Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

Папараць.

Варанец.

Верас. Згатаваны і змяшаны з ячменнымі крупамі, лечыць пашкоджаныя члены людскога цела, а таксама хваробы свіней.

Крапіва называецца крапівай, але пэўны яе гатунак жыжкай (жыгучкай).

Назваў траў, апрача згаданай шалястухі, ведаю сем:

Жыціца.

Гірса альбо дырса (па-польску ў некаторых мясцовасцях таксама дырса, па-ўкраінску тырса).

Асочка (дзе-нідзе асака, сака).

Мятлічка.

Тымка.

Плоская трава.

Вострая трава.

Канешне, усё прыведзенае вышэй толькі нязначная частка батанічных назваў і ведаў беларускага народа з-пад Нёмана. Цяжкасць і запаволенасць, з якімі гэтыя веды прыадкрываюцца перад намі, прыводзяць мяне да думкі, што спатрэбіцца шмат часу і нястомнай цярплівасці, каб спазнаць іх цалкам. У маім кветніку расце таксама шмат раслін, назваў якіх я не згадала, таму што патрабуе яшчэ пацвярджэння правільнасць гэтых назваў і звязаных з імі тлумачэнняў.

Скончыць я хачу невялікім каментарыем да колькі разоў згаданай розніцы паміж ведзьмай і вясковай лекаркай. Бо здаецца мне, што гэтая розніца выяўляе досыць характэрную асаблівасць народнага жыцця. Мы найчасцей аб'ядноўваем гэтыя дзве постаці; сяляне ж размяжоўваюць іх цэлай безданню, што існуе паміж пагардай і страхам, павагай і зычлівасцю.

Жанчына, якая з дапамогай не толькі раслін, але і земнаводных (пераважна рапух), кажаноў, а таксама слоў і таемных знакаў уздзейнічае пэўным чынам на здароўе, дабрабыт, лёсы і характары людзей і кіруецца пры гэтым нянавісцю, помстай, асабістымі пачуццямі ці грашовымі інтарэсамі, называецца ведзьмай. Гэта істота, якая не мае душы, улюбёнка і адначасова ўласнасць д'ябла. Бог не даў ёй душы, а д'ябал уклаў у яе сваю моц і мудрасць. Існуюць нават цэлыя роды, якія належаць не Богу, а д'яблу і, пазбаўленыя душы, носяць у сабе моц д'ябла. Такі род называюць чартоўскае племя. Гэтыя ўяўленні глыбока ўкараніліся ў людскую душу і выцягваюцца на свет з цяжкасцю, бо размова пра гэтыя рэчы праймае людзей страхам і абуджае боязь помсты «нядобрых». Аднак гаваркія вясковыя жанкі, разгаварыўшыся, ужо нічога ўтаіць не могуць. Іхнія расповяды пра ведзьмаў і цэлыя роды, пазбаўленыя душы, я сама чула неаднойчы. Расказвалі пра гэта ціха, з панурым паглядам і наморшчаным ілбом і тут жа, перапалоханыя ўласнымі словамі, прасілі захаваць усё сказанае ў глыбокай таямніцы. Зрэшты, ведзьма апрача чарадзейскай выконвае і лекарскую функцыю. Хворыя ідуць да яе па раду, цяжарныя выклікаюць яе на дапамогу яшчэ часцей, бо кіруюцца пераконаннем, што яна ўсемагутная. І ўсё ж, якім бы ні быў вынік яе лекарскіх парад, не выклікае яна ніколі ў сваім асяроддзі іншых пачуццяў, як пагарду і страх, змешаныя з вельмі выразным адценнем нянавісці.

Зусім іншае - лекарка, гэта значыць кабета, якая, валодаючы ведамі пра лекавыя расліны і варажбой, ніколі іх на людскую шкоду не ўжывае, наадварот - заўсёды на карысць. Ведзьмы звычайна ўбогія, альбо ўдаюць убоства і са сваім рамяством спалучаюць жабрацтва, нахабна карыстаючыся гэтым, бо ўсякая адмова, зробленая ім, можа пацягнуць за сабой фатальныя наступствы. Так, напрыклад, ведзьма Слабошыха ў наднёманскай вёсцы Міневічы за тое, што адмовіліся даць ёй кавалак сала, нешта такое зрабіла Карасю і ягонай жонцы, што яны не перастаюць з таго часу сварыцца паміж сабой. Лекарка ж займае пачэснае месца маці і гаспадыні, апранаецца заможна, на ўбоства не наракае, жабрацтвам не займаецца, а за свае парады прымае добраахвотныя дары, аднак іх не вымагае і часта робіць паслугі бясплатна. Ні прырода ведаў, якімі яна валодае, ні вынікі парад, якія яна дае, не ўплываюць на яе ўспрыманне ў народзе. Сярод людзей гэтая постаць карыстаецца павагай і сімпатыяй. Такой усеагульнай павагай і зычлівасцю ў радыусе некалькіх міль карыстаецца лекарка Люця з наднёманскай вёскі Гледавічы. Ужо некалькі гадоў яе імя часта трапляла ў мае вушы. «Калі хочаце чаго-небудзь даведацца, запытайцеся ў Люці, - казалі мне маладыя і старыя жанчыны.
– Яна шмат ведае, але ведае толькі добрае, злое не ведае». Нават сама Слабошыха, якую лічаць ведзьмай, калі я гаварыла з ёю пра расліны, парадзіла мне, каб з маімі пытаннямі падалася да Люці: «Яна больш за мяне ведае. Яна і мяне вучыла». Ад кабет чула, што пра тое ці іншае яны дазналіся ад Люці. Гэта мяне надта зацікавіла: выходзіла, што Люця вяла ў вёсцы нешта накшталт школы батанікі ці медыцыны. Некалькі заможных і разумных гаспадароў з Гледавіч, калі я спыталася ў іх пра Люцю, сур'ёзна адказалі: «Чаму не ведаем, ведаем. Яна лекаруе. Гэта добрая кабета, і калі прыйдзеце да яе, скажа ўсё, чаго вы толькі захочаце, не салжэ». І мы пайшлі да яе, а потым яна часта прыходзіла да нас.

Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым, румяным і ўжо моцна паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочкі. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзенне носіць чыстае і акуратнае. Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў; расказвае пра сваю сям'ю весела і ахвотна. Калі прыходзіць з ахапкам зелля, завязанага ў паласаты фартух, і садзіцца за стол, першае, што скажа - стамілася, ажно ў вачах цёмна... Гэта азначае, што трэба ёй выпіць гарэлкі. Гэты кілішак гарэлкі, які павольна і з сарамлівым ваганнем выпіваецца - адзінае, пра што яна вось гэтак нагадвае. Іншага ж ніколі не просіць, грашовыя дарункі прымае, але на іхнюю вартасць не звяртае ўвагі. За адну ці некалькі срэбных манет дзякуе з аднолькавай ветлівасцю, якая не мае найменшага адцення зухвальства ці жабрацтва. Аднойчы, убачыўшы ў сваёй руцэ цэлы рубель, яна ажно крыкнула ад здзіўлення: «Навошта так многа?» На зробленую заўвагу, што яна павінна збіраць гэтыя зёлкі, а потым з вёскі ісці некалькі вёрст у двор, ветліва адказала: «Дык нічога, я і без гэтага да вас прыходзіла б!» Ахвотна расказвае пра ўсё падрабязна і шчыра, а калі ёй дзякуюць за гэтую ахвоту і шчырасць, з задавальненнем, што свеціцца ў малых чорных вочках, і нейкай годнасцю адказвае: «Не маю я, дзякаваць Богу, з чым таіцца ані перад Богам, ані перад людзьмі. Ліха не раблю, дабро, калі толькі патрафлю, заўсёды раблю. А як мяне хто пра што-небудзь спытае, кожнаму ўсё скажу. Чаму не сказаць, калі гэта не дрэннае, але добрае і бедным людзям дапамагчы можа». Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) - цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа. Бяда ў тым, што яе вымаўленне невыразнае і шапялявае, і таму, нават добра ведаючы мову, на якой яна гаворыць, трэба надта напружваць слых і ўвагу, каб зразумець яе. Таму значная частка яе лекцый засталася для мяне страчанай, аднак не назусім, бо з пачаткам лета мае адносіны з гледавіцкай лекаркай хутчэй за ўсё адновяцца. А яшчэ ў другой наднёманскай вёсцы, у Паніжанах, жыве Высоцкая Ганулька, маладая, добрая і мілая і надзіва паэтычная дзяўчына, неабыякавая да кожнай кветкі і, здаецца, да кожнай безыменнай травінкі.

ІІ

[...] Аднаго разу паехала я травеньскім ранкам з горада ў вёску Гледавічы, каб узнавіць перарваныя за зіму стасункі з лекаркай Люцяй.

Падарожжа гэтае кароткае, заледзьве трохвёрставае, аднак было яно для мяне і маёй спадарожніцы поўным цяжкасцей і небяспекі, бо шляхціц Багатыровіч, які вёз нас на сваёй каламажцы, светлавалосы, вельмі разумны і надзвычай гаваркі мужчына, не бачачы нас некалькі месяцаў, хацеў шмат што сказаць. Ён канчаткова перамяніў існуючы на белым свеце абавязак возніка і замест таго, каб глядзець каня, павярнуўся да нас тварам і пачаў гаварыць. Пушчаны на волю рослы, дагледжаны гняды конь ішоў сабе па дарозе, паварочваючы то ўправа, то ўлева, з-за чаго каламажка безупынна падскоквала і трапляла ў надта небяспечныя пазіцыі.

Мы едзем сярод шырокіх палёў, пакрытых яшчэ зялёнай збажыной. Дарога камяністая, з лужынамі. Наша каламажка падскоквае ў шалёным тэмпе, і мы таксама падскокваем на ёй на паўлокця, а то яшчэ і вышэй, таму адказы, якія мы даём вазаку, што размаўляе з намі, вымаўляюцца такімі дрыгатлівымі, нават трапяткімі галасамі, як быццам мы ахоплены нейкім раптоўным перажываннем ці смяртэльнай трывогай. Праўда і тое, што, прызвычаіўшыся да падскокаў, мы баімся, каб не перавярнуцца, і штохвіліны гэтымі дрыгатлівымі галасамі крычым: «Пане Багатыровіч, камень, камень!» Тады сімпатычны наш фурман, у імгненне вока павярнуўшыся да каня, надае трошкі іншы кірунак каламажцы, колы якой ужо ўз'язджалі на аграмадны валун, што пагражала нам няўхільным пераварочваннем, а потым зноў паказвае нам свой сімпатычны ажыўлены твар і расказвае пра сябе, сваю гаспадарку, пра суседзяў, аж пакуль мы зноў, заўважыўшы небяспеку, не крыкнем: «Пане Багатыровіч, канава, канава!» На гэты раз мы ледзь не апынаемся на дне канавы. Але настолькі бясстрашны, наколькі і вясёлы наш фурман спакойна нам адказвае: «Гэй, гэта нічога! І ніякая гэта не канава» і далей вядзе каламажку, чапляючыся за ўсе камяні і расказваючы, расказваючы. Калі ж мы ўехалі ў невялікі лясочак на крутую, зрытую каранямі дрэў дарогу, думалі ўжо, што і праўда загінем. Але так не сталася, і толькі трошкі пабітыя, але затое да слёз насмяяўшыся з гаворкі нашага возніка, узбагачаныя не адной цікавай навіной, за гэтым невялікім лясочкам убачылі мы сярод лугоў, жоўтых, як сонца, ад лотаці і аеру, вёску Гледавічы.

Гэта быў час, калі пасля вясновай сяўбы перад пачаткам сенакосу палявыя работы на нейкі час амаль цалкам заціхаюць. Таму ў вялікай вёсцы, што налічвала некалькі дзесяткаў хат, ішла ажыўленая будаўнічая праца. Вакол зваленых каля хат калод і дошак мітусіліся людзі; час ад часу на жахліва забрукаванай вясковай вуліцы разміналіся мы з вазамі, наладаванымі дрэвам, прызначаным на будаўніцтва, і штохвіліны адказвалі на прывітанні сялян, якія, павольна ідучы каля вазоў і злёгку прыўздымаючы шапкі, казалі: «Хай будзе пахвалёны!» Увогуле люд у гэтых ваколіцах (не кажучы ўжо пра засцянковую шляхту, якая ў таварыскіх стасунках надзвычай прыстойная) вызначаецца лагоднасцю і ветлівасцю. Ён па-старасвецку нават незнаёмых звычайна вітае словамі: «Хай будзе пахвалёны!», а калі трэба, гасцінна прымае ў сваіх хатах. Ведаючы гэтую гасціннасць са шматразовага вопыту, вылезлі мы з каламажкі перад хатай, знешні выгляд якой звярнуў на сябе нашу ўвагу і абудзіў цікавасць.

Гэта новая прасторная хата, з чатырма вялікімі вокнамі, зашклёнымі яснымі шыбамі, без ганка, абавязковага ў шляхецкіх сядзібах, але затое з шырокаю прызбаю і старанна аздобленая. Аздоба гэтая - яркі блакіт, якім пафарбаваныя дзверы, рамы вакон і ўсе чатыры вуглы хаты, на фоне блакіту - белыя ўрачыстыя лініі, а часам і далікатны малюнак - зорачкі, цвічкі, ялінкі, кручочкі і г.д. Сярод зелені дрэў гэтыя блакітныя дарогі, пакрытыя белымі малюнкамі, выглядаюць свежа і арыгінальна і са свайго боку сведчаць пра эстэтычны густ тутэйшага люду. З таго часу, як тутэйшыя сяляне сталі будаваць сабе трошкі прасторнейшыя і выгоднейшыя хаты, пачалі ўзнікаць у вёсках аздобленыя, як згадана вышэй, будынкі. І сёння ў кожнай вёсцы можна ўбачыць калі не некалькі, то хоць адну такую хату. Бачыла я іх не раз, але так сталася, што ў сярэдзіну ніколі не заходзіла. Зрэшты, тая, перад якой мы выйшлі ў Гледавічах, была найпрасторнейшая з усіх, якія мне даводзілася бачыць, таму і цікава было, як яна зроблена ў сярэдзіне. Наш фурман, які з-за сваёй дапытлівасці меў самыя дакладныя звесткі пра ўсё і ўсіх на некалькі міль вакол, сказаў нам, што гэтая хата належыць Сымону Крулю, старасту Гледавіч, гэта значыць, выбранаму чыноўніку, які трымае ў вёсцы жазло адміністрацыі. Адкуль жа гэтае не русінскае прозвішча Круль, якога нідзе больш у сялян я не чула? Можа, і цікава было б дазнацца пра гэта; на жаль, сяляне радаводных кніг не маюць, а дамагацца ў іхняй памяці пра тое, адкуль вядзецца іхні род, дарэмны клопат, бо такія рэчы ім невядомыя і абыякавыя. Адно праўда, што, нягледзячы на такі аздобны знешні выгляд, унутранае ўладкаванне хаты Круля не мае і ценю якой-небудзь каралеўскасці. Вялікія сені, запоўненыя драўляным гаспадарчым начыннем, два пакоі, з якіх адзін вялікі, з трыма вокнамі, а другі малы - з адным; зрэшты, у сенях падлога гліняная, а ў хаце зробленая з тоўстых дошак, столь нізкая і шэрая ад пылу, сцены няроўныя і толькі трошку зверху абмазаныя вапнай; драўляныя, нават не пафарбаваныя лавы, сталы; замест ложкаў - збітыя з дошак тапчаны, кросны, печ, каб варыць ежу і пячы хлеб, з вялізным подам, дзе акурат у гэтую хвілю гарыць вялікі агонь і гатуецца страва на абед. Галечы тут не відаць, наадварот, пануе нават пэўны дастатак; але першабытнасць патрэб і густаў яшчэ не парушаная. Поўная супрацьлегласць шляхецкай хаце, якая, няраз нават значна бяднейшая, заўсёды мае якія-небудзь аздобкі і выгоды: нейкую старасвецкую канапку і крэселкі хатняй работы, нейкі абразок на сцяне, кветку на акне, на стале кніжку.

Круля дома няма. Круліха, немаладая, свежая, моцная кабета з энергічным тварам і рухамі ветліва нас вітае, запрашае на лаву, ахвотна падае ў чыстым гліняным збанку ваду, каб напіцца. Мы кажам ёй, што едзем да Люці, яна ківае галавой і кажа, што гэта добрая кабета, якая шмат знае і шмат дапамагае людзям. У хаце ёсць яшчэ адна жанчына, маўклівая, са смутным тварам, шые пад акном грубую кашулю і час ад часу адзываецца да чацвярых дробных дзяцей, што круцяцца па хаце. Здагадаліся мы, што гэта нявестка Круляў, а дзеці - іхнія ўнукі. «Ці ўсе чацвёра ўнукі ад аднаго сына?» - «Ад аднаго».
– «Дык у вас толькі адзін сын быў?» - «Не, мелі двух, але старэйшы быў у войску (у маскалях), на Турэччыну пайшоў і не вярнуўся».
– «Забілі яго на вайне?» - «Не, з вялікай гарачкі (ад тыфу) там на Турэччыне і памёр. Ужо з хаты выходзячы ведаў, што не вернецца. Такі быў сумны, што хай Пан Бог бароніць, а калі са сваімі развітваўся, нават і сказаў: «Бывайце здаровы, я ўжо да вас не вярнуся». Відаць, яму Пан Бог такое прадчуванне паслаў». Малодшы сын у войска (у маскалі) не пайшоў, пры іх застаўся, а гэта - ягоная жонка і дзеці. Маладая і сумная кабета, калі пра яе згадалі, не падняла ад шыцця вачэй, толькі яшчэ пасмутнела. Хто ведае, ці не зрабіла свякроўку жорсткай да жонкі малодшага заўчасная смерць старэйшага сына; а ведаючы наогул пра нядобрыя стасункі ў сялян свекрыві з нявесткай, няцяжка прачытаць хатнюю драму з твару маладой жанчыны. Але і прычына ёсць: у свякроўкі на дне сэрца цяжкі камень. Пра старэйшага сына і Турэччыну яна расказвае павольна, манатонным голасам, абапёршы бараду на далоні, і з яе вачэй, якія блішчаць яшчэ прыгожымі чорнымі зрэнкамі, цякуць слёзы. А ўжо з таго часу, як адбылося ўсё тое, пра што яна расказвае, прайшло дзесяць гадоў...

Хата, у якой жыве лекарка Люця, зусім не падобная на хату Круля. Малая, пачарнелая і згрыбелая ад старасці, з малымі шыбкамі замест вокан. Аднак ва ўсім, што яе акружае, таксама не відаць галечы. На падворку - стосы бярвення, падрыхтаванага для будаўніцтва, у досыць вялікім садочку, засеяным канюшынай, расце трыццаць - як мы потым палічылі - нядаўна пасаджаных пладовых дрэўцаў. На стосе бярвення сядзіць у задумлівай паставе шэры кот, за стосам, скруціўшыся ў клубок, спіць вялікі чорны дварняк; на плоце рассеўся, апераны ў прыгожыя яркія колеры, певень, па траве падворка пахаджваюць куры, а ў садку па густой канюшыне, якая пачынае ўжо зацвітаць, гайсаюць трое дзетак. Каля самай сцяны дома, таксама на канюшыне, сядзяць дзве кабеты, з якіх адна, маладзіца, шые кашулю, а другая, якая толькі што выбралася на дзеўку, упрыгожвае крамнай чырвонай стужкай сіні, хатняй работы андарак. Першая з іх - нявестка Люці, другая - яе ўнучка ад памерлага старэйшага сына, сірата, значыць. Сіроцтва гэтае відаць па ёй, бо калі маладзіца весела вітае нас і размаўляе з намі з усмешкай, дзяўчына ж, нясмелая і сумная, нават трошкі панурая, маўчыць, а калі што ў яе запытаеш, адказвае коратка і баязліва, не адрываючы вачэй ад шыцця. І ў першай хаце, і ў другой няшчасце напісана на жаночых тварах; толькі што тут пачцівая Люця, відаць, сваю нявестку не мучыць, але пакутуе дзіця, асірочанае і, напэўна, паніжанае ў хаце. Апрача гэтых дзвюх кабет і траіх малых дзяцей, мы бачым яшчэ траіх чалавек: ужо сівога, але яшчэ моцнага дзеда, дарослага прыстойнага мужчыну і стройнага трынаццацігадовага падлетка. Бачым іх, але з імі не размаўляем, бо яны надта занятыя: накладаюць на воз тоўстыя і доўгія дошкі і перавозяць іх на другі бок саду, дзе, як нам расказвае маладзіца, будуць будаваць увосень новую хату. Штохвіліны праязджаюць каля нас то з нагружаным, то з пустым возам, і мы з нейкім здзіўленнем заўважаем, што трынаццацігадовы падлетак, на выгляд нават далікатны, добра дапамагае бацьку і дзеду. Пытаемся, ці не думаюць яны, што такое падыманне цяжару можа пашкодзіць ягонаму маладому здароўю, і атрымліваем адказ: што ж рабіць? У хаце быў толькі адзін парабак, брат Хвядоры (дзяўчыны, што аздабляе андарак), добры і працавіты дзяцюк, але год таму пайшоў у маскалі (у войска), дык як толькі спатрэбяцца мужчынскія рукі, малы Васілёк павінен брацца за работу. Пры гэтай згадцы пра брата Хвядора яшчэ ніжэй апускае галаву, і смуглы яе твар з дробнымі і досыць прыгожымі рысамі робіцца ўжо зусім панурым...

Поделиться с друзьями: