Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трэцяя ракета

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ну вось! Так яно і ёсць. І яму яна не дае спакою ў жыцці, і ён, напэўна, гэтак жа, як і я, пакутуе з-за яе. Дык вось чаму ён стаў нервовы, грубы да ўсіх, асабліва калі прыходзіць яна.

Стаіўшы дыханне, я чакаю, што яшчэ скажа ён, але Крывёнак маўчыць. І я таксама маўчу, бо што я магу сказаць яму? Сказаць, што і мне яна снілася двойчы, што і я вось цяпер ляжу і думаю, ці прыйдзе, — так хочацца бачыць яе, чуць яе голас, чым-небудзь дагадзіць ёй. Незвычайная, незразумелая і ніколі не адчуваная пяшчота да гэтай дзяўчыны перапаўняе маё нутро.

Эх, Люся, Люся! Калі я прыйшоў у полк, яна яшчэ была ў гэтай батарэі санітарным інструктарам. Нямала я бачыў дзяўчат-санінструктараў і ў іншых часцях, — яны неяк з гонарам ставіліся да нашага брата, болей гарнуліся да афіцэраў, але гэта і адштурхоўвала нас ад іх. Люся ж была надзіва таварыская, простая і ў той жа час вельмі прыгожая дзяўчына. Невялічкая, жвавая, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо гадоў на шаснаццаць, яна не спакушалася афіцэрскім сяброўствам і паводзіла сябе так, нібы і не ведала, якая яна слаўная.

У нас яна мела такую да сябе прыхільнасць усіх — і байцоў, і камандзіраў, і маладых, і старых, — што ўсе мы ледзь не навыперадкі хацелі зрабіць ёй штосьці прыемнае, як-небудзь аблегчыць яе нялёгкае франтавое жыццё.

Праўда, яна не з тых, што ахвотна прымалі заляцанні і спагаду іншых, — яна сама рабіла нам нямала турбот сваімі клопатамі пра наша здароўе, быт, гігіену. Мусіць, таму, а мо з якой іншай прычыны, начальства і вырашыла, што лепей будзе, калі забраць яе ў палкавую санчасць.

Яе перавялі ад нас, але на яе месца нікога не далі. І гэтая дзяўчына ўсё не забываецца на сваю батарэю, амаль кожную ноч наведвае нашы агнявыя, і, здаецца, палавіна з нас употай закахалася ў яе. А яна нібы нічога з таго і не бачыць, па-ранейшаму вясёлая, клапатлівая, аднолькавая да ўсіх, па-ранейшаму дбае пра наша акопнае жыццё. І ўсё ж часта здаецца мне, што гэта не так сабе, што нехта з нас таемна прываражыў да сябе яе сэрца, інакш не прысохла б яна так да нашай батарэі.

Вось такая яна, гэта дзяўчына, наша Сінявочка, як завуць яе ў палку.

Мы маўчым і цярпліва чакаем, услухоўваючыся ў кожны гук з тылу. Гукаў наўкола многа, акопныя людзі ўночы павылазілі з зямлі, толькі тых, якіх мы чакаем, не чуваць.

— Так, ну што ж, — адказвае Крывёнак на нейкія свае думкі. — Позна ўжо.

І здаецца мне, што гэта ён пра яе, што і ён чакае, і ў мяне ўжо ные-баліць нутро, бо думаецца: Люся не прыйдзе.

4

Але яна ўсё ж прыходзіць.

Прыходзіць, калі мы ўжо не чакаем яе і моўчкі, паныла сядзім на брустверы. Побач, на агнявой, нешта лязгае затворам Папоў; Жаўтых стаіць на пляцоўцы паміж станін і па-старэчы глуха пакашлівае.

Мы чакаем толькі нашых хлопцаў з вячэрай і здалёк яшчэ чуем у змроку іх крокі. Поўныя іх кацялкі цяпер не бразгаюць, хлопцы мякка ступаюць гумавымі абцасамі сваіх «кірзачоў», але да нас даносіцца іхняя гаворка, і мы ўслухоўваемся. Нешта невыразна буркае адзін голас, — напэўна, Лук'янаў, потым адзываецца другі, гучнейшы, — гэта, відаць, Задарожны, і раптам чуецца тоненькі шчыры дзявочы смех. Крывёнак міжвольна ўздрыгвае, устаўляецца ў цемру засяроджаным пільным поглядам і не кратаецца.

— Вячэра ідзе, — як заўжды глухавата, але з прыкметнай бадзёрасцю ў голасе аб'яўляе Жаўтых. — А ну давай цягні палатку! Ну, што сядзіш? Не чуеш? — буркае ён на Крывёнка і дастае з кішэні вялікі ў драўляным тронку ножык. Гэтым нажом старшы сяржант, як бацька ў вялікай сям'і, заўсёды кроіць у нас хлеб, распячатвае кансервы і б'е цукар.

Пакуль Крывёнак вытрэсвае заплямленую і запыленую за дзень палатку, яны падыходзяць утраіх. Задарожны весела зубаскаліць нешта, яўна адрасаванае Люсі, і яна тоненька, сцішана смяецца.

— Палундра! — жартоўна гукае ён, змрочным ценем падышоўшы да агнявой. — Лыжкі к бою, гвардзейцы!

— Добры вечар вам, — кажа да нас такі незвычайны тут, нейкі мілагучны і любасны голас дзяўчыны. Мы ўсе рознагалоса вітаемся:

— Здрасце!

— Добры вечар!

— Законна! Вечар на «пяць»! — развязна аб'яўляе Задарожны. Ён ставіць на дол кацялкі з крупнікам і чаем, Лук'янаў вымае з-пад пахі бохан і кладзе яго на разасланую Крывёнкам палатку. Але мы ўжо забыліся, што згаладалі, — мы не ведаем, як нам сустракаць, як трымаць сябе перад гэтаю ўвесь дзень чаканаю госцяй. Добра, аднак, што яна не чакае нашага запрашэння — яна тут з намі як дома, — адразу падступае да Жаўтыха, апускаецца на калені і расшпільвае сваю таўшчэзную медыцынскую сумку.

— Вось мазь, — аб'яўляе яна камандзіру. — У нас не было, дык прасіла аднаго — прывёз з медсанбата. Мазаць тры разы на дзень. І вось бінт, новенькі, для перавязкі.

— Ну, дзякуй. Але колькі я ўжо іх перамазаў…

Жаўтых рады ад яе клопату, задаволена сапе і пхае ў кішэню мазь. У яго на назе экзема, якая нямала турбуе камандзіра ў спякотныя дні і якую Люся настойліва лечыць вось ужо каторы тыдзень.

— То былі так сабе. А гэта не такая. Гэта новая, — запэўнівае яго Люся. — Толькі не палянуйцеся мазаць тры разы ў дзень… Яшчэ забылася: медкамісія будзе ў чацвер. Так што, можа, яшчэ які водпуск атрымаеце.

— Ого! — не вытрымлівае Лёшка. — От гэта да! На Кубань! Да Дар'і Амяльянаўны. Здорава.

— Ну, ты!.. Рана яшчэ ржаць! Пабачымо, — кажа Жаўтых і бярэцца за хлеб. Да Люсі нясмела, бы да начальства, падыходзіць Папоў.

— Таварыш Люся. Многа, многа прасіл хачу, — кажа ён і змаўкае.

— Ну што, Папоў, кажы.

— Жона многа, многа пісьмо не слал. Чаму не слал — не знай Папоў. Нада штаб дакумент пішы. Папер пячатка стаў.

— Паслаць запытанне? — здагадваецца Люся.

— Во-во: запытанне…

— Добра. Я папрашу заўтра ў штабе. А скажы мне свой адрас.

Папоў чухае патыліцу і ўздыхае.

— Якуція. Раён Оймякон…

— Гэта ён баіцца, што жонка к шаману перабегла… Пакуль ён тут кукурузу есць, — зазначае Лёшка. Люся крыўдліва папракае яго:

— Ну што вы, Задарожны? Заўсёды з жартамі. Ці нельга сур'езней?

— Жона нету хадзі шаман. Шаман нету Якуція, — сур'ёзна кажа Папоў, робячы націск у слове «Якуція» на «і».

— Не слухай ты яго, Папоў. Я зраблю заўтра, — проста абяцае Люся, збіраючы сваю сумку.

— Ну, давай бліжэй ды павячэрай з намі, — запрашае камандзір Люсю. Тая, аднак, ускоквае з долу.

— Не, не. Вы ешце. Я ўжо…

Яна зашпільвае на баку сумку, і мне раптам становіцца вельмі крыўдна ад таго, што яна вось-вось пойдзе і застануцца адно толькі мае думкі і маё доўгае чаканне новага няскорага вечара. Яна спяшаецца і на хаду заканчвае справы.

— А як у вас з акрыхінам, Лук'янаў, вы ўсё хварэеце? Акрыхін папілі?

— Яшчэ на два прыёмы максімальна, — сцішана, але з нейкаю годнасцю адказвае Лук'янаў.

Поделиться с друзьями: