Выбранае
Шрифт:
* * *
А птушкі некуды далей ляцяць,
Як быццам не існуе крэўнае радзімы,
Як быццам не існуе нашае мясьціны,
А птушкі некуды далей ляцяць.
Нібы сваё адбалявалі дзьміны...
Ды цяжка вочы да нябёс узьняць, -
Там птушкі некуды далей ляцяць,
Як быццам не існуе крэўнае радзімы.
* * *
Калі сустракае улада гасьцей,
Яна ўспамінае музыкаў, паэтаў,
Каб лашчыла вуха напеўнасьць санэтаў,
Калі сустракае улада гасьцей.
Маўляў, падзівіцеся, госьці, й на гэта -
Як талент шануем тутэйшых людзей.
Калі сустракае улада гасьцей,
Яна ўспамінае музыкаў, паэтаў.
ЗІМОВЫ САД
Калі я вяртаюся дахаты,
мяне штораз сустракае зімовы сад.
Ці то туга ахінае
заўсёды зімою,
ці то сад мой зачараваны?
Хаджу па садзе і прыслухоўваюся
да яблыняў.
Маўчаць карані,
маўчаць ствалы, маўчаць галіны.
Жахліва ад гэткае цішы.
І тады я пачынаю сьпяваць:
няўмела, кволым голасам.
На маю песьню азвалася дзіўная
птушка - авяльга.
Я ніколі яе ня бачыў, ды ведаю -
гэта яна.
Птушка села на ябланевую галіну,
прыцярушаную сьнегам,
і весела зацёхкала.
Адкуль яна ўзялася ў маім
сіберным, маўклівым садзе?
МОЙ ДОМ
На выспе, па суседзтву з балотам,
будую свой дом.
Кожны дзень адзначаны
плённай працаю.
Кожны дзень можна перайменаваць
у вынік гэтае працы.
Адно кепска - няма дарогі
да ўзнаўляемага котлішча.
Што зробіш - вакол балота:
нават бярвёны выпадае насіць
на сваіх плячох.
Неяк цэлы дзень самазвалы
вазілі жвір, -
ладзілі дарогу.
Ды балота той жвір праглынула.
Вось і сёньня мае родныя і сябры
прыходзяць да мяне пешкі.
САЛАМЯНЫЯ ПТУШКІ
Саламяныя птушкі лётаюць
пад белаю стольлю.
Скразьняк гойдае іх
у кватэрнай прасторы.
Каляровыя ніткі вяртаюць
птушак назад.
Каляровыя ніткі ніколі
не губляюць адваротных шляхоў.
Каляровыя ніткі - як сцьверджаньне,
што за даляглядам канец сусьвету.
Саламяныя птушкі аздабляюць пакой.
Саламяныя птушкі, як сьнег -
за якім насьцярожлівасьць.
НАТОЎП
Натоўп рухаецца па шляху, брукаваным
жывымі чалавечымі галовамі. На адзіным дрэве
ўскрай бясконцай людской плыні пугачом
сядзіць вірлавокі дзядзька.
– Хадынка нібыта, Хадынка нібыта...
–
бесьперапынна мармыча ён.
Ці ён папярэджвае, ці ён пытаецца?
Натоўп моўчкі абмінае дзівака.
Каб неяк прыхаваць пачатак і канец,
масянжовы месяц спрабуе захінуць
залатое сонца. Але сонца паглынае цемру, і натоўп -
як на далоні. Толькі дзе той пачатак,
дзе той канец? Углядайся да зьнямогі,
а калі стомішся, то шлях, брукаваны
чалавечымі галовамі, зьдзівіць бязьлюдзьдзем.
ЧЫРВОНАЯ РЫСА
Ён ужо бачыў свой паратунак,
хутчэй, хутчэй наперад:
за Чырвонаю рысай - пашана,
за Чырвонаю рысай - збавеньне.
– Здараднік, - крычаць усе
навокал і кідаюць у яго
каменьні і зямлю.
– Ты зьняславіў нашых бацькоў,
няма табе нашай літасьці...
Хутчэй, хутчэй наперад,
сьпяшаецца ён,
адзіны паратунак - Чырвоная рыса.
Толькі б ня чуць крыкаў,
толькі б ня бачыць твараў,
толькі б хапіла моцы.
За Чырвонаю мяжой гучыць музыка.
За Чырвонаю рысай рыхтуюць сустрэчу.
* * *
Павольна сунецца цягнік, -
аднастайна бразгае адчыненымі дзьвярыма.
Пасажыры час ад часу
саскокваюць на зямлю
і йдуць побач са сваімі вагонамі -
разьмінаюць ногі.