісцем.
— Стой!.. — сказаў чалавек.
Шрэдэр стаў і штосьці шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкія словы з расейскімі.
Чалавек не слухаў, прыцэліўся і стрэліў. Шрэдэр упаў і сканаў, лежачы, праз хвілін паўтары.
Кастусь Лукашэвіч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лісця. Падумаў, на яе гледзячы, зазірнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкі і ўвайшоў у хату.
— На, Лізачка, еш антонаўкі, — сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкі.
1943–1944
Каментары
Друкуецца па аўтографе. На вокладцы — назва рамана і малюнак, які належыць пяру К. Чорнага: два дрэвы на першым плане і трэцяе ўдалечыні. На першым лісце рукапісу намалявана высокае дрэва і будынак, у якім можна ўгадаць гумно з шырокімі варотамі, каля сцяны знаходзіцца фрагмент агароджы. На другім лісце слупком выпісаны імёны і прозвішчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: «Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзін вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцініца „Якорь“». 2 ліпеня 1944 года Чорны запісаў у сваім «Дзённіку», што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапісваў рукапіс рамана: «А яшчэ шэсць месяцаў таму, калі пачынаў перапісваць „Пошукі будучыні“, мне была пакута выпісваць роўна загаловак і першы радок».
Упершыню раман публікаваўся ў часопісе «Полымя», 1950, № 11–12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.