Яго батальён
Шрифт:
— Вакол раны.
— Ну што ж, стрыжы. Калі маеш чым.
— Знойдзецца.
Яна выняла з сумкі нажніцы і даволі спрактыкавана абстрыгла сіваватыя ўжо валасы каля вуха. Генерал моршчыўся, але цярпліва чакаў. Затым дзяўчына дастала скрутак бінта, і яе маленькія рукі ў падкасаных рукавах шыняля пачалі спрытна снаваць складаную схему галаўной павязкі. Некалькі разоў абвіўшы бінтам галаву, яна прапусціла яго пад сківіцу. Генералу гэта раптам не спадабалася.
— Адсюль убяры. Шыя ў мяне здаровая.
— Так трэба, — сказала Вараценнікава. — Паводле на-стаўлення.
Генерал рэзка павярнуўся да яе ўсім сваім цяжкім тулавам.
— Якое настаўленне? Мне кіраваць войскам, а вы з мяне пудзіла робіце.
— Інакш павязка не будзе трымацца.
— Тады ты не ўмееш перавязваць!
— Умею. Не вас першага.
— Сумняваюся.
— Дык перавязвайце самі!
Кароткім дакладным рыўком яна раптам абарвала бінт, і не паспелі яшчэ прысутныя ў зямлянцы што-колечы зразумець, як шорхнула палатка і Вераценнікава знікла ў траншэі.
— Што за самавольства?! — сказаў генерал амаль разгублена.
Ля яго вуха віселі доўгі і кароткі незавязаныя канцы бін-та. Генералаў маёр ускочыў з саломы і пагрозліва сігануў да выхаду.
— Таварыш сяржант! Ану вярніцеся!
— Не вернецца, — ціха зазначыў у куце Гутман, і Валошын, які ледзьве стрымліваў у сабе прыкрасць, выразна паглядзеў на яго. Але маёр ужо звяртаўся да камандзіра батальёна:
— Як гэта не вернецца? Камбат!!!
Гэта быў загад, Валошын павінен быў нешта зрабіць, каб вьпсанаць волю начальства, і хоць сам быў амаль упэўнены, што Вераценнікава не вернецца, рашуча накіраваўся 3 зямлянкі.
— Малодшы сяржант Вераценнікава!
Ноч ударыла ў вочы маўкліваю цемрай і сцюжай, вецер круціў над траншэяй дым з трубы. Валошын прыслухаўся: паблізу не чутно было ніводнага гуку.
— Вераценнікава!
Яна не азвалася, і ён, душачы ў сабе злосць, пастаяў яшчэ некалькі хвілін у глухой сцюдзёнай цемры. Гэта было чорт ведае што, не хапала яшчэ яму, камандзіру батальёна, бегаць за гэтым свавольным дзяўчом. Сорам, ды і толькі. Але харош і ротны — лейтэнант Самохін, якому ён учора асабіста загадаў адправіць санінструктара ў распараджэнне начсанслужбы дывізіі. Самохін тады сказаў «ёсць», а цяпер вось гэтае з'яўленне перад генералам…
3
Вярнуўшыся ў зямлянку, Валошын, знарок ні да каго не звяртаючыся, кінуў «не дагнаў», і генерал амаль з абурэннем паглядзеў на яго. Камбат чакаў папрокаў, крыку і, мусіць, стрываў бы іх моўчкі, бо ведаў, што быў вінаваты, але там, дзе справа датычылася ваенных дзяўчат, ён адчуваў сябе бездапаможным. Уся яго выхаваная гадамі вайсковай службы логіка падначалення заходзіла ў тупік, калі ён сутыкаўся з самым банальным дзявочым капрызам. Зрэшты, як і многія камандзіры, Валошын лічыў, што армія і жанчына несу-мяшчальныя, што гэта проста непаразуменне — жанчына на вайне.
Але генерал на гэты раз толькі стомлена ўздыхнуў і змоук, тоячы на суровым твары да пары стрыманы гнеў. Маёр як-колечы завязаў на ягонай галаве канцы бінта і сеў на саломе. Валошын стаў на ранейшае месца. Зноў настала няёмкая, скутая прысутнасцю начальства цішыня, якую, на шчасце, неўзабаве парушылі гукі наверсе. То быў конскі тупат, затым кароткі і гучнейшы, чым звычайна, вокрык вартавога на НП. Валошын з палёгкай уздыхнуў — прыехаў камандзір палка.
Маёр Гунько рашуча саскочыў у зямлянку, хуценька зыркнуўшы вачмі па постацях прысутных, лёгка вылучыў між іх генерала і коратка прадставіўся. Генерал, аднак, сядзеў як скамянелы, нядобра гледзячы ў парог, і Гунько пераступіў з нагі на нагу. Чуваць было, як зашуршала яго накінутая паверх шыняля плашч-палатка і тоненька звенькнула шпора на боце.
— Вы што, камандзір кавалерыйскага палка? — тонам, які не абяцаў дабра, запытаў генерал.
— Ніяк не! Стралковага, таварыш генерал.
— А на якога ж чорта тады ў вас шпоры?
Маёр збянтэжана варухнуўся ледзь-ледзь адным толькі плячом і зноў знерухомеў, не адрываючы позірку ад генерала. А той раптам энергічна ўскочыў са скрынак — шырокі цень ад яго накрыў палову зямлянкі.
— Вы б лепш парадак навялі ў палку! Менш бы дбалі пра свой кавалерыйскі выгляд!
Відаць, яшчэ мала што разумеючы, маёр стаяў «смірна» і яснымі нявіннымі вачмі глядзеў у раззлаваны твар генерала. Той пасля паўзы злосна зірнуў на байцоў, што стоўпіліся ля печкі.
— Ану пакурыце там!
Гутман, Чарнаручанка, баец у бушлаце і разведчык паслухмяна вылезлі ў траншэю. У зямлянцы стала прасторней — генерал адступіў убок, і агеньчык у ліхтары цьмяна асвятліў не малады ўжо, пакутна напружаны твар камандзіра палка.
— Якая ў вас пазіцыя? Дзе вы заселі? У балоце! А немцы на вышынях. Вы што думаеце, яны вам адтуль будуць букеты кідаць? Насовачкамі махаць?
— Я так не думаю, таварыш генерал, — запалым голасам уставіў Гунько.
Генерал з робленым прастадушшам здзівіўся:
— Ах, вы не думаеце? Вы ўжо зразумелі? А вы ведаеце, што ўсе пад'езды да вас прастрэльваюцца кулямётным агнём? Вось палюбуйцеся! — генерал ткнуў пальцам у свой абвязаны бінтам лоб. — Ледзь да архангела Гаўрыіла не адправілі. А «віліс» коламі ўгору ляжыць. Новы вы мне дасце?
— Вінават!
— Што?
— Вінават, таварыш генерал.
Валошын ледзь прыкметна ўсміхнуўся — ужо і вінават! У чым тут ягоная віна, цяжка было нават уявіць, не толькі ў ёй прызнацца. Хутчэй, мусіць, вінаваты генералаў шафёр, які, пэўна, не сумеў праехаць у цемры ды засвяціў фары, і ніхто болей. Але маёр Гунько, відаць, дапяты такой вымовай высокага начальства, гатовы быў прыняць на сваю галаву ўсе папрокі, абы як-небудзь змякчыць генеральскі гнеў. I, мабыць, ён меў рацыю, бо генерал неяк нечакана вычарпаў свой запал і падышоў да печкі, якая без догляду амаль што патухла. Няўмела адчыніўшы дзверцы, ён прысеў і пачаў грэбаць у доле рукой — збіраць суччо. У зямлянку патхнула дымам.
— I вось ён таксама вінават! — Генерал павярнуў галаву да Валошына. — Ён павінен быў узяць вышыню. А не сядзець у балоце.
— Так точна, таварыш генерал!
Гунько раптам нібы страпянуўся і хуценька павяр-нуўся да Валошына, пакутлівы выраз на ягоным твары стаў меншаць, саступаючы месца саманадзейна-патрабавальна-му. Валошын недаўменна паціснуў плячыма.
— Мне не было загадана яе браць.
Генерал устаў ад печкі, за хвораст услужліва ўзяўся ягоны маёр. У печцы загуло, затрашчала, усе яе разгарэлыя шчыліны ярка засвяціліся полымем.
— Во ён ужо другі раз апраўдвае сваю бяздзейнасць адсутнасцю загаду. Па плану камандуючага вышыня ў вашай паласе?
Генерал стаў перад камандзірам палка, які таропка схапіўся за сваю палявую сумку.
— Так точна. Для мяне ўключна.
Трохі паспешлівей, чым трэба было, ён дастаў з сумкі абмусолены аркуш карты, і яны абодва схіліліся над ёй пад ліхтаром. Валошын адчуваў, што тут нешта наблытана, але маўчаў, з пакорнай абыякавасцю чакаючы, што будзе далей. Раптам генерал вылаяўся.